Якім атрымаўся новы фільм з адной з самых незвычайных серый пра апакаліпсіс.
Серыя фільмаў, якая распавядае пра выжыванне людзей ва ўмовах уварвання на Зямлю гукаадчувальных пачвар, з’явілася як вынік сямейнага падраду акцёра Джона Красінскі, які выступіў для першага фільма рэжысёрам, сцэнарыстам і выканаўцам адной з галоўных роляў, і Эмілі Блант, якая ў фільме выконвала тую ж ролю, што ў жыцці — ягонай жонкі.
У новым фільме «Ціхае месца: Дзень першы» (A Quiet Place: Day One), які адначасова і прыквел, і спін-оф да асноўнай серыі, Красінскі выступае толькі ў якасці прадзюсара. Роля рэжысёра і сцэнарыста фільма дасталася Майклу Сарноскі, у якога за плячыма да гэтага была ўсяго адна буйная карціна — фільм «Свіння» (Pig) з Нікаласам Кейджам, які выйшаў яшчэ ў 2021 годзе.
Першы фільм «Ціхае месца», які выйшаў у 2018 годзе, быў прыязна сустрэты гледачамі і крытыкамі праз незвычайнасць задумы. Героям даводзіцца выжываць ва ўмовах поўнай цішыні, а кожны гук смяротна небяспечны. Калі ў звычайных фільмах жахаў усё замірае і заціхае перад скрымерам, нечаканым бу-эфектам, то кожны фільм з серыі «Ціхае месца» — гэта суцэльнае прадчуванне небяспекі на працягу паўтары гадзіны.
У новым фільме дзеянне пераносіцца з прастораў некалі ідылічнай амерыканскай правінцыі ў Нью-Ёрк, адзін з самых шумных гарадоў свету.
Маладая дзяўчына Сэм (Лупіта Ніёнга, якая атрымала «Оскар» за фільм «12 гадоў рабства») дажывае свой час у хоспісе на Манхэтэне сярод старых. У яе жыцці ёсць толькі боль, коцік па мянушцы Фрода, з якім яна неразлучная, і няспоўненыя мары.
Супрацоўнік хоспіса Ройбен (Алекс Вулф, які таксама іграў у фільме «Свіння») увесь час спрабуе падтрымаць дзяўчыну, але тая адказвае сарказмам. Нарэшце яму ўдаецца выцягнуць яе разам з іншымі насельнікамі хоспіса ў лялечны тэатр, паабяцаўшы ёй сапраўдную піцу. Пастаноўка метафарычна пераказвае сутнасць жыцця Сэм — вялікія мары, якія лопаюцца, як балонік. У горадзе нешта адбываецца, і ўсіх пацыентаў на аўтобусе спрабуюць вывезці назад.
Але прылёт баліда ў суседні дом пагружае вуліцу ў хаос. У пылу і попеле мільгацяць вялікія фігуры пазаземных монстраў, якія нападаюць на ўсё жывое. Паніка, якая разносіцца па вуліцы, у лічаныя хвіліны сціхае.
Сэм, якая губляе прытомнасць, ачуньвае ў зале тэатра, дзе зачыніліся выжылыя. Сярод іншых тут хаваецца і сям’я Генры (Джымон Хансу), які гатовы пайсці на ўсё, каб абараніць сваіх дзяцей. Гісторыя Генры звязвае прыквел з другой часткай серыі, дзе ён ахвяруе сваім жыццём, каб выратаваць выжылых.
За шумным верталётам, з якога заклікаюць захоўваць цішыню і чакаць паведамлення пра эвакуацыю, па дамах нясуцца дзясяткі монстраў з усёй акругі. Правілы гульні для ўсіх на Манхэтэне становяцца хутка зразумелымі.
Масты, як і ў мностве фільмах-катастастрофах, дзе дзеянне разварочваецца ў Нью-Ёрку, падрываюць, а тунэлі метро затапляюць. Для іншаземных пачвараў вада аказваецца непераадольнай перашкодай.
Раніцай прыходзіць паведамленне, што ўсіх будуць эвакуяваць праз рачны порт недалёка ад разбуранага Бруклінскага моста. Са сваіх схованак выходзяць дзясяткі, сотні, тысячы перапуджаных людзей, якія маўклівым маршам ідуць у бок порта.
Усе акрамя Сэм — яе жыццё ўжо даўно скончана, адзінай прычынай жыць застаецца нявыкананае жаданне здабыць піцу ў час канца свету. Ну і коцік. Як бы бясшумна ні ішлі людзі, але шоргат тысяч ног, скрып інваліднага вазка, ціхі плач і іншыя гукі натоўпу неадкладна прыцягваюць пачвар. Сэм і коцік другі раз перажываюць бойню на вуліцах Манхэтэна.
