Грамадства55

У гамельчука жыў кракадзіл, а цяпер ён мае расліну, якой больш няма ў дзікай прыродзе

«Моцныя навіны» пагутарылі з незвычайным калекцыянерам экзотыкі Сяргеем — апантаным чалавекам, які стварае ў сябе дома асобны маленькі свет. Гамяльчук з самага дзяцінства цягнуў у дом розных жывых істот і чытаў шмат кніг па энтамалогіі — навуцы пра насякомых.

«Колькі сябе памятаю, з ранняга дзяцінства, я абажаю ўсё жывое — прыроду, расліны, жывёл, насякомых. І, адпаведна, усё жыццё гэта маё захапленне», — тлумачыць Сяргей.

Пры гэтым цікава, што адукацыю мужчына атрымаў зусім не звязаную з жывёламі ці раслінамі. Сяргей скончыў эканамічны факультэт, а спецыяльнасць — бізнэс і персанал. Ён прызнаецца, што цікавіўся і IT, але ў выніку вырашыў, што сядзець за камп’ютарам — гэта не ягонае.

Ад скарпіёнаў да кракадзіла

Агулам Сяргей мае 15 гадоў досведу працы з экзатычнымі жывёламі. Некалькі гадоў таму ў яго была агромністая калекцыя самых розных рэптылій і насякомых. Але пасля здарыўся кавід, праз які мужчына ледзь не памёр. Потым адбыўся пераезд і большую частку калекцыі жывёл прыйшлося распрадаць. Але яе маштабы на піку сапраўды ўражваюць:

  • 20 відаў трапічных тараканаў;
  • 5 відаў грызуноў (напрыклад, палятуха звычайная, цукровы посум);
  • 3 віды змей (тыгравы пітон-альбінос, маісавы полаз і ўдаў);
  • некалькі відаў палачнікаў;
  • некалькі відаў конікаў;
  • драпежныя трапічныя клапы;
  • 8 відаў скарпіёнаў;
  • вожык;
  • багамолы;
  • 3 віды гіганцкіх афрыканскіх смаўжоў — ахацінаў;
  • хамелеоны;
  • жабкі;
  • 4 віды яшчарак;
  • а нейкі час жыў нават кракадзіл.

«З маёй дапамогай людзі маглі купляць розную жыўнасць, і калі праз мае рукі праходзіў кракадзіл, ён нейкі час у мяне жыў», — дзеліцца суразмоўца.

Асобна Сяргей расказаў, што трымаў асабліва небяспечных атрутных драпежных клапоў. Гэтыя насякомыя дасягалі памераў у два карабкі запалак і мелі крыльцы. Каб іх гадаваць, Сяргею прыйшлося купіць спецыяльны доўгі пінцэт, бо гэтыя клапы маглі атакаваць кіслатой на адлегласць у 15 сантыметраў. Калі яна трапіць у вока, то можна застацца без зроку. Яшчэ яны маглі кусацца, і па некаторай інфармацыі месца ўкусу можа да года не зажываць, балець і крывавіць. Здаецца, гэта нават страшней за кракадзіла.

Наколькі складана даглядаць вялікую калекцыю экзотаў?

Сяргей прызнаецца, што з самага пачатку імкнуўся зрабіць сваю сістэму па доглядзе за жывёламі максімальна самадастатковай. Ён не хацеў залежыць ад пастаўшчыкоў, таму нават кармавых насякомых вырошчваў сам — так было і танней, і надзейней.

У нейкі момант усё настолькі наладзілася, што экзоты пачалі «карміць» не толькі сябе, але і свайго гаспадара: грошы ад продажу ішлі на новыя інсектарыумы і лепшыя ўмовы.

«Я люблю, калі ўсё працуе без знешняй дапамогі, — расказвае мужчына. — Гэта такое замкнёнае кола: яны кормяць адзін аднаго, а ўрэшце і мяне таксама».

Пры гэтым, па яго словах, часу гэта патрабуе менш, чым здаецца. Калі калекцыя толькі фармавалася, на догляд ішло да 5 гадзін у дзень, але цяпер не больш за 2. А вось калі пачынаюцца генеральныя прыбіранні, то бывае і ўсе 6 гадзін ідуць.

«Калі ўсё адладжана, гэта не так цяжка, — тлумачыць гамяльчук. — Вада, ежа, чысціня — і далей яны жывуць сваім жыццём».

Можа падацца дзіўным, але найбольш рэсурсу патрабуюць не насякомыя, а рэптыліі. Напрыклад, звычайная чырванавухая чарапаха, якую лёгка набыць і якая каштуе нядорага, у доглядзе аказалася складанейшай за павукоў: ёй патрэбныя дарагія вітаміны, кальцый, спецыяльныя лямпы і цэлы абсталяваны тэрарыум.

Тое ж самае і з раслінамі — каб яны раслі і расцвіталі, даводзіцца бесперапынна эксперыментаваць з грунтам, асвятленнем і вільготнасцю, бо гатовыя сумесі з крам часта аказваюцца проста рэкламай.

«Раней думалася: у бабулі ж усё расло на падваконніку. А цяпер разумею, што і з раслінамі, і з жывёлай усё — суцэльныя эксперыменты», — дзеліцца Сяргей.

Euphorbia geroldii: кветка з мінулага

Сёння ў Сяргея засталіся толькі чатыры-пяць павукоў-птушкаедаў, трапічныя мнаганожкі-кіўсякі і некалькі відаў тараканаў выключна як кармавыя.

Акрамя экзатычных жывёл мужчына таксама пачаў вырошчваць і расліны.

«Праз тое, што пэўныя экзатычныя насякомыя патрабуюць ва ўмовах нашых кватэр корм у выглядзе пэўных раслін, я пачаў вырошчваць пакаёвыя расліны. З часам гэта перарасло ў вялікую калекцыю хатніх кветак. А як я пераехаў з кватэры ў дом, паступова з’явілася яшчэ і калекцыя вулічных раслін. Таму цяпер у мяне і хатнія расліны, і вулічныя, і экзатычныя жывёлы», — расказвае гамяльчук.

Відаў раслін, як сцвярджае Сяргей, у яго было ажно 380. Але адна кветка — асаблівая. Яна называецца Euphorbia geroldii — эндэмік паўночнага ўсходу Мадагаскара. Па даных 2015 года, плошча распаўсюджання гэтай расліны была меншая за 1 квадратны кіламетр.

Па словах Сяргея, на сёння гэты від ужо цалкам знік у дзікай прыродзе і захоўваецца выключна ў калекцыях такіх аматараў, як суразмоўца.

«Яе было вельмі складана атрымаць. Я спрабаваў дастаць яе з розных краін — з Іспаніі, з Вялікабрытаніі, з Даніі. Але толькі з чацвёртай спробы з Вялікабрытаніі яна дайшла да мяне.

У Гомелі праводзяцца розныя выставы і абмены раслінамі. Шмат хто хацеў са мной пабачыцца, каб паглядзець ужывую на гэтую расліну. Яна хоць і ніяк не адметная звонку, але ўбачыць тое, што вымерла ў жывой прыродзе — гэта нейкія невымоўныя пачуцці. Тое ж самае, што і глядзець на парэшткі дыназаўраў», — дзеліцца мужчына.

Шукае не толькі кветкі

Сяргей прызнаецца, што не спыняецца на дасягнутым і марыць пра сапраўдную аранжарэю — вялікую, утульную, дзе можна будзе сабраць яшчэ больш рэдкіх раслін і жывёл і стварыць для іх ідэальныя ўмовы. І пры гэтым усміхаецца: пакуль што робіць усё адзін, але не хавае, што хацеў бы сустрэць чалавека, з якім можна было б стварыць сям’ю, дзяліць і побыт, і гэтую справу.

«Калі любіш, яны адказваюць табе тым жа — квітнеюць, растуць, дораць неверагодныя водары, — кажа Сяргей. — Усё звязана: і дабрыню, і чалавечнасць усе жывыя адчуваюць. Асабліва любоў. Любіць — гэта важна. Найважнейшае ў жыцці».

Каментары5

  • Алесь Мікашэвіч
    19.09.2025
    Вельмі класна! Я таксама завёў агаму, гекона, мэйсіка і каралеўскага пітона, - бяз жартаў самыя лепшыя жывёлы: не крычаць, нічога не ламаюць і не драпаюць, не кусаюцца(так, змеі(каралеўскі і мэйсавы) не кусаюцца, а тое яшчэ панапісваюць ніжэй абы-чаго), не ствараюць праблемаў, але заўсёды ўздымаюць настрой. Сапраўды рэкамендую сабе завесці, хто задумваецца
  • ЯНКА
    19.09.2025
    🔺«Гамельчук» — што за брыдота? З павагай стаўлюся да ўкраінскай мовы, але, але...
    Вось натрапіў на допіс невядомага аўтара, прапаную зь ім азнаёміцца.

    «Жыхары ГОМЕЛЯ — ГОМельцы!!!
    Гамяльчане —> суфіксы такога кшталту («-чане») неўласьцівы бел.мове і прыцягнутыя ў яе з расейскай.
    Гамельчукі (а гэта горш за гамяльчан!) — места ГОМЕЛЬ, не ГАмель, і тым больш не ГАМЕЛЬСК. Барысаў — барысаўцы. Не барысаўчукі ж! Не будзе ў трэндзе (менчук, пінчук, віцябчук), а адчувайце МОВУ! І пазнаёмцеся з працамі Сцяцко, напрыклад.»
  • ксм
    20.09.2025
    ЯНКА, а тех, кто в Минске,как называть?

Цяпер чытаюць

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу65

Грамадствадапоўнена65

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу

Усе навіны →
Усе навіны

Міністэрства ЖКГ расказала, як «дармаеды» ды іх сямейнікі павінны плаціць за камуналку4

Як правільна выбраць салодкі падарунак дзіцяці і якіх дабавак трэба пазбягаць2

Расіянін з судзімасцю заняўся дабрачыннасцю ў Беларусі. У некаторых пасля дапамогі Дзядзі Яшы пачынаюцца праблемы15

Улюбёны ласунак зуброў назвалі ў паляўнічай гаспадарцы — яго даюць круглы год1

Стаматолаг з Мінска збіраецца бегчы 24 гадзіны3

Сырскі: Украінскія войскі з сярэдзіны лістапада змаглі вярнуць кантроль над часткай Пакроўска і цяпер утрымліваюць паўночную частку3

ЗША далі Зяленскаму дэдлайн да Калядаў, каб ён падпісаў мірны план13

Французскія феміністкі абураныя каментарыямі Брыжыт Макрон аб актывістках5

Зяленскі гатовы правесці прэзідэнцкія выбары цягам 60‑90 дзён6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу65

Грамадствадапоўнена65

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць