Грамадства11

Банкір Цырто: чалавек складанага лёсу або падсадная качка для важных арыштантаў у «амерыканцы»? Сталі вядомыя новыя падрабязнасці

Былы банкір Мікалай Цырто, асуджаны ў 2017 годзе і неўзабаве нібыта памілаваны разам з калегамі, нядаўна ўсплываў у публікацыі «Нашай Нівы». Пра яго паўторны арышт расказваў перакладчык Сяргей Паўлавіцкі, які быў суседам Цырто ў СІЗА КДБ у 2023‑м. Там Цырто расказваў яму і дырэктару «Бабулінай крынкі» Генадзю Скітову, што сядзіць па палітычнай справе «Чорнай кнігі Беларусі». Але знайшоўся чалавек, якому Цырто ў іншы час казаў зусім іншае. 

Мікалай Цырто

У канцы 2017 года групу топ-менеджараў Беларусбанка асудзілі за хабары. Першаму намесніку старшыні праўлення Генадзю Гаспадарыку прысудзілі 7,5 года калоніі. Выканаўчаму дырэктару Анатолю Баговіку — 8 гадоў. Намесніку дырэктара дэпартамента па рабоце з каштоўнасцямі Мікалаю Цырто — 9 гадоў, хоць ён і супрацоўнічаў са следствам.

Далейшы лёс усіх трох склаўся незвычайна.

Багавік выйшаў па памілаванні ўжо ў маі 2018 года. У 2020‑м ён разам з жонкай Іваннай далучыўся да руху за сумленныя выбары. Урэшце Іванна атрымала па палітычным артыкуле два гады калоніі. Анатолю далі менш, дакладны тэрмін невядомы. Ён як «рэцыдывіст» трапіў у калонію ў Ваўкавыску і цалкам адбыў прызначанае палітычнае пакаранне.

Генадзя Гаспадарыка таксама вызвалілі па памілаванні. Інфармацыя пра гэта з'явілася ў канцы 2019-га, але невядома, калі менавіта банкір выйшаў на свабоду. Гаспадарыка ўладкавалі на высокую пасаду на МТЗ, але ў 2021 годзе ён памёр ад наступстваў каранавіруса.

А вось пра далейшую біяграфію Цырто раней было невядома.

У пачатку 2024 года Цырто сядзеў у СІЗА КДБ, «амерыканцы», у адной камеры з палітвязнем Сяргеем Паўлавіцкім. Трэцім у камеры быў дырэктар «Бабулінай крынкі» Генадзь Скітоў. 

Цырто сцвярджаў суседзям, што па банкаўскай справе яго памілавалі, але пасля арыштавалі за перадачу інфармацыі ў «Чорную кнігу Беларусі».

«Маўляў, ён скінуў туды даныя некалькіх фельд'егераў, якіх ведаў яшчэ за часамі сваёй работы ў банку. Больш ён сам не расказваў, а я не распытваў. Затрымалі яго недзе ў 2023 годзе», — казаў «Нашай Ніве» Паўлавіцкі. 

У гэтым таймінгу ёсць дзіўнае несупадзенне. Арышты за «Чорную кнігу» ішлі ў Беларусі ў 2021‑2022 гадах. Сілавікі мелі крата ў складзе каманды, таму маглі атрымліваць звесткі пра інфарматараў каманды адразу ж — і затрымліваць іх. А калі разам з Раманам Пратасевічам схапілі Соф'ю Сапегу — адміністратарку «Чорнай кнігі», — і атрымалі доступ да яе мабільніка, арышты сталі масавымі.

Чаму б Цырто тады трымалі на свабодзе да 2023 года, было незразумела.

Аднак пасля папярэдняй публікацыі «Нашай Нівы» пра Цырто з рэдакцыяй звязаўся чалавек, чыю асобу і гісторыю мы верыфікавалі. Ён сядзеў у СІЗА КДБ пад следствам вясной 2022‑га года. Па словах нашага суразмоўцы, яго вельмі здзівіла апісаная сітуацыя, таму што пасля арышту ён знаходзіўся з Цырто ў адной камеры. І той расказваў яму абсалютна іншую гісторыю таго, што з ім здарылася.

«Я трапіў у камеру неўзабаве пасля пачатку вайны