Гісторыя44

Які беларускі горад першым трапіў у аб'ектыў фотакамер

У адзін год з Вільняй, на пару гадоў раней за Мінск.

Адзін з найстарэйшых гарадскіх здымкаў у Беларусі. Антал Рорбах, 1861. Фота: limis.lt

Датай вынаходніцтва фатаграфіі лічыцца 1839 год, калі ў сценах Французскай акадэміі навук быў зачытаны даклад пра дагератыпію — ранні фатаграфічны працэс, у якім выкарыстоўвалася святлоадчувальнае ёдзістае срэбра. 

Стварэнне такіх здымкаў было дарагім і патрабавала шмат часу. Сапраўдны бум фатаграфіі адбыўся ў 1850-я гады, калі на змену дагератыпам прыйшлі амбратыпы і фератыпы, дзе ў якасці асновы выкарыстоўвалася шкло і металічныя пласцінкі, пакрытыя святлоадчувальным калодыем.

Партрэт маці мінскага фатографа Антона Прушынскага, зроблены ў 1858 годзе, з’яўляецца першай вядомай беларускай фатаграфіяй. 

У гэты час фатаграфія пранікае і на тэрыторыю Беларусі. Адным з піянераў фатаграфіі стаў мінскі шляхціц Антон Прушынскі, які адкрыў сваю фотамайстэрню ў 1850 годзе. Праўда, першая вядомая беларуская фатаграфія датуецца 1858 годам — на ёй адлюстравана маці фотамастака. Амаль уся фатаграфія таго часу канцэнтруецца па партрэтных здымках, зробленых у дэкарацыях прыватных майстэрняў.

Рака Вілія і Замкавая гара ў Вільні. Абдон Корзан, каля 1860 года. Фота: madeinvilnius.lt

Вуліцы беларускіх гарадоў яшчэ амаль дзесяцігоддзе не трапляюць у аб'ектывы фотакамер. Каля 1860 года фатограф Абдон Корзан стварыў шэраг фотаздымкаў Вільні і ваколіц, якія сёння лічацца першымі здымкамі гарадоў на тэрыторыі Літвы.

Але паколькі дакладная дата здымкаў невядомая, а ў кадр трапляюць будаўнічыя работы, звязаныя са стварэннем чыгуначнага тунэлю ў Панарах, то з імі могуць канкураваць здымкі іншага аўтара.

Будаўніцтва чацвёртай у Расійскай імперыі чыгункі, Пецярбурга-Варшаўскай, якая мусіла звязаць сталіцу імперыі са сталіцай Царства Польскага, вялося з 1852 па 1862 гады. Чыгунка пралягала акурат праз Вільню. 

Будаўніцтва моста цераз Нёман у Гродне — адзін з найстарэйшых гарадскіх здымкаў у Беларусі. Антал Рорбах, 1861. Фота: limis.lt

У сакавіку 1862 года быў адкрыты ўчастак Дынабург — Ландварава, які злучыў Пецярбуг з Вільняй. У маі — участак Варшава — Беласток, які трохі пазней працягнулі да Гродна. Нарэшце ў верасні ўжо можна было даехаць з Варшавы да Вільні.

Для ўзвядзення найбольш складаных інжынерных аб'ектаў на чыгунцы былі прыцягнуты французскія спецыялісты, адзін з якіх запрасіў венгерскага фатографа Антала Рорбаха сфатаграфаваць іх. 

Рорбах працаваў на радзіме аптэкарам, але праславіўся сваімі фотаздымкамі гарадскіх пейзажаў. У 1850-я гады, нягледзячы на недасканаласць тагачаснай фатаграфіі, ён зрабіў шмат здымкаў горада Сегеда, дзе жыў і працаваў.

У Расійскую імперыю Рорбах прыехаў у жніўні 1861 года, а вярнуўся ў назад толькі ў снежні. За гэты час ён зрабіў здымкі будаўніцтва мастоў і тунэляў на чыгунцы, але не канцэнтраваўся выключна на іх — нярэдка на здымкі трапляюць і гарадскія краявіды. 

