Эмір Кувейта раптоўна распусціў парламент і часткова спыніў канстытуцыю. Чаму так?
Эмір Кувейта Шэйх Мішаль Аль-Ахмед Аль-Джабер у тэлезвароце да нацыі абвясціў, што «дзеля ратавання краіны» бярэ ўсю ўладу на сябе і на некалькі гадоў распускае парламент разам са спыненнем некаторых палаженняў канстытуцыі. Па словах эміра, «супраць яго злоўжывалі дэмакратыяй».

«Каб спыніць заняпад і прадухіліць крах краіны, мы распарадзіліся аб наступным: распусціць Нацыянальны сход і спыніць некаторыя артыкулы канстытуцыі на перыяд, які не перавышае чатырох гадоў.
За гэты тэрмін канстытуцыя і ўсе аспекты дэмакратычнага працэсу будуць вывучаны на прадмет недахопаў і перагледжаны ў духе нашага ісламскага шарыяту і традыцый, а паўнамоцтвы парламента будуць перададзены мне і маёй радзе міністраў», — заявіў у сваім раптоўным тэлезвароце да нацыі эмір Кувейта Шэйх Мішаль Аль-Ахмед Аль-Джабер, перадае канал Sky News Arabia.
Па словах эміра Кувейта, «дзейнасць некаторых дэмакратычных інтытутаў у краіне выкарыстоўваецца для знішчэння дзяржавы, умяшання ў паўнамоцтвы эміра і падрыву прэстыжу супрацоўнікаў службаў бяспекі».
Сам Шэйх Мішаль Аль-Джабер яшчэ да таго, як стаць эмірам Кувейта, доўгі час працаваў у разведцы і іншых службах бяспекі краіны.
Вінаватымі ў вышэйзгаданых дзеяннях эмір назваў «некаторых дэпутатаў Нацыянальнага сходу», якія, паводле ягоных словаў, не згаджаліся з прапанаванай ім кандыдатурай новага прэм'ер-міністра. Гэтую адмову эмір успрыняў, як падрыў уласнай улады, і паабяцаў, што «палепшыць і стабілізуе дэмакратыю» у Кувейце.
Характэрна, што ў канстытуцыі Кувейта ад 1962 года, на рэдакцыю якой і спасылаецца ў сваім звароце эмір, існуе строгая забарона на прыпыненне любых палажэнняў канстытуцыі і паседжанняў парламента без аб'яўлення ваеннага становішча, або ў іншых асаблівых выпадках, вызначаных законам (артыкул 181 канстытуцыі Кувейта).
Заканадаўчая ўлада ў краіне афіцыйна належыць не толькі эміру, але і парламенту, што робіць прыпыненне палажэнняў канстытуцыі і паседжанняў парламента немагчымай без згоды самога парламента.
Адзначым, што невялікі па памеры Кувейт з'яўляецца адной з найбагацейшых краін свету. Яго эканоміка грунтуецца на здабычы і продажы нафты (краіна ўваходзіць у топ-10 па аб'ёме запасаў нафты і ўзроўні даходаў на душу насельніцтва).
Каментары