Грамадства55

23 гады таму прайшлі другія прэзідэнцкія выбары. Ці быў тады шанец перамагчы Лукашэнку?

9 верасня 2001 года прайшлі другія прэззідэнцкія выбары. Беларусы, поўныя надзей на тое, што іх голас не будзе скрадзены, пайшлі на выбарчыя ўчасткі.

«Люстэрка» згадвае тое галасаванне — Лукашэнка тады быў ва ўладзе ўжо сем гадоў, ад яго стаміліся, і з’явіўся рэальны шанец яго замяніць. Як апазіцыя выбірала адзінага кандыдата, як прайшло галасаванне і наколькі эфектыўнымі аказаліся пратэсты.

Бязладная падрыхтоўка апазіцыі і склад выбаркамаў ад Ярмошынай

Другія ў гісторыі Беларусі прэзідэнцкія выбары мусілі адбыцца на два гады раней: паводле Канстытуцыі, першая пяцігодка Аляксандра Лукашэнкі заканчвалася ў 1999-м. Але палітык вырашыў весці адлік з 1996 года, калі была прынятая новая рэдакцыя Асноўнага закона. Гэтай акалічнасцю вырашыла скарыстацца частка апазіцыі. У 1999-м былі арганізаваныя альтэрнатыўныя выбары. Але ў іх узялі ўдзел толькі два кандыдаты: лідар яшчэ адзінага БНФ Зянон Пазняк, які ўжо тады быў у эміграцыі, і Міхаіл Чыгір, першы прэм’ер-міністр эпохі Лукашэнкі. Астатнія палітыкі адмовіліся, баючыся фальстарту, і ў выніку не пралічыліся. Пра стварэнне ўчасткаў гаворкі не ішло (асобныя актывісты галасавалі па кватэрах), таму выбары ператварыліся, хутчэй, у палітычную акцыю апазіцыі, якая завяршылася ў тым ліку расколам БНФ.

На прэзідэнцкія выбары 2001-га паўплывала парламенцкая кампанія 2000 года — адзіная ў гісторыі незалежнай Беларусі, калі большая частка апазіцыі пайшла на байкот. Аднак тыя выбары ў цэлым разглядаліся як рэпетыцыя перад прэзідэнцкай кампаніяй, як магчымасць лепш арганізаваць працу штабоў і г. д. «Увесь фокус у тым, што ў наступным годзе на прэзідэнцкіх выбарах досвед байкоту акурат не спатрэбіцца, наадварот — трэба будзе паклапаціцца пра празрыстасць выбараў і тэхналогію перамогі», — пісаў на TUT.BY журналіст Віктар Малішэўскі. А вось спробу атрымаць такі досвед апазіцыя праваліла.

У гэтых умовах — адкрытага парушэння Лукашэнкам Канстытуцыі і адсутнасці ў апазіцыі неабходнай падрыхтоўкі — у Беларусі пачалася новая кампанія. Дату прэзідэнцкіх выбараў — 9 верасня — абвясцілі ў чэрвені.

ЦВК на чале з Лідзіяй Ярмошынай сфармаваў выбарчыя камісіі паводле звыклых алгарытмаў. Толькі 239 з 80 тысяч чальцоў выбарчых камісій былі вылучэнцамі партый. Прааналізаваўшы частку камісій — калі дакладна, 30 са 161 тэрытарыяльнай, а таксама ўсе абласныя і мінскую гарадскую, — назіральнікі ад АБСЕ зрабілі выснову: амаль 81% іх чальцоў былі цесна звязаныя альбо знаходзіліся ў залежным становішчы ад прэзідэнцкай «вертыкалі».

У справаздачы назіральнікаў канстатавалася, што незалежнасць выбарчых камісій не была забяспечаная, а выканаўчая ўлада спрабавала кантраляваць іх працу. Зрэшты, кіраўніцтва ЦВК не супраціўлялася гэтаму. Наадварот, яно ўсяляк дэманстравала падтрымку Лукашэнкі. Напрыклад, Ярмошына ахарактарызавала патэнцыйную паразу гэтага палітыка як «асабістую трагедыю». Старшыня тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Гродзенскай вобласці Мікалай Прысада заявіў, што ён будзе галасаваць за Лукашэнку, якому гатовы даверыць свой лёс, лёсы сваёй сям'і, дзяцей і сяброў. А сакратар ЦВК Мікалай Лазавік сцвярджаў, што асноўнай мэтай мясцовых назіральнікаў было «арганізаваць паток скаргаў» з тым, каб не дапусціць міжнароднага прызнання выбараў. Зразумела, ні пра якую неперадузятасць з іх боку гаворкі не ішло.

