Вайна22

Паплечнік Зяленскага пра перамовы: Дамова будзе або дрэнная, або вельмі дрэнная, або яе не будзе

Магчымасць заключыць добрую мірную дамову з Расіяй на сённяшні дзень адсутнічае: гаворка ідзе пра дрэнную дамову або яе адсутнасць і працяг вайны да з’яўлення новага акна для перамоваў, лічыць кіраўнік праўладнай фракцыі партыі «Слуга народа» Давід Арахамія, піша «Інтэрфакс-Украіна».

Фота: Video NV @newvoiceua

«Мы разумеем: усе людзі, якія мысляць (хаця ёсць шмат тых, хто дагэтуль лічыць, што мы павінны настойваць на нейкіх фантастычных умовах дамовы), — яна (дамова) будзе або дрэнная, або вельмі дрэнная, або яе не будзе», — сказаў ён на мерапрыемстве, арганізаваным выданнем NV, «Украіна і свет наперадзе 2026», якое прайшло ў Кіеве ў чацвер.

Адказваючы на пытанне пра верагоднасць заключэння дамовы на гэтым этапе перамоваў, Арахамія адзначыў, што пры цяперашнім ціску з боку амерыканцаў, хаця ён і большы на Украіну, чым на РФ, шанец ёсць. У той жа час без удзелу ЗША шанцаў на дамову не будзе — застанецца толькі ваенны шлях вырашэння праблемы.

«Фактычна застаецца адно вялікае пытанне, дакладней — два. Нам патрэбныя гарантыі бяспекі, каб была стопрацэнтная гарантыя, што вайна зноў не прыйдзе да нас. Гэта было яшчэ з часоў Стамбула: гарантыі бяспекі — пытанне нумар адзін, якое патрэбна Украіне. А ім патрэбны Данбас. І тут у нас чырвоная лінія — мы не можам аддаць наш Данбас», — апісаў сваё бачанне сітуацыі кіраўнік фракцыі «Слуга народа».

На яго думку, нават калі б знайшліся палітыкі, якія прапанавалі б аддаць Данбас, гэта немагчыма рэалізаваць. «Нельга нават нейкія законы прасоўваць, тым больш за іх галасаваць. Гэта немагчымы сцэнар з пункту гледжання рэалізацыі», — растлумачыў ён.

«Тады адзіны шлях, якім можна рухацца, калі гэта адзінае пытанне не вырашана, — гэта рабіць нешта вакол Данбасу, нейкія гібрыдныя мадэлі. Але для гэтага трэба, каб расіяне былі да гэтага гатовыя», — адзначыў Арахамія, згадаўшы падзеі канца мінулага стагоддзя на Балканах.

Паводле яго слоў, цяпер у расіян рыторыка вельмі простая — «чорна-белая»: «аддайце Данбас».

«Дзярждэпартамент шукае гістарычныя прэцэдэнты, якія існавалі па складаных пытаннях: Боснія і Герцагавіна пасля распаду Югаславіі і іншае. Людзі шукаюць розныя варыянты, як мірным шляхам знайсці фармат, які задаволіць абодва бакі. А для нас у гэты ж час важна, пакуль гэтыя абмеркаванні ідуць, настойліва працаваць над гарантыямі бяспекі», — падкрэсліў кіраўнік фракцыі «Слуга народа».

На яго думку, аналаг артыкула 5 НАТА слабы, бо ён прадугледжвае, што ў выпадку ваеннай агрэсіі краіны НАТА на працягу 72 гадзін павінны сабрацца і правесці кансультацыі.

«Прабачце, але 24 лютага за 72 гадзіны мы амаль страцілі краіну. Нас гэта не задавальняе. Таму павінна быць канкрэтыка: колькі зброі, якой зброі, якой будзе наша армія, як яна будзе фінансавацца, якія ў нас ёсць так званыя пакеты стрымлівання — ракеты і іншае», — растлумачыў Арахамія.

«Я спадзяюся, што ў такой разважлівай аўдыторыі, якая сёння сабралася ў гэтай зале, няма людзей, якія не разумеюць, што за ўкраінцаў ва Украіне ніхто не будзе ваяваць чужымі салдатамі, што толькі мы самі можам быць сабе гарантамі, а нам патрэбна толькі дапамога і моцная армія», — дадаў кіраўнік фракцыі «Слуга народа».

Каментары2

  • Filipp
    19.12.2025
    "На яго думку, аналаг артыкула 5 НАТА слабы, бо ён прадугледжвае, што ў выпадку ваеннай агрэсіі краіны НАТА на працягу 72 гадзін павінны сабрацца і правесці кансультацыі."©
    Так і ёсць, што 5 артыкул, што яго аналаг гэта прыгожая казка, але ж хтосці да гэтага часа марыць, што 5 артыкул гэта мара нашай будучыні.
  • Казімір
    19.12.2025
    Паплечнік Зяленскага і бізнэс-партнер Шэймана па схеме з набыццём электрычнасці ў Белэнерга ў 2021, на якой тый кагал штомесячна абкрадаў Белэнерга і Энергаатам на 36 мільёнаў даляраў. Тым часам беларускі дэмакратычным рух ня мог зразумець, чаму Зяленскі так адыёзна ўхіляўся ад афіцыйных кантактаў з абранай беларусамі прэзідэнткай. Быў яшчэ Пашынян, але тый яшчэ трымаўся за АДКБ з надзеяй захаваць Карабах, у выніку чаго атрымаў беларускімі ракетамі з паланэзаў і кідок ад расейцаў.

Цяпер чытаюць

Беларусу на 100 гадоў забаранілі ўезд у Расію — за ўдзел у мінскіх маршах 2020 года3

Беларусу на 100 гадоў забаранілі ўезд у Расію — за ўдзел у мінскіх маршах 2020 года

Усе навіны →
Усе навіны

Бацьку і сына Кабарчукоў, асуджаных у Беларусі за «тэрарызм», збіраюцца судзіць і ва Украіне2

Трое іншаземцаў, якіх тыдзень шукалі ў Баранавічах, знайшліся1

Дзяржваенпрам прэзентаваў пажарны комплекс на гусенічным ходзе на аснове савецкай баявой машыны1

Цяжарная беларуска выйшла ў Гданьску на адзіночны пікет супраць доўгай выдачы ДНЖ. Яна чакае ўжо больш за 470 дзён19

За калецтва 17‑гадовай дзяўчыны, на якую скінулі снег з даху Dana Mall, будуць судзіць дырэктара гандлёвага цэнтра2

Згарэў найстарэйшы крыты прадуктовы рынак Парыжа2

Сёлетняя лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру раней займалася і беларускім пытаннем — яна асуджала рэпрэсіі пасля Плошчы 2010‑га4

Гэты пад'езд у Мінску назвалі ўзорным5

У махляроў новая схема ад імя клапатлівых суседзяў. Замануха — надзейная1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларусу на 100 гадоў забаранілі ўезд у Расію — за ўдзел у мінскіх маршах 2020 года3

Беларусу на 100 гадоў забаранілі ўезд у Расію — за ўдзел у мінскіх маршах 2020 года

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць