«Я не мог нават зайсці ў краму». Былы палізвязень расказаў, чым невыносная «хатняя хімія»
Восенню 2023 года да мінчука Кірыла Іванова ў кватэру ўварваліся сілавікі. Падчас затрымання яго, хворага на эпілепсію, моцна збівалі электрашокерам. Цяпер Кірыл расказаў «Вясне» пра расійскі трыкалор і сцяг СССР у кабінеце ГУБАЗіК. Як у міліцэйскім бусе яго моцна збівалі, як канваіры забаранялі гаварыць у турме, адкуль у яго сінякі па ўсім целе. А таксама як інспектары на «хатняй хіміі» імкнуцца адправіць палітычных вязняў у калонію.
Мінчука Кірыла Іванова асудзілі за каментар пра супрацоўніка памежнай службы на два гады «хатняй хіміі». Падчас адбывання пакарання ў мужчыны ў тэлефоне знайшлі ліставанне, у якім мінчук выказваў падтрымку Украіне. На Кірыла пачалі моцна ціснуць і пагражалі адправіць у калонію. Праз пагрозу небяспекі мужчына з’ехаў з Беларусі.
Кірыл Іваноў шмат каментаваў у інтэрнэце яшчэ і да падзей 2020 года. Заўсёды імкнуўся нікога не абражаць, але часам некаторыя рэзкія слоўцы праскаквалі, кажа суразмоўца. Крымінальную справу на яго завялі за восеньскі каментар 2021 года ў тэлеграм-канале «Усы Лукашенко» пад відэаролікам пра начальніка аддзела сувязі Дзяржпамежкамітэта.
«Я паглядзеў, што гэты памежнік выглядае вельмі маладым, а ўжо мае званне палкоўніка. Напісаў: «Не слишком ли молод этот выпердыш для палкана?»
«Заткніся, жывёла». Затрыманне
Праз два гады пасля напісання каментара, у кастрычніку 2023 года, да Кірыла ў кватэру прыйшлі «людзі ў масках». Супрацоўнікі ГУБАЗіК а сёмай раніцы выламалі дзверы ў тамбуры і пачалі ламацца ў дзверы кватэры.
«Я вырашыў адчыніць ім дзверы. Да мяне ўламаліся пяць чалавек у поўнай амуніцыі. Першы быў са шчытом і накіраваў на мяне пісталет. Мяне адразу паклалі на падлогу, рукі за спіну. Ніхто не прадставіўся. На любое слова ў іх бок я атрымліваў удар па нагах і абразлівае: «Заткніся, жывёла».
Я сказаў ім, што нічога падпісваць не буду, пакуль не прыйдуць панятыя. Адзін з сілавікоў адвёў мяне ў ванны пакой і кажа: «Ты ўвогуле разумееш, хто да цябе прыехаў?» І далей пачаў мяне моцна збіваць. Біў рукамі па твары, у жывот.
Сілавікі нават не паведамілі, з-за чаго яны прыйшлі да мяне. Я вельмі доўга з іх выцягваў, у чым увогуле справа. У адказ адзін з іх спытаў: «Ты ў інтэрнэце розную ху*ню пісаў?» Толькі ў кабінеце ГУБАЗіК на допыце мне ўжо сказалі канкрэтную прычыну».
«Ты што, змагар?» У бусе білі нагамі і электрашокерам
Пасля вобшуку сілавікі пасадзілі Кірыла на падлогу буса, дзе пачалі моцна збіваць нагамі і электрашокерам. Старшы сілавік сеў спераду і даў загад калегам: «З гэтым трэба пагаварыць. Занадта ён борзы». Кірыл знаходзіўся на прыступках на ўваходзе ў бус, а сілавік перасоўваўся па праходзе і біў з разгону. Мужчыну пыталі: «Ты што, змагар?» — і адразу білі нагою ў твар.
«Таксама мяне двойчы збівалі электрашокерам, ад якога засталіся моцныя сляды на руцэ, назе і жываце. Сілавікі адразу спыталі, ці я маю хранічныя захворванні. Калі даведаліся, што ў мяне эпілепсія, то загадалі паменшыць разрад электрашокера. У мяне пыталі, каго я падтрымліваю ў вайне. Я адказаў, што я за Украіну. Тады сілавікі са здзекам пыталі: «Можа ты яшчэ і за Ізраіль?». І пра «дзе вы былі 8 гадоў?» таксама было. Пыталі, калі пачалася Другая сусветная, а калі Вялікая айчынная войны».
У кабінеце вісеў расійскі трыкалор і сцяг СССР. Допыт у ГУБАЗіК
Далей Кірыла павезлі на допыт у аддзяленне ГУБАЗіК. Праз захворванне эпілепсіяй мужчына мае праблемы з вестыбулярным апаратам — ён дрэнна перасоўваецца па лесвіцы.
«Я быў у кайданках і папрасіў іх расшпіліць, каб трымацца за парэнчы. У адказ сілавік вельмі моцна два разы ўдарыў мяне ў сцягно. Гэта быў самы балючы ўдар, пасля якога застаўся вялікі сіняк на ўсё сцягно».
У кабінеце з Кірылам размаўлялі вельмі ветліва і нават называлі яго на «Вы». Суразмоўца мяркуе, што гэта магла быць гульня ў «добрых паліцэйскіх». Бо, як ён кажа, «дрэнныя» з ім ужо паразмаўлялі. Начальнік, які зайшоў у кабінет, тлумачыў збіццё Кірылу «дваравымі» паняццямі.
«Мне нарэшце патлумачылі, за што мяне затрымалі. Размаўлялі спакойна і без абразаў. Далей у кабінет зайшоў нейкі начальнік і пытае: «Калі б ты ў двары камусьці так сказаў, як напісаў у каментары? Напэўна, адразу атрымаў бы. Вось і атрымлівай цяпер». У іх так усё напаўзладзейскае», — кажа суразмоўца.
У аддзяленні віселі расійскі трыкалор і сцяг СССР, а таксама партрэты Сталіна і Дзяржынскага.
«Мяне гэта вельмі засмуціла. Не беларусы гэта».
Сілавікі намагаліся «раскруціць» Кірыла, каб ён нагаварыў на сябе і прызнаўся ў тым, чаго не рабіў. Яму абяцалі, што ўсе эпізоды пойдуць у адну крымінальную справу. У адваротным выпадку пагражалі завесці яшчэ адну справу.
«Супрацоўнікі ізалятара пабачылі, што я ўвесь амаль сіні». ІЧУ на Акрэсціна
Пасля кароткага візіту ў Следчы камітэт Кірыла адвезлі ў ізалятар на Акрэсціна.
«Падчас агляду я распрануўся і супрацоўнікі ізалятара ўбачылі, што я ўвесь амаль сіні. Яны адразу спыталі, адкуль гэтыя сінякі. Я сказаў, што гэта іхнія калегі так пастараліся».
Спачатку Кірыла на некалькі дзён змясцілі ў звычайную камеру, пасля чаго перавялі ў карцар.
«У аднамесным карцары нас было 10 чалавек і ўсе палітычныя. Там я таксама правёў трое сутак. Там так мала месца, што нават не ўсе могуць змясціцца на падлозе».
Адсутнасць сну было самым цяжкім выпрабаваннем для Кірыла. Кожную ноч а другой і чацвёртай гадзіне вязняў будзілі на праверкі. Днём нельга было спаць і ляжаць на ложку, кажа суразмоўца.
«У Жодзіне скажаш, што ніхто цябе не збіваў»
Перад адпраўкай у жодзінскую турму канваіры пабачылі сінякі Кірыла і сказалі, каб ні ў якім разе не казаў па прыбыцці, што яго збівалі сілавікі. У турме не прымаюць вязняў у збітым стане, кажа суразмоўца. А ў ІЧУ на Акрэсціна былі значна горшыя ўмовы, чым у Жодзіна, таму, каб Кірыла не адправілі назад у ізалятар, ён вырашыў паслухацца канваіраў. Мінчук правёў у зняволенні да суда тры месяцы.
Жодзінская турма №8. Фота Алеся Лапіцкага
«Канваіры спачатку нават падумалі, што ў мяне нейкі «нізкі» артыкул і мяне за гэта збілі самі вязні. Але калі зазірнулі ў справу, то ўсё самі зразумелі.
У звычайных зэкаў да палітычных было нейтральнае стаўленне. «Хіба гэта злачынцы? Знайшлі каго саджаць», — казалі яны. Гэта былі пераважна рабаўнікі крамаў і іншыя. Агулам добрыя людзі з дрэннымі ўчынкамі. Як ты там сябе паводзіш, так да цябе і ставяцца».
Апошні тыдзень перад судом суразмоўца паспеў адбыць на Валадарцы. Кірыл бачыў, як адміністрацыя рыхтавала СІЗА да пераезду ў новы будынак у Калядзічы і забірала з камер тэлевізары. Іх прагляд вязні замянілі вывучэннем англійскай мовы і разгадваннем красвордаў, якія там былі на вагу золата, кажа мужчына.
«На Валадарцы я ўжо прасіўся ў канкрэтную камеру. Адзін бандыт папрасіў мяне перадаць прывітанне сябру, які сядзеў у той самай камеры на Валадарцы. На дзіва, мяне туды і засялілі».
Кірыл расказвае, што на Валадарцы стаўленне канваіраў да вязняў было даволі лагодным. Да таго ж у мінскім СІЗА можна было днём ляжаць на ложку, чаго нельга было нават уявіць у жодзінскай турме.
«Нарэшце я прайдуся па вуліцы». Суд
Перад судом Кірыл здаў усе рэчы на склад. Яму выдалі аркуш паперы, асадку і бутэрброд. Тым, хто едзе на пасяджэнне, сняданак прыносяць раней, чым іншым.
«Мой суд быў у Маскоўскім раёне. Мяне зранку пасадзілі ў вузкае цеснае памяшканне, дзе я доўга чакаў пачатку працэсу. Акно было пад самай столлю. Лаўка адмыслова зробленая нязручнай, каб на ёй нельга было паляжаць. Але ў мяне ўсё адно атрымалася. Я чакаў абвяшчэння прысуду недзе 3-4 гадзіны. Гэта было вельмі стамляльна. Бывалыя зэкі ў турме казалі: «Рыхтуйся да горшага. Калі лепшае здарыцца, то і добра». Таму я рыхтаваўся да калоніі».
Кірыла прыехалі падтрымаць сваякі і сябры. Прызначылі яму два гады «хатняй хіміі».
«Спачатку я быў у эйфарыі. Нават не ведаў, што сказаць сваякам. Першае, што падумаў: нарэшце я прайдуся па вуліцы. Калі выйшаў, было адчуванне, нібы пару гадзін адсутнічаў. Адзінае, што снег паспеў выпасці», — узгадвае суразмоўца.
«Я нават не мог зайсці ў краму». «Хатняя хімія»
Па вызваленні суразмоўца стаў на ўлік. Ягоным інспектарам быў Шалік Ілля Андрэевіч. Імя сілавіка ўнесена ў «Чорную кнігу Беларусі», чым інспектар вельмі ганарыўся, расказвае Кірыл.
Кожны панядзелак Кірыл прыходзіў у інспекцыю адзначацца. Агулам з ім прыходзіла каля 130 палітвязняў.
«Мы ўсе сядалі ў актавай зале аддзялення міліцыі, і нас кожнага называлі па прозвішчы. Падыходзіш, распісваешся, сядаеш на месца. Пакуль усіх не назавуць, ты нікуды не ідзеш».
У інспекцыі Кірылу далі тры тыдні, каб ён афіцыйна ўладкаваўся на працу. Як расказваюць былыя палітвязні, працадаўцы вельмі неахвотна бяруць новых супрацоўнікаў, якія адбываюць «хімію». Суразмоўцу пашчасціла ўладкавацца па спецыяльнасці ў прыватную фірму.
Па ўладкаванні на працу Кірылу зменшылі колькасць вольнага часу.
«Да працаўладкавання ў мяне быў вольны час з 16-й па 18-ю гадзіну. Пасля графік змяніўся. З 17-й па 18-ю гадзіну я мусіў паспець даехаць да дому. І яшчэ гадзіна выдзялялася для вольнага часу. Пры гэтым падчас дарогі дамоў я не меў права нікуды заходзіць. Я не мог нават зайсці ў краму. Інспектар за гэтым вельмі сачыў» — расказвае Кірыл.
Падчас адбывання «хатняй хіміі» да палітычных часта прыходзяць з праверкамі ў начны час. Кірыл не стаў выключэннем.
«Праз тое, што ў мяне эпілепсія, я не магу хутка падымацца з ложка. А пакуль правяральшчыкі звоняць у дамафон, трэба паспець прачнуцца і дабегчы да трубкі. Гэта ўсё было непрыемна і нервова ды дадаткова абцяжарвала жыццё».
«Ты што, бл*дзь! Расійская армія для цябе пачвары?» Ад’езд з Беларусі
Так Кірыл адпрацаваў амаль паўгода. Акрамя панядзелкавых сходаў былых вязняў перыядычна збіралі па чацвяргах, дзе чыталі лекцыі ад Чырвонага крыжа і на розныя сацыяльныя тэмы.
«Гэтыя лекцыі былі карысныя пераважна для тых вызваленых, якім не было куды падацца і якім была патрэбная падтрымка. Для нас, хто працаваў, гэта быў дадатковы «гемарой», бо трэба было зноў адпрошвацца з працы».
На адным з такіх сходаў усім сказалі ісці, акрамя палітычных.
«Нам загадалі здаць тэлефоны на праверку. Праверылі. Здаецца, усё было добра. А ўжо вечарам мне патэлефанавалі і выклікалі на наступны дзень у інспекцыю. Там мне здалёк пачалі задаваць пытанні палітычнага характару: на якіх рэсурсах я пісаў каментары і якога яны былі зместу.
Разам са старым інспектарам мяне апытваў новы, таксама Ілля Андрэевіч, але па прозвішчы Клок. Вось гэта мярзота поўная. Ён стаў распытваць пра сваякоў. А ў мяне бацька былы палітвязень, а брат у Польшчы.
Калі ён пра гэта пачуў, то стаў з мяне кпіць і вырашыў праверыць тэлефон. А там убачыў у фэйсбуку жоўта-блакітную аватарку маёй стрыечнай цёткі з Украіны. Палез у нашую з ёй перапіску. А я там выказваўся пра злачынствы расійскай арміі:
— Расійская армія забівае і гвалціць дзяцей. Дзе іхняя царква?
— Дык царква і пакрывае гэтых пачвар.
Гэты Клок як зараве на мяне: «Ты што, бл*дзь! Расійская армія для цябе пачвары? Дык ты змагар?»
Інспектары пачалі правяраць Кірыла на запісах камер відэаназірання. Шукалі, ці не ўдзельнічаў той у пратэсных акцыях. А таксама загадалі кожны дзень хадзіць на праверкі. Раз у дзень яны па чарзе правяралі з дапамогай адмысловых ботаў кожную з сацсетак Кірыла. Шукалі каментары і лайкі, кажа суразмоўца.
«Адразу пасля той размовы я прыняў рашэнне збягаць, бо нічым добрым гэта б не скончылася. Інспектары мне адкрыта пагражалі, што я паеду ў калонію. Увесь непрацяглы час, пакуль я рыхтаваўся да ад’езду, я штодзень хадзіў да іх на праверкі».
У выніку Кірыл з’ехаў з Беларусі і цяпер наладжвае новае жыццё ў адной з еўрапейскіх краін.
Праваабаронцу Насту Лойку этапуюць у мінскае СІЗА
Што прапанаваць Лукашэнку за палітвязняў? Спрэчка Стрыжака з Хоміч
Былы палітвязень расказаў пра цяжкі стан здароўя Аляксандра Фядуты
Што вядома пра самага пажылога палітвязня — 75-гадовага жыхара Хойнікаў, якому за каментары прысудзілі 3,5 года калоніі
Каментары
Бач ты, народзец пачынае нешта кеміць! А тады наступнае пытанне: а як жа вас ад іх адрозніваць?