Літаратура77

Марыя Вайцяшонак з-за хваробы вачэй больш не можа пісаць і чытаць. Але выдала кнігу, якую запісала яе сяброўка

Пра яе поўную святла новую кнігу расказвае Зося Лугавая. 

Марыя Вайцяшонак. Фота з фэйсбука

Марыя Вайцяшонак — аўтарка, пра якую Святлана Алексіевіч сказала, што яна «сама па сабе традыцыя, стыль і мова» і «вялікая падзея ў нашай літаратуры». Сярод іншых адметных рыс спадарыні Марыі нобелеўская лаўрэатка адзначыла, што «не сустракала іншага чалавека, які б так востра, амаль хваравіта адчуваў недасканаласць нашага свету».

Марыя Вайцяшонак не проста востра адчувае недасканаласць свету. Яна мае ўласныя рэцэпты, каб нівеляваць боль ад гэтай недасканаласці. Адзін з галоўных — заўважаць і літаральна святкаваць нават драбкі прыгажосці ў штодзённасці.

«Няма такой справы і такой з’явы ні на зямлі, ні на небе, каб, гледзячы на ўсё гэта, можна было сказаць «я губляю час». Усё надта важна, калі ты дома, калі ты выйшаў проста ў сад — і заўважыў, што грушы цвітуць, а яблыні яшчэ чакаюць сваёй чаргі, і ўсё гэта так файна, быццам у прыродзе адбываецца нейкі баль».

Чаму варта прыслухацца да словаў паэткі? Марыя Вайцяшонак нарадзілася ў 1940 годзе ў высылцы на Алтаі. У хуткім часе і бацька, і маці памерлі. З чатырох дзяцей выжыла толькі адна Марыя, гадавалася ў дзіцячых дамах, але ўрэшце матчына сястра, цётка Марыля, дамаглася таго, што дзяўчынку аддалі ёй.

Паэтка рэгулярна вяртаецца ў сваіх развагах да тэмы сям’і, і ў першую чаргу — ролі, якую ў ейным лёсе адыграла цётка. У пэўным сэнсе «На прызбе ў Сілічах» — ода непісьменнай, але вельмі самабытнай і добрай жанчыне, якая замяніла дзяўчынцы маці. Цётчына імя, дарэчы, ёсць і ў назве кнігі выбранай прозы і паэзіі Марыі Вайцяшонак, якая выходзіла ў 2019 годзе ў выдавецтве «Логвінаў»: «Альбом для цёткі Марылі».

«Узвяла ў сан святых сваіх бацькоў, якія столькі выпакутавалі ў ссылцы і загінулі там. І цётку Марылю з дзядзем Віталікам… Я вяртаюся да цёткі Марылі ў вёску Грыдзькі ўсё сваё жыццё, як вяртаюцца ў храм… Было вельмі лёгка трымацца ў вёсцы побач з цёткай Марыляй, таму што ў вёсцы яе лічылі сапраўды святой. Такое ўражанне, што яна стаяла бы каплічка каля дарогі… У мяне такая пэўнасць, што самая высокая мая адукацыя, душэўная, — гэта цётка Марыля».

Цётка Марыля — тая нітачка, што звязала пісьменніцу з Беларуссю. Бацька-паляк настойваў на выключна польскай мове ў хаце, першыя кнігі былі па-расейску, бо іншых у высылцы проста не было, Марыя Вайцяшонак магла б і ўвогуле не вярнуцца ў Беларусь, калі б не настойлівасць цёткі. Цётка Марыля ў маштабах жыцця аўтаркі сімвалізуе і беларускасць, і традыцыю, і дом сам па сабе.

«Я не ведаю на свеце ні глыбейшай цішы, ні большага спакою за той момант, калі круціцца кола калаўрота, прадуцца ніты, якія звязваюць мяне з маміным сялянскім родам на Пастаўшчыне». 

Прыгадваючы цётку Марылю, паэтка расказвае і пра паваенны сялянскі быт, пра жыццё ў сціплай цётчынай хаце. Сціплай — таму што пасля вайны дзядзька з цёткай спачатку паставілі будыніну, якую меркавалі зрабіць варыўнёй, а дом адбудаваць пасля. Але не разжыліся і так і засталіся ў маленькай хаце з адным акенцам, земляной падлогай і саламянай страхой.

Марыя Вайцяшонак. Архіўнае фота з фэйсбука

Тым не менш, з гэтай хатай у спадарыні Марыі звязаныя самыя цёплыя ўспаміны. Вось, напрыклад, фрагмент пра Каляды: 

«Трэба было згатаваць ежу заранне, таму што на Каляды нічога рабіць не дазвалялася… Усё глінянае. Усё такое цёмнае, усё з печы, з дыму, з жару даставалася. Мы кружынялі і кружынялі па хаце цалны-цалны дзень і нарэшце спыняліся і садзіліся да столу. Усё, што адбывалася, набывала нейкую ўрачыстасць. Ужо за сталом. А пад настольнікам — сена або салома. Я заўважала, што і гаворым мы цішэй, чым звычайна, рухі запаволены, мне выдавалася, што ў хаце нехта яшчэ ёсць». 

Мне здаецца, што менавіта праз досвед жыцця ў дзіцячых дамах (на Алтаі, у Маскве, Залессі і Ракаве) Марыя Вайцяшонак мае абвостранае пачуццё дома і цвёрдыя перакананні, якім гэты дом мусіць быць. У кнізе яна часта вяртаецца да тэмы дома: як яго ствараць і як пра яго клапаціцца. Кажа яна пра гэта даволі строга і так пераканаўча, што хочацца адразу пайсці парадкаваць сваю жылую прастору. 

«Дом трэба ўвесь час пераглядаць, нешта перастаўляць, нешта рамантаваць, цыраваць… Трэба па-птушынаму нешта выносіць з гнязда — і нешта прыносіць, дадаваць. Дом патрабуе вялікай увагі, і ён можа адчужыцца, не прызнаць гаспадара, які не бывае дома і не сочыць за ім, і тады чалавек можа згубіць стан спакою і аховы, што дае яму дом».

Спадарыня Марыя — спрактыкаваная назіральніца. Тое, як яна расказвае пра кветкі ў сваім садзе, пра птушак, якія прылятаюць у ейныя шпакоўні, пра дрэвы побач з домам, натхняе на ўласныя больш уважлівыя назіранні за тым прыродным, што маем вакол сябе. Але не менш уважліва пісьменніца назірае за людзьмі. Вось эпізод у ракаўскай краме. 

«Я люблю мясцовых людзей, тубыльцаў, якія нікуды не з’язджаюць. Мне здаецца, што ў кожным раённым цэнтры ёсць свой твар. Мне ўспамінаецца, як мы былі ў Ракаў прыехаўшы… Заходжу ў краму, за прылаўкам стаіць прадавачка. І пакупніца насупраць, усяго адна. Мне падалося, што я трапіла ў лялечны тэатр. Яна за прылаўкам, як быццам звычайна паказваюць лялек. Круглатварая, ружовыя шчокі. Твар такі, які сустрэнеш толькі ў Ракаве. Рухі павольныя, погляд такі ціхі… далікатнасць. А жанчына, каторая насупраць… Яны не тое, што падобныя, яны так лёгка між сабой гавораць. Гэта таму, што яны даўно жывуць побач. Магчыма, яны нарадзіліся дзесьці тут».

«На прызбе ў Сілічах» названыя дзённікам паэткі, але гэта ўсё ж не зусім дакладнае азначэнне. Разважанні спадарыні Марыі далёка не заўсёды звязаныя з тым часавым перыядам, у якім яна знаходзіцца. Хутчэй гэта датаваныя, пераважна тэлефонныя, гутаркі пра ўсё на свеце. Марыя Вайцяшонак і Аксана Ёркіна абмяркоўваюць кнігі, артыкулы ў часопісах і фэйсбуку, агульных знаёмых, творы мастацтва, навіны, падзеі ў свеце і ў Беларусі. Ёсць фрагменты, прысвечаныя эпідэміі каранавіруса, самаізаляцыі і пазнейшым падзеям у краіне.

На пачатку кнігі мы знаходзім Марыю Вайцяшонак на новым для яе месцы — у Сілічах, яна толькі нядаўна пераехала з Іслачы. Ёй нязвыкла, ёй здаецца, што дом і сад пакуль яе не прымаюць. Яна назірае за суседзямі і спрабуе зразумець, якія яны людзі. Ёй муляе шум аўтамабільнай трасы, ёй бракуе птушыных спеваў.