Але паўплываць на гэта грамадства не магло. Заставалася выбраць годнага кандыдата, які зможа кінуць выклік Лукашэнку. Адным з варыянтаў было зрабіць стаўку на Маскву. Для гэтага палітыкам трэба было пазіцыянаваць сябе як «крамлёўскіх кандыдатаў» — больш прарасійскіх, чым Лукашэнка. У 2001-м з гэтых пазіцый пра свае амбіцыі заявілі Леанід Сініцын (кіраўнік штаба Лукашэнкі ў 1994-м), Міхаіл Марыніч (тады амбасадар у Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі) і Наталля Машэрава — дачка былога партыйнага кіраўніка Беларусі. Першых двух не пусцілі на выбары, забракаваўшы частку сабраных імі подпісаў, неабходных для рэгістрацыі. На Машэраву ж націснулі.

«Розным людзям яна расказвала розныя версіі, але відавочна, што пагроза ішла радні. Хварэла маці, мусіў паступаць у інстытут сын, непрыемнасці маглі быць у дачкі і зяця. <…> Акрамя ўсяго іншага, у самы апошні момант Машэрава не атрымала абяцанай падтрымкі ад крамлёўскай адміністрацыі; на патрабаванне пуцінскіх адміністратараў літаральна за гадзіну да эфіру быў адменены выхад перадачы пра «годную прэтэндэнтку» і «прадаўжальніцу справы бацькі»», — пісаў аналітык Аляксандр Фядута.

Машэрава сама знялася з гонкі.

Выбар адзінага кандыдата

Заставалася арыентавацца на Захад і на саміх сябе. Яшчэ ў лютым 2001-га, да афіцыйнага старту выбараў, з’явілася «цэнтрысцкая тройка» — згаданы Міхаіл Чыгір, экс-міністр абароны Павел Казлоўскі і кіраўнік прафсаюзаў Уладзімір Ганчарык. «З кожным паасобку і з усімі разам мы дамовіліся пра агульную тактыку. Было вырашана стварыць рух з мэтай кансалідацыі намаганняў партый і асобных грамадзян, скіраваных на змену рэжыму ў Беларусі. У задачу руху ўваходзіла і PR-кампанія, скіраваная супраць Лукашэнкі», — успамінаў Васіль Лявонаў. Пра гэтага чалавека трэба сказаць асобна. За савецкім часам ён быў першым сакратаром магілёўскага абкама кампартыі. Потым — дэпутатам парламента. За Лукашэнкам стаў міністрам сельскай гаспадаркі, быў несправядліва арыштаваны, асуджаны, пасля чаго выйшаў на волю і пайшоў у апазіцыю. Ён адыграў важную ролю ў той прэзідэнцкай кампаніі

Васіль Лявонаў. Фота: naviny.by

Крыху пазней да тройкі кандыдатаў далучыліся экс-губернатар Гродзенскай вобласці Сямён Домаш і лідар камуністаў Сяргей Калякін. Лявонаў, які ачольваў рух «За новую Беларусь», ініцыяваў сустрэчу «пяцёркі». Яе прадстаўнікі дамовіліся, што знімуць свае кандыдатуры на карысць аднаго, самага папулярнага, прэтэндэнта, паралельна кожны з іх сам збіраў подпісы на сваю карысць. Лявонаў быў маторам тых працэсаў, яго называлі «архітэктарам адзінага кандыдата».

У цэлым на выбарах свае каманды сфармавалі 23 чалавекі, у тым ліку Зянон Пазняк, экс-дэпутат парламента ад БНФ Сяргей Антончык, прафсаюзны лідар Аляксандр Ярашук (цяпер ён палітвязень), дырэктар завода халадзільнікаў «Атлант» Леанід Калугін, кіраўнік тэатра «Хрыстафор» Яўген Крыжаноўскі і ўладальнік сталічнага «Данькоў-клуба» Юрый Данькоў. Крыжаноўскі не здаў подпісы ў ЦВК, Антончык зняў сваю кандыдатуру, астатнім адмовілі ў рэгістрацыі.

Тым часам пяцёрка апазіцыйных кандыдатаў, якая мела найбольшыя шанцы, ніяк не магла прыйсці да паразумення. «Папярэдне дамовіліся, што да 17 чэрвеня будзе дасягнутае адпаведнае пагадненне. Тэрмін набліжаўся, а яны ўсё гандляваліся. Кожны з прэтэндэнтаў на прэзідэнцкі мандат лічыў сябе адзіным годным», — успамінаў Лявонаў. Гэта падарвала давер да самой працэдуры і паставіла пад сумнеў уменне апазіцыі дамаўляцца.

Як сцвярджаў гэты палітык, «урэшце мы пайшлі на радыкальны шлях: абвясцілі, што будзем вымушаныя сабраць прадстаўнікоў дэмакратычных партый і прызначыць ім адзінага кандыдата, калі самі не могуць дасягнуць пагаднення. Пад ціскам, не хочучы, яны пагадзіліся прыняць рашэнне: правялі апошнюю нараду, дзе нарэшце выбралі Ганчарыка. Гэта каштавала шмат намаганняў і шмат нерваў». Паводле слоў Лявонава, у той момант публічна яшчэ не было вядома, што неабходныя 100 тысяч подпісаў сабраныя толькі ў Домаша і Ганчарыка. «Але гэтыя звесткі былі атрыманыя ўскосным шляхам, і выкарыстоўваць іх для аказання ціску лічыў нягодным», — успамінаў Лявонаў.

Сямён Домаш (злева) і Уладзімір Ганчарык. Фота з сайта naviny.by

Ці быў гэты выбар правільным? Домаш меў досвед працы на сур’ёзнай пасадзе губернатара і быў папулярны ў сваім рэгіёне. Ганчарык з 1986 года ўзначальваў прафсаюзы, якія не гралі ніякай ролі, за савецкім часам быў кандыдатам у чальцы Бюро ЦК кампартыі Беларусі (беларускі аналаг Палітбюро — найвышэйшага партыйнага органа СССР) і ўспрымаўся хутчэй як тыповы прадстаўнік наменклатуры — асцярожны і абсалютна нехарызматычны. Ён практычна ніяк не праявіў сябе падчас ключавых падзей дзевяностых і не запомніўся абаронай рабочых падчас перыядычных страйкаў.

Аднак на аб’яднанне пяцёркі ўплывала пазіцыя Ханса-Георга Віка, кіраўніка кансультацыйна-назіральнай групы, скіраванай у Мінск Пастаяннай Радай АБСЕ. «За Домашам лічылася падтрымка Народнага Фронту. А Віка ўжо даўно пераканалі, што кандыдат, якога падтрымлівае БНФ, ніколі не атрымае ні падтрымкі Расіі, ні падтрымкі «левай» часткі электарату. Пры гэтым усе, хто пераконваў, абапіраліся на нейкія сацыялагічныя апытанні — кожныя, вядома, на свае. І з падачы амбасадара Віка ўся апазіцыя дружна кінулася агітаваць <…> Домаша зняць сваю кандыдатуру на карысць адзінага кандыдата <…> Ганчарыка <…>. Домаша нават пагражалі пакінуць без усялякай палітычнай падтрымкі, калі ён не пагодзіцца з лідарствам Ганчарыка», — пісаў у сваёй кнізе Фядута.

Ён жа цытуе меркаванне рэжысёра Юрыя Хашчавацкага. На думку апошняга, Вік і амбасадар ЗША Майкл Козак лічылі, што Ганчарык карыстаецца падтрымкай Федэрацыі прафсаюзаў, што значыла падтрымку з боку рабочага руху. Гэта было б тыпова для заходняга грамадства, але не адпавядала рэчаіснасці ў беларускіх рэаліях, дзе сябрамі прафсаюзаў станавіліся добраахвотна-прымусова.

Задняй датай сваю памылку прызнаваў і Лявонаў. «Падчас выбару Ганчарыка адзіным кандыдатам здавалася вельмі важным, што ў яго за плячыма стаіць такая буйная арганізацыйная структура. Аднак неўзабаве давялося пераканацца, што ніякай структуры проста няма: як толькі паспрабавалі падключыць да перадвыбарчага штабу прафсаюзы, аказалася, што гэта немагчыма — кожны працуе сам па сабе. Для мяне гэта было ўзрушальнае адкрыццё — а я ж думаў… Аказваецца, толькі вонкава ўсё нармальна: ёсць Федэрацыя і яе старшыня, ёсць абласныя аб’яднанні і іх кіраўнікі, а на справе — крылоўскія Лебедзь, Рак і Шчупак. Што ішоў Ганчарык, што пайшоў бы Домаш — прынцыповай розніцы насамрэч не было», — пісаў ён.

Атручанне Домаша і фальсіфікацыі

ЦВК зарэгістраваў чатырох кандыдатаў: Лукашэнку, Ганчарыка, Домаша і Сяргея Гайдукевіча, лідара Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі. Да гэтага мы не згадвалі яго ў гэтым тэксце, бо якіх-кольвек падставаў для гэтага не было. Гэта быў класічны прыклад «канструктыўнай апазіцыі», тэхнічны кандыдат на выпадак, калі апазіцыя ўсё ж наважыцца на байкот.

У якасці кандыдата Домаш яшчэ паспеў прыйсці на тэлебачанне, каб выступіць са зваротам. Увечары таго ж дня палітыку стала дрэнна. Аляксандр Мілінкевіч, які быў тады кіраўніком яго перадвыбарчага штаба, успамінаў у 2024-м: «Я сёння не сумняваюся, што Домашу далі які-небудзь «Навічок». Бо цэлыя інстытуты існуюць у Расіі, дзе распрацоўваюць рэчывы, якія калі вып’еш, то ў цябе імгненна інфаркт. А сляды гэтага інфаркту менш чым за суткі знікаюць. Ён пайшоў на тэлебачанне. Яму прынеслі ваду. Прычым не афіцыянтка, а шэф тэлебачання (БТ тады ўзначальваў Віктар Чыкін. — Заўв. рэд.). Домаш выпіў, а ўвечары пасля запісу ў яго стала вельмі дрэнна з сэрцам. Мы не рызыкавалі яго лячыць у Беларусі, селі ў машыну і павезлі ў Кракаў. Прафесар, які зрабіў паспяховую аперацыю, сказаў, што гэта не натуральны інфаркт пры такім стане здароўя».

У любым выпадку Домаш аказаўся чалавекам слова і 22 жніўня зняў сваю кандыдатуру. Аднак да выбараў, прызначаных на 9 верасня, заставалася зусім мала часу.

Магутным аргументам на карысць Ганчарыка стала інфармацыя пра зніклых апанентаў Лукашэнкі, якую ён агучыў. Але гэты аргумент датычыў мінулага, а не будучыні. Для многіх выбаршчыкаў апазіцыйны кандыдат выглядаў больш прасавецкім, чым Лукашэнка.

«Негатыўны аспект яго піяр-кампаніі пазначаны цяпер вельмі выразна. Вярхушка рэжыму абвінавачваецца ў цяжкіх злачынствах. Гэта ўражвае апалітычнага абываталя, бо закранае сферу звышкаштоўнай для яго асабістай бяспекі. Пытанне ў правільным развіцці гэтай тэмы. Але разам з тым зразумела, што на адным негатыве агітацыйнай кампаніі не выбудуеш. Чым Ганчарык пастараецца прывабіць выбаршчыка ў сваёй перадвыбарнай праграме, якія выгады паабяцае ў тэлевыступе — пра гэта шырокай публіцы застаецца толькі гадаць. Выразных і прывабных сацыяльных лозунгаў, якія мусілі замаячыць задоўга да афіцыйнага пачатку агітацыйнай кампаніі, каманда адзінага кандыдата пакуль не змагла згенераваць», — пісаў за тры тыдні да выбараў аналітык Аляксандр Класкоўскі.

«Негатыўны аспект яго піяр-кампаніі пазначаны цяпер вельмі выразна. Вярхушка рэжыму абвінавачваецца ў цяжкіх злачынствах. Гэта ўражвае апалітычнага чалавека, бо закранае сферу звышкаштоўнай для яго асабістай бяспекі. Пытанне ў правільным развіцці гэтай тэмы. Але разам з тым зразумела, што на адным негатыве агітацыйнай кампаніі не выбудуеш. Чым Ганчарык пастараецца прывабіць выбаршчыка ў сваёй перадвыбарнай праграме, якія выгады паабяцае ў тэлевыступе — пра гэта шырокай публіцы застаецца толькі гадаць. Выразных і прывабных сацыяльных лозунгаў, якія мусілі замаячыць задоўга да афіцыйнага пачатку агітацыйнай кампаніі, каманда адзінага кандыдата пакуль не змагла згенераваць», — пісаў за тры тыдні да выбараў аналітык Аляксандр Класкоўскі.

Улады выкарыстоўвалі механізм прымусу, заганяючы людзей на датэрміновае галасаванне. Паводле ацэнак назіральнікаў, у 2001-м туды прыйшло 14−19% выбаршчыкаў; галасаваннем «па месцы знаходжання выбаршчыка» (мяркуючы з усяго, дома) скарысталася яшчэ 4,5%. Выбарчыя ўчасткі не забяспечылі спецыяльнымі пячаткамі для захоўвання скрыняў ноччу. Днём жа беларускіх назіральнікаў «шматкроць выганялі, не пускалі на выбарчыя ўчасткі або адмаўлялі ў інфармацыі». На 46% назіраных выбарчых участкаў прысутнічалі не ўпаўнаважаныя на гэта асобы: у пераважнай большасці выпадкаў — супрацоўнікі міліцыі (95%).

Місія АБСЕ зафіксавала сотні парушэнняў, якія трапілі ў выніковую справаздачу, і зрабіла выснову, што прэзідэнцкія выбары 2001 года не былі дэмакратычнымі. Нават тагачасны старшыня Цэнтрвыбаркама РФ Аляксандр Вешнякоў заявіў, што выбары ў Беларусі «далёка не ўзор для Расіі і для краін, якія сталі на шлях дэмакратыі».

Скрадзены другі тур і злітыя пратэсты

Паводле афіцыйных звестак, Уладзімір Ганчарык набраў на выбарах 15,65% — больш, чым які-кольвек апанент Лукашэнкі ў будучыні. Гайдукевіч — 2,48%, а вось Лукашэнка — 75,65%. Рэальныя ж вынікі былі зусім іншымі.

«Былі тры раёны, з якіх паабяцалі: мы табе скажам, што насамрэч атрымалася. Нідзе ў гэтых вясковых раёнах кандыдат ад улады не атрымаў больш за сорак працэнтаў. Але нават тыя, у каго хапіла смеласці сказаць мне праўду, далей не пайшлі: мы напішам гэтыя семдзесят восем, сказалі яны мне, бо суседзі ўсё роўна напішуць столькі ж. У Ганчарыка было і па сорак, а ў некаторых вясковых раёнах — па пяцьдзясят. І гэта нават пры [яго] дзікім масіраваным цкаванні», — пісаў Васіль Лявонаў.

Як адзначаў аналітык Валерый Карбалевіч, «паводле звестак грамадзянскай ініцыятывы «Незалежнае назіранне», Лукашэнку прыпісалі каля 20−25% галасоў. Цікава, што гэта супадае з колькасцю тых, хто прагаласаваў датэрмінова (хоць ЦВК сцвярджае, што датэрмінова прагаласавала толькі 14%, міжнародныя назіральнікі называлі іншыя лічбы. — Заўв. рэд.). Відавочна, што ўсе гэтыя звесткі прыблізныя, бо ўлады блакавалі нармальнае назіранне за выбарамі. І мы ніколі не даведаемся рэальнай карціны аддадзеных галасоў. З пачатку года, паводле звестак сацыёлагаў, рэйтынг Лукашэнкі вагаўся паміж 40 і 50%. Можна дапусціць, што колькасць галасоў на карысць Лукашэнкі перавысіла 50%. Але ва ўмовах атмасферы страху, запалохванняў і пагроз, манапольнай інфармацыйнай экспансіі на карысць аднаго кандыдата ці можна гэты вынік лічыць свабодным волевыяўленнем народа?»

Карбалевіч прыводзіць яшчэ адзін прыклад: «9 верасня ў 23.30 ЦВК паведамляе, што ў Віцебскай вобласці ўжо падлічана 98,8% галасоў, а ў Мінску — толькі 16% (!). Вы можаце ў гэта паверыць? У сталіцы ў выбарчых камісіях аказаліся менш пісьменныя людзі, чым у аддаленых вёсках у правінцыі? Ці вылічальнай тэхнікі менш? Ці сувязь горш працавала? У Мінску больш галасоў аддалі за Ганчарыка і менш — за Лукашэнку. І спатрэбілася больш часу, каб гэтыя вынікі прывесці ў адпаведнасць са сцэнарам».

Калі б галасы лічылі сумленна, то ў краіне, імаверна, мусіў прайсці другі тур, дзе супраць Лукашэнкі аб’ядналіся б усе, хто нават не верыў у магчымасць перамогі. Але абараняць атрыманыя вынікі апазіцыя не стала.

Паводле слоў Лявонава, 9 верасня, у дзень выбараў, на плошчу перад Палацам Рэспублікі выйшла каля 10 тысяч чалавек. «Здавалася, народ будзе ісці і ісці ўсю ноч (тым больш што залева ўрэшце скончылася), і да раніцы плошча будзе поўная, і стаяць мы будзем да таго часу, пакуль Лукашэнка, збаяўшыся народнага гневу, не прызнае, што вынікі выбараў сфальсіфікаваныя. Спачатку было падобна, што так яно і будзе. Потым нам, як і пяць гадоў таму, прапанавалі разысціся (гаворка пра падзеі 1996 года, калі пра гэта ж папрасіў спікер парламента Сямён Шарэцкі. — Заўв. рэд.). Пазней, праўда, прагучала іншая каманда: стаяць да канца, тэлефанаваць знаёмым, каб прыходзілі хаця б раніцай, калі не ўначы. Але многія ўжо паспелі разысціся, успомніўшы, што ўсё гэта ўжо было, і не жадаючы зноў станавіцца ўдзельнікамі бессэнсоўнай задумы і сведкамі ганебнага канца. Уладзімір Ганчарык прыйшоў і выступіў, потым сышоў, прыйшоў зноў, потым прайшоў у ДК прафсаюзаў. Потым абвясцілі, што менавіта тут цяпер будзе працаваць яго штаб», — расказвала журналістка Ірына Халіп.

Падчас гэтых ваганняў кандыдата ў прэзідэнты яго пераконвалі ўзяць на сябе адказнасць. «Яшчэ да галасавання кіраўнікі ЗУБРа і іншых незарэгістраваных моладзевых арганізацый кляліся: нашых хлопцаў трэба толькі пакарміць, яны зоймуць Палац прафсаюзаў і створаць ачаг маральнага супраціву ўзурпатару. Але для гэтага мусіць быць заклік кандыдата ў прэзідэнты. Я ўдакладніў: майго закліку ад імені кандыдата будзе дастаткова? Так, адказалі мне, але лепш, калі будзе заклік Ганчарыка. Я пагаварыў з Ганчарыкам. Стала відаць, што ён баіцца. Гэтую размову чуў наш вядомы паэт Уладзімір Някляеў. Ён падышоў да Ганчарыка і абклаў яго: ты — г… Калі ты нічога не можаш, то куды наогул палез? Ідзі і скажы, інакш я табе морду наб’ю! І Ганчарык — пайшоў», — успамінаў Лявонаў.

Паводле яго слоў, нехта самы смелы разбіў шкло, другі адчыніў дзверы ў палац, і актывісты зайшлі ў будынак. «Вялікія «зубры» раздалі каўбасу і адразу зніклі. Засталося чалавек дзвесце падлеткаў, класа дзевятага-дзясятага. Дзеці гэтыя горкія забіліся ў кут», — расказваў Лявонаў, які разам з прафесарам Юрыем Хадыкам з БНФ застаўся з імі на ноч.

Паводле звестак Халіп, «выявілася, што Ганчарык (з уласнай волі або пасля нечай падказкі) трапіў у зусім дурное становішча: сядзіць сабе ўнутры, у той час як большая частка людзей мерзне звонку. Значыць, трэба быць з імі. Але калі ён выйшаў, то выявілася, што маладняк збіраецца абвясціць ДК прафсаюзаў апорай дэмакратыі і пакідаць яго не збіраецца. І з кім быць: з тымі, хто звонку, ці з тымі, хто ўнутры? Ганчарык канчаткова заблытаўся і сышоў наогул. Апляваныя суграмадзяне яшчэ нейкі час чакалі, а потым, сцяміўшы, што і ў гэтую ноч, і ў найбліжэйшыя пяць гадоў нічога добрага чакаць ужо не даводзіцца, пачалі разыходзіцца».

Раніцай 10 верасня падлеткі, Лявонаў і Хадыка сышлі з будынка, і на гэтым «супраціў» скончыўся.

Выбарчыя бюлетэні знішчылі ўжо праз дзень пасля галасавання. Праз два дні пасля выбараў самалёты тэрарыстаў урэзаліся ў вежы-блізняты ў Нью-Ёрку, пасля чаго беларускі парадак канчаткова адышоў на другі план.

«Магчыма, ёсць нейкая найвышэйшая справядлівасць у перамозе Лукашэнкі. Калі б перамог Ганчарык, яму давялося б узяць на сябе ўсю адказнасць за непазбежнае рэзкае абвастрэнне эканамічных праблем. Але для чысціні эксперыменту гісторыя дала Беларусі магчымасць разам з Лукашэнкам дапіць сваю горкую чару да самага дна, давесці эканоміку да ручкі. Менавіта з яго імем будзе звязаная эканамічная дэпрэсія», — пісаў 17 верасня 2001-га пра выбары Валерый Карбалевіч.

І яго прагноз працягвае спраўджвацца.

Каментары5

  • бабруйчанін
    09.09.2024
    Да пагаднення аб " адзінам" на сустрэчу з Домашам прыйшло у Бабруйскі тэатр болей 1000 чалавек ( у тэатры каля - 800 мест ) стаялі ў праходах на вуліцы.Бачыў чыноўнікі дэрактары прадпрыемств .Бачна была зацікаўленнасць нейкая надзея па пытанням таксама
    Пасля абрання " адзінага" Ганчарыка пры сустрэчы казалі "Нічога ні атрымаецца зноў усе прасра.і."
    Акрамя Віка іншых " дабразычліўцаў" з захада бачна была " рука" піяршчыкаў з усхода.Газета з дз.вухгаловай куркай і фоткай Ганчарыка з ВПуціным... Прапанавалі разпаўсюджваць ?? Нам( з каманды падтрымкі Домаша))) Адказалі Мы яе спалім ці забірайце..Іньшыя дамоўленасці выконвалісь .
  • Янка
    09.09.2024
    Вік відавочна быў цалкам некампетэнтны.
    Функцыянеры беларускіх дзяржаўных прафсаюзаў - гэта былі закаранелыя канфармісты і прыстасаванцы, якія здабылі свае пасады дакладна не ў выніку рэальнай абароны правоў працоўных . І гэта было бачна яшчэ ў 1995, калі Лукашэнка здушыў страйк у менскім метро, але дзяржаўныя прафсаюзы не падтрымалі страйкоўцаў. Таму разлікі на падтрымку Ганчарыка з боку ФПБ у крытычны момант былі недарэчнымі.
    Але і засцярога на конт стаўлення левага электарату да Домаша таксама была перабольшанай, бо Домаш з яе кропкі погляду ня меў рэнамэ жорсткага нацыяналіста, як напрыклад Пазняк.
  • Жора
    09.09.2024
    І чым усё гэта прынцыпова адрознівалася ад 2020 года? Нічым. У 2020-ым была тая ж "бязладная падрыхтоўка апазіцыя, выбаркамы ад ярмошынай" і той жа нуль шанцаў перамагчы. Але пэўныя кандыдаты цягнулі людзей на ўчасткі, і зацягнулі - на ўчасткі, потым пад дручкі і рэпрэсіі. Чыста гапоны.

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне5

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне

Усе навіны →
Усе навіны

На свеце з'явілася яшчэ адна краіна доўгажыхароў. Што гэта за краіна?

Цырульніца з-пад Брэста стварыла цудоўны вобраз кліентцы. Яе абвінавацілі ў спрыянні ЛГБТ8

У Германіі спынілі беларускую машыну, якая ўразіла мясцовую паліцыю9

Кіраўніка партыі «Зялёныя» асудзілі на 6 гадоў калоніі3

«Ніхто з кіраўніцтва з ім не спрачаецца». Якія былыя сілавікі абселі кіраўнічыя пасады буйных беларускіх прадпрыемстваў7

У Міжземным моры затанула расійскае судна, якое ішло ў Сірыю1

55 гадзін на машыне і да 100 еўра за падсадку ў аўтобус. Пекла на ўездзе ў Беларусь з Польшчы9

«Пераарыентаваць бізнэс на працу з айчынным сэканд-хэндам». Улады шукаюць рады на заходнія санкцыі1

Расія нанесла ўдар балістычнай ракетай па Крывым Рогу1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне5

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне

Галоўнае
Усе навіны →