Краявід старога горада ў Гродне — адзін з найстарэйшых гарадскіх здымкаў у Беларусі. Антал Рорбах, 1861. Фота: limis.lt
Краявід старога горада ў Гродне — адзін з найстарэйшых гарадскіх здымкаў у Беларусі (фрагмент). Антал Рорбах, 1861. Фота: limis.lt

Мяркуючы па здымках, Рорбах наведаў прынамсі Рэжыцу, Дынабург, Вільню, Коўна і Гродна. Здымкі змешчаны ў альбом, які сёння захоўваецца ў музеі ў літоўскіх Шаўлях.

У Гродне фатограф зрабіў не менш за тры здымкі, на якіх паказанае будаўніцтва чыгуначнага моста цераз Нёман.

Першы паказвае будаўніцтва апор моста з узроўню ракі, так што, акрамя рыштаванняў, схілаў рачной даліны і дахаў хатак, нічога больш і не бачым.

Два іншыя больш цікавыя. Адзін з іх, зроблены, відаць, аднекуль з Лінейнай вуліцы, дзе цяпер знаходзіцца «Белкард», паказвае будоўлю з вышыні карэннага берага ракі, захопліваючы вялікі кавалак старога горада з вежамі храмаў. Іншы, зняты з насыпу, які вядзе да моста, паказвае выключна стары горад, які спускаецца да Нёмана.

На сёння гэта найстарэйшыя фотаздымкі гарадской забудовы Беларусі. На іх можна знайсці подпіс аўтара і год здымкі.

Найстарэйшы здымак Мінска, зроблены каля 1863 года. Фота: «Фотографическая Иллюстрация», №№ 8-9

Першы здымак, напрыклад, Мінска з'яўляецца толькі ў 1863 годзе ў расійскім літаратурна-мастацкім часопісе «Фотографическая Иллюстрация». Ён зроблены з Татарскіх агародаў, якія ў савецкі час былі часткова затоплены для пашырэння Свіслачы, і паказвае Траецкую гару і Высокі рынак. 

Праўда, на старонках часопіса пазначаны толькі аўтар здымка — мінскі фатограф Брафман, — але не пазначаны час, калі ён быў зроблены, так што ў беларускай сталіцы яшчэ ёсць шанец нагнаць і перагнаць і Гродна, і Вільню.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары4

  • Так
    29.05.2024
    Тады Горадня не была беларуская, але фактычна ўжо пачынала ператварацца пад царскай адміністрацыяй. Цяпер працэс паскорыўся і некалі еўрапейская Горадня стае тыповым горадам Белой Руси.
  • Anatol Starkou
    30.05.2024
    А я купил на eBay открытку. На оборотной стороне по немецки написано, что это Кобрин 1916-го года. Перефотографировал. Там еще была надпись на немецком: русские дети.
  • дочка Максима Дизайнера
    30.05.2024
    звар'яцець. а здымкі-то якія якасныя. ледзь не лопнулі астаткі маіх вачэй)

    акром жартаў. сапраўды - здымкі Гродна - гэта нешта

Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні16

Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні

Усе навіны →
Усе навіны

«Востраў чысціні» канчаткова ліквідуецца1

Былую жонку спевака Руслана Мусвідаса таксама судзілі за пратэсты

Палітвязень Дзяніс Івашын прыслаў бацькам парады, як перажыць спёку: Ніякіх выхадаў у цяпліцу

50 дзецям адмовілі. У беларускамоўнай гімназіі Вільні замала месцаў, бацькі просяць набіраць больш класаў11

Ілан Маск заявіў, што згубіў сына з-за блакатараў палавога выспявання24

У Францішка Скарыны ў Празе скралі пяро — гэта здарылася не ўпершыню3

Замежнікі пішуць у сацсетках, што збіраюцца ў Беларусь па бязвізе. А іх упрошваюць перадумаць11

Паўла Латушку выклікалі ў польскую пракуратуру2

Расійскі вайсковец, якога нібыта сёння ўзарвалі ў Маскве: Я жывы, сяджу на працы

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні16

Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні

Галоўнае
Усе навіны →