Праз тры гады змагання за свае правы першай сям’і беларусаў у Грузіі канчаткова адмовілі ў прытулку
Апеляцыйны суд у Тбілісі не задаволіў скаргу беларускай сям’і на адмову ў палітычным прытулку і гуманітарным статусе ў Грузіі. Гэта першая вядомая праваабаронцам справа, калі беларусы вычарпалі ўсе магчымыя варыянты абскарджвання ў краіне, піша Белсат.
Паводле словаў праваабаронцы Рамана Кісляка, размова ідзе пра жанчыну, якая знаходзіцца ў Грузіі разам са сваім дзіцём і партнёрам. Іх імёны не раскрываюцца з меркаванняў бяспекі.
У Грузію жанчына прыехала яшчэ ў 2019-м годзе. У жніўні 2020-га года, пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, яна звярнулася да грузінскіх уладаў з просьбай даць прытулак. У лістападзе таго ж года ў яе нарадзілася дзіця.
У лютым 2022 года ўлады Грузіі адмовілі ў прытулку ёй і партнёру, а ў сакавіку — дзіцю. У траўні таго ж года яны абскардзілі гэтае рашэнне.
Як паведамляе праваабаронца, да снежня 2024 года справа разглядалася ў Тбіліскім гарадскім і апеляцыйным судах. Рашэнні суда першай інстанцыі некалькі разоў скасоўваў апеляцыйны суд і накіроўваў справу на новы разгляд. У выніку апеляцыйны суд у Тбілісі не задаволіў скаргу беларускай сям’і на адмову ў палітычным прытулку і гуманітарным статусе ў Грузіі. Цяпер у сям’і ёсць месяц на тое, каб пакінуць Грузію, калі не знойдуцца іншыя падставы застацца ў краіне.
Нагадаем, «Белсат» ужо пісаў пра тое, што становішча «палітычных» беларусаў у Грузіі сур'ёзна пагаршаецца. У дадатак да візавых пастак і прыняцця Закону аб замежных агентах цяпер — пасля абвяшчэння вынікаў выбараў у Грузіі — беларусам масава сталі адмаўляць у прытулку. Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі прызнае, што некаторыя «палітычныя» беларусы адпавядаюць крытэрам Жэнеўскай канвенцыі і закону Грузіі аб міжнароднай абароне, але пры гэтым адказвае, што іхнае знаходжанне на тэрыторыі Грузіі можа «супярэчыць інтарэсам краіны» — прызнаюць пагрозаю дзяржаўнай бяспецы. Але нават пасля гэтай адмовы шмат якія беларусы, калі б і хацелі з'ехаць, то зрабіць гэтага не могуць: скончыліся тэрміны дзеяння пашпартоў ці ім не даюць візы.
Толькі за апошнія некалькі месяцаў дакладна вядома пра 26 выпадкаў адмоваў у міжнароднай абароне.
Афіцыйная статыстыка гэтую інфармацыю пацвярджае. Паводле МУС Грузіі, па абарону з пачатку з'яўлення беларусаў у Грузіі ў гэтай статыстыцы (2019 год) звярнуліся 73 асобы. Характэрна, што 32 з іх зрабілі гэта ў 2024-м. І так, сапраўды, пакуль ніводны беларус, чыю справу ўжо разгледзелі, міжнароднай абароны ў Грузіі не атрымаў.
Цікава, што ў 2019—2022 гадах такія выпадкі былі адзінкавыя. У 2023-м і цягам першых двух кварталаў 2024 года адмоваў не было зусім. Затое ў трэцім квартале 2024-га — адразу 26 адмоваў.
«Мы мяркуем, што ва ўрадзе Грузіі пастанавілі адмаўляць у міжнароднай абароне ўсім беларусам. Мы патрабуем спыніць дыскрымінацыю ў дачыненні беларусаў пры атрыманні ўцякацтва», — кажа Раман Кісляк.
У звязку з гэтым беларусы распачалі штотыднёвыя акцыі пратэстаў супраць дыскрымінацыі беларусаў у Грузіі, у прыватнасці супраць адмоваў у палітычным прытулку пры разглядзе просьбаў аб міжнароднай абароне.
Каментары