Грамадства1313

Калінінградскі шлях у ЕС стаў для беларусаў небяспечным — расійскія сілавікі апантана дапытваюць беларусаў

Памежны пераход паміж Польшчай і Расіяй у Калінінградскай вобласці карыстаецца папулярнасцю ў беларусаў, якія едуць на радзіму. Па-першае, праз невялікія ў параўнанні з беларуска-польскай мяжой чэргі, па-другое — такі маршрут дазваляе пазбегнуць сустрэчы з памежнікамі Беларусі. У апошнія два тыдні сітуацыя на расійскай мяжы змянілася, піша «Вот Так».

Фота: Paulius Peleckis / Getty Images

 Калінінградскі транзіт

Калінінград — зручны транспартны хаб для тых, хто хоча трапіць з ЕС у Беларусь. Падарожнікі аддаюць перавагу гэтаму маршруту, таму што мяжу тут можна прайсці ў некалькі разоў хутчэй, чым у Тарэспалі (гэта апошні дзейны пагранпераход на польска-беларускай мяжы). З Калінінграда ў Мінск дагэтуль лётаюць рэгулярныя авіярэйсы, прычым у сталіцы Беларусі, дзякуючы пагадненням паміж РФ і РБ, пасажырам ужо не трэба праходзіць пашпартны кантроль і размаўляць з беларускімі памежнікамі. 

Аднак з нядаўніх часоў у прымежных чатах, дзе абмяркоўваюць нюансы перасячэння расійскай мяжы, сталі зʼяўляцца паведамленні пра больш пільны кантроль. З ім сутыкаюцца тыя, хто мае нават мінімальныя адносіны да Украіны. Расійскія памежнікі зважаюць на адзнакі пра наведванне гэтай краіны, месца нараджэння і іншыя дэталі, якія дазваляюць звязаць падарожнікаў з Украінай. Для некаторых з іх руцінная паездка па звыклым маршруце перарываецца шматгадзінным допытам супрацоўнікамі расійскіх спецслужбаў. 

«Вот Так» паразмаўляў з некалькімі беларусамі, якія за апошні час сутыкаліся з праблемамі пры спробе перасячы мяжу РФ. Прычым гэта адбывалася як пры ўездзе, так і пры выездзе з тэрыторыі Расіі. 

Допыт з перадузятасцю

«Для мяне Калінінград — найбліжэйшы і зручны транзітны пункт па шляху ў Беларусь. Па справах езджу гэтым маршрутам практычна кожны месяц. З маім беларускім пашпартам праблем ніколі не ўзнікала. Маршрут просты — аўтобусам [з Польшчы] праз расійскую мяжу, затым самалёт, і выходжу ўжо практычна дома. Праблем з памежнікамі з-за сваіх дакументаў не меў ніколі», — расказвае «Вот Так» Ігар (імя зменена). 

Да поўнамаштабнага расійскага ўварвання ён неаднаразова бываў ва Украіне, апошні раз — у 2021 годзе. Пра гэтыя паездкі нагадваюць штампы, якія ставілі ў пашпарт украінскія памежнікі. Раней пільнай цікавасці з боку расійскіх сілавікоў яны не выклікалі. 

«Гартаючы пашпарт, яны заўсёды задавалі мне некалькі пытанняў: з якой мэтай ездзілі, ці ёсць ва Украіне сваякі? Казаў, што ездзіў на мора, сваякоў няма, на гэтым увесь допыт і заканчваўся. Складалася ўражанне, што ім проста трэба было выканаць некаторыя фармальнасці. Аднак гэтым разам усё пайшло па нязвыклым і нядобрым для мяне сцэнары», — успамінае мужчына нядаўняе перасячэнне расійскай мяжы ў напрамку Польшчы. 

Праглядаючы пашпарт Ігара, супрацоўнік расійскай пагранслужбы адклаў дакумент убок. Прапусціўшы ўсіх пасажыраў аўтобуса, ён запрасіў мужчыну на дадатковую праверку ў асобны кабінет. Задаўшы яму некалькі пытанняў, памежнік паклікаў калегу ў цывільным — па вонкавым выглядзе і манеры паводзін супрацоўніка спецслужбаў. Далейшы допыт, які доўжыўся некалькі гадзін, праводзіў ужо ён. 

«ФСБ-шнік з ходу перайшоў да пагроз. Гэта быў рэзкі кантраст з крыху флегматычнай і расслабленай манерай зносін з боку памежніка. Думаю, ён хацеў узяць мяне на спалох. Праглядзеўшы пазнакі, якія рабіў, гартаючы мой пашпарт, іншы супрацоўнік, ён пачаў казаць, што я папаўся, у іх ёсць на мяне нейкая інфармацыя датычна маіх паездак ва Украіну і ўдзелу ў беларускіх пратэстах. Карацей, фул-хаўс. А напрыканцы ўсяго ён паабяцаў перадаць мяне беларускаму КДБ», — дзеліцца Ігар. 

Паводле яго слоў, у беларускіх пратэстах 2020 года ён удзелу не браў, у інтэрнэце наконт палітыкі ніяк не выказваўся, аднак агрэсіўная манера паводзін супрацоўніка ФСБ і пагрозы перадаць яго беларускім сілавікам зрабілі сваю справу. Калі паступіла патрабаванне разблакаваць тэлефон, ён хутка пагадзіўся. Цяпер Ігар пра гэта шкадуе. 

Наступныя паўгадзіны памежнік і, верагодна, супрацоўнік ФСБ праглядалі змесціва ў ягоным тэлефоне, час ад часу змяняючыся ў твары, робячы выгляд, што знайшлі нешта сурʼёзнае, фатаграфавалі экран. Таксама яны пыталі Ігара пра стаўленне да Пуціна, Зяленскага і да расійска-ўкраінскай вайны, узгадвае суразмоўца: 

«Потым у нейкі момант ФСБ-шнік мне кажа: усё, уліп ты па самыя вушы, капец табе, рыхтуйся да падвалаў [беларускага] КДБ. Зрабіў паўзу, паглядзеў на мяне і сказаў, што ёсць адзін шанец усё выправіць: расказаць усё, што мне вядома пра маіх знаёмых — беларусаў і расіян — якія альбо збіраюцца ў добраахвотнікі, альбо данацяць на УСУ, альбо збіраюць грошы на дроны і іншую амуніцыю». 

Паралельна з гэтымі пытаннямі сілавік паказваў асобных людзей са спісу кантактаў на тэлефоне Ігара і патрабаваў расказаць пра іх. 

Падчас шматгадзіннага допыту меркаваны супрацоўнік ФСБ перыядычна паўтараў прапагандысцкія штампы пра ворагаў Расіі. Урэшце, не знайшоўшы нічога сурʼёзнага і не здолеўшы схіліць суразмоўцу да супрацоўніцтва, ён сказаў Ігару збіраць рэчы і садзіцца на найбліжэйшы аўтобус. 

Адразу пасля гэтага Ігар адправіўся ў Польшчу: ён упэўнены, што ад сапраўды вялікіх праблем яго выратавала толькі тое, што ў яго тэлефоне не было ніякай кампраметуючай інфармацыі. 

Паляванне на добраахвотнікаў

Прыкладна ў гэты ж час расійскую мяжу ў Калінінградскай вобласці перасякаў Зміцер (імя героя таксама зменена) — іншы грамадзянін Беларусі, з якім удалося звязацца «Вот Так». 

Мужчыну, які ехаў у Калінінград, таксама павялі на размову з супрацоўнікамі ФСБ.

Як і ў многіх беларусаў, у ягоным пашпарце былі адзнакі аб наведванні Украіны — да поўнамаштабнага расійскага ўварвання Украіна была галоўным турыстычным напрамкам для грамадзян нашай краіны. Многія з іх ездзілі адпачываць на мора, а жыхары прыгранічных населеных пунктаў адпраўляліся ва Украіну па пакупкі. 

Падчас допыту Змітру паказвалі фатаграфіі двух хлопцаў — нібыта беларусаў. Па словах расійскіх сілавікоў, яны мелі намер уступіць у шэрагі УСУ і нядаўна іх затрымалі пры спробе выехаць у Польшчу праз Калінінград. 

«Мне непасрэдна паказвалі сканы іх беларускіх пашпартоў. Пыталіся, ці не знаёмы я з імі. Патрабавалі ў мяне разблакаваць тэлефон. Наколькі я зразумеў, у гэтых хлопцаў падчас такой вось праверкі знайшлі доказы таго, што яны едуць ва Украіну — кантакты, перапіску. Мяркуючы па тым, што я пачуў, гэта былі не адзіныя выпадкі за апошні час. Не ведаю, наколькі я маю рацыю, але ў мяне склалася ўражанне, што расійскія сілавікі пачынаюць моцна трэсці беларусаў якраз пасля такіх затрыманняў», — расказаў пра свой досвед праходжання мяжы Зміцер. 

Адміністратар аднаго з памежных тэлеграм-чатаў, з якім пагаварыў «Вот Так», расказаў, што цяпер «супрацоўнікі бяспекі» абавязкова гутараць з кожным чалавекам, які мае ўкраінскае грамадзянства, адзнакі ў пашпарце аб наведванні Украіны (незалежна ад тэрміну даўнасці) або якія нарадзіліся ва Украіне (або нават ва Украінскай ССР). Прычым гэта адносіцца як да тых, хто заязджае, так і да тых, хто выязджае з Расіі.

Такая практыка, па словах адміністратара, зʼявілася пасля тэракту ў «Крокус Сіці Холе». У такіх людзей надгляд асабістых рэчаў часта праводзіцца з перадузятасцю, сцвярджае адміністратар чата. 

Удзельнікі чатаў пішуць, што «гутаркі» лёгка ператвараюцца ў допыты, якія суправаджаюцца вывучэннем змесціва мабільных тэлефонаў і ноўтбукаў. Супрацоўнікаў ФСБ цікавяць сваякі, якія жывуць на тэрыторыі Украіны, частата зносін з імі, родная мова, стаўленне да вайны і расійскай улады. У некаторых выпадках — але далёка не заўсёды, — сілавікі могуць пагражаць або аказваць ціск на падарожнікаў.

Каментары13

  • Кёнігсберг
    11.07.2024
    Часова акупаваная Усходняя Прусія...
  • Деньги полякам не пахнут
    11.07.2024
    Поляки как были 30 лет назад, готовыми за деньги продать все что угодно, торгуя с кремлем, так такими и остались. Границу с Россией не закрыли не смотря на войну, потому что в РФ они массово гонят свою продукцию, причем даже подсанкционную, причем даже ту, которая попала под санкции еще в 2014 году. Польский товарооборот с кремлем растет.Границу никто не закрывает, фермеры не перекрывают, ибо через границу идут «польские яблочки» и не только. Бабло плывет, а все остальное для них второстепенно. Короче деньги полякам точно не пахнут.
  • Нервовы руzzki
    11.07.2024
    Деньги полякам не пахнут, а дзе, маскалік, у Беларусі можна польскія яблычкі купіць?

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»1

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп: У ЗША будзе толькі два полы — мужчынскі і жаночы13

Ад зачыненага Чырвонага касцёла патрабуюць амаль 150 тысяч рублёў6

Злачынныя групоўкі прыдумалі новы і досыць крэатыўны спосаб незаўважна перамяшчаць грошы1

«Чарнецкі думае, што слуцкі пояс — папруга, якой яго баця лупцаваў у дзяцінстве» — Халезін пра новага міністра культуры3

У Расонскім раёне лось стаў прычынай жорсткага ДТЗ — у аўтамабілі знаходзіліся дзеці 7 месяцаў і 3 гадоў

Дубль Аляксея Протаса забяспечыў «Вашынгтону» перамогу над «Лос-Анджэлесам»

СМІ расказалі пра даўгі беларускага блогера Улада Бумагі па расійскіх падатках2

Трамп пагражае вярнуць Панамскі канал пад кантроль ЗША. Панама выключае такую магчымасць7

Аргенцінскі падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»1

Украінскія эксперты разабраліся, з чаго зрабілі расійскі «Арэшнік»

Галоўнае
Усе навіны →