«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта
Акаўнт прапагандыста Ігара Тура, які вядзецца з 2021 года і ні разу не мяняў сваю назву, быў выяўлены дзякуючы пытанню адной маладой студэнткі. Вось у якіх чатах сядзіць Тур і якія думкі прасоўвае.
Чарговы тэлеграм-акаўнт прапагандыста Ігара Тура быў знойдзены ў прыватным канале першакурсніцы журфака БДУ Ганны Бурдо. Яе нядаўняе пытанне да Лукашэнкі пра адключэнні інтэрнету ў 2020-м актыўна раскручвала дзяржпрапаганда і выстаўляла за доказ існавання ў Беларусі свабоды слова.
Ігар Тур, які таксама прыклаў руку да раскручвання Ганны Бурдо на тэлебачанні, пакінуў каментар да допісу дзяўчыны, дзе тая дзялілася пачуццямі пасля пытання да Лукашэнкі.
Бурдо ў размове з іншым карыстальнікам выказала здагадку, што «ў гэтым годзе, як і ў 2020-м, плануюцца новыя адключэнні інтэрнэту». Верагодна, дзяўчына мела на ўвазе перыяд новых прэзідэнцкіх выбараў у студзені 2025 года.
У размову ўмяшаўся Тур і заявіў, што нічога не плануецца, але дадаў цытату Лукашэнкі, што «калі пратэсты паўторацца, то інтэрнет будзе адключаны зусім».
Акаўнт Тура аказаўся адкрыты, быў падпісаны ягоным імем і прозвішчам, а таксама змяшчаў у сабе беларускі нумар тэлефона прапагандыста і ягонае імя карыстальніка ў тэлеграме.
Прагнаўшы атрыманую інфармацыю праз спецыяльныя сервісы, «Наша Ніва» даведалася, у якіх чатах сядзеў ці працягвае сядзець прапагандыст і што той у іх пісаў.
Акаўнт «Игорь Тур» пад нікам @Tur_ONT пачаў праяўляць актыўнасць яшчэ летам 2021 года і дагэтуль не мяняў сваёй назвы, з чаго мы робім выснову, што гэта асабісты ці працоўны акаўнт прапагандыста.
Спіс чатаў, у якіх пісаў Тур, такі (агулам 140 паведамленняў за амаль тры з паловай гады). Сярод чатаў ёсць некалькі апазіцыйных.
- Самый авторитарный чат (67 паведамленняў, апошняе з якіх — 31 кастрычніка 2024).
- Комментарии (18 паведамленняў, апошняе з якіх — 25 верасня 2024).
- Post-Rudzik чат (15 паведамленняў, апошняе з якіх — 4 ліпеня 2023).
- Графачат (13 паведамленняў, апошняе з якіх — 22 лістапада 2024).
- Media IQ-chat (9 паведамленняў, апошняе з якіх — 21 лістапада 2023).
- ZmeyMarini4_Chat (5 паведамленняў, апошняе з якіх — 25 мая 2022).
- Круталевич Chat (2 паведамленні, апошняе з якіх — 11 чэрвеня 2022).
- Книга ГУ«БАЗА» Chat (2 паведамленні, апошняе з якіх — 2 кастрычніка 2024).
- Guzel Chat (1 паведамленне, 8 кастрычніка 2024).
- Chat TS (1 паведамленне, 8 мая 2024).
- По существу. Ток-шоу go on Chat (1 паведамленне, 24 чэрвеня 2024).
- ПОДПОЛЬЕ (1 паведамленне, 7 снежня 2023).
- Болталка БС (1 паведамленне, 23 жніўня 2023).
- Маланка Чат (1 паведамленне, 6 снежня 2022).
- Цэнтр Чат (1 паведамленне, 4 снежня 2022).
- Валерий Цепкало обсуждение (1 паведамленне 16 жніўня, 2022).
- Общаемся (1 паведамленне, 3 ліпеня 2021).
З усіх вышэйпералічаных чатаў прапагандыст Ігар Тур застаецца на дадзены момант толькі ў двух: «Самый авторитарный чат» і «Графачат».
Вось што ў гэтых чатах піша прапагандыст.
Абараняе выбары і какетнічае з Іллём Бегуном
Сярод усіх чатаў па колькасці паведамленняў ад Тура значна вылучаецца «Самый авторитарный чат», у які прапагандыст пачаў пісаць яшчэ ў лютым 2023 года (на момант напісання матэрыялу ў чаце знаходзяцца 89 удзельнікаў).
Уладальнікам чату з'яўляецца яшчэ адзін лукашэнкаўскі прапагандыст Ілля Бягун, былы актывіст штаба Цапкалы, які, паводле яго слоў, ваюе ва Украіне на расійскім баку і нібыта з'яўляецца камандзірам аддзялення радыёэлектроннай барацьбы (Бягун нядаўна скардзіўся ў сваім тэлеграм-канале, што не ўсе лукашысты вераць у ягонае знаходжанне ва Украіне і яшчэ заяўляюць, што той даўно вярнуўся ў Мінск, не пабываўшы на ўкраінскай тэрыторыі).
Аднак, калі адкрыць «Самый авторитарный чат» Бегуна, то насамрэч можна адразу ўбачыць відэакружок ад яго і пабачыць, што той спакойна гуляе па Мінску і ніякімі баявымі дзеяннямі не займаецца.
Але вернемся да Ігара Тура. Яшчэ ў канцы кастрычніка паміж ім і Бягуном у чаце ўзнікла спрэчка наконт таго, а «ці патрэбныя ўвогуле ў Беларусі прэзідэнцкія выбары» і як спраўляцца з пратэснымі галасамі на іх.
Пачалася спрэчка так — 31 кастрычніка Тур у сваім канале паспрабаваў абвергнуць публікацыі незалежных медыя наконт таго, што Вольга Чамаданава была вылучана на выбары не па сваёй уласнай ініцыятыве.
Бягун рэпоснуў гэты допіс і раскрытыкаваў саму ідэю дапускаць на выбары нават кішэнных кандыдатаў, бо тыя, паводле прапагандыста, не вартыя пасады прэзідэнта (асабліва Чамаданава, «бо яна яшчэ і жанчына») і тым самым «пярэчаць працягу курсу, закладзенага кіраўніком дзяржавы».
Тур у адказ на гэта заявіў, што кішэнныя кандыдаты не ідуць супраць Лукашэнкі, а проста перашкаджаюць сапраўднай антысістэмнай апазіцыі. Але спрэчка ад гэтага толькі ўзмацнілася.
У працэсе спрэчкі Тур пытае ў Бягуна, якімі, на ягоны погляд, павінны быць выбары прэзідэнта ў Беларусі — з рознымі кандыдатамі ці толькі з адным Лукашэнкам. У адказ Бягун ізноў настойвае, што ніякіх выбараў быць не павінна.
«Навошта гэтыя выбары? Снікерс абіраем?» — здзекліва адказаў Бягун, чым выклікаў жорсткую рэакцыю Тура, які назваў такія выказванні неканстытуцыйнымі.
У дадатак да гэтага Тур падзяліўся сваім бачаннем формулы паспяховых выбараў у лукашэнкаўскай Беларусі і тэхнікі змагання з пратэсным электаратам.
Добры варыянт для Лукашэнкі, паводле прапагандыста, гэта «калі ўмоўныя 10% нелукашэнкаўскага электарату размазваюцца тонкім пластом паміж 5-6 іншымі кандыдатамі са смеццевымі 1-2%, а меншае зло — калі 10% бярэ кандыдат супраць усіх».
Бягун, у сваю чаргу, раскрытыкаваў і гэты аргумент Тура, заявіўшы, што «размазванне пратэснага электарату паміж умоўнымі Гайдукевічамі і Чамаданавымі — смешнае і бессэнсоўнае».
Зрэшты, адносіны паміж двума прапагандыстамі ў чаце не заўсёды напружаныя. Бываюць і кампліменты. «Ігар Пятровіч, канечне, круты. Але не такі, як самыя крутыя гатункі памідораў, што стаяць пад гэтымі фіталямпамі», — напісаў Бягун. «Я тая яшчэ памідорка», — адказаў Тур. «Ты перчык», — прыляцела ад Бегуна.
Што піша Тур у астатніх чатах?
У чаце «Графачат» (належыць праўладнаму тэлеграм-каналу «Графач», вядзенне якога прыпісваюць міністру інфармацыі Марату Маркаву) нічога адметнага Ігар Тур не пісаў. Тое ж самае тычыцца прыватных чатаў «Комментарии» (належыць маскоўскай карэспандэнтцы АНТ Святлане Карульскай), «Chat TS» (чатам валодае беглы польскі суддзя Томаш Шміт) і астатніх лукашэнкаўскіх рэсурсаў.
У той жа час Тур быў заўважаны ў прыватным чаце праекта Media IQ (належыць Прэс-клубу), дзе распавёў, што яму прыходзяць апавяшчэнні ад тэлеграма, калі ў групавых чатах нехта піша ягоныя імя і прозвішча (гэта працуе, калі ў тэлеграм-каналах, да якіх прымацаваныя чаты, праз налады дазволена каментаванне публікацый).
У іншым апазіцыйным чаце «Post-Rudzik чат» прапагандыст Ігар Тур адпускаў шпількі ў адрас Яна Рудзіка, калі ў допісах апошняга з'яўляліся згадванні імя і прозвішча прапагандыста. Тое ж тычыцца і астатніх апазіцыйных чатаў.
***
Нагадаем, што яшчэ ў жніўні гэтага года прапагандыст Ігар Тур у эфіры АНТ выпадкова запаліў свой акаўнт пад нікам @Valdis133, праз які на працягу трох гадоў напісваў у два дзясяткі чатаў (пераважна апазіцыйныя).
У іх прапагандыст, прыкідваючыся звычайным карыстальнікам з Беларусі, прасоўваў наступныя наратывы: што ціск на Лукашэнку не працуе, што Ціханоўская павінна перастаць быць лідарам апазіцыі, што Паўла Вусава, Івана Краўцова і Вольгу Карач варта слухаць і падтрымліваць, і гэтак далей.
Тур анансуе, што Лукашэнку напішуць на выбарах больш за 90%
Прапагандысты выпадкова паведамілі, колькі плацяць за стварэнне крынджовых стыкераў да Дня народнага адзінства
«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў
Каментары