У маскоўскім інстытуце, якім кіруе сябар Пуціна, сабралі пажылых малпаў для стварэння «эліксіру даўгалецця»
У Інстытуце Курчатава ў Маскве, якім кіруе паплечнік Уладзіміра Пуціна Міхаіл Кавальчук, сабралі калекцыю пажылых малпаў. Навукоўцы разлічваюць з дапамогай даследаванняў прыматаў знайсці спосабы падаўжэння чалавечага жыцця. Пра гэта Кавальчук расказаў на Курчатаўскім геномным форуме ў Маскве, піша The Moscow Times.

У гадавальніках інстытута ўтрымліваецца больш за 7 тысяч прыматаў 22‑х відаў. Навукоўцы вывучаюць малпаў ва ўзросце ад 18 да больш як 30 гадоў, каб даследаваць розныя стадыі старэння. Праводзяцца біяхімічныя і структурныя даследаванні, вывучаюцца сасуды і мозг.
Кавальчук назваў прыматаў найбольш блізкай да чалавека мадэллю для вывучэння старэння і стварэння сістэмы, якая дазволіць падаўжаць працягласць жыцця.
Інстытут Курчатава разам з Расійскім навуковым цэнтрам хірургіі ўжо стварыў біябанк узораў крыві малпаў-доўгажыхароў. Па словах дырэктара цэнтра Канстанціна Каценкі, гэтыя матэрыялы будуць выкарыстоўваць для вывучэння працэсаў старэння.
Міхаіла Кавальчука лічаць даўнім сябрам 74‑гадовага Пуціна і яго неафіцыйным дарадцам у навуковых пытаннях. Ягоны брат, мільярдэр Юрый Кавальчук, уваходзіць у найбліжэйшае атачэнне расійскага прэзідэнта. Сам Пуцін праяўляе вялікую цікавасць да праблемы даўгалецця. У верасні 2025 года падчас візіту ў Кітай ён, як высветлілі журналісты, абмяркоўваў з кіраўніком Кітая Сі Цзіньпінам магчымасць падаўжэння жыцця да 150 гадоў.
Даследаваннямі ў галіне генетыкі займаецца і старэйшая дачка Пуціна, доктарка-эндакрынолаг Марыя Варанцова. У кастрычніку яна выступіла ў Маскоўскай школе кіравання «Сколкава», дзе адкрылася лабараторыя даўгалецця. Варанцова назвала спробы выйсці за натуральныя межы чалавечага жыцця імкненнем «падмануць Бога».
Паводле звестак The Wall Street Journal, у межах расійскіх праектаў па падаўжэнні жыцця навукоўцы таксама працуюць над запаволеннем клеткавага старэння з дапамогай геннай тэрапіі і вырошчваннем органаў для трансплантацыі ў генетычна мадыфікаваных міні-свіней.
На такія даследаванні Крэмль выдзяляе значныя сродкі. У бюджэце на 2027—2029 гады на праект «Новыя тэхналогіі захавання здароўя», які прадугледжвае распрацоўку спосабаў падаўжэння здаровага жыцця, закладзена амаль 18 мільярдаў расійскіх рублёў (каля 216 мільёнаў даляраў).
У прыватнасці, на 2027 год запланавана выдзеліць 625,4 мільёна рублёў (каля 7,5 мільёна даляраў) на тэхналогіі прафілактычнай медыцыны і здаровага даўгалецця, 288,5 мільёнаў (каля 3.47 мільёна даляраў) — на распрацоўку тэхналогій біядруку тканак і органаў, а яшчэ 137,4 мільёна (1,65 мільёна даляраў) — на вывучэнне прычын старэння.
Пуцін і Сі абмяркоўвалі, як дажыць да 150 гадоў. Мікрафон быў не выключаны
Вечны дыктатар. Як хутка тыраны змогуць скарыстацца першымі лекамі ад старэння?
Грэф расказаў Пуціну пра існуючую магчымасць атрымаць неўміручасць праз 6‑7 гадоў
«Ніводная краіна ў XXI стагоддзі не зможа дасягнуць сярэдняй працягласці жыцця ў 100 гадоў»
Кітайскае тэлебачанне прымусіла Reuters выдаліць відэа, на якім Пуцін з Сі Цзіньпінам разважаюць пра неўміручасць
Каментары