Свет

Вялікабрытанія пасля шматгадовых спрэчак пагадзілася перадаць Маўрыкію астравы Чагас

Вялікабрытанія абвясціла, што адмаўляецца ад суверэнітэту над аддаленым, але стратэгічна важным архіпелагам Чагас у Індыйскім акіяне і перадае яго астраўной дзяржаве Маўрыкію. Пра гэта заявілі прэм'ер-міністры абедзвюх краін. Гэтае рашэнне Лондана паклала канец дзесяцігоддзям напружаных перамоў паміж Вялікабрытаніяй і Маўрыкіем па пытанні архіпелага, піша Руская служба Бі-бі-сі.

Астравы Чагас. Фота: Pictures From History/Universal Images Group via Getty Images

У склад астравоў Чагас уваходзіць трапічны атол Дыега-Гарсія, які выкарыстоўваецца ЗША як вайсковая база для караблёў ВМС і далекабойных бамбавікоў. Гэтая база, у прыватнасці, выкарыстоўвалася амерыканскай авіяцыяй падчас налётаў на Афганістан і Ірак.

Згодна з умовамі новай дамовы, Брытанія будзе арандаваць у Маўрыкія востраў Дыега-Гарсія на тэрмін не менш за 99 гадоў, што дазволіць Злучаным Штатам захаваць сваю вайсковую базу.

Паводле карэспандэнтаў Бі-бі-сі, захаванне гэтай базы — ключавы фактар у кантэксце ўсё большай геапалітычнай канкурэнцыі ў рэгіёне паміж заходнімі краінамі, Індыяй і Кітаем.

Лідары Вялікабрытаніі і Маўрыкія заявілі, што абавязваюцца «забяспечыць доўгатэрміновае, бяспечнае і эфектыўнае функцыянаванне наяўнай базы на востраве Дыега-Гарсія, якая адыгрывае важную ролю ў рэгіянальнай і глабальнай бяспецы».

ЗША віталі «гістарычную» здзелку. Прэзідэнт Джо Байдэн адзначыў, што гэта «наглядна дэманструе, што дзякуючы дыпламатыі і партнёрству краіны могуць пераадольваць старыя гістарычныя праблемы і дасягаць мірных і ўзаемавыгадных вынікаў».

Дамова яшчэ патрабуе канчатковай дапрацоўкі, але бакі абяцаюць завяршыць яе як мага хутчэй. У сумеснай заяве прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Кіра Стармера і прэм'ер-міністра Маўрыкія Правінда Джагнота гаворыцца, што пагадненне «ліквідуе памылкі мінулага і пакажа прыхільнасць абедзвюх бакоў да падтрымкі дабрабыту чагасцаў».

Архіпелаг Чагас быў аддзелены ад Маўрыкія ў 1965 годзе, калі Маўрыкій яшчэ быў брытанскай калоніяй. Брытанія купіла яго за 3 мільёны фунтаў і абвясціла сваёй заморскай тэрыторыяй. Маўрыкій абвінавачваў Брытанію ў незаконнай каланіяльнай акупацыі архіпелага, сцвярджаючы, што яго прымусілі адмовіцца ад правоў на астравы Чагас у 1968 годзе ў абмен на незалежнасць.

У 2019 годзе Генеральная асамблея ААН пераважнай большасцю галасоў (116 супраць 6) прыняла рэзалюцыю, якая заклікае Вялікабрытанію адмовіцца ад кантролю над астравамі Чагас. Маўрыкій таксама разгарнуў актыўную кампанію па вяртанні кантролю над астравамі праз ААН, суды і СМІ.

У Вялікабрытаніі застаюцца яшчэ наступныя заморскія тэрыторыі: Ангілья, Бермуды, Брытанская антарктычная тэрыторыя, Брытанскія Віргінскія астравы, Кайманавы астравы, Фалклендскія астравы, Гібралтар, Мантсэрат, астравы Піткэрн, востраў Святой Алены, Трыстан-да-Кунья і астравы Цёркс і Кайкас.

Каментары

Цяпер чытаюць

Арыштавалі прадстаўнікоў кампаніі Bayer у Беларусі9

Арыштавалі прадстаўнікоў кампаніі Bayer у Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

МНС назвала нечаканыя крыніцы радыяцыі ў паўсядзённым жыцці3

«Прапанавалі каву, бутэрброд — а потым адвезлі ў СІЗА». Уладальнік «Новага зроку» расказаў, як яго затрымалі па ноце Інтэрпала1

У Яраслаўлі пасля атакі дронаў гарыць буйны НПЗ1

ЗША нанеслі ўдары па іранскім востраве Кешм у Армузскім праліве

Час пераабувацца. Ці ёсць сэнс ехаць па зімовыя шыны ў Польшчу і Літву?3

Перамовы паміж Расіяй, Украінай і ЗША пройдуць у Абу-Дабі 10—11 лістапада3

У восем гадоў у дзяўчыны пачалі імкліва расці грудзі і не спыніліся дагэтуль6

Амерыканцы хочуць уключаць сонечнае святло па начах — праз спадарожнікі

Вольга Гарбунова: Не хачу, каб апазіцыя ў выгнанні прыйшла да рэальнай улады ў Беларусі, а Святлана стала прэзідэнткай67

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Арыштавалі прадстаўнікоў кампаніі Bayer у Беларусі9

Арыштавалі прадстаўнікоў кампаніі Bayer у Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць