Грамадства66

«Прэтэнзія не фармальная і не юрыдычная, гэта чыста этычная праблема». Аляксей Дзікавіцкі расказаў, як і чаму пайшоў з «Белсата»

Адзін з заснавальнікаў тэлеканала «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі, які апошнія месяцы быў выканаўцам абавязкаў яго дырэктара, расказаў Беларускай асацыяцыі журналістаў пра прычыны датэрміновага пакідання сваёй пасады і далейшыя планы.

Аляксей Дзікавіцкі. Фота: з сацсетак
Аляксей Дзікавіцкі. Фота з сацсетак

«Мне прапанавалі ўзначаліць сайт «Белсата», хаця ягоная кіраўніца ляжыць у шпіталі»

— Вы падалі кіраўніцтву TVP заяву аб звальненні па згодзе бакоў з 22 лістапада. Ці ёсць рэакцыя?

— У дырэкцыі TVP я атрымаў інструкцыі, як перадаць свае абавязкі. Як толькі перадам, спадзяюся, адразу развітаемся.

— Чаму вы вырашылі звольніцца з тэлеканала датэрмінова?

— Прычын некалькі.

Кіраўніцтва тэлебачання, структурай якога з’яўляецца «Белсат», мае права прызначаць на пасаду дырэктараў асобных каналаў каго лічыць патрэбным, а такі стыль мне падаецца мала прымальным. Я да такога не прызвычаіўся, і не хачу, каб са мной так абыходзіліся.

Другая справа, што мне прапанавалі ўзначаліць сайт «Белсата». Але я гэтага рабіць не буду: ягоная кіраўніца спраўляецца са сваімі абвязкамі вельмі добра. Зараз яна ляжыць у шпіталі, і яшчэ доўга будзе ляжаць на рэабілітацыі. Не хапала толькі, каб яна вярнулася са шпіталя і ўбачыла на сваім месцы Дзікавіцкага.

І трэцяе. Калі спыняе сваё існаванне структурная адзінка ў такой вялікай фірме, якой з’яўляецца Польскае тэлебачанне, то яе спачатку трэба ліквідаваць. Гэтае слова азначае, што структура павінна фармальна скончыць сваё існаванне, каб яна магла стаць часткай іншай структуры. Зрабіць гэта было даручана мне. А я не хачу рабіць гэтага нават фармальна, бо ўсё-такі я быў адным з заснавальнікаў «Белсата», і вельмі не хацеў бы, каб мой подпіс стаяў на паперах, паводле якіх тэлеканал ліквідуецца.

— Вы кажаце, што не пагаджаецеся з такім стылем прыняцця рашэнняў. Што канкрэтна вас абурыла?

— Чалавека, які столькі гадоў адпрацаваў на канале, нават не папярэдзілі, што такое плануецца, што кіраўніком паставяць некага іншага.

Паўтаруся, я не маю нічога супраць новага кіраўніка. Але папярэдзіць мяне пра планы вымагае звычайная прыстойнасць.

Апрача таго, я б не рабіў нейкія рэчы — не сустракаўся б з аўтарамі, з прадзюсарамі і не рабіў бы прапановы па праграмах на наступны год. Напачатку варта было б патлумачыць мне, што я рабіў не так. Гэтага не здарылася. Тут прэтэнзія не фармальная і не юрыдычная, гэта чыста этычная праблема.

— Вы вярнулі медаль Аб’яднанаму пераходнаму кабінету, які ўзнагародзіў вас. У чым сутнасць гэтага жэсту?

— Знак, які я атрымаў сёлета ў студзені, называецца «Знак каманднага гонару». Там ёсць слова «гонар». Гэта ўзнагарода Аб’яднанага пераходнага кабінета. А людзі, датычныя да Кабінета, на жаль, у маім разуменні (паўтаруся яшчэ раз) зрабілі не ганарова.

Таму я хацеў вярнуць гэтую адзнаку: на ёй ёсць слова «гонар», а паводзіны з таго боку такімі не назавеш.

«Не выключаю, што пайду з журналістыкі»

— Вы здаеце справы, развітваецеся з «Белсатам» — якія жыццёвыя планы далей?

— Не ведаю пакуль. Спачатку трэба здаць справы, скончыць усе фармальнасці, а потым буду глядзець.

Не хаваю, ёсць пэўныя прапановы, дзе я магу працаваць далей.

Але я мушу падумаць, ці варта і далей заставацца ў сферы журналістыкі. Магчыма, надышоў час заняцца нечым іншым, але пакуль не ведаю.

— Але пакідання журналістыкі не выключаеце?

— Не, не выключаю. Мне ўжо столькі гадоў, што, калі крута мяняць жыццё, бадай, трэба рабіць гэта зараз.

— Што вам удалося вырашыць, а якія праблемы давядзецца вырашаць новай кіраўніцы?

— Не ведаю, якія праблемы давядзецца ёй вырашаць: залежыць ад мэтаў, якія паставіць перад сабой новае кіраўніцтва, я пра іх не ведаю.

Я прыняў кіраўніцтва тэлеканалам у даволі цяжкой сітуацыі, у час турбулентнасці. Тады мы даведаліся, што будзем мець намнога меншы бюджэт (калі раптам была звольненая наша шматгадовая кіраўніца), трэба было дапасаваць выдаткі тэлеканала да новага бюджэта (а ён аказаўся прыкладна на траціну меншы, чым планавалася на пачатку года).

Але любыя бюджэтныя праблемы звязаныя найперш з кадрамі. Мне падавалася найважнейшым захаваць патэнцыял канала, таму што я ведаю, што такое падрыхтаваць прафесіяналаў у тэлевізійнай сферы: трэба гады і гады. І калі звальняць кадры падчас турбулентнасці, то потым, нават знайшоўшы 100 мільёнаў долараў, знайсці людзей будзе вельмі цяжка. Таму я пастараўся захаваць патэнцыял.

І трэцяе: я паспрабаваў зрабіць канал, які пакуль што ёсць адзіным тэлевізійным і беларускамоўным, адкрытым для іншых творцаў, каб доступ да сеткі вяшчання, да магчымасцяў прадакшну на нашым канале мелі людзі, раней не звязаныя з «Белсатам».

Дзве рэчы я выканаў (бюджэт і незвальненне супрацоўнікаў), а трэцюю задачу пачаў выконваць. Я пакідаю канал з паднятай галавой, бо, нягледзячы ні на што, удалося дасягнуць такіх вынікаў.

— З калектывам ужо развіталіся?

— Пра тое, што я збіраюся пайсці датэрмінова, даведаліся найперш мае калегі: я напісаў пра гэта ва ўнутраным камунікатары. Але не думаю, што варта праводзіць публічныя акцыі майго сыходу. Бог дасць, у хуткім часе выпушчу сваю трэцюю кнігу, тады запрашу сваіх калег і каляжанак на прэзентацыю — вось там мы зможам пагаварыць пра паэзію. І там мы зможам развітацца.

Каментары6

  • Так
    20.11.2024
    Уявіце сябе, вялікую частку прысвячаеце праекту, якому ідэйна адданыя, а пазней вас так выкідваюць і яшчэ хочуць, каб падпісаў яго "дакумент смерці".
  • Войтэк
    20.11.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Пытаннечка
    21.11.2024
    Дык хто зліў інфу пра Паспалітае рушанне?

Цяпер чытаюць

Раптоўна памёр Уладзімір Усер — немалады актывіст, які ўляпаўся ў фільм БТ і шпіянаж у Польшчы27

Раптоўна памёр Уладзімір Усер — немалады актывіст, які ўляпаўся ў фільм БТ і шпіянаж у Польшчы

Усе навіны →
Усе навіны

Еўракамісія аштрафавала Х за непразрыстасць і птушачку, «якая ўводзіць у зман». Ілан Маск заклікаў распусціць ЕС9

Летась беларускія каталікі атрымалі двух новых біскупаў. Іх стыль і паводзіны вельмі адрозніваюцца ад таго, што прывыклі бачыць5

«Свяціла восем гадоў». Беларус са Шчучыншчыны расказаў, як пайшоў ваяваць за Расію1

У Лондане актывісты закідалі пірагом і крэмам карону Брытанскай імперыі3

У 21vek.by адкрылася першая афлайн-крама1

На ўзбярэжжы ПАР імкліва выміраюць з-за голаду афрыканскія пінгвіны2

На могілках пад Ваўкавыскам ціха згніла старажытная драўляная царква2

У Дзятлаве жыве блогер-мільённік, які раскруціўся праз мастацтва5

«Новая версія дактрыны Манро ад Трампа». У чым сутнасць новай стратэгіі нацыянальнай бяспекі ЗША 8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Раптоўна памёр Уладзімір Усер — немалады актывіст, які ўляпаўся ў фільм БТ і шпіянаж у Польшчы27

Раптоўна памёр Уладзімір Усер — немалады актывіст, які ўляпаўся ў фільм БТ і шпіянаж у Польшчы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць