«Страшна падумаць, што магло адбыцца, калі б дзеці былі дома». У Маладзечне электрычнасць спаліла ўсю бытавую тэхніку ў адным з дамоў
Па шчаслівай выпадковасці, абышлося без чалавечых ахвяр у доме № 66А на вуліцы Шаранговіча Залінейнага мікрараёна.
Інцыдэнт з электрычнасцю спаліў жыхарам дома лядоўню, мікрахвалёўку, камп'ютар. Цяпер дзецям нельга ні пасмажыць катлеты, ні сварыць суп, піша Kraj.by.
Трохпавярховы дом №66А на вуліцы Шаранговіча, у якім дзевяць кватэр, знаходзіцца побач з тэрыторыяй прадпрыемства «Мінсктэлекамбуд». Пашкоджанне электрычнага кабеля на гэтым прадпрыемстве ў выніку стала праблемай для жыхароў трохпавярховіка.
Здарэнне адбылося ў сераду, 7 жніўня. Людзі ўжо тыдзень не могуць апамятацца, ліквідуюць створаныя інцыдэнтам нязручнасці і спадзяюцца знайсці адказ на пытанне: хто ім увесь гэты галаўны боль кампенсуе?
У дзвюх кватэрах, пацярпелых больш за іншых, у той момант не было дома дзяцей, узрост якіх ад пяці да 14 гадоў. Магчыма, дзякуючы гэтаму ўдалося пазбегнуць трагедыі.
У Аліны і яе мужа падрастаюць 14-гадовы сын і пяцігадовая дачка. Маленькай Вераніцы 13 жніўня мама прапануе сыравэнджаную каўбасу і чыпсы. Катлет пасмажыць няма на чым. Таксама згарэла мікрахвалеўка.
Прадукты, якія хутка псуюцца, Аліна таксама не купляе — іх не пакладзеш у згарэлы халадзільнік. У выхадныя маме прыйшлося карміць дачку гарачай ежай у рэстаране KFC.
— У нас згарэлі лядоўня, мікрахвалёўка, камп'ютар, калонкі і электрычная паілка для кошкі, — распавядае Аліна.
— Камп'ютар аддалі ў рамонт. Нам сказалі, што блок сілкавання адрамантаваць немагчыма, яго трэба мяняць. Дома ад камп'ютара засталіся толькі драты.
Па словах Аліны, халадзільнік купілі ў растэрміноўку, яго павінны прывезці. Мікрахвалёўка — таксама ў растэрміноўку.
Калі 7 жніўня ўсё гэта здарылася, Аліна і яе муж былі на працы. 14-гадовы сын Ілля — у бабулі, а маленькая Вераніка — у дзіцячым садку.
— Мой сын, як і ўсе падлеткі, часам ставіць на зарадку мабільны тэлефон і адначасова па ім размаўляе. Я баюся нават уявіць, што магло здарыцца, калі б сын у гэты дзень быў дома і стаў размаўляць па ўключаным у разетку мабільніку, — кажа Аліна.
Не менш пацярпела сям'я Вікторыі, якая з мужам гадуе пяцігадовую дачку і шасцігадовага сына. У кватэры 7 жніўня таксама нікога не было. Муж Вікторыі — на працы, сын — у бабулі, а сама яна з дачкой ляжала ў бальніцы. Вікторыя паказвае прадпрыемства каля свайго дома, якое, на думку жыхароў трохпавярховіка, і стала прычынай іх бед.
— За тыдзень да гэтага выпадку, у ноч на 30 ліпеня, на вуліцы паміж нашым домам і прадпрыемствам нешта стала страляць. Ведаеце, такія воплескі, як быццам петарды, і ўспышкі яркага святла. Мы выклікалі аварыйную службу, якая прыехала і ніякіх паломак у нас не знайшла. А праз тыдзень пасля гэтага выпадку ў нас згарэла бытавая тэхніка.
Дзве кватэры з дзевяці ў нашым доме нежылыя, там у разеткі нічога не ўключана. У іншых кватэрах жывуць пенсіянеры, якія паспелі выцягнуць з разетак электрапрыборы і моцна не пацярпелі. Лямпачкі там у іх перагарэлі. А ў мяне згарэлі халадзільнік, электрычная варачная панэль, духавая шафа, выцяжка, акустычная сістэма, падсвятленне ліштвы, зарадка ноўтбука і база робата-пыласоса. Цяпер пыласос ездзіць па падлозе, не можа знайсці свой «дом», — сумна жартуе Вікторыя.
— Вытрымалі мікрахвалёўка і электрачайнік. З дынамікаў тэлевізара нешта капала. Ён працуе, але такое адчуванне, што ледзь трымаецца да пары да часу.
— З дачкой вярнуліся з бальніцы, а пакарміць дзіця няма чым. Палову прадуктаў са згарэлага халадзільніка прыйшлося выкінуць, яны сапсаваліся. Халадзільнік і электрапліту, якія працуюць, цяпер узялі ў знаёмых у арэнду, — сказала Вікторыя.
Дом абслугоўвае ЖРЭУ-2. Па словах маладых мам, у домакіраўніцтве ім сказалі, што ўсю сапсаваную тэхніку яны самі павінны аддаць на экспертызу, каб даказаць, што яна згарэла менавіта па прычыне непаладак з электрычнасцю.
— Потым мы самі павінны знайсці майстроў, якія нашу тэхніку адрамантуюць, і толькі пасля гэтага «Камунальнік» усё кампенсуе праз «Белдзяржстрах». Але, наколькі мы ведаем, падобная экспертыза таксама каштуе немалых грошай. Праводзіцца яна ў Мінску. Да таго ж, спіс пашкоджанай тэхнікі майстар ЖРЭУ склаў, але ніякіх актаў і заключэнняў нам на рукі не выдаюць, — адзначылі пацярпелыя жанчыны.
Начальнік Маладзечанскага ўчастка ААТ «Мінсктэлекамбуд» Алег Блажко не адмаўляе, што інцыдэнт адбыўся ў выніку ліквідацыі непаладак электразабеспячэння на яго прадпрыемстве, але сцвярджае, што ні ён, ні электрыкі, якіх ён прыцягваў да працы, у інцыдэнце не вінаватыя.
— Уначы 30 ліпеня ў нас згарэў наш электрычны кабель, і яго трэба было мяняць, — распавядае Алег Блажко.
— А паколькі мы сілкуемся ад дома № 66А, то я звярнуўся ў «Камунальнік», адкуль мяне накіравалі ў ЖРЭУ-2. 7 жніўня прыехаў электрык з ЖРЭУ-2. Ён адключаў электрычнасць ад дома для правядзення работ, а потым уключаў яго назад. У гэты момант усё і здарылася.
Думаю, прычына ў недастатковым зазямленні электрычнай шафы дома №66А і ў тым, што электрык належным чынам не атрымаў доступ на правядзенне гэтых работ. Я пасля інцыдэнту зноў быў у ЖРЭУ-2. Там не адмаўляюць віны свайго электрыка. Чуў, што яго нават прэміі пазбавілі, — сказаў начальнік Маладзечанскага ўчастка ААТ «Мінсктэлекамбуд».
Журналісты звязаліся па тэлефоне з начальнікам ЖРЭУ-2 Юліяй Сячко і прапанавалі выкласці сваё бачанне гэтай сітуацыі.
Юлія Міхайлаўна была больш чым лаканічная: «Без каментароў».
Каментары