Усяго патроху99

Ëсць выпадкі, калі псіхатэрапія не мае сэнсу. А ёсць і выпадкі, калі псіхолаг зробіць толькі горш

Хадзіць да псіхолага стала модна, але многія забываюцца, што ёсць шмат выпадкаў, калі псіхолаг нічым не можа дапамагчы. А часам займацца з ім нават шкодна.

psychology and psychoterapia
Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Гісторыя, якую расказаў аўстралійскі часопіс Quillette, вельмі павучальная.

Эбігейл Шрыер прыкладна 20 гадоў таму ўпершыню дазволіла сабе пайсці да псіхолага, які стаў для яе «вельмі дарагім (літаральна) сябрам, які пагаджаўся з ёй амаль ва ўсім і любіў размаўляць пра людзей, якіх яны (як быццам) ведалі разам».

«Яна была прафесіяналкай. Побач з ёй я ніколі не адчувала сябе эгацэнтрычным чалавекам, нават калі я бывала такой. У яе я выгаворвалася. У яе ўволю выплаквалася. Я часта выходзіла з яе кабінета з адчуваннем, што нейкі асколак, які захрас у мне ў выніку балючага сутыкнення з тымі ці іншымі людзьмі, дасталі з мяне і ўтылізавалі».

Дзякуючы гэтаму псіхолагу Эбігейл зразумела, што яна не такі ўжо і кепскі чалавек. У большасці выпадкаў вінаваты хтосьці іншы. Многія людзі побач наогул аказаліся горшымі, чым меркавала Эбігейл. Яна і не задумвалася раней, што ў некаторых з яе блізкіх нарцысічны разлад асобы.

Потым хлопец Эбігейл прапанаваў ёй ажаніцца, але тут псіхатэрапеўтка павяла сябе нечакана: «Я не ўпэўненая, што вы з ім гатовыя да шлюбу. Магчыма, нам прыйдзецца яшчэ трохі папрацаваць».

Эбігейл згадвае, што тады адчула лёгкі шок, як быццам стукнулася ілбом у шкляныя дзверы.

Яе тэрапеўтка была жанчынай аўтарытэтнай. Яна была на гадоў пятнаццаць старэйшая за Эбігейл, з доктарскай ступенню па псіхалогіі і, мяркуючы па ўсім, у шчаслівым шлюбе. Яна між іншым неяк узгадала, што ніколі не прапускае заняткаў пілатэсам. І нават пратэінавы батончык яна перад заняткам ела так шляхетна, так прыгожа, што адно гэта прымушала пачырванець ад згадкі пра тое, як неахайна ў параўнанні з ёй ты еў свой сняданак.

Аднак нягледзячы на ўсю сваю дасведчанасць псіхолаг усё ж рабіла памылкі. Эбігейл адчула, што не згодная з яе ацэнкай і што, магчыма, ёй наогул не патрэбная згода псіхолага на іх шлюб. Яна падзякавала за дапамогу і сказала, што павінна ўзяць у тэрапіі паўзу.

Для дзяцей псіхатэрапія можа быць небяспечнай

Эбігейл праходзіла тэрапію дарослым чалавекам. Яна магла пагаджацца ці не пагаджацца, адчувала, калі ёй патрэбны перапынак — і наогул арыентавалася на ўласнае самаўспрыманне. А вось дзеці і падлеткі, у якіх яшчэ няма дастаткова жыццёвага досведу, так не ўмеюць.

Дысбаланс сіл паміж дзіцем і псіхолагам завялікі. Дзіцячае пачуцце ўласнага «я» яшчэ толькі фарміруецца. Дзеці не здольныя супрацьстаяць погляду тэрапеўта на сваю сям'ю ці на сябе, таму што ў іх не сфарміраваўся яшчэ бесстаронні пункт гледжання, і іншая асоба ўплывае на іх вельмі моцна.

Аднак сёння бацькі ўсё часцей запісваюць дзяцей і падлеткаў на тэрапію, нават проста для прафілактыкі. Яны наймаюць тэрапеўтаў, каб дапамагчы сваім дзецям адаптавацца да дашкольнай установы, перажыць смерць любімага ката ці проста каб сачыць за думкамі і пачуццямі замкнёнага ў сабе падлетка (бывае і такое, што тэрапеўты перадаюць бацькам інфармацыю, атрыманую падчас сесій).

Бацькі нярэдка мяркуюць, што псіхатэрапія дапамагае эмацыйнаму развіццю дзіцяці. Але гэта не так, зазначае Эбігейл Шрыер у сваёй кнізе «Дрэнная тэрапія: чаму дзеці не сталеюць», якая стала бестсэлерам. Як і любое ўмяшанне, якое патэнцыйна можа дапамагчы, тэрапія можа і нашкодзіць.

Калі можна не хадзіць да псіхолага, не хадзіце

Штораз, калі пацыент прыходзіць у кабінет доктара, ён трапляе ў зону рызыкі. Некаторыя рызыкі ўзнікаюць праз некампетэнтнасць доктара, іншыя па неасцярожнасці. Або ўсё ідзе па плане, аднак лячэнне заснавана на неразуменні праблемы.

Ёсць добрае практычнае правіла: не рабіце рэнтген, калі ён вам не патрэбны. І аналагічна — не варта ісці да псіхолага, калі для гэтага няма важкіх прычын.

Так, усім вядома, што тэрапія можа прынесці палёгку. Але таксама яна можа нанесці ненаўмысную шкоду. І робіць гэта ў 20% выпадкаў.

На працягу дзесяцігоддзяў стандартнай тэрапіяй, якую прапаноўвалі ахвярам стыхійных бедстваў (тэрактаў, баявых дзеянняў, цяжкіх апёкаў), быў «псіхалагічны разбор». Тэрапеўт запрашаў ахвяр трагедыі на групавы занятак, на якім удзельнікам прапаноўвалася «апрацаваць» свае негатыўныя эмоцыі і распазнаць сімптомы посттраўматычнага стрэсавага разладу (ПТСР). Аднак даследаванне за даследаваннем паказвае, што гэтага элементарнага працэсу дастаткова, каб пагоршыць сімптомы посттраўматычнага стрэсавага разладу.

Псіхатэрапія можа прыводзіць і да таго, што кліент ці кліентка пачне ўсведамляць сябе хворым ці хворай і перабудуе сваё разуменне вакол новаспечанага дыягназу.

Тэрапія можа спрыяць разрыву з блізкімі — у выніку яе можа фарміравацца, прыкладам, меркаванне, што ва ўсім вінаватая мама, настолькі, што вы ніколі больш не захочаце яе бачыць.

Тэрапія можа яшчэ больш узмацніць напружаныя адносіны ўнутры сям'і, паставіць пад пагрозу ўстойлівасць пацыента, зрабіць яго яшчэ больш траўмаваным і дэпрэсіўным, а таксама падарваць яго самадастатковасць, калі ён акажацца яшчэ менш здольным змяніць сваё жыццё.

Тэрапія можа прывесці да таго, што пацыентка, якая штотыдзень сядае на ўтульную скураную канапу і бачыць зручна размешчаны пачак сурвэтак пад рукой, стане празмерна залежнай ад свайго псіхолага і псіхатэрапеўта.

Гэта працуе нават для дарослых, якія звычайна не так лёгка падпадаюць пад уплыў іншых дарослых, — што ўжо гаварыць пра дзяцей.

Нашы праблемы больш унікальныя, чым уяўляюць сабе многія псіхолагі

Паліцэйскія, якія працавалі на месцы авіякатастрофы, а потым прайшлі «курс псіхатэрапіі», праз васямнаццаць месяцаў мелі больш негатыўных сімптомаў, чым тыя, хто курсу псіхатэрапіі не праходзіў.

Ахвяры апёкаў праяўлялі больш трывогі пасля тэрапіі, чым тыя, каго не лячылі.

Пацыенткі з ракам малочнай залозы, якія адмовіліся ад удзелу ў групе падтрымкі, адчувалі сябе лепей, чым тыя, хто ўдзельнічаў. А заняткі з псіхолагам з нагоды цяжкай страты часта ўскладняюць, а не палягчаюць людзям вяртанне да раўнавагі пасля страты.

Наша псіхіка значна больш унікальная, чым яе ўяўляюць сабе многія псіхолагі.

І не заўсёды мы гатовыя раскрыцца менавіта ў аўторак а 16-й. І не заўсёды мы гатовыя раскрыцца перад акурат гэтым малавядомым нам спецыялістам.

Паўспамінаць з сябрам пра вашы колішнія прыгоды, пажартаваць з мужам ці жонкай ці дапамагчы стрыечнай сястры прыбраць у кватэры (і пры гэтым нуль размоваў аб праблемах) часта палепшаць ваш стан значна лепш, чым сядзенне ў адным пакоі з іншымі людзьмі з праблемамі.

