Свет33

Як Украіна вызваляе з Беларусі сваіх. Тлумачэнне ўкраінскага эксперта

Украіна не ваюе з Беларуссю, але вызваляе сваіх палонных з Беларусі — чаму і як? Ці праўда, што Украіна канцэнтруе войскі на мяжы з Беларуссю? Ці занепакоеныя ў Кіеве ядзернымі пагрозамі начгенштаба Беларусі? На гэтыя пытанні Юрыя Дракахруста ў праграме «ПІК Свабоды» адказаў дырэктар украінскага Інстытуту сусветнай палітыкі Яўген Магда.

10 украінцаў вярнуліся на радзіму пасля зняволення ў Расіі і Беларусі

— 28 чэрвеня былі вызваленыя 10 украінцаў, пяцёра зь якіх утрымліваліся ў беларускіх турмах. Сярод іх — Мікалай Швец, якога абвінавачвалі ў дывэрсіі супраць расейскага самалёта А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах на пачатку 2023 году. Як іх трактуе Ўкраіна — як нявінна пацярпелых ці як герояў, змагароў за ўкраінскую справу?

— Усіх дзесяцёх Украіна трактуе як цывільных грамадзян Украіны, якія знаходзіліся ў варожым палоне. І таму ўсе яны павінны быць вызваленыя. Сярод пяці іншых быў намесьнік старшыні Маджлісу крымска-татарскага народу Нарыман Джэлял, асуджаны некалькі гадоў таму ў Расеі, і яшчэ некалькі нашых грамадзян, якія знаходзіліся ў палоне яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны на захопленай тэрыторыі Данецкай і Луганскай вобласьцяў. Іх там жорстка катавалі, таму вызваленьне грамадзян Украіны ёсьць і будзе прыярытэтам для ўкраінскіх уладаў.

Шчыра скажу, што ня ўсе ўкраінскія СМІ паведамілі, што пяць нашых суграмадзян знаходзіліся ў беларускіх турмах. Цікава, што іх усіх прывезьлі ў аэрапорт Жуляны пад Кіевам, які не працуе з пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ. Наколькі я разумею, частку зь іх даставілі ў Жуляны на верталёце зь беларуска-ўкраінскай мяжы.

— Вызваленьнем усіх дзесяцёх займалася ўкраінскае ведамства па вызваленьні ваеннапалонных. І СБУ напісала — вызваленьне нашых з палону. Але зь Беларусьсю няма збройнага канфлікту. Тады адносна гэтых пяцёх вызваленых зь беларускай турмы — які палон?

— Трэба разумець, што расейска-ўкраінская вайна, якая ў сваёй найбольш гарачай фазе працягваецца больш за 850 дзён, абумоўлівае пэўныя асаблівасьці рыторыкі, у тым ліку афіцыйных уладаў. Гэта з аднаго боку.

Зь іншага боку, хачу нагадаць, што на мінулым тыдні быў вызвалены трэці грамадзянін Беларусі, які ваяваў ва Ўкраіне на баку Расеі і трапіў у палон. І траіх такіх у парадку абмену перадалі Расеі.

І я думаю, што гэта адкрыла магчымасьць вызваленьня грамадзян Украіны зь беларускіх турмаў.

— Беларускія апазыцыйныя палітыкі выказвалі пажаданьне, каб беларускіх палітвязьняў мянялі на расейскіх вайскоўцаў, узятых у палон ва Ўкраіне, напрыклад, на беларусаў, якія ваявалі па кантракце ў расейскім войску. Кіеў на прапанову мяняць беларусаў на расейцаў ці беларусаў на беларусаў не адгукнуўся. Ці магчымыя такія абмены ў прынцыпе? Ці Ўкраіна вызваляе з палону толькі сваіх?

— Я лічу, што Ўкраіна павінна ў першую чаргу вызваліць дзьве катэгорыі беларусаў, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у расейска-ўкраінскай вайне. Гэта дваіх байцоў-каліноўцаў, якія два гады знаходзяцца ў расейскім палоне, і «рэйкавых партызанаў», якія падрывалі беларускую чыгунку, пашкоджвалі рэлейныя шафы, чым запавольвалі рух расейскіх вайсковых эшалёнаў.

Паміж Беларусьсю і Ўкраінай былі складаныя пытаньні нават у пэрыяд міралюбівага Лукашэнкі. Гэта і справа «Шаройкі-Палітыкі», калі пасьля затрыманьня ва Ўкраіне грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі ў Беларусі затрымалі Паўла Шаройку, а потым іх фактычна абмянялі адзін на аднаго. Было выкраданьне ў Беларусі 18-гадовага грамадзяніна Ўкраіны Паўла Грыба, які вярнуўся ва Ўкраіну толькі ў 2019 годзе ў рамках абмену з тэрыторыі Расеі. Гібрыднасьць тычыцца і такіх пытаньняў, як няволя.

Лёгіка Ўкраіны як цывілізаванай дзяржавы вельмі простая — мы будзем змагацца за вызваленьне ўсіх нашых незаконна затрыманых грамадзян.

— А што ў абмен могуць быць уключаныя пазначаныя вамі дзьве катэгорыі беларусаў — гэта вашае меркаваньне ці меркаваньне ўкраінскай улады?

— Я — не ўкраінскі ўрад.

— Але вы можаце падзяляць яго погляды.

— Я падзяляю погляды ўкраінскіх уладаў у тым, што трэба абараняць Украіну і змагацца з Расеяй. Аднак шмат у чым я нязгодны з украінскімі ўладамі.

— Ці вядома, на каго абмянялі гэтых пяцёх украінцаў і ўкраінак?

— Ва Ўкраіне не раскрылі, на каго іх абмянялі. Але мяркую, што за ўкраінцаў — вязьняў беларускіх турмаў вызвалілі дастаткова важных і каштоўных для Расеі пэрсанажаў. Не для Лукашэнкі, падкрэсьліваю, а для Расеі.

— На мінулым тыдні беларускія сілавыя ведамствы паведамілі, што Ўкраіна канцэнтруе дадатковыя сілы на мяжы зь Беларусьсю, прынамсі, перакідае да мяжы «Расейскі добраахвотніцкі корпус» (РДК). У адказ Беларусь перакінула да мяжы дадатковыя вайсковыя злучэньні, у тым ліку і комплексы СПА «Палянэз». Ці сапраўды мела месца нарошчваньне ўкраінскай групоўкі на мяжы? Калі так, то зь якой мэтай? Беларускія прапагандысты разумеюць гэтую мэту вельмі проста — Украіна хоча напасьці. А якая яна насамрэч?

— Ведаеце, лепш не будаваць карціну сьвету з пункту гледжаньня беларускіх прапагандыстаў. Уварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году адбылося ў тым ліку і з тэрыторыі Беларусі. А за паўгода пасьля гэтага на тэрыторыю Ўкраіны з тэрыторыі Беларусі прыляцела больш за 600 ракетаў. Украіна мае поўнае і бясспрэчнае права абараняць сваю тэрыторыю і стрымліваць магчымы напад. Так, мы ведаем, што колькасьць расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі цяпер невялікая.

Але мы таксама ведаем, што Лукашэнка і Пуцін вырашылі разьмясьціць у Беларусі падразьдзяленьне, якое павінна ахоўваць расейскую ядзерную зброю. Гэта некалькі тысяч добра падрыхтаваных і добра ўзброеных байцоў, якія, відавочна, могуць выконваць розныя функцыі ва ўмовах расейска-ўкраінскай вайны. То бок беларуская прапаганда спрабуе перавесьці з хворай галавы на здаровую. Навошта Ўкраіне павялічваць фронт супрацьстаяньня з Расеяй на тысячу кілямэтраў? Якая ў гэтым для яе карысьць?

Што да расейскіх добраахвотнікаў, то пры ўсёй павазе да грамадзянаў Расеі, якія ўсьвядомілі неабходнасьць барацьбы з расейскім рэжымам, мушу адзначыць, што іх няшмат. Таму для прыцягненьня ўвагі да сябе яны прыдатныя, але наўрад ці змогуць штурмаваць хоць адзін райцэнтар на тэрыторыі Беларусі.

— А як вы думаеце, яны могуць па сваім жаданьні ажыцьцявіць рэйд у Беларусь?

— Усе яны вайскоўцы Ўзброеных сілаў Украіны (УСУ). Яны падпісалі адпаведныя кантракты, і іх дзеяньні рэгулююцца статутам УСУ. То бок што яны па сваёй волі возьмуць танкі і БТР і пойдуць у бок беларускай мяжы — гэта выглядае як дрэнны сцэнар навуковай фантастыкі. Гэта ў стылі казак Рыгора Азаронка.

— Я так разумею, што вашыя развагі тычацца і палку Каліноўскага?

— Ну, вядома, бо Галоўнаму ўпраўленьню разьведкі (ГУР) Міністэрства абароны Ўкраіны падпарадкоўваюцца і расейскія добраахвотнікі, і беларускія, і прадстаўнікі іншых дзяржаваў, якія ваююць у складзе двух інтэрнацыянальных легіёнаў. Варта адзначыць, што найбольшая колькасьць добраахвотнікаў — беларусы.

Але варта нагадаць таксама, што ГУР не падтрымаў удзел беларускіх добраахвотнікаў у выбарах у Каардынацыйную раду беларускіх дэмакратычных сілаў. І калі ангажаваньня не было нават на такім узроўні, якія прычыны павінны быць у таго, каб беларускія добраахвотнікі штурмавалі рэзыдэнцыю Лукашэнкі?

— А чым, на ваш погляд, тлумачыцца такая нэрвовая рэакцыя беларускага боку? Ня толькі прапагандыстаў, але і вайскоўцаў. Войскі сьцягваюцца да мяжы зь беларускага боку, учора прагучала рэзкая заява новага начальніка Генштаба Паўла Муравейкі, які пагражаў нават ужываньнем ядзернай зброі. Яны сапраўды лічаць, што Ўкраіна рыхтуецца да нападу?

— Нагадаю, што начальнік Генштаба Муравейка — паводле адукацыі палітрук, палітработнік. Таксама нагадаю, што Ўладзімір Пуцін неаднаразова падкрэсьліваў, што Расея прыхільная нормам дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі. Гэта значыць, ніякага сумеснага кантролю над ядзернай зброяй, разьмешчанай у Беларусі, няма.

Наколькі мне вядома, Гулевіч, папярэднік Муравейкі на пасадзе начгенштаба, быў дакладна не ў захапленьні ад пэрспэктывы ваяваць з Украінай. Але ёсьць такая расейская прымаўка «болтать — не мешки ворочать». І гэта добра паказвае ўзровень і вайсковую кампэтэнтнасьць цяперашняга начальніка Генштаба Ўзброеных сілаў Беларусі.

Тое, што рэжым Лукашэнкі спрабуе рабіць прыемнае Пуціну, даўно не навіна. Але такім чынам, я думаю, ён таксама змагаецца за сваё захаваньне, таму што яго пазыцыі на дадзены момант далёка не такія моцныя, як яму хацелася б.

— А ядзерныя пагрозы генэрала Муравейкі Кіеў зусім не палохаюць?

— На маю думку, за ўвесь пэрыяд пасьля 25 сакавіка 2023 году, калі Пуцін абвясьціў пра намер разьмясьціць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі, не было доказаў фізычнай яе прысутнасьці ў Беларусі. Было зроблена ўсё, каб сусьветная супольнасьць паверыла, што яна там ёсьць. Але ніхто ня можа сказаць пра гэта дакладна. Аднак я не выключаю такой магчымасьці.

Расея вельмі актыўна выкарыстоўвае практыку ядзернага шантажу. І Беларусь як малодшы палітычны партнэр ёй у гэтым падыгрывае.

— Вызваленьне пяцёх украінцаў і ўкраінак зь беларускіх турмаў сьведчыць пра тое, што нейкая камунікацыя паміж афіцыйным Менскам і Кіевам існуе. Што вы можаце сказаць наконт таго, наколькі яна шчыльная? Наколькі яна спрыяе больш адэкватнаму разуменьню беларускім бокам украінскіх намераў?

— Такая камунікацыя існуе. Яна існуе хаця б з той простай прычыны, што паміж нашымі краінамі існуюць дыпляматычныя адносіны. З аднаго боку, адносіны з Лукашэнкам кепскія. А зь іншага боку, стасункі зь любым чалавекам, дзякуючы якім загіне менш грамадзян Украіны, я лічу, апраўданыя. Трэба разумець, што няўдзел Беларусі ў вайне наўпрост прадухіліць гібель тысячаў беларусаў. І гэта, я лічу, станоўчае наступства гэтай камунікацыі.

Каментары3

  • змагар
    02.07.2024
    Якая розніца, як Украіна вызваляе "сваіх" (але не нашых). Беларусам ад гэтага лягчэй?
  • Пытаннечка
    02.07.2024
    Дык чаго каліноўцаў не абмянялі?
  • Адпаведзь
    02.07.2024
    Пытаннечка , яны ни кому не патрэбны!

Браты-блізняты прыйшлі працаваць у міліцыю. Адзін з іх пераплыў раку і ўцёк з Беларусі, каб не займацца палітычнымі справамі. Пагутарылі з ім6

Браты-блізняты прыйшлі працаваць у міліцыю. Адзін з іх пераплыў раку і ўцёк з Беларусі, каб не займацца палітычнымі справамі. Пагутарылі з ім

Усе навіны →
Усе навіны

«Мінімум 30 рублёў, а максімум баюся ўявіць». Якімі будуць цэны на таксі ў навагоднюю ноч1

Кампанія сяброў з Вялікабрытаніі паставіла рэкорд па наведванні пабаў за 40 гадоў

18-гадовы беларус Дзяніс Лазавік перамог Магнуса Карлсэна на чэмпіянаце свету па рапідзе2

У Расіі знялі ролік, як Санта-Клауса над Крамлём на просьбу Дзеда Мароза збівае СПА. Відэа рэпоснуў і Азаронак24

Белчыгунка абвясціла зніжкі да 40%. Але трэба купіць квіток у апошні момант

Як аўтакаміс падманвае пры продажы машыны са Штатаў2

Жанчына крала адзенне ў мінскім ГЦ і прадавала ў іншай краіне2

На рэйсах Гродна — Мінск замест маршрутак з'явіліся вялікія аўтобусы3

У школе ў Пецярбургу павесілі фатаграфіі ўдзельнікаў Рускага добраахвотніцкага корпусу з надпісам «героі Расіі»10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Браты-блізняты прыйшлі працаваць у міліцыю. Адзін з іх пераплыў раку і ўцёк з Беларусі, каб не займацца палітычнымі справамі. Пагутарылі з ім6

Браты-блізняты прыйшлі працаваць у міліцыю. Адзін з іх пераплыў раку і ўцёк з Беларусі, каб не займацца палітычнымі справамі. Пагутарылі з ім

Галоўнае
Усе навіны →