Фрода збягае, але толькі каб прывесці фрустраванага Эрыка (Джозэф Куін, найбольш вядомы па ролі ў серыяле «Вельмі дзіўныя справы»), студэнта-юрыста з Англіі. Эрык, які не ведае што цяпер рабіць і куды ісці, увязваецца за Сэм, якая, не баючыся смерці, выглядае вельмі ўпэўненай на фоне ўсеагульнай катастрофы.
Навальніца над Манхэтэнам перакрывае ўсе гукі ў горадзе, даючы шанец Эрыку і Сэм пазнаёміцца бліжэй. У Сэм выспявае план, як вызваліцца ад апошняй сваёй абузы, з-за якой яна ўсё яшчэ трымаецца за сваё незайздроснае жыццё.
Пра выжыванне людзей ва ўмовах апакаліпсісу, дзе кожная памылка прыводзіць да трагедыі, ужо знята вельмі і вельмі шмат. Але «Ціхае месца: Дзень першы» дадае ў гэтую карціну незвычайны элемент — коціка. Увесь фільм напружана чакаеш, што пухнаты прыгажун мяўкне ў непатрэбны момант і з усіх канцоў вострава збягуцца іншаземныя пачвары. Але Фрода аказваецца ледзь не анёлам-ахоўнікам для сваёй гаспадыні Сэм і небаракі Эрыка. Яго свавольны характар зводзіць іх разам, яго цікаўнасць прыводзіць Эрыка ў логава пачвараў, дзе нам прыадкрываюць таямніцу, навошта яны палююць на ўсё жывое і што здараецца далей з іхнімі ахвярамі.
Коцік Фрода — тая чырвоная нітка, якой звязанае гэтае апавяданне. Фрода застаецца абыякавым да людскога апакаліпсісу, жывучы на разбураных вуліцах сваім звычнай каціным жыццём. З поўнай спакою ўпэўненасцю ён бадзяецца па горадзе, забіраецца куды хоча. Не фільм, а літаральна экранізацыя котабрадзілкі Stray, дзе, праўда, па сюжэце людзі ўжо вымерлі. Яго мімімішнасць, здаецца, цягне на сабе ўвесь фільм.
А да фільма ёсць прэтэнзіі. Па-першае, стваральнікі пайшлі па самым простым шляху выціснуць з гледача слязу, зрабіўшы галоўнай гераіняй смяротна хворую дзяўчыну. Так і хочацца спытаць — вам не сорамна?
Па-другое, нягледзячы на арыгінальнасць задумы, калі капнуць глыбей, то яна не вытрымлівае крытыкі. Тое, што монстры рэагуюць на гукі — гэта іхняя слабасць. У першым фільме нам паказалі, як праз год пасля нападу сям’я фермера даведалася, што пачвары не вытрымліваюць ультрагуку. Цяжка ўявіць, што да гэтага за лічаныя дні не дадумаліся навукоўцы ў рэгіёнах, якія не пацярпелі, ці проста ва ўрадавых бункерах.
Праўда, у гэтым фільме нам паказалі толькі два дні ў самым пачатку, не паказаўшы, як людзі супрацьстаяць, паспяхова ці не, уварванню пачвар. Але з першых фільмаў мы ведаем, што гарады вельмі хутка замаўчалі і бацька сямейства Эбатаў, як ні спрабаваў, ніяк не мог злавіць хоць якую радыёхвалю са знешняга свету.
У фільме «Вайна светаў Z» падобную праблему гукаадчувальных зомбі вырашылі моцнай калонкай на стадыёне і магутным выбухам, які масава знішчаў агрэсіўных істот. Але ў новым «Ціхім месцы» гэтай слабасцю амаль не карыстаюцца. Шумны верталёт на Манхэтэнам, відавочна, прыцягвае гэтых шышкагаловых істот на нагах-хадулях і мог бы адцягнуць іх увагу на час абвешчанай эвакуацыі, але гэтага не здараецца. Пачвары рэагуюць на любы чых ці неасцярожны гук, але пры гэтым цалкам ігнаруюць той шум, які самі ж і ствараюць.
Папулярнасць першага фільма, які быў ледзь не аўтарскім інды-эксперыментам Красінскі і Блант, непазбежна ператварыла гісторыю ў вялікі галівудскі блокбастар, для поспеху якога трэба як мінімум знішчыць Нью-Ёрк. І хоць напружанне ў фільме не пакідае ні на хвіліну, лагічнасці не стала больш, а драму змагання за жыццё блізкіх не могуць падмяніць ні мілы коцік, ні выпадковы спадарожнік.
«Дзень першы» — гэта спін-оф, які невядома, ці атрымае працяг, а вось трэці фільм пра выжыванне сям’і Эбатаў абяцае выйсці на вялікіх экранах ужо ў наступным 2025 годзе.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Гуляць можна ў футбол, а галоўную гераіню трэба граць.