Тэрапія можа разбурыць нашы звычайныя псіхічныя працэсы, накіраваныя на захаванне ўстойлівасці, і паўплываць на здольнасць нашай псіхікі самазалечваць раны — толькі па-свойму і ў свой час.

Індывідуальная тэрапія таксама можа ўзмацняць негатыў.

Псіхіятр Сандра Бордман прызнавалася, што адзін з яе пацыентаў кінуў тэрапію пасля некалькіх тыдняў лекавання. «Мы тут з вамі гаворым і гаворым пра кепскае ў маім жыцці, — сказаў ёй пацыент. — Я сяджу ў вас і скарджуся 45 хвілін запар. Нават калі ў мяне да таго дзень быў шчаслівы, прыход сюды да вас прымушае мяне перабіраць кепскае».

Прачытаўшы гэта, кожны ўзгадае, як перабіраў свае эмацыйныя траўмы, каб было пра што пагаварыць з тэрапеўтам на сеансе, — траўмы, якія можна было б проста адпусціць.

Велізарная колькасць псіхалагічных умяшанняў не мае даказанай эфектыўнасці. Тым не менш іх з вялікім энтузіязмам прымяняюць.

Ёсць яшчэ адна тэндэнцыя. Нават калі тэрапія аб'ектыўна пагаршае сімптомы пацыентаў, яны схільныя лічыць, што тэрапія дапамагла. Мы схільныя самі сабе даказваць, што тэрапія працуе. Але мы рэдка адсочваем аб'ектыўныя паказчыкі — напрыклад, стан нашай кар'еры або адносін — калі робім такую ацэнку.

Часам, калі наша жыццё сапраўды паляпшаецца, гэта адбываецца не таму, што тэрапія спрацавала, а таму, што матывацыя, якая заахвоціла нас пачаць тэрапію, таксама прывяла нас да іншых пазітыўных зменаў — напрыклад, больш часу бавіць з сябрамі і сям'ёй, камунікаваць з людзьмі, з якімі даўно не выходзілі на сувязь, займацца валанцёрствам, здаравей харчавацца і больш займацца спортам. 

Каментары9

  • калі ласка
    17.03.2024
    Добрай палове псіхолагаў самім трэба да псіхолагаў, а некаторым і да псіхіятраў
  • Базыль з-пад Хойнiкау
    17.03.2024
    Вадзім ,
    Той выпадак калі прачытаўшы артыкул яшчэ больш цэніш свайго псіхолага
    И понимаешь, что пора к психиатору...
  • Пилюлькин
    17.03.2024
    Психологи не психотерапевты и их работа не психотерапия, а психоанализ. В остальном согласен, психологи по большей части шарлатаны. 

Здаюць у арэнду катэдж загінулага хакеіста Цыплакова ў Драздах. Вось інтэр'еры ФОТЫ14

Здаюць у арэнду катэдж загінулага хакеіста Цыплакова ў Драздах. Вось інтэр'еры ФОТЫ

Усе навіны →
Усе навіны

Супрацоўнік дзіцячага садка з Аўстраліі на працягу 20 гадоў гвалтаваў дзяцей1

У Паўднёвай Карэі адкрылі незвычайны Starbucks — з магчымасцю назіраць за жыхарамі КНДР2

Экспарт расійскай зброі абваліўся ў параўнанні з 2021 годам у 14 разоў 

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна11

Афіцыёзную палітінфармацыю сталі праводзіць і на прыватных прадпрыемствах4

Завяршылі рэстаўрацыю Нотр-Дама ў Парыжы ФОТЫ

Герой вызвалення Марыупаля ў 2014-м стаў камандуючым Сухапутнымі сіламі УСУ3

Каб вярнуць сваіх салдат з палону, Украіна гатова мяняць іх нават на калабарантаў і парэшткі савецкага разведчыка

Ангела Меркель заявіла, што Расія «не павінна выйграць вайну»4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Здаюць у арэнду катэдж загінулага хакеіста Цыплакова ў Драздах. Вось інтэр'еры ФОТЫ14

Здаюць у арэнду катэдж загінулага хакеіста Цыплакова ў Драздах. Вось інтэр'еры ФОТЫ

Галоўнае
Усе навіны →