Кіно1212

«Дэдпул і Расамаха». Абсалютна адбіты фільм, які ўсім спадабаецца

Стары Логан паўстае з магілы, каб разам з адмарозкам у чырвоным касцюме разваліць кінасусвет супергерояў і выратаваць наша лета. 

Хто можа выстаяць супраць пары бессмяротных суперлюдзей, адзін з якіх Х'ю Джэкман? Кадр з фільма

26 ліпеня адбылася сусветная прэм'ера фільма «Дэдпул і Расамаха» (Deadpool & Wolverine), які зняў Шон Леві. У кінатэатрах Беларусі пракат фільма пачнецца з 3 жніўня.

Гэта ўжо трэці запар фільм Леві, дзе ў галоўнай ролі выступае ягоны зямляк Раян Рэйнальдс пасля «Галоўнага героя» (2021) і «Праекта «Адам» (2022). 

Грымучая сумесь самага адмарожанага антыгероя і ўлюбёнца ўсіх часоў у сусвеце Marvel не магла не выбухнуць — і яна выбухнула. Фільм за дэбютны ўікэнд сабраў рэкордную касу, цалкам акупіўшыся літаральна за пару дзён. Гэта найлепшы вынік у гісторыі для фільмаў з рэйтынгам R і найлепшы сярод фільмаў пра Людзей Ікс. І гэта толькі пачатак.

Фільм пачынаецца сцэнай, як Дэдпул (Раян Рэйнальдс) раскопвае магілу Расамахі (Х’ю Джэкман), які загінуў па сюжэце фільма «Логан» 2017 года, калі абараняў дзяўчынку, свайго генетычнага клона. Але ў магіле, нягледзячы на звышнатуральную здольнасць Расамахі да рэгенерацыі, толькі ягоны адамантавы шкілет з рэшткамі згнілай плоці. Касцяком памерлага героя ён вырубае атрад «статыстаў», пасланых па ягоную галаву. У ход ідуць і адамантавыя кіпці, і рэбры, і сцягно, а хрыбетнікам з чэрапам Логана ён, як молатам, раструшчвае мазгі і прамежнасці ўсім навокал.

Танцавальны бой Дэдпула з косткамі Логана пад трэк Bye Bye Bye ужо завірусіўся ў сацсетках. Кадр з фільма

Агіднае апаганьванне магілы з элементамі некрафіліі пад настальгічны трэк Bye Bye Bye гурта NSYNC — літаральна адлюстраванне таго, што зробіць фільм з сусветам Marvel.

Як Дэдпул да такога дакаціўся? Сэксуальна заклапочанаму балбатуну ў чырвоным абцягвальным касцюме пашчасціла толькі з неверагоднай жывучасцю, якая дае яму амаль поўную бессмяротнасць, ва ўсім іншым ён няўдачнік: у шнарах, з відавочнымі псіхічнымі разладамі, ён не можа знайсці сабе месца сярод звычайных супергерояў, і нават дзяўчына Ванэса (Марэна Бакарын), для выратавання якой ён скарыстаўся перамяшчэннем у часе, яго кідае. 

Уэйд Уілсан у кампаніі сяброў-дзівакоў. Кадр з фільма

«Я малюся кожны сраны дзень, каб Д'ябал цябе забраў і скончыў тое, на што Богу яйцаў не хапіла», — кажа ягоная любімая сляпая суседка Эл (Лэслі Агамс). 

Уэйд Уілсан, які хаваецца пад маскай Дэдпула, перажывае крызіс сярэдняга ўзросту. Прыбіўшы стэплерам парык да сваёй лысай галавы, падобнай, як усе кажуць, да машонкі, ён ідзе працаваць звычайным прадаўцом тачак. Пакуль аднойчы, святкуючы дзень народзінаў у цесным коле такіх жа сяброў-дзівакоў, яго не выкрадаюць байцы ў форме, якіх ён прыняў за стрыптызёраў. 

Нават Ванэса кінула непуцёвага Уэйда. Кадр з фільма

Дэдпул прачынаецца ва Управе часавых зменаў, вакол якой раней развіваліся падзеі ў серыяле «Локі». Мясцовы начальнічак Парадокс (Мэцью Мак-Фэд'ен, які вядомы па ролі ў серыяле «Спадчыннікі») тлумачыць яму, што ён асаблівы і можа зберагчы Свяшчэнную лінію часу ад катастрофы. 

«Я — марвэлаўскі Ісус!» — думае Дэдпул, але ўсё больш празаічна. Сусвет Дэдпула загінаецца, бо загінуў ягоны ключавы суб’ект Расамаха, а Парадокс хоча паскорыць працэс, каб не корпацца яшчэ тысячу гадоў з гэтай праблемай. Дэдпулу прапануюць перайсці ў свет, дзе няма Ікс-менаў, а ёсць Мсціўцы, і нарэшце стаць хоць кімсьці. 

Здаецца, гэты Логан — тое, што трэба. Ці не? Кадр з фільма

Ён адмаўляецца кінуць свой сусвет, дзе засталіся каханая дзяўчына і сябры, і збягае з прыладай перамяшчэння паміж сусветамі, каб адшукаць новага Расамаху для яго. 

Спачатку ён спрабуе адкапаць памерлага Логана ў сваім свеце, але калі разумее, што касцяк не ажыве, скача са свету ў свет, шукаючы кагосьці падобнага. Трапляецца ўсё не тое: то маленькі, то аднавокі, то Генры Кэвіл з бакенбардамі і цыгарай замест Х’ю Джэкмана. І ўсе варыянты Расамахі выносяць надакучліваму Дэдпулу мазгі (літаральна) пры сустрэчы. 

Падмяніць Логана версіяй з іншага сусвету не такая благая ідэя, калі падумаць. Кадр з фільма

Нарэшце яму трапляецца ў бары менш агрэсіўны маральна зламаны п’яніца, вельмі падобны да старога Логана, якога Дэдпул забірае з сабой ва Управу. Праўда, гэты Расамаха аказваецца расчараваннем свайго свету і Парадокс адпраўляе абодвух няўдачнікаў у Пустэчу, штосьці накшталт вялікай сметніцы Мультысусвету, куды трапляе ўсё непатрэбнае з супергеройскіх фільмаў.

Дэдпулу неабходна вырвацца адсюль, пакуль прылада Парадокса з мілай назвай «Патрашыцель Часу» не разбурыла ягоны свет. Разам з Расамахам, якога Дэдпул неверагодна злуе, ён шукае новых саюзнікаў на гэтым супергеройскім сметніку, каб максімальна крывава замачыць усіх ворагаў і выратаваць сваіх блізкіх.

Пустэча, у якую спісваюць непатрэбны друз з мультысусвету Marvel. Кадр з фільма

Паколькі Дэдпул не можа заткнуцца, дзве гадзіны гледачы патанаюць у адборных мацюках, мярзотных непрыстойнасцях, каламбурах і гумары, ад якога чарнее ў вачах — і гэта менавіта тое, чаго мы так даўно ўсе чакалі, каб нарэшце расслабіцца і адпачыць галавой.

Ва ўсіх фільмах з серыі пра Дэдпула знесена да д'ябла «чацвёртая сцяна», якая аддзяляе кінагерояў і гледача, а біяграфіі рэальных акцёраў блытаюцца з іхнімі выдуманымі персанажамі. Гэта робіць камічны эфект яшчэ больш моцным. 

Тут у максімальна здзеклівай форме высмейваецца абсалютна ўсё. Падколваюць як герояў, так і акцёраў, у тым ліку жартамі пра Канаду, адкуль паходзіць «адзіны нармальны канадзец» Логан, і Аўстралію, з якой паходзіць сам Джэкман. Праўда, за жарты пра Канаду можна адхапіць ад Дэдпула, бо Рэйнальдс канадзец. Заблыталіся? А няважна, тут няма ніякіх межаў паміж выдумкай і рэальнасцю. 