Шмат каму з нас, хто ў апошнія гады быў вымушаны змяніць месца жыхарства, гэтыя нязручнасці і нязвыкласці будуць знаёмымі. Адчуванне сябе не на сваім месцы робіць чалавека ўразлівым і няпэўным. Таму надзвычай цікава адсочваць, як пакрысе аўтарка абвыкаецца, знаходзіць супольную мову і з суседзямі, і з птушкамі, і з дрэвамі. Нават са шчанюком, якога нечакана для сябе самой бярэ з прытулку.

Яшчэ дзве важныя тэмы ў гутарках Марыі Вайцяшонак і Аксаны Ёркінай — мова і падарожжы. Частка тэкстаў у кнізе — расейскамоўныя. Спадарыня Марыя часта нават у межах аднаго маналогу можа пераходзіць з мовы на мову. Для яе беларуская — мова роду, якая дае ёй адчуванне «крэўнай залежнасці». У расейскай яна не належыць нікому і таму пачуваецца больш свабоднай. Тэма падарожжаў (як унутры, так і па-за межамі краіны) прыводзіць суразмоўніц да пытанняў захавання культурнай спадчыны ў цяперашняй Беларусі. Адзін з такіх фрагментаў — паездка ў Зембін, якую паэтка прыгадвае пасля таго, як не паспела наведаць выставу Надзі Лежэ ў мастацкім музеі.

«Калі мы былі там і запыталіся, дзе жыла Надзя, нам не адразу паказалі хату. На ёй ні шыльды, ні знаку якога, што тут жыла мастачка, не было. Такое ўражанне, што ты сам губляеш сваё асабістае, увесь час губляеш яго па дарозе, і ніхто не праяўляе жадання яго падняць…. У нас столькі магло быць гонару. Я дзіўлюся, чаму мне трэба хадзіць па Зембіне і пытацца: дзе тут у вас жыла Надзя?».

У кнігі, якая ахоплівае пяць гадоў жыцця Марыі Вайцяшонак у Сілічах, няма нейкага выразнага фіналу. Проста 13 красавіка 2022 года аўтаркі ставяць кропку. Але яе можна было б паставіць дзе заўгодна. На аднайменнай з кнігай старонцы ў фэйсбуку, дзе першапачаткова друкаваліся гэтыя зацемкі, нічога не скончылася. Таму калі вам захочацца працягу, то вы ведаеце, дзе яго шукаць. Разам з нататкамі і вершамі, там яшчэ і фотаздымкі з дому і саду паэткі.

А ў якасці падсумавання я б прапанавала словы Марыі Вайцяшонак, якія цалкам магчыма зрабіць жыццёвым дэвізам:

«Звычайна канчаецца дзень, а я не набылася на зямлі. Канчаецца дзень, а мне мала. У мяне такі стан, … быццам я за сталом, увесь час сяджу на нейкім свяце».

Марыя Вайцяшонак. На прызбе ў Сілічах: дзённік паэткі — Вільня, Пфляўмбаўм, 2023 

Каментары7

  • антисвет
    03.09.2024
    «не сустракала іншага чалавека, які б так востра, амаль хваравіта адчуваў недасканаласць нашага свету»

    дык можа гэта не ваш свет ?
  • Антось
    03.09.2024
    Антон, мне, напрыклад.
  • Антось
    03.09.2024
    антисвет, дзіўная логіка

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»13

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»

Усе навіны →
Усе навіны

Ігар Кулей правёў апошнюю перадачу на «Белсаце» і пайшоў з канала7

«Адсядзеў за сына 40 сутак». Рабочы МТЗ адчуў сябе чалавекам у 2020-м. Вось як склалася яго жыццё далей1

Былы прэзідэнт ЗША Джымі Картэр памёр ва ўзросце 100 гадоў2

Казахстан адправіць чорныя скрыні з Azerbaijan Airlines у Бразілію

Гардон: Гарачая фаза вайны завершыцца ўжо заўтра26

У Жодзіне адкрылі краму з мерчам БелАЗа6

Некаторыя «заменнікі мяса» далёка не бясшкодныя для чалавека10

Бондараву абурылі слова Раство і зоркі НАТА на навагодняй елцы ў Мінску27

На вайне ва Украіне загінуў былы футбаліст зборнай Расіі10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»13

Вялікая гутарка з Алінай Коўшык — пра інтэрв’ю з Падсасонным, скандал з Кулеем і рэформы на «Белсаце»

Галоўнае
Усе навіны →