Меркаванні33

Незалежнасьць — гэта… Свабода!

Угэтыя дні мы вяртаемся раз-пораз да пятнаццацігоддзя абвяшчэння незалежнасці. Што зьдзейсьнілася за гэтыя гады? Што адбылося, што не? У чым прычына нашых расчараваньняў, нашых памылак? Чаму сьвятая ідэя незалежнасьці, здаецца, выкрадзеная і апошленая тымі, каму зусім нядаўна на Беларусь было напляваць?

Часцяком згадваецца, як прызнак наіўнасці і няспраўджаных надзеяў, знакамітае эсэ Уладзімера Арлова «Незалежнасць - гэта…» Яно сапраўды выказвала нашыя мары і памкненні. Сёння чытаючы яго, можа сапраўды прыйсці думка пра нашую наіўнасць і недальнабачнасць. Але - не. Арлоў дагэтуль актуальны. Каб даказаць гэта, я вырашыў зрабіць маленькую правакацыю. Я перадрукоўваю эсэ, замяніўшы ў ім адно толькі слова. Паглядзіце, што атрымалася…

Свабода - гэта…

Свабода - гэта калі ты зьявісься на сьвет у радзільні, дзе няма сама стэрыльных на зямлі прусакоў, затое ёсьць аднаразовыя шпрыцы й пялюшкі.

Свабода - гэта калі твой бацька пойдзе ў ЗАГС, каб атрымаць дакумент, што ты сапраўды нарадзіўся і што цябе назвалі ў гонар дзеда Рыгорам, і кабета, якая сядзіць там, спакойна выпіша яму гэты дакумент, а ня выцягне са стала «Справочник личных имён народов СССР» і ня будзе, размахваючы ім, гістэрычна тлумачыць твайму бацьку, што ён можа без праблем назваць сына Файзулой ці нават Мамаем, а вось Рыгорам - ня можа, бо такога імя проста не існуе ў прыродзе (а существует нормальное человеческое имя Григорий).

Свабода - гэта калі ты пойдзеш у школу і цябе будуць вучыць на тваёй мове (а дзяўчынку Гражынку, якая падабалася табе ў дзіцячым садзе, - на яе мове, а твайго суседа хлопчыка Мішу, тату якога завуць Ісакам, - на ягонай, а другога твайго суседа хлопчыка Алёшу, бацькі якога прыехалі сюды, бо ў іхнім горадзе на Волзе, каб купіць малому малака, трэба займаць чаргу а пятай гадзіне раніцы, - на ягонай). Цябе будуць вучыць на тваёй мове, і дзеля гэтага тваім тату й маме ня трэба будзе ўсё лета зьбіраць па кватэрах заявы бацькоў, якія не тое каб не хацелі вучыць сваіх дзетак так, як твае тата й мама, а проста ніколі пра гэта ня думалі, бо вырасьлі пры інтэрнацыяналізьме. І гэтыя заявы не трэба будзе губляць тры разы дырэктару й два - сакратарцы, і першы верасьнёвы дзень ты не пачуеш на ўрачыстай лінейцы, што «год от года хорошеет материально-техническая база нашей школы», а прыйшоўшы ў сваю клясу не даведаесься, што дзякуючы няўхільнаму клопату партыі й ураду, у вас на ўсю клясу толькі адзін лемантар і дзьве «матэматыкі» на роднай мове.

Свабода - гэта калі твая дружына ня будзе змагацца за права насіць імя Паўліка Марозава ці Аляксандра Мясьнікова, бо ўсе вы цудоўна ведаеце, як любіў свайго татку Паўлік і як любіў беларусаў Мясьнікоў.

Свабода - гэта калі ты будзеш студэнтам і на лекцыі па вышэйшай матэматыцы твой смуглявы раўналетак з Мадагаскару, які вучыцца за грошы сваёй, а не тваёй краіны, нахінецца да цябе і запытае, што значыць слова «імавернасьць», і ты па-французку растлумачыш яму.

Свабода - гэта калі ты будзеш служыць у войску не далей за памежны горад ці вёску твае зямлі, затое табе ніколі не загадаюць фарбаваць траву і прыбіраць тэрыторыю «вот от сюда и до обеда». У нядзелю ты зможаш прыехаць да бацькоў ці да свае дзяўчыны, затое ніхто не назаве цябе «бульбашом», а твайго сябра - «черножопым» за тое, што вы думаеце й гаворыце ў сьне па-свойму, і выдатнікі баявой і палітычнай падрыхтоўкі ня будуць у працэсе гэтай падрыхтоўкі рабіць табе «велосипед», і табе ніколі не загадаюць гастрыць сапёрную рыдлёўку, каб акапацца ў Баку ці ў Тбілісі.

Свабода - гэта калі твая дзяўчына кажа, што хоча на выходныя ў Вену, і ты з чыстым сумленьнем абяцаеш ёй, што ў суботу вы вып’яце кавы насупраць палацу Шонбрун, і ведаеш, што перад вашай вандроўкаю ніхто не будзе высьвятляць у цябе, ці быў ты ў дзяцінстве жыдом, а таксама, ці быў ты раней за мяжою і калі вярнуўся адтуль, дык зь якой мэтаю.

Свабода - гэта калі на Дзяды, у Дзень памяці продкаў, ты ідзеш на могілкі й ведаеш, што паставіш сьвечку й пакладзеш кветкі, а ня станеш удзельнікам выпрабаваньня балёнчыкаў з нэрвова-паралітычным газам ці новае мадэлі гумовага дручка.

Свабода - гэта калі твой сын прынёс са школы пяцёрку па гісторыі і ты хваліш яго за гэтую пяцёрку, бо ведаеш, што ён атрымаў яе не па тым прадмеце, дзе вучаць пра Лядовае пабоішча і перамогу калектывізацыі, а па тым, дзе вучаць пра Грунвальдзкую бітву, якая ўратавала твой народ ад сьмерці, і кажуць праўду пра тую ўладу, што растраляла твойго дзеда й задушыла голадам тваю бабулю.

Свабода - гэта калі да цябе завітае сьпявак зь Ню-Ёрку, і ты вып’еш зь ім добрую чарку вішнёўкі, і пасьля ветлівыя дзяцькі ў цывільным не запрапануюць табе падрабязна напісаць, дзе й што вы пілі й каго пры гэтым лаялі.

Свабода - гэта калі ты пазбаўлены магчымасьці пачуць, як твой прэзыдэнт вучыць з экрану суайчыньнікаў: «Хто как хаціт, той так і гаварыт», бо твой прэзыдэнт - чалавек пісьменны і хоць адну мову ўсё ж ведае.

Свабода - гэта калі з тэлеперадач і газэт раптам зьнікаюць лісты нястомна-таямнічых вэтэранаў і вусьцішныя паведамленьні пра нацыяналістаў і экстрэмістаў з народных франтоў, якія нават ў начы ня сьпяць, а распальваюць паміж табой, Алёшам і Мішам, тату якога звалі Ісакам, а таксама Гражынаю, якая даўно ўжо твая жонка, міжнацыянальную варожасьць, каб учыніць сярод вас крывавую разьню й пусьціць пад адхон цягнік перабудовы.

Свабода - гэта калі ніхто ня страшыць цябе, што твой народ ня зможа выжыць без вялікага старэйшага брата, бо ня мае сваіх баксітаў ці алмазаў, і ты разумееш, што зусім дарэмна шкадаваў гарапашных галяндцаў ці бэльгійцаў, якія ня маюць ні баксітаў, ні алмазаў, ні нават старэйшага брата.

Свабода - гэта калі велізарныя фуры з надпісам «Центровывоз» (ці бачыў ты хоць раз такія фуры з надпісам «Центроввоз»?) падрулююць не да чужых, а да нашых крамаў.

Свабода - гэта калі раптам высьветліцца, што разумныя людзі ёсьць і ў нас, і калі - крый Божа! - выбухне завод ці прычыніцца якое іншае ліха, ня трэба будзе чакаць, пакуль прыедзе камісія з маскоўскіх разумнікаў.

Свабода - гэта калі на Божай пасьцелі ведаеш, што пасьля таго, як ты памяняеш гэты сьвет на лепшы, на месцы царквы ці касьцёла, дзе цябе хрысьцілі і дзе ты вянчаўся, не выкапаюць сажалку з брудным лебедзем і не пабудуюць басэйн імя XVIII зьезду КПСС, а могілкі, дзе будуць спачываць твае косьці, не зьнясуць і не ператвораць у закіданы пустымі пляшкамі парк культуры й адпачынку імя таварыша Гарбачова або імя таварыша Лігачова.

Свабода - гэта…

Свабода - гэта калі ад нараджэньня да скону пачуваесься сваім чалавекам на сваёй зямлі.

Я веру, што калі-небудзь так будзе.

Бо іначай проста ня варта жыць.

Уладзімер Арлоў. Люты, 1990 г.
У перапрацоўцы Фальксвагена, жнівень 2006.

Каментары3

Цяпер чытаюць

Анжаліцы Мельнікавай выдалі пашпарт прыкрыцця на імя Ангеліны Радзівонавай?

Анжаліцы Мельнікавай выдалі пашпарт прыкрыцця на імя Ангеліны Радзівонавай?

Усе навіны →
Усе навіны

Прыём некаторых папулярных лекаў падчас цяжарнасці павялічвае рызыку аўтызму ў дзіцяці амаль напалову8

Трамп даручыў падрыхтавацца да доўгай блакады Армузскага праліва3

Таямніца, якой 200 мільёнаў гадоў: навукоўцы высветлілі, чаму крабы ходзяць бокам

Белы дом апублікаваў фота Трампа і Карла ІІІ з подпісам «Два каралі»11

Парад Перамогі ў Маскве ўпершыню за два дзесяцігоддзі пройдзе без вайсковай тэхнікі2

Па тэлебачанні паказалі пятага ўдзельніка абмену, перададзенага ў Беларусь4

Аўстраліец прыехаў у Львоў і там скокнуў з агляднай пляцоўкі Ратушы2

У Славакіі дочкі прыйшлі на магілу нядаўна памерлага бацькі і пачулі з яе падазроныя гукі. Ім не падалося8

21‑гадовы сын Захара Прылепіна ваюе штурмавіком ва Украіне2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Анжаліцы Мельнікавай выдалі пашпарт прыкрыцця на імя Ангеліны Радзівонавай?

Анжаліцы Мельнікавай выдалі пашпарт прыкрыцця на імя Ангеліны Радзівонавай?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць