Грамадства13

Яўгенія Чарняўская, дачка заснавальніка Tut.by Юрыя Зісера, занялася вырабам люксавай керамікі

Яўгенія Чарняўская стварыла лінейку люксавай керамікі і адкрыла анлайн-краму. Як жыццё зрабіла такі круты паварот, чаму вучоба ў Фларэнцыі прынесла расчараванне і колькі каштуюць яе вырабы, Яўгенія распавяла «Нашай Ніве».

Яўгенія Чарняўская. Тут і далей фота з яе архіву

Яўгенія прызнаецца: яна ніколі не цікавілася керамікай і ўвогуле не захаплялася хэндмэйдам. Працавала ў сферы IT, займалася стартапамі, абараніла магістарскую па бізнэсе Global MBA.

Але ўсё змянілася ў той момант, калі лукашэнкаўскія ўлады пачалі граміць Tut.by. Яўгенія тады знаходзілася ў Ізраілі і не вельмі разумела, як перамагчы стрэс і ўзяць сябе ў рукі.

— Пятнаццаць чалавек затрыманыя, мая маці пад арыштам знаходзіцца… Рахункі — як асабістыя, так і кампаніі — заблакаваны. Бясконцыя размовы з адвакатамі і сваякамі затрыманых. Проста нейкі калапс. Жыццё стала пеклам. А на руках у мяне была маленькая дачка.

Вырашаць праблемы з-за мяжы было складана.

— Я спрабавала вызваліць закладнікаў рэжыму, вяла апасродкаваныя перамовы са Следчым камітэтам, маральна падтрымлівала людзей. Гэта была праца фултайм.

Нечакана Яўгенія знайшла свой спосаб супакоіцца. Заняткі керамікай сталі для яе своеасаблівай арт-тэрапіяй. На першы майстар-клас яе прывяла сяброўка. Яўгеніі вельмі спадабалася атмасфера ў студыі, а праца з глінай — медытатыўны працэс.

— Спачатку ты ствараеш выраб, потым прыходзіш яго абтачыць, а пасля абпалу фарбуеш. І пры гэтым ніколі не ведаеш, што ж атрымаецца ў выніку, што дастанеш з печы. Наогул, калі ў цябе рукі па локаць у гліне, ёсць магчымасць хаця б на пару гадзін у дзень выключыцца і аднавіць душэўную раўнавагу. Цяпер я смяюся і кажу: «Крута, калі пасярод усяго гэтага балагана тваёй самай вялікай праблемай на гадзіну становіцца тое, як роўна прыляпіць ручку да кубка». І ты сапраўды ссоўваеш увесь фокус увагі на гэтую самую ручку.

Яўгенія з дачкой

Жанчыну гэта ўсё заваражыла, яна пачала хадзіць у розныя студыі на майстар-класы. Праз пару месяцаў Яўгенія раптам зразумела, што па чатыры гадзіны ў дзень чатыры дні на тыдзень праводзіць у студыі. Яна пачала думаць, што гэта ўжо не вельмі падобна да хобі, а хутчэй да нейкай маніі.

— Сапраўды зацягвае. У кераміцы заўсёды ёсць, чаму павучыцца. Ты можаш 20 гадоў займацца гэтым, але так усяго не пазнаць і не паспрабаваць. Шмат варыянтаў працы з матэрыяламі, з палівамі, відамі абпалу.

Некалькі месяцаў Яўгенія спрабавала сумясціць вырашэнне пытанняў Tut.by, заняткі керамікай і пошук працы. Але ў нейкі момант зразумела: калі ёй так падабаецца займацца керамікай, дык чаму б не зрабіць гэта сваёй асноўнай сферай дзейнасці? Прыкладна год таму Яўгенія канчаткова прыняла рашэнне рухацца ў гэтым кірунку.

Яўгенія пачала шукаць, дзе магла б павучыцца кераміцы. У Ізраілі не знайшлося школ, якія б падышлі па працягласці і інтэнсіўнасці заняткаў. Тады яна вырашыла паехаць у Фларэнцыю.

На жаль, навучанне ў Італіі мастачку вельмі расчаравала. Настолькі, што цяпер яе адвакаты вядуць перамовы з адвакатамі арт-школы праз неналежную якасць аказання паслуг.

— Фларэнцыя — горад, які жыве за кошт турыстаў і студэнтаў. Моцны брэнд горада эксплуатуюць як толькі можна: знакамітыя імёны выкарыстоўваюць для піяру сучасных школ мастацтваў. Канечне, у Фларэнцыі знаходзіцца адна з найлепшых галерэй свету, а сам горад падобны да музея пад адкрытым небам. Але гэта не мае ніякага дачынення да навучальных устаноў.

Кераміка Яўгеніі

За вучобу прыйшлося заплаціць даволі вялікую суму, але да якасці навучальнага працэсу пытанні ўзніклі адразу. Былі праблемы з выкладчыкамі, з матэрыяламі.

— У школе нават не разумелі, як адбываецца сам працэс стварэння керамічных вырабаў. Напрыклад, пасля таго, як ты стварыў працу на ганчарным крузе, неабходна ад некалькіх гадзін да некалькіх дзён на тое, каб яна высахла, і толькі пасля гэтага можна працягваць працэс. Гліна не павінна высыхаць пад фенам за гадзіну. Гэта далікатны матэрыял, які можа парэпацца, калі нешта ідзе не так. Абпалаў таксама можа быць патрэбна некалькі: напрыклад, калі працуеш з золатам, неабходна тройчы на ​​20 гадзін пакінуць у печцы выраб. Пры гэтым у нас у школе лёгка маглі паставіць на заўтра тэрмін здачы працы, якую толькі сёння мы дарабілі на крузе.

Яўгенія кажа, што кіраўніцтва школы не жадала чуць прэтэнзіі студэнтаў. Яшчэ адна вялікая праблема навучання ў Італіі — моцныя традыцыі кумаўства: на працу бяруць сваякоў ці сяброў, а потым не хочуць іх звальняць, нават калі чалавек дрэнна працуе.

Прыватная школа, у якой навучалася мастачка, не спрабавала ніяк разабрацца ў спрэчных пытаннях. Яўгенія шкадуе, што змарнавала на гэта шмат грошай і часу.

— Мне ж прыйшлося прыехаць у Фларэнцыю з пяцігадовай дачкой. А гэта значыць, што трэба было знайсці прыстойную кватэру плюс прыватны дзіцячы садочак, бо ў дзяржаўны дачку не бралі.

Кераміка Яўгеніі Чарняўскай

На паперах абяцанні школы выглядалі больш прыгожа, чым аказалася ў жыцці.

— Перад пачаткам вучобы я праверыла ўсё, што магла: прачытала водгукі на школу, паразмаўляла з выкладчыкамі. Цяпер я магу сказаць: у школы выдатна пабудаваны маркетынг. Фларэнцыя аказалася поўным расчараваннем. Але калі ў цябе вучоба з раніцы да вечара, ты хочаш не хочаш, дык усё ж чамусьці навучышся. Колькасць гадзін у студыі ў нейкі момант перарастае ў якасць. Вярнулася дадому я з большай колькасцю ведаў, чым з'язджала.

Цяпер Яўгенія арандуе месца ў студыі майстроў, а некалькі тыдняў таму запусціла сайт, праз які можна набыць яе кераміку.

— Tut.by у Беларусі знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі, цяпер мне рэдка трэба выконваць нейкія задачы. Асноўная мая дзейнасць — гэта заняткі керамікай.

Майстрыца смяецца, што кераміка вельмі змяніла яе жыццё. Нават адпачынкі цяпер праходзяць зусім па іншым сцэнары.

— Напрыклад, я еду ў Партугалію на 5 дзён. І абавязкова дзень прысвячу наведванню музея керамікі і паходу па керамічных крамах. Калі знайду краму керамічных матэрыялаў, абавязкова прыкуплю сабе прылады ці палівы.

Шопінг Яўгеніі таксама больш не нагадвае паход па буціках звычайнай дзяўчыны.

— Мне больш не патрэбны, як усім дзяўчынкам, туфлі і сукенкі. Проста пусціце мяне ў краму, дзе прадаюць розныя віды гліны — гэта мой «Дыснэйлэнд». А ў кожным рэстаране, дзе ёсць цікавы посуд, я буду правяраць, ці ёсць на ім кляймо аўтара.

Шасцігадовую дачку Яўгенія ўжо таксама водзіць на майстар-класы па кераміцы. Дзяўчынка есць і п'е з посуду, які сама зрабіла — і вельмі гэтым ганарыцца. Ну і, канечне, беражліва ставіцца да прац мамы.

Рабіць патокава шмат аднолькавых кубкаў ці талерак Яўгеніі не цікава. Яна хоча займацца менавіта мастацтвам.

— Кожны мой выраб мае нейкую асаблівасць. Я рэдка выкарыстоўваю адзін від палівы, звычайна два-тры. Выкарыстоўваю золата, крэйду, чорную гліну, шэрую, фарфор. Таму вырашыла, што запушчу люксавую лінію керамікі. Мая мэтавая аўдыторыя — гэта людзі, якія разумеюць мастацтва і не параўноўваюць аўтарскую працу з кубкамі IKEA.

Працы Яўгеніі прадаюцца ў некаторых крамах Ізраіля. А на яе сайце размешчана каля 40 розных пазіцый тавару. Адной з любімых мастачка называе серыю «Раку».

— Для стварэння тых вырабаў я выкарыстоўвала японскую тэхніку абпалу. Яна робіцца на адкрытай прасторы, у печцы на газе на тэмпературы 1000 градусаў (прыкладна на 250 градусаў менш, чым у студыйнай печы). Абпал адбываецца не 20 гадзін, а ўсяго гадзіну. А пасля ты закідваеш гарачы чарапок у апілкі і на 15 хвілін пакідаеш у бескіслародным асяроддзі. У выніку ўтвараюцца расколіны — і ты да апошняга моманту не ведаеш, як усё будзе выглядаць. Гэта сапраўды магія.

Скрыншот сайта керамікі Яўгеніі Чарняўскай

Другая любімая серыя — «Барбуціна» (паходзіць ад італьянскага слова, якое абазначае вадкую гліну).

— Адкрыццё анлайн-крамы, гэта вельмі хвалюючая падзея — ты спрабуеш данесці каштоўнасць сваёй творчасці да людзей, якія цябе не ведаюць. Быць уладальніцай невялікага бізнэсу — гэта выпрабаванне. Таму што адначасова трэба і вырабляць прадметы, і размаўляць з пакупнікамі, і аказваць годны сэрвіс. А каб адправіць пасылку ў замежжа, трэба яшчэ і паклапаціцца пра бяспечнае пакаванне. Фотасесіі для сайта, маркетынг… І ў мяне заўсёды нейкія перакосы. Пайшла на месяц у маркетынг — ужо рукі без гліны плачуць.

Цяпер галоўная мэта мастачкі — знайсці сваіх пакупнікоў. Калі маці Яўгеніі Юлія Чарняўская зрабіла ў фэйсбуку пост пра анлайн-краму дачкі, ён набраў больш за 1000 лайкаў і шмат пазітыўных каментарыяў, 800 чалавек перайшлі па спасылцы на сайт. Але ніводнага продажу з тых пераходаў не адбылося.

— Верагодна, гэтая аўдыторыя не гатовая набываць мае вырабы за такі кошт. Але я жыву ў Ізраілі, арандую студыю па ізраільскіх цэнах і матэрыялы набываю таксама тут. Я не магу сабе дазволіць прадаваць прадмет за $10-20.

Самая танная рэч каштуе $35, ёсць рэчы і за $200. Я разумею, што ў Беларусі, калі заробак можа быць некалькі соцень даляраў, людзі наўрад ці лёгка купяць няхай і вельмі прыгожую вазу за $200. Але калі ты ў Ізраілі плаціш за гадзіну масажу $100, а твая ваза — гэта шмат гадзін працы, то не разумееш, як можна зрабіць кошт таннейшым.

Але Яўгенія не губляе аптымізму. Кажа, што пошук сваёй аўдыторыі — гэта цікавы працэс. І яна не сумняваецца, што ў выніку знойдзе тых, якія ацэняць яе мастацтва.

— Кераміка — гэта вельмі цікавая з'ява. З аднаго боку, прадмет можна разбіць за секунду. З іншага — у музеях захоўваюцца вырабы, якія былі створаны тысячы гадоў таму. І працаваў над імі нехта, як я цяпер працую. Бо тэхналогіі за гэты час асабліва не змяніліся: усё гэтак жа выкарыстоўваюць гліну, ваду, агонь.

Каментары13

  • Вогнішча
    03.07.2024
    Поспехаў! Добра, што чалавек знайшоў новы шлях
  • Палаццо Питти
    03.07.2024
    Мдя, Флорентийская школа это в любом случае здорово, но надо и кому-то горшки обжигать.
  • .
    03.07.2024
    Хороший, но очень рискованный путь: человек может делать все очень качественно и вложив в работы всего себя, но переоценивать художественную ценность работ для других - по крайней мере на текущий момент. Я ничего не понимаю в керамике, но, например, керамика из японских мастерских, или те же тарелки Пикассо, которые он делал сотнями (раньше были в минском художественном музее, сейчас не знаю) цепляют, а это, честно говоря, не слишком. Но, может, просто нужно время на оттачивание стиля... или это у меня нет вкуса :) Автору - успеха в начинании.

«Сказалі маці, што застрэліўся». У беларускім войску ў Дзень незалежнасці загінуў малады салдат

«Сказалі маці, што застрэліўся». У беларускім войску ў Дзень незалежнасці загінуў малады салдат

Усе навіны →
Усе навіны

Маласольныя агуркі: у чым іх карысць і навошта дадаваць у слоік лісце дуба і парэчак14

Журналістка БТ абурылася навіной пра сябе: Гэта была мая першая самастойная паездка ў Еўропу18

Камароўка, Заходні рынак, гандаль каля метро: дзе цяпер таннейшыя ягады і грыбы?

Ці можна сарваць яблыкі з суседскага дрэва, калі галіна звісае над вашым участкам? Адказ вас здзівіць5

«Белсат» перастане быць самастойнай адзінкай у структуры TVP13

Латвія фіксуе больш спробаў прарыву сваёй мяжы з Беларуссю мігрантамі1

Еўрасаюз разглядае магчымасць працягнуць кантракт з «Газпрамам» пасля 2024 года3

Лукашэнка сустрэўся ў Астане з Сі Цзіньпінам5

На беларуса ў Смаленску завялі шэсць крымінальных спраў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Сказалі маці, што застрэліўся». У беларускім войску ў Дзень незалежнасці загінуў малады салдат

«Сказалі маці, што застрэліўся». У беларускім войску ў Дзень незалежнасці загінуў малады салдат

Галоўнае
Усе навіны →