Грамадства

У Мінску прадаюць будынкі былога хаба «Ок16» на Кастрычніцкай

На аўкцыённай пляцоўцы «ІПМ-Таргі» з'явіўся лот: у Мінску па адрасе Кастрычніцкая, 16 прадаюць старадаўнія завадскія карпусы. Гэты акурат тыя памяшканні, у якіх у 2017-2021 гадах размяшчаўся знакаміты хаб «Ок16».

У склад лота ўваходзяць тры будынкі агульнай плошчай 6 158 квадратных метраў на тэрыторыі ў 1,75 гектара:

  • вытворчы корпус Г плошчай 4 157 квадратных метраў;
  • вытворчы корпус Д плошчай 1 115 квадратных метраў;
  • вытворчы корпус Ж плошчай 886 квадратных метраў.

Гэтыя памяшканні былі пабудаваныя ў 1907 годзе як завод «Энергія» (з 1930 — Мінскі машынабудаўнічы завод імя Варашылава, з 1961 — Мінскі станкабудаўнічы завод імя Кастрычніцкай рэвалюцыі).

Але найбольшую грамадскую вядомасць яны набылі некалькі гадоў таму, калі будынкі ў сакавіку 2017 года купіў Белгазпрамбанк, які цяпер пазначаны ў лоце як прадавец.

Набываліся будынкі не для вытворчых, а для культурных мэтаў. Ужо тады Белгазпрамбанк на чале з Віктарам Бабарыкам быў вядомы карпаратыўнай калекцыяй з Шагалам і Суціным, падтрымкай міжнароднага тэатральнага фестывалю «Тэарт» і «Восеньскім салонам» з адсылкай да парыжскіх «Веснавых салонаў».

Высокія столі і адсутнасць калон дазволілі ператварыць прастору ў тэатральную залу і зрабіць яе прыдатнай для пастановак эксперыментальнага тэатра. За час існавання «Ок16» сегмент альтэрнатыўнага беларускага тэатра ўмацаваўся. Тут былі пастаўлены спектаклі, якія сталі аднымі з найлепшых за апошнія гады, — «Вартавыя Тадж-Махала», «Крыжовы паход дзяцей» ці «З вучылішча».

У той жа час хаб меў шэраг памяшканняў, дзе адбываліся як тэатральныя фестывалі, так і канцэрты акадэмічнай музыкі, маштабныя выставы, адукацыйныя мерапрыемствы, IT-канферэнцыі ды іншае.

Паводле задумы прастора мусіла стаць культурным інкубатарам і культурным акселератарам. «У інкубатары маладым камандам даецца шанец з нуля на льготных умовах стварыць, напрыклад, свой бізнэс. Акселератар — месца, куды прыходзіць ужо жывы праект, каб вырасці ў якасці, памерах і эфектыўнасці. Мы хочам стаць своеасаблівай пясочніцай, куды можна прыйсці і з нуля нешта стварыць, але асноўная наша мэта — дапамагчы вырасці праектам, якія ўжо існуюць», — тлумачыў у 2018 годзе кіраўнік праекта Георгій Заборскі.

За кароткі час «Ок16» стаў самай прэстыжнай альтэрнатыўнай культурнай пляцоўкай горада. Летам 2019 года яе арт-дырэктаркай стала Марыя Калеснікава, яна ж заспела крызіс праз пандэмію — тады каманда прасторы перайшла на 90-працэнтную дыстанцыйную працу і шчыльна занялася сваёй прысутнасцю ў віртуальнай прасторы. Як аказалася, вярнуцца да паўнавартаснай працы ёй не давялося. Пасля таго, як Віктар Бабарыка вырашыў у 2020 годзе балатавацца ў прэзідэнты, а Калеснікава стала адной з яго найбліжэйшых паплечніц, хаб разам з імі трапіў пад рэпрэсіі і мусіў спачатку фактычна, а пасля і фармальна спыніць сваю дзейнасць.

Пасля з'яўляліся чуткі, што ў памяшканнях былога хаба хочуць размясціць гандлёвыя аб'екты, але, як выглядае, гэтым намерам здзейсніцца не ўдалося. І цяпер будынкі прадаюцца з малатка.

Стартавая цана лота — 10 мільёнаў рублёў. Крок аўкцыёну складае 5% ад бягучай цэны. Акрамя таго, пераможца таргоў аплачвае ўзнагароджанне арганізатару таргоў (2% ад цаны продажу лота) і 500 рублёў выдаткаў. Гэта значыць, што пакупнік павінен будзе выкласці за будынак 10 710 500 рублёў, або прыкладна 3,34 мільёна даляраў па актуальным курсе.

Таргі пачнуцца 6 жніўня ў 11:00.

Каментары

Цяпер чытаюць

27‑гадовая беларуска без дзяцей ідзе на стэрылізацыю — і вось чаму ёй можна11

27‑гадовая беларуска без дзяцей ідзе на стэрылізацыю — і вось чаму ёй можна

Усе навіны →
Усе навіны

Як замяніць старыя сапсаваныя аўтамабільныя нумары на новыя2

Шакіра — першая спявачка, якая выступіла на чатырох чэмпіянатах свету1

Таленавітага беларускага харэографа злавілі ў Пецярбургу з наркотыкамі10

У Расіі прыпынілі продаж самага папулярнага красовера «Белджы»2

Сям'я схадзіла ў мінскі аквапарк, а цяпер хоча вярнуць грошы2

Школы і гімназіі сёння пачынаюць прыём дзяцей у першыя класы

Ад Baldur’s Gate 3 да Minecraft: з'явіўся сайт-каталог, дзе сабраны 180 відэагульняў па-беларуску5

На вайне ва Украіне загінуў першы расійскі баец 2008 года нараджэння13

Дзень Расіі: гараць НПЗ у Ніжнякамску, завод каўчуку ў Тальяці і аб'ект у Сімферопалі8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

27‑гадовая беларуска без дзяцей ідзе на стэрылізацыю — і вось чаму ёй можна11

27‑гадовая беларуска без дзяцей ідзе на стэрылізацыю — і вось чаму ёй можна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць