Грамадства11

Тры маляўнічыя прысядзібныя паркі, якія варта наведаць увосень

Восень — самы час, каб пашпацыраваць на самоце і парабіць найяскравейшых фота ў прыгожых лакацыях. У вандроўцы Budzma.org прапануецца сумясціць гэтыя дзве мэты ды наведаць некалькі прысядзібных паркаў, што захаваліся да нашых дзён з мінулых стагоддзяў. Гэта Радзівілаўскі парк у Нясвіжы, адзін з найбуйнейшых пейзажных паркаў Беларусі ў колішніх Бяльмонтах ды парк пры сядзібе Агінскіх у Залессі.

Niasviž
Нясвіж увосень. Фота: 35photo.pro

Нясвіж

Першы прысядзібны парк, у які варта трапіць увосень — гэта нясвіжскі. Ён быў закладзены пры, бадай, самым вядомым сярод турыстаў Беларусі палацы. Калі быць дакладнымі, пры Радзівілаўскім палацы ў Нясвіжы зараз цэлых пяць паркаў. Яны і ўтвараюць унікальны прыродны ансамбль разам з шэрагам сажалак, масткоў, скульптур і мноствам разнастайных прысадаў.

Niasvižski palac
Нясвіжскі палац

Гісторыя мясцовага парку пачалася ў XVII стагоддзі, калі ў Нясвіжы гаспадарыў Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка. Тады пры палацы быў закладзены італьянскі сад, а пасля, за Міхалам Казімірам Рыбанькам, каля сядзібы быў разбіты французскі парк, які меў нават уласную назву «Кансаляцыя», ці «Уцеха».

Найбольшы ж унёсак ва ўпарадкаванне навакольнай тэрыторыі ўнесла княгіня Марыя Дарота дэ Кастэлян. Дзеля гэтага яна запрасіла ў Нясвіж вядомых у Еўропе майстроў садова-паркавага мастацтва. Дрэвы, высаджаныя пры сядзібе, былі прывезеныя з Берлінскага гадавальніка, замкавыя валы засадзілі ружамі, і ўся гэтая прыгажосць была аздобленая маляўнічымі тэрасамі ды альтанкамі для адпачынку.

Park u Niasvižy
Парк у Нясвіжы

З часам увесь прысядзібны прыродны масіў быў павялічаны да пяці паркаў: Замкавага, Старога, Японскага, Англійскага і Новага, якія мы можам наведаць і сёння.

Замкавы парк складаецца з прысадаў уздоўж абарончага рова і дамбы. Стары парк пачынаецца ад старадаўняй брамы, што месціцца на паўночны ўсход ад палаца. Японскі парк першапачаткова закладаўся паводле ўсходняга ўзору з усімі адпаведнымі аздабленнямі: карлікавымі дрэвамі, мудрагелістымі сцяжынамі ды садам камянёў. Але цяпер яго амаль не адрозніць ад усіх астатніх.

Park u Niasvižy
Парк у Нясвіжы

Англійскі і Новы паркі можна пабачыць на супрацьлеглым беразе ракі Уша. Вядома, што Англійскі парк быў улюбёным месцам конных шпацыраў гаспадароў нясвіжскага палаца, а з Новым звязаная кранальная родавая легенда. Гэты парк яшчэ называюць Марысін, у імя забітай дачкі князёўны Марыі Радзівіл, якая закахалася ў незаможнага шляхціча Яна. У 1980-х гадах у памяць Марыі і Яна ўсталявалі дзве скульптуры на Выспе кахання ў Марысіным парку. Таксама і сярод прысадаў парка ёсць скульптура Марыі, якую ў цемры можна ўспрыняць за здань ды моцна перапужацца.

Park u Niasvižy
Парк у Нясвіжы

Бяльмонты

Рэшткі прысядзібнага парку Гільзэнаў-Плятэраў захаваліся ў вёсцы Ахрэмаўцы Браслаўскага раёна. Ахрэмаўцы ўтварыліся ў сённяшніх сваіх межах на беразе возера Дрывяты за савецкім часам, калі аб’ядналіся дзве вёскі: непасрэдна Ахрэмаўцы і фальварак Бяльмонты. У 1748 годзе навакольныя землі ў Ахрамовічаў набыў ваявода менскі Ян Гільзэн. А ўжо ягоны сын, Юзаф Гільзэн, заклаў на высокім узгорку на беразе Дрывятаў шыкоўную сядзібу з італьянскім пейзажным паркам і назваў свой новы маёнтак Бяльмонты, што ў перакладзе з французскай мовы азначае «прыгожая гара».

Mapa

Наступнымі гаспадарамі Бяльмонтаў былі прадстаўнікі роду Плятэраў. У ХІХ стагоддзі Бяльмонты сталі культурным цэнтрам Браслаўшчыны, тут гасцявалі вядомыя асобы свайго часу. У маёнтку месціўся прыватны музей, дзе была выстаўленая вялікая археалагічная калекцыя, сямейная бібліятэка Плятэраў змяшчала некалькі тысяч старажытных выданняў. У Бяльмонтах гасцяваў і Напалеон Орда, які пакінуў тры замалёўкі сядзібы, паводле якіх мы можам меркаваць пра тое, як выглядала сядзіба Плятэраў у 1876 годзе. Падчас Першай сусветнай вайны палац Плятэраў быў пашкоджаны.

Усю мэблю, бібліятэку, музей, экспанаты якога былі перададзеныя гаспадарамі Віленскаму ўніверсітэту, вывезлі ў Расію, адкуль, вядома, яны да нас так і не вярнуліся. А падчас Другой сусветнай вайны адноўлены палац ушчэнт знішчылі партызаны ды разабралі рэшту на будаўнічыя матэрыялы.

Park u Biaĺmontach
Парк у Бяльмонтах. Фота: planetabelarus.by

Ад вялікага палацава-паркавага ансамбля да нашага часу захаваўся парк, які ў свой час лічыўся другім па велічыні пасля Радзівілаўскага ў Нясвіжы. Зараз ягоная плошча каля 62 га. Тут сёння пракладзеная экасцежка працягласцю два кіламетры. На тэрыторыі парку можна пабачыць рэшткі падмурка колішняй сядзібы і нанова адбудаваны касцёл. Парк уражвае сваімі маштабамі, рэшткамі воднай сістэмы ды ўзгорыстым рэльефам. Тут на кожнай сцяжыне адчуваецца дух старасветчыны ды ўзнікаюць вобразы далёкай мінуўшчыны.

Увосень у парку асабліва маляўніча і фактычна няма наведнікаў, у адрозненне ад люднага Нясвіжа, таму для восеньскіх шпацыраў на самоце ён як найлепш пасуе.

Park u Biaĺmontach
Парк у Бяльмонтах. Фота: planetabelarus.by

Залессе

Далей прапануем рушыць у парк, дзе, магчыма, падчас рэгулярных шпацыраў Міхал Клеафас Агінскі натхніўся на напісанне свайго знакамітага паланэза «Развітанне з Радзімай». Парк быў закладзены гаспадарамі сядзібы ў Залессі цяперашняга Смаргонскага раёна напрыканцы XVIII — пачатку ХІХ стагоддзя пры драўляным палацы. А з 1802 года, калі той перайшоў ва ўласнасць Міхала Агінскага, палац быў перабудаваны ў велічны мураваны будынак у стылі класіцызм, які можна пабачыць і сёння добра адрэстаўраваным, разам з трапічнай аранжарэяй пры ім.

Zaliessie prysada
Залессе прысада. Фота: planetabelarus.by

Вакол палаца гаспадары разбілі два шыкоўныя паркі — французскі рэгулярны, ад якога сёння захаваліся ліпавыя прысады, і англійскі рамантычны, захаваны да сёння ў добрым стане. Дзеля ўпарадкавання навакольнай тэрыторыі Агінскія запрасілі ў Залессе вядомых віленскіх батанікаў свайго часу — Станіслава Юндзіла і Юзафа Струмілу. Паркі былі аздобленыя альтанкамі ва ўсходнім стылі, адна з якіх сёння адноўленая. Як і стылізаваны пад антычнасць «Храм Амеліі», названы ў гонар дачкі аўтара знакамітага паланэза.

Zaliessie
Залессе. У парку. Фота: smorgon.by

Сёння плошча прысядзібнага парку ў Залессі складае 35 га, і ён з’яўляецца батанічным помнікам рэспубліканскага значэння. Тут можна сустрэць 29 відаў дрэў, сярод якіх захаваліся і экзоты: веймутава хвоя, канадская таполя, спірэя і шмат іншых цікавых раслін. У парку захаваліся і рэшткі колішняй воднай сістэмы з вялікай сажалкай, якая ад стварэння сілкуецца дзвюма рэчкамі Бабрынкай і Рудзіцай, якія таксама арганічна ўпісаныя ў прастору парку.

Zaliessie

Залессе. У парку. Фота: planetabelarus.by

Апроч прысадаў, воднай сістэмы з каскадам маляўнічых масткоў, утульных альтанак на прасторы парку былі ўсталяваныя некалькі памятных камянёў. Два з іх захаваліся і да нашых дзён. Адзін з іх — у гонар Тадэвуша Касцюшкі і паўстанцаў 1794 года, другі — у гонар настаўніка Міхала Клеафаса Агінскага Жана Рале, які моцна паўплываў на развіццё асобы будучага знакамітага кампазітара. Іх не проста знайсці, калі дакладна не ведаць, куды ісці. Раім пашукаць самастойна, блукаючы пакручастымі сцежкамі, пракладзенымі некалькі стагоддзяў таму сярод маляўнічых краявідаў.

Kamień Kasciuški ŭ Zaliessi
Камень Касцюшкі ў Залессі

Каментары1

  • залессе
    12.10.2024
    "запрасілі ў Залессе вядомых віленскіх батанікаў свайго часу — Станіслава Юндзіла і Юзафа Струмілу"
    якія летувісскія імёны і прозвішчы...

Расіяне расказалі, як намучыліся на беларускай мяжы8

Расіяне расказалі, як намучыліся на беларускай мяжы

Усе навіны →
Усе навіны

Галоўчанка паабяцаў стварыць музей на гарадзішчы на Менцы6

Гайдукевічу прапануюць стаць пратэсным кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах24

У ЗША выратавалі мужчыну, які дрэйфаваў на халадзільніку ў моры на працягу амаль сутак3

Беларус, які вызваліўся пасля паўтара года хіміі, ударыў малатком па сцяне Крамля3

Міністр унутраных спраў Літвы назвала, колькі беларусаў давялося прымусова выслаць назад у краіну2

«Гнілаж і размандыкванне». Чалы тлумачыць, як Лукашэнка прыдумаў ідэальную праграму працы на будучыню5

Памёр Андрэй Цісык

У Аўстраліі жанчыне адгрыз руку ўласны сабака. Яна змагаецца за жыццё8

У Гродне пенсіянерка ішла на кірмаш і драпала аўтамабілі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расіяне расказалі, як намучыліся на беларускай мяжы8

Расіяне расказалі, як намучыліся на беларускай мяжы

Галоўнае
Усе навіны →