Грамадства11

«Супрацоўнік бясконца ставіў усім адмовы». Беларуска расказала, як з сям'ёй атрымлівала турыстычныя візы ў ЗША

Зусім нядаўна беларуска Алёна разам з сям'ёй пераехала ў Лос-Анджэлес. У сваім блогу «Прывітанне з Каліфорніі» на YouTube дзяўчына расказвае пра досвед атрымання турыстычнай візы ў Амерыку. Самае цікавае сабраў CityDog.io.

Па словах Алёны, першым у Амерыцы пабываў яе муж Аляксандр — яшчэ ў 2016 годзе. Праз паўгода жыцця там мужчына вярнуўся ў Беларусь, падаў дакументы на працягванне візы — і атрымаў адмову.

Каб пасля такога выніку атрымаць запаветны штамп, трэба нешта змяніць у сваім жыцці, кажа дзяўчына: напрыклад, ажаніцца, завесці дзіця, купіць нерухомасць, адкрыць бізнэс. Жыццё ішло, Алёна і Аляксандр пажаніліся, у іх з'явіліся дзеці.

І вось год таму сям'я звярнулася ў турагенцтва, каб паспрабаваць адкрыць турыстычную візу. Там пару папярэдзілі, што адразу на ўсю сям'ю наўрад ці яе дадуць, таму лепш падаваць дакументы спачатку толькі на аднаго. Вырашылі, што гэта будзе муж Алёны.

«У 2023 годзе проста запісацца на візу каштавала 400 руб. на чалавека», — адзначае жанчына і дадае, што ў гэтую суму не ўваходзіць консульскі ўзнос.

Крыху пазней было вырашана падаць дакументы ўсё ж такі і на Алёну, і на яе мужа. Заключылі дамову — і сям'я паехала ў падарожжа па Еўропе.

Як праходзіла сумоўе

У пасольстве ў анкеце, якую падавалі героі артыкула, трэба было паказаць, куды яны збіраюцца ехаць, на колькі і калі. Кансультантка, якая дапамагала з дакументамі, запэўніла, што падчас інтэрв'ю ніякіх дадатковых пытанняў задаваць не будуць — толькі тыя, што ў анкеце. А Аляксандр расказваў жонцы, што ёсць усяго 10 стандартных пытанняў, якія прынята задаваць падчас гутаркі.

«У самім пасольстве трэба паводзіць сябе нязмушана: смяяцца, усміхацца, рабіць выгляд, як быццам табе ўсё адно — зайшоў проста каву ўзяць, уласна кажучы. Пажадана апрануцца ў светлую вопратку, не надзяваць нейкіх кідкіх дарагіх упрыгожванняў: усё супермінімалістычна, проста, прыгожа. І ніякага суперяркага макіяжу», — расказвае Алёна.

Таксама дзяўчына кажа, што, калі ідзяце ў амбасаду, рэчы трэба пакінуць дома: нават тэлефон у вас забяруць — патрэбныя толькі дакументы. Дзяцей пара таксама з сабой на інтэрв'ю не брала.

Ужо ў самім пасольстве сужонцаў запыталі, на якой мове яны хочуць весці гутарку — на рускай ці англійскай. Спыніліся на другім варыянце: «І добра, што так вырашылі, таму што супрацоўнік, які гаварыў на рускай мове, бясконца ставіў усім адмовы».

Перш за ўсё Алёну і Аляксандра спыталі, ці жанатыя яны, на што пара адказала: «Так, і ў нас ёсць дзеці, мы з імі ўжо шмат падарожнічалі, хочам без іх паляцець». Далей пацікавіліся, колькі яны зарабляюць (пацвярджэння не прасілі), ці ёсць у іх жыллё ў Беларусі і якое («у нас ёсць кватэра, але плануем купляць дом»), кім яны працуюць. І плюс у Аляксандра яшчэ ўдакладнілі пра папярэднюю паездку ў ЗША.

«Мы размаўлялі хвілін з пяць — і наша віза была ўхваленая», — кажа беларуска.

Як атрымалі візы на дзяцей і які далейшы план

Праз некаторы час Алёна і Аляксандр атрымалі свае візы, было вырашана запісаць на сумоўе і дзяцей. Але, па словах дзяўчыны, іх браць з сабой у амбасаду было не абавязкова — дастаткова толькі бацькоў.

Падача на візу выпала на 24 лютага, а перад гэтым — 19 студзеня — Алёна з мужам паляцелі ў Амерыку. Ужо ў пасольстве падчас гутаркі яны расказалі, што пасля паездкі яны захацелі адправіцца ў падарожжа і з дзецьмі: падзяліліся планам паездкі, назвалі месцы, праз якія хочуць праехаць. З дакументаў папрасілі даць толькі пашпарты ўсіх членаў сям'і. У выніку візы дзецям таксама ўхвалілі.

Цяпер уся сям'я знаходзіцца ў Амерыцы па турыстычнай візе (легальна яны могуць знаходзіцца там да лістапада) і паралельна рыхтуе дакументы на візу талентаў.

«Але падавацца адразу на яе нельга: трэба вычакаць нейкі час, у нашым выпадку гэта тры месяцы», — адзначае Алёна.

Каментары1

  • Vik
    06.07.2024
    Нелегалы и ашуканцы.

Цяпер чытаюць

Вінакурню Любанскага ў Мінску закрыў сакрэтны гмах, дзе запраектаваныя кабінеты для допытаў і памяшканне для спальвання дакументаў9

Вінакурню Любанскага ў Мінску закрыў сакрэтны гмах, дзе запраектаваныя кабінеты для допытаў і памяшканне для спальвання дакументаў

Усе навіны →
Усе навіны

Вокны павыбівала, кватэры заліло. Хто і як будзе кампенсаваць шкоду ад «фантана» на Жукоўскага ў Мінску1

Тэйлар Свіфт атрымала ўзнагароду MTV за відэа года6

Не дачакаў заканчэння кантролю на мяжы і паехаў. 22‑гадовага кіроўцу з пагоняй затрымалі ў Беластоку2

58‑гадовую мінчанку асудзілі за пратэсты і «абразу Лукашэнкі»6

Статкевіч апублікаваў фоты іх новага з Марынай Адамовіч дома14

Гамельчука затрымалі на трасе на Чарнігаў і асудзілі нібыта за спробу далучыцца да Палка Каліноўскага. Ён расказаў, што было1

Саладуха распавёў, як Лукашэнка спяваў разам з ім «Чужую мілую»25

Што не так з ідэяй, быццам нацыі ўзніклі толькі ў ХІХ стагоддзі?48

Трамп заявіў, што папрасіў Зяленскага зменшыць атакі на НПЗ у Расіі10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вінакурню Любанскага ў Мінску закрыў сакрэтны гмах, дзе запраектаваныя кабінеты для допытаў і памяшканне для спальвання дакументаў9

Вінакурню Любанскага ў Мінску закрыў сакрэтны гмах, дзе запраектаваныя кабінеты для допытаў і памяшканне для спальвання дакументаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць