Свет22

Іспанія моцна аштрафавала бюджэтныя авіякампаніі за патрабаванні даплачваць за ручную паклажу і выбар месца

Іспанія аштрафавала пяць бюджэтных авіякампаній — Ryanair, EasyJet, Vueling, Norwegian Air і Volotea — за парушэнне правоў спажыўцоў. Падставай для гэтага сталі даплаты, якія лаўкостары патрабуюць ад кліентаў за розныя паслугі, у тым ліку ручную паклажу, выбар месца пры палёце з дзецьмі і раздрукоўку пасадачнага талона ў аэрапорце, піша Бі-бі-сі.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Nicolas Economou/NurPhoto via Getty Images

Іспанскае Міністэрства сацыяльных правоў і абароны правоў спажыўцоў паведаміла, што агульны памер штрафаў для пяці кампаній складзе 179 млн еўра, і іх прычынай сталі «неправамерныя практыкі». Да іх улады краіны таксама залічылі адмову прымаць наяўныя пры куплі квіткоў у аэрапорце.

Самы вялікі штраф — 107,8 млн еўра — атрымала ірландская кампанія Ryanair, якая з'яўляецца найбуйнейшым лаўкостарам у Еўропе і другім па аб'ёмах перавозак у свеце. Яна адной з першых стала патрабаваць даплату за ручную паклажу (такая практыка пачалася ў лістападзе 2018 года).

Vueling павінна будзе заплаціць 39,3 млн еўра, EasyJet — 29,1 млн, Norwegian Air — 1,6 млн, а Volotea — 1,2 млн. Памер штрафу вызначаны ў залежнасці ад таго, наколькі сур'ёзнымі ўлады лічаць парушэнні і колькі, на іх думку, авіякампаніі зарабілі дзякуючы гэтым парушэнням.

Асобна міністэрства адзначыла практыку Ryanair патрабаваць «непрапарцыйную» даплату за раздрукоўку пасадачнага талона ў аэрапорце.

Улады Іспаніі таксама абвінавачваюць бюджэтныя авіякампаніі ў тым, што цэны на іх квіткі вызначаюцца паводле непразрыстых прынцыпаў — і гэта тычыцца як сайтаў саміх перавозчыкаў, так і іх партнёраў. Такая практыка, адзначылі ва ўрадзе, «не дае спажыўцам магчымасці параўнаць прапановы» і зрабіць інфармаваны выбар.

Іспанскае міністэрства таксама забараніла авіякампаніям працягваць практыкі, за якія яны былі пакараныя.

Першапачаткова Іспанія абвясціла пра штрафы ў маі гэтага года, але авіякампаніі абскардзілі гэтую пастанову. Аднак іх апеляцыі былі адхіленыя.

Кіраўнік Ryanair Майкл О'Ліры назваў штрафы «незаконнымі і неабгрунтаванымі» і заявіў, што іспанскае міністэрства наклала іх «з палітычных прычын». Ён таксама адзначыў, што раней суды Еўрасаюза прызналі права авіякампаній вызначаць цэны і ўмовы для кліентаў без умяшання ўрадаў.

«Гэтыя незаконныя іспанскія штрафы грунтуюцца на старым законе 1960-х гадоў, які быў прыняты да таго, як Іспанія ўвайшла ў Еўрасаюз. Яны паставяць крыж на здольнасці авіякампаній вызначаць больш нізкія цэны на квіткі за кошт скарачэння выдаткаў», — прыводзіць словы О'Ліры RTE.

Ryanair плануе неадкладна абскардзіць рашэнне іспанскага міністэрства. Плануе падаць апеляцыю і EasyJet. Прадстаўніца авіякампаніі патлумачыла, што EasyJet дазваляе ўзяць на борт у якасці ручной паклажы невялікую торбу без даплат, і гэта дае пасажырам магчымасць «плаціць толькі за тое, што яны хочуць».

Іспанская асацыяцыя авіяперавозчыкаў ALA таксама выказала незадаволенасць рашэннем міністэрства. Яна плануе абскардзіць забарону на даплаты за ручную паклажу ў судзе. Аднак іспанская арганізацыя па абароне правоў спажыўцоў Facua назвала рашэнне міністэрства «гістарычным».

Паводле даных сайта World Population Review, Іспанія займае другі радок рэйтынгу самых наведвальных краін свету (на першым месцы — Францыя). Паводле гэтых звестак, у 2024 годзе Іспанія прыняла амаль 84 млн турыстаў.

Каментары2

  • Libertarian
    22.11.2024
    Сацыялісты заўседы крадуць у сваю кішэню. Нажаль з-за алергіі на фашыста Франка ў Гішпаніі руляць яны. Штраф вядома пойдзе не ў кішэню нібыта "абрабаваных" кліентаў, а ў бюджэт Гішпаніі, на новыя сац. праграмы дармаедам-левакам, а кліентаў чакаюць наступствы - рост цэн, кампаніі безумоўна будуць вяртаць сваё.

    Ляснутых марксістаў нельга дапускаць да ўлады і кіраваньня эканомікай.
  • Ноўнэйм
    22.11.2024
    Улады Гішпаніі - звычайныя клоўны і папулісты. Як наш таракан. Уся сутнасць лоўкостаў - нізкія базавыя тарыфы, калі ты падарожнічаеш без багажу, табе ўсё роўна, дзе сідзець, і табе непатрэбны ніякі дадатковы сервіс. Усё, што звыш гэтага, зразумела, каштуе дадатковых грошаў. Каторыя лоўкосты даюць магчымасць не плаціць, а нелоўкосты ўключаюць у цану квітка, хочаш ты таго, ці не. Дык дзе правы спажыўцоў больш парушаюцца?

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа6

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі з'явіўся новы вытворца аўтобусаў2

Блогер Шэры Кот, арыштаваны яшчэ да выбараў-2020, не выйдзе пасля сканчэння тэрміну2

СДПГ зноў вылучыць Олафа Шольца на пасаду канцлера Германіі4

Беларус стаў пераможцам конкурсу піяністаў у Іспаніі

Саджалі на кол, білі жалезным ключом па галаве. Жыццё, каханне і турэмныя здзекі з класіка белліта Кузьмы Чорнага8

У мінскай краме прадаюць пасылкі, якія згубіліся ў працэсе дастаўкі. Блогерцы папаўся вібратар20

Кошт біткойна пераадолеў мяжу 99 тысяч даляраў

У ЗША мужчына выклікаў паліцыю на дапамогу ад нападнікаў, а тая прыехала і застрэліла яго5

Прапаганда ганарыцца, што ВУП хутка расце, а беларусы сталі жыць нашмат багацей. Але ёсць нюансы2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа6

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа

Галоўнае
Усе навіны →