Дэдпул і яго сабачка. Кадр з фільма

Відаць, яшчэ адным жартам над радзімай Джэкмана мусіла стаць сцэна, якая пераймае постапакаліптычныя фільмы пра Шалёнага Макса, дзеянне якіх адбываецца ў Аўстраліі. Але атрымаўся здзек з фільма «Фурыёса» — фантастычнага правалу гэтага года. Звычайна ляжачых не б’юць, але толькі не ў «Дэдпуле».

Асобны ўзровень гумару і здзекаў тычыцца кінакарпарацый, якія стаяць за кінаадаптацыяй сусвету Marvel. Раней фільмы пра Дэдпула і людзей Ікс здымаліся кінастудыяй 21st Century Fox, якую ненажэрны Disney купіў разам з правамі на гэтыя франшызы ў 2019 годзе. Знакамітая застаўка 20th Century Fox, якая калісьці ззяла золатам пад пражэктарамі, цяпер валяецца напалову занесеная пяском у Пустэчы, куды скідаюць усё непатрэбнае. 

Дэдпул перыядычна, калі хоча выдаць нешта зусім чорнае, аджартоўваецца, што мы ж цяпер Disney, намякаючы на практыку кампаніі заніжаць узроставы цэнз на шкоду фільмам, абы ў кінатэатры прыйшло як мага больш гледачоў. Нармалізаваць хацелі і Дэдпула, але гэта была невыканальная місія, і фільм, на шчасце, выйшаў з рэйтынгам 17+. 

Галоўныя героі на фоне занесенай пяском застаўкі кампаніі 20th Century Fox, якую разам з Дэдпулам і Расамахай выкупіў Disney. Кадр з фільма

Натуральна, тое, што Fox «пахаваў» незадоўга да пакупкі галоўнага ўлюбёнца ўсіх часоў — Расамаху / Х’ю Джэкмана (цяжка зразумець, каго з іх любяць больш), было не ў інтарэсах Disney, якія б хацелі максімальна зарабіць на такім каштоўным экзэмпляры. Літаральна як Дэдпул у пачатку фільма, Disney раскапала магілу, каб дастаць з яе на свет божы Расамаху.

«Fox цябе пахавалі, а Disney уваскрэсіў. Цяпер будуць эксплуатаваць да 90 гадоў», — намякае Дэдпул у размове з Расамахам на сённяшнюю практыку бясконцых сіквелаў, прыквелаў і спін-офаў у кінаіндустрыі. 

55-гадовы Х’ю Джэкман, мяркуючы па цудоўнай форме і зайздросным сікс-паку, на пенсію не збіраецца і нават у 90 гадоў дасць жару нам на радасць.

«Зараз будзе порава». Кадр з фільма

Бойкі паміж сітуатыўнымі напарнікамі, Дэдпулам і Расамахам, практычна бессмяротнымі персанажамі — добра пастаўлены бессэнсоўны фарс, у якім кроў ліецца фантанамі чыста па фане, для задавальнення гледачоў. Гэтак жа, як і эпічная бойка з іншымі Дэдпуламі, таксама спісанымі ва ўтыль.

«Рыхтуйце кулачкі, задроты, зараз будзе порава», — папярэджвае Дэдпул гледачоў з экрана. 

Стваральнікі «Дэдпула і Расамахі» выкацілі на супергеройскі сметнік сапраўды адборныя адкіды — герояў (ці іх фрагменты) з фільмаў мінулых дзесяцігоддзяў. Зрабілі гэта не толькі для настальгіі, бо ўжо вядома, што некаторыя з іх вернуцца на экраны ў найбліжэйшы час.

Дэдпул і Расамаха сварацца як старая сямейная пара. Кадр з фільма

Фільм, як пакой падлетка, проста завалены пасхалкамі, адсылкамі і прамой эксплуатацыяй візуальных вобразаў і персанажаў з іншых супергеройскіх фільмаў ды няўдалых лініяй з коміксаў, пра якія хочацца спытаць — каму і навошта гэта прыйшло ў галаву? Стваральнікі вывальваюць цэлы БелАЗ фансёрвісу на блогераў і гікаў, якія ўжо кінуліся разбіраць фільм на кадры. 

Трохі слёз Х'ю Джэкмана па сваім лёсе да смерці гуляць Расамаху. Кадр з фільма 

«Дэдпул», як «Атрад самазабойцаў», «Міратворац» ды «Пацаны» — фільмы і серыялы, якія сёння пераварочваюць з ног на галаву супергеройскае кіно, яны поўныя шчырай сатыры над сучасным грамадствам і кінаіндустрыяй ды беспрасветна чорнага гумару.

Пакуль высокаадукаваная публіка тэатральна закочвае вочы, чуючы злёгку пошлыя намёкі ў любым фільме, бадзёры і трэшовы «Дэдпул і Расамаха» не пакідае ніводнага каменю ад гэтага двудушнага ханжаства. Сэксуальная аб’ектывізацыя і брыдкаслоўе тут сродкі мастацкай выразнасці, і гэта працуе лепш, чым душны пафас іншых фільмаў пра супергерояў. Ну і Расамаха ў выкананні Х’ю Джэкмана. Што вам яшчэ трэба для шчасця? Ідзіце і глядзіце!

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары12

  • Woodoo Cult
    02.08.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Martin Lockheed
    03.08.2024
    "Што вам яшчэ трэба для шчасця?" Ведаеце, сумневы бяруць. 1. Калі не глядзеў папярэднія фільмы, буду не ў тэме. 2. "Адбіты фільм, які ўсім спадабаецца". Мы знаходзімся на мяжы знікнення, а нам прапаноўваюць гэты трэш альбо савецкія патрыятычныя. Трэш у Беларусі адбываецца кожны дзень і без гэтага. Незвычайнасць і шокавы кантэнт не з'яўляюцца пазнакай якасці. Гэтага недастаткова! Брыдкаслоўе, бруд, хайп...Чаму вучыцца? Адбітасці? Як гэты нізавы гумар кладзецца на наш кантэкст?
    3. Часу жыцця, калі вы не крытык, не хапае нават на лепшыя фільмы, музычныя альбомы і тэатральныя пастаноўкі. Лепш паглядзець "Купалу" Янкоўскага, калі яшчэ не глядзелі.
  • Martin Lockheed
    03.08.2024
    Бізнес праекты Раяна Рэйнальдса ў рэальным жыцці –вось што сапраўды цікава і варта вывучыць.

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне10

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне

Усе навіны →
Усе навіны

У 1942 годзе ў Магілёве здарылася буйная тэхнагенная аварыя. Гісторык падрыхтаваў пра яе кнігу1

Дэпіляцыя інтымнай зоны больш не ў модзе, папулярная валасатасць. Гэта прыводзіць да нечаканых наступстваў14

Беларус выдаліў акаўнт у VK, але да яго ўсё адно прыйшлі праз каментары. Як знайшлі?3

Мінскае «Дынама» стала дзевяціразовым чэмпіёнам Беларусі па футболе

Беларусы Гданьска хочуць прыбраць партрэт Пратасевіча з плаката каля Еўрапейскага цэнтра Салідарнасці3

У Беларусі зменшылася колькасць «злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці» — Следчы камітэт3

Лукашэнка прыляцеў у Ісламабад. Горад з усіх бакоў акружаны пратэстоўцамі19

У чатырох дамах Мінска ўвялі каранцін. Што такое?

Генпракуратура абяцае не караць аўтара роліка ў тыктоку, калі «экстрэмісцкі» рэсурс выкарыстае гэта відэа2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне10

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне

Галоўнае
Усе навіны →