Наступленнем паўстанцаў у Сірыі кіруе Абу Махамед аль-Джулані. Хто ён такі і чаму яго лічаць прагрэсіўным джыхадзістам?
Па меры таго як сірыйскія паўстанцы прасоўваюцца ў Сірыі, захопліваючы гарады і прымушаючы ўцякаць урадавыя войскі Башара Асада, свет усё больш даведваецца пра групоўку «Хаят Тахрыр аш-Шам», якая стала на чале наступлення. Што за яна і хто ёй кіруе, піша Руская служба Бі-бі-сі.
Кіраўніцтва групоўкі заяўляе, што паўстанцы не спыняцца, пакуль не дасягнуць пастаўленай мэты — зрынуць рэжым Башара Асада. Аднак нават многія праціўнікі сірыйскага прэзідэнта асцерагаюцца, што, акрамя яго звяржэння, джыхадзісты збіраюцца насаджаць фундаменталісцкі ісламскі парадак, падобны на той, які талібы ўсталявалі ў Афганістане.
Шмат хто памятае, што «Хаят Тахрыр аш-Шам» — перараджэнне створанай у 2011 годзе групоўкі з іншай назвай, якая стваралася як філіял «Аль-Каіды».
Кіраўнік «Хаят Тахрыр аш-Шам» Абу Махамед аль-Джулані зрабіў некалькі заяў, у якіх паспрабаваў развеяць страхі сярод этнічных меншасцяў Сірыі, сярод сірыйцаў, якія падтрымліваюць Асада, а таксама сярод скептыкаў на Захадзе. Ён абяцае талерантнае стаўленне да ўсіх жыхароў краіны і памяркоўную сацыяльную і рэлігійную палітыку.
Хто такі Абу Махамед аль-Джулані і ці можна верыць яго абяцанням?
Сын інжынера — вучань «Аль Каіды» аль-Джулані (імя пры нараджэнні Ахмед Хусейн аль-Шараа) нарадзіўся ў 1982 годзе ў Эр-Рыядзе, сталіцы Саудаўскай Аравіі, дзе ягоны бацька працаваў інжынерам у нафтавай індустрыі. У Сірыю сям'я вярнулася ў 1989 годзе і пасялілася каля Дамаска.
Пра дзяцінства аль-Джулані ў Сірыі вядома мала. Набываць вядомасць сярод джыхадзістаў ён пачаў у 2003 годзе, калі ў 19 гадоў з'ехаў у Ірак і ўступіў у шэрагі «Аль-Каіды», каб, як ён сам расказваў, супрацьстаяць уварванню ЗША. У 2006 годзе ён быў арыштаваны амерыканскімі сіламі ў Іраку і амаль пяць гадоў правёў у турме.
Фактычна адразу пасля вызвалення «Аль-Каіда» даручыла аль-Джулані стварыць аддзяленне ў Сірыі. Для выканання гэтай задачы яму ў дапамогу далі самых вопытных членаў групоўкі. Адным з іх быў будучы лідар «Ісламскай дзяржавы» ў Іраку Абу Бакр аль-Багдадзі (забіты ў 2019 годзе), з якім Аль-Джулані ў той перыяд шмат раіўся.
Неўзабаве (у студзені 2012 года) у Сірыі з'явілася групоўка «Джэбхат ан-Нусра», вядомая таксама як «Фронт дапамогі людзям Леванта». Гэтая групоўка, што каардынавала свае дзеянні з аль-Багдадзі, вельмі хутка атрымала ўплыў у рэгіёнах Сірыі, незадаволеных уладай Башара Асада, асабліва ў правінцыі Ідліб.
У сваім першым тэлеінтэрв'ю ў якасці кіраўніка даччынай групоўкі «Аль-Каіды» ў 2014 годзе Абу Махамед аль-Джулані сказаў, што ў выпадку пераходу Сірыі пад ягоны кантроль краіна будзе жыць у адпаведнасці з інтэрпрэтацыяй законаў ісламу, прынятай у шэрагах «ан-Нусры». Ён таксама сказаў, што месца меншасцям, такім як хрысціяне і алавіты, у краіне не будзе.
Менавіта тыя словы ўспамінаюць цяпер прадстаўнікі сірыйскіх меншасцяў, тлумачачы сваю трывогу з-за патэнцыйнага прыходу «Хаят Тахрыр аш-Шам» да ўлады. Аднак сам аль-Джулані і яго прыхільнікі парыруюць, што тады ён гаварыў як чалавек, звязаны з «Аль-Каідай», а цяпер ягоная філасофія, маўляў, змянілася.
Сапраўды, пачынаючы з 2016 года аль-Джулані пачаў ідэалагічна аддаляцца ад «Аль-Каіды». Ідэя стварэння глабальнага халіфата стала яму не блізкая. Ён у большай ступені быў зацікаўлены ва ўмацаванні пазіцый сваёй групоўкі ўнутры Сірыі.
Такім чынам ад «Фронту ан-Нусра», які застаўся філіялам «Аль-Каіды», адкалолася нешматлікая група пад кіраўніцтвам аль-Джулані, якую ён назваў «Джабхат Фатэх аш-Шам». Але ўжо ў пачатку 2017 года ў рэгіён Ідліб, дзе ў той момант знаходзіўся аль-Джулані, прыйшлі тысячы паўстанцаў — уцекачоў ад урадавых войскаў, якія занялі Алепа. Многія з іх згуртаваліся вакол дасведчанага аль-Джулані, і ўзнікла групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам».
Мэты аль-Джулані і метады іх дасягнення
З тых часоў аль-Джулані ўсяляк імкнецца адмежавацца ад іншых узброеных груп, падкрэсліваючы такім чынам сваю унікальную місію ў лёсе Сірыі.
Галоўная заяўленая мэта «Хаят Тахрыр аш-Шам», — вызваліць Сірыю ад аўтарытарнага ўрада Асада і «выгнаць іранскіх апалчэнцаў» з краіны. Пры гэтым, звяртаюць увагу ў Вашынгтонскім цэнтры стратэгічных і міжнародных даследаванняў, сярод мэтаў групоўкі захоўваецца стварэнне дзяржавы ў адпаведнасці з яе ўласнай інтэрпрэтацыяй ісламскіх законаў.
Роўна пра гэта самае аль-Джулані казаў у 2014 годзе, калі яшчэ знаходзіўся ў шэрагах «Аль-Каіды». Ці азначае гэта, што яго філасофія з тых часоў змянілася не настолькі, як ён спрабуе прадставіць гэта цяпер?
Паводле сведчанняў сірыйскіх актывістаў, журналістаў і прадстаўнікоў шэрагу сірыйскіх суполак, «Хаят Тахрыр аш-Шам» кіруе падкантрольнымі ёй тэрыторыямі жорсткай рукой і не церпіць іншадумства.
Незалежная асацыяцыя сірыйскіх журналістаў Syria Direct заяўляе, што групоўка стаіць за знікненнямі актывістаў і пагрозамі фізічнай расправай пратэстоўцам, якія адважыліся абвінаваціць яе ў жорсткім стаўленні да суполак, якія не выказваюць ёй поўнай падтрымкі.
Розныя праваабарончыя групы задакументавалі выпадкі катаванняў палітычных апанентаў «Хаят Тахрыр аш-Шам» у рэгіёне Ідліб, які групоўка кантралюе ўжо шмат гадоў, кажуць у Вашынгтонскім інстытуце блізкаўсходняй палітыкі.
Праца над іміджам
Пры гэтым, адзначаюць эксперты, прыкладна з 2021 года аль-Джулані ўсяляк імкнецца палепшыць імідж сваёй групоўкі ў вачах Захаду. Ён неаднаразова заяўляў, што дарэмна многія заходнія краіны называюць «Хаят Тахрыр аш-Шам» тэрарыстамі.
Паводле яго слоў, ягоная арганізацыя не імкнецца забіваць або насаджаць стандарты ІД, а хоча выратаваць Сірыю. Групоўка не абавязвае жанчын на падкантрольных ёй тэрыторыях цалкам закрываць твар, а мужчынам-курцам дазволена не кідаць сваю звычку. Байцы групоўкі не павінны рабіць дзеянні, якія могуць напалохаць дзяцей, гаворыцца ў зборы правілаў «Хаят Тахрыр аш-Шам».
На інтэрнэт-каналах групоўкі круцяць ролікі, у якіх паказана, як хрысціяне Ідліба і іншых захопленых тэрыторый жывуць сваім звычайным жыццём — без пагроз і абмежаванняў. Архіепіскап Алепа Афрам Малуй заявіў нядаўна, што, па ўзгадненні з джыхадзістамі, пасля захопу імі горада набажэнствы будуць праходзіць у ранейшым рэжыме.
Аль-Джулані таксама некалькі разоў звяртаўся да студэнтаў універсітэта Ідліба, даючы ім зразумець, што бачыць у іх апору для стварэння будучыні дзяржавы.
У мінулы аўторак лідар «Хаят Тахрыр аш-Шам» і ўвогуле сказаў фразу, якую, па словах экспертаў вашынгтонскага Інстытута блізкаўсходняй палітыкі, ніяк не чакаеш пачуць ад баевіка-джыхадзіста.
«Разнастайнасць — гэта сіла», — абвясціў аль-Джулані.
Наступ паўстанцаў працягваецца. Сірыйскім меншасцям, праваабаронцам і Захаду застаецца толькі спадзявацца, што баевікі не адмовяцца ад сваіх слоў, калі сімпатыі народа стануць ім больш не патрэбныя.
Як сірыйскія паўстанцы сталі дзейснай арміяй і як яны паставілі на паток выраб дронаў
Сірыйская апазіцыя рыхтуецца да аблогі Дамаска
Лаўроў назваў апанентаў Асада ў Сірыі «законнай апазіцыяй»
Сірыйскія паўстанцы паведамляюць пра захоп ускраін Пальміры
Сірыйскія апазіцыйныя сілы захапілі Дэйр-эль-Зор на ўсходзе краіны
«У нас іншыя прыярытэты цяпер». Расія можа не прыйсці на дапамогу Асаду
Эрдаган: мэта апазіцыі — Дамаск. Мы прапанавалі Асаду разам вызначыць будучыню Сірыі, але адказу не было
Ізраіль не без задавальнення назірае за бітвай гадзюкі і жабы ў Сірыі
Каментары
Не сразу , ео это будет....Это их внутреннее состояние, ведь учится. строить, работать, продвигать прогрессс НИКТО из них не может, не хочет и не Умеет. И это надо понять...
Дичь, она и в Африке дичь... Не хотели умеренного Асада. будет дичь...