Сан-Францыска заснаваў ураджэнец Беларусі і назваў яго ў гонар Скарыны — сенсацыйнае адкрыццё каліфарнійскіх гісторыкаў
Гэта быў першакрасавіцкі жарт:)
Доўгі час лічылася, што гэты горад у Каліфорніі заснаваў брытанец Уільям Рычардсан, які збудаваў у 1839 годзе першы еўрапейскі дом.
Але нядаўняя сенсацыйная знаходка ў архівах Гувераўскага інстытута ставіць з ног на галаву традыцыйную версію і робіць горад на два гады маладзейшым.
Аказваецца, наш славуты зямляк, выпускнік Віленскага ўніверсітэта і ўдзельнік антырасійскага паўстання 1831 года Ігнат Дамейка пасля сканчэння Горнай школы ў Францыі ў 1837 годзе не паплыў адразу ў Чылі, а скіраваўся ў Каліфорнію, якая была тады тэрыторыяй Мексікі.
Апроч іншага, там можна было падвучыцца іспанскай мове, каб годна выглядаць у Горнай школе ў Какімба на поўначы Чылі, дзе меўся выкладаць Дамейка.
Наш зямляк з пяццю сябрамі па Горнай школе ў Францыі, якія таксама паходзілі з былых земляў Рэчы Паспалітай, у сакавіку 1837 года прыплыў на караблі святога Тадэвуша ў бухту Залатыя Вароты. Тут яны заснавалі лагер і пачалі рабіць геалагічныя росшукі.
Архівісты Гувераўскага ўніверсітэта знайшлі справаздачу Ігната Дамейкі, датаваную вераснем 1837 года, дзе ён падрабязна апісвае тэрыторыю, яе геалагічны змест і прагназуе ўнікальныя знаходкі ў будучым.
«Гэта ўнікальны дакумент, дзякуючы якому мы можам зусім па-іншаму паглядзець на гісторыю Каліфорніі», — кажа ўсхваляваны доктар гісторыі Алекс Тэйлар.
Справаздача была падпісана па-іспанску так: Ignat Domejka, 31.07.1802, nativo Wialikaja Miadzwiedka, Recz Pospolita Abiedzwuch Narodau
Далей Ігнат Дамейка вырашае заснаваць тут паселішча, прагназуючы яму вялікую славу ў будучыні. У той час паселішчам давалі назву або вядомых святых, або вядомых людзей, або гарадоў (як Сан-Дыега, Нью-Ёрк, ці Вашынгтон)
Дамейка вырашае назваць горад Сан-Францыска (Ciudad San Francisco) у гонар свайго славутага земляка, усходнеславянскага першадрукара Францішка Скарыны.
Адпаведную заяўку 17 кастрычніка 1837 года ён накіраваў у Мехіка і там яна была ўхваленая.
У Каліфорніі Дамейка і паплечнікі правялі яшчэ паўгода, яны запрасілі мясцовых жыхароў з ваколіцаў і ўзвялі там паўтара дзясятка каменных дамоў.
Аднак нашы героі былі вымушаныя ўкласці шмат сваіх грошай у развіццё новага горада. Тым часам падціскалі абавязкі па кантракце з Горнай школай у Какімба, падпісаным яшчэ ў Францыі.
Як аказалася, грошай, каб дабрацца ў Чылі, у іх не было. Адзіным выйсцем было прадаць за пэўную суму грошай правы на назву горада ордэну езуітаў. Езуіты заплацілі за гэта 1050 даляраў — велізарныя грошы па тых часах. Гэтага хапіла на білеты на параход да Санцьяга і на першыя часы ў Какімба.
Далейшую гісторыю вы ведаеце. Ігнат Дамейка шмат спрычыніўся да навуковага даследавання Чылі, стаўшы там нацыянальным героем, універсітэт у Какімба носіць яго імя.
Разам з тым езуіты ў Каліфорніі сталі ўсім казаць, што горад названы ў гонар святога Францыска Асізскага. Але і гэта потым забылася. У 1846 годзе ў ходзе Амерыкана-мексіканскай вайны Каліфорнія адышла ЗША, а праз два гады здарылася Залатая ліхаманка, што прывяло да бурнага развіцця штата, як і прагназаваў Дамейка.
Аднак мы цяпер ведаем, што Сан-Францыска заснаваў наш зямляк Ігнат Дамейка, і зараз каліфарнійскія ўлады будуць прадпрымаць крокі па ўвекавечанні яго слаўнага імя.
У прыватнасці, на ўзбярэжжы каля месца, дзе ён высадзіўся з таварышамі, будзе ўзведзены помнік. Прычым у гэтай справе звярнуліся да вядомага беларускага скульптара, які жыве ў Нью-Ёрку. Таксама імя Дамейкі будзе нададзена аднаму з праспектаў горада.
Такім чынам, Ігнат Дамейка — вялікі сын не толькі Літвы, Беларусі, Польшчы і Чылі, але і Каліфорніі.
Каментары