У навуковай супольнасці жыва дыскутуюць наконт прывезенай у Капенгаген рэплікі «крыжа Сафіі Менскай». Абламейка лічыць, што беларускія гісторыкі адмаўляюць дацкія навуковыя гіпотэзы, апаненты адкрылі арыгінальны артыкул і паказалі, што там напісана насамрэч.

Як мы паведамлялі раней, група беларусаў вырабіла і прывезла ў Данію залатую копію Крыжа Дагмар — сярэднявечнага артэфакта, які ўдзельнікі экспедыцыі звязваюць з Сафіяй Менскай, беларускай князёўнай XII стагоддзя, якая стала каралевай Даніі. Сярод галоўных пасылаў — папулярызаваць невядомыя старонкі нашай гісторыі, паказаць, што беларускія землі ўжо ў Сярэднявеччы былі ўключаныя ў еўрапейскую палітычную і культурную прастору.
Шэраг прафесійных беларускіх гісторыкаў і даследчыкаў, у прыватнасці, Аляксандр Пашкевіч і Аляксей Ластоўскі на старонках «Нашай Нівы», скептычна ацанілі стварэнне копіі крыжа, назваўшы яго стварэннем штучнага міфа на хісткіх падставах. Але ў абарону ініцыятывы выступіў доктар гістарычных навук і журналіст радыё «Свабода» Сяргей Абламейка.
На сваёй старонцы ў фэйсбуку Абламейка выказаў здзіўленне рэакцыяй калег, якія паўтараюць тэзіс «не даказана», і заявіў, што версія аб прыналежнасці крыжа беларускай князёўне абапіраецца на аўтарытэтныя еўрапейскія даследаванні.
«І хто ж стварае міфы? Грамадскасць? Не. Аказваецца, гэта прафесійныя дацкія гісторыкі. У прыватнасці, дацкая медыевістка, дырэктарка Нацыянальнага музею Даніі Фрыцэ Ліндаль, якая яшчэ ў 1978 годзе высунула гіпотэзу аб тым, што крыж мог паходзіць з пашкоджанага ў XVII стагоддзі пахавання дачкі Сафіі Менскай — Рыксы», — напісаў Абламейка.
Далей ён адзначыў, што дацкая навуковая гіпотэза 50‑гадовай даўніны выглядае найбольш імавернай, паколькі незразумела, адкуль яшчэ ў пахавальні дацкіх каралёў мог з'явіцца ўсходнехрысціянскі крыж. Рэакцыю ж беларускіх даследчыкаў ён назваў «дружна-адмоўным беларускім навуковым хорам», пакпіўшы, што, відаць, беларускія гісторыкі больш кваліфікаваныя і больш прафесійныя за «нейкіх там дацкіх прафесарак».


Што насамрэч пісала Фрыцэ Ліндаль
Абламейку і іншым абаронцам крыжа адказаў гісторык Раман Крыцук, які вырашыў звярнуцца непасрэдна да арыгінальнага артыкула Фрыцэ Ліндаль «Dagmarkorset — endnu engang» («Крыж Дагмар — яшчэ раз»), апублікаванага ў часопісе Nationalmuseets Arbejdsmark у 1978 годзе. Усе нумары выдання алічбаваныя і знаходзяцца ў адкрытым доступе на сайце Нацыянальнага музея Даніі.
Прааналізаваўшы тэкст, Крыцук звярнуў увагу, што Абламейка і іншыя, мабыць, сам артыкул не чыталі, а карысталіся яго скажоным пераказам.
Дацкая даследчыца не сцвярджала, што «менская гіпотэза» з'яўляецца адзінай або найбольш імавернай. У сваёй працы, заснаванай на рэнтгеналагічных даследаваннях і аналізе еўрапейскіх калекцый, Ліндаль паслядоўна разбірае дзве групы пытанняў: каму належаў крыж на момант пахавання і як візантыйскі артэфакт наогул трапіў у Данію.

Што датычыцца таго, з чыёй магілы дасталі крыж у XVII стагоддзі, даследчыца разглядае дзве версіі:
- з магілы каралевы Дагмар (Маркеты Пржэмыслаўны).
- З пашкоджанай магілы каралевы Рыксы Дацкай, дачкі Сафіі.
Што датычыць таго, як візантыйскі энкалпіён фізічна трапіў у Скандынавію, Ліндаль прыводзіць чатыры раўнавартасныя гіпотэзы:
- Крыж трапіў у Данію як дыпламатычны падарунак ад візантыйскіх імператараў рускім князям, а затым перайшоў да каралевы Сафіі.
- Крыж быў прамым дыпламатычным падарункам візантыйскага імператара Аляксея I Камніна дацкаму каралю Эрыку I Добраму каля 1103 года. Аналагічны факт зафіксаваны ў хроніках.
- Крыж быў прывезены каралевай Дагмар з Багеміі. Гэтая версія грунтуецца выключна на народнай традыцыі.
- Пашкоджанні артэфакта могуць сведчыць пра тое, што ён стаў ваенным трафеем падчас Чацвёртага крыжовага паходу ў 1204 годзе, калі крыжакі разрабавалі Канстанцінопаль, пасля чаго ён нейкім шляхам трапіў у Данію.
Такім чынам, версія пра сувязь рэліквіі з Беларуссю праз Сафію з'яўляецца толькі адной з некалькіх магчымых гіпотэз, якія разглядала дацкая навука паўстагоддзя таму.

«Беларускім гісторыкам і спецыялістам па гісторыі ХІХ—ХХ стст. я б раіў перастаць разважаць на тэмы, у якіх вы не тое каб не разбіраецеся, а па якіх вы нават з першакрыніцамі не азнаёміліся», — укалоў Крыцук.
Асобным пунктам крытыкі стала безапеляцыйнае называнне каралевы Сафіі «Менскай». Даследчыкі звяртаюць увагу на тое, што яе паходжанне таксама з'яўляецца дыскусійным пытаннем у навуцы.
Дакладна вядома толькі маці Сафіі — Рыкса Польская, дачка польскага караля Баляслава III і швабскай княгіні Саламеі фон Берг. Версія пра тое, што бацькам Сафіі быў менскі князь Валадар Глебавіч, з'яўляецца толькі адной з гістарычных гіпотэз.

Існуе і іншая, не менш абгрунтаваная навуковая версія: бацькам Сафіі мог быць князь наўгародскі Уладзімір Усеваладавіч.
«Гэта аўтаматычна выключае яе як постаць аж кольвек звязаную з гісторыяй Беларусі», — адзначае Крыцук, спасылаючыся на працы Галена, Баўмгартэна, Пашуты і Катлярчука. Фрыцэ Ліндаль у сваім артыкуле 1978 года таксама ўлічвала абодва варыянты.
Чаму гісторыкі так востра рэагуюць
Спрэчка вакол артэфакта выкрыла больш глыбокую праблему: межы дапушчальнага ў публічнай гісторыі і адказнасць за стварэнне нацыянальных міфаў.
Гісторык Аляксандр Паршанкоў нагадвае, што гісторыя крыжа застаецца цьмянай, а дакладнае месца яго стварэння і імя ўладальніка не пацверджаныя.
«Мы назіраем спробу выдаць за «нацыянальную святыню беларусаў» тое, што ёй ніколі не было і не павінна быць, — піша Паршанкоў.
— Лагічны парадак дзеянняў павінен быць зусім іншым: спачатку — грунтоўнае навуковае даследаванне, потым — публікацыя вынікаў, іх адкрытае абмеркаванне ў прафесійнай супольнасці, і толькі пасля гэтага — папулярызацыя і гучныя заявы.
Фактычна, такія дзеянні зневажаюць прафесійных гісторыкаў і свядома ўводзяць у зман грамадскасць».
Яшчэ разчэй выказаўся археолаг і гісторык Мікола Плавінскі. Паводле яго слоў, падобныя міфы наносяць прамую шкоду нацыянальнай ідэнтычнасці, даючы падставы канкурэнтам і прапагандыстам ставіцца да ўсёй беларускай гісторыі як да «бздуры».
«Арганізатары падобных мерапрыемстваў спрабуюць знішчыць самыя падмуркі нацыянальнай свядомасці. І робяць гэта цалкам свядома, бо ім ужо больш за год пра гэта кажа вялікая колькасць «занудных» прафесійных гісторыкаў, — цытуе словы Плавінскага Крыцук. — Але выяўляецца яшчэ большая праблема.
У гэтых шкоднікаў ёсць досыць шырокі і маналітны фронт падтрымкі з журналістаў і інфлюенсараў, якія ўсяляк спрабуюць абяліць гэты канкрэтны і іншыя падобныя ўчынкі. Асабіста мне, каб даўно ўжо не было ўсё роўна, было б страшна».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ-
Містычнае кола Вільні: Каліноўскі быў пахаваны з медальёнам святыні, каля якой вырас гатычны палац доктара з-пад Оршы. Цяпер парэшткі Каліноўскага перапахавалі ў магільні таго ж доктара
-
Выйшла кніга пра габрэйскую гісторыю Віцебска
-
Пра што маўчаць ідалы: як археалогія дапамагае вывучаць беларускую міфалогію
Цяпер чытаюць
«Я не святая, але ў мяне не было надзейнага пляча побач»: маці Ксюшы з СМА могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў, яна ж даводзіць, што здольная выправіцца
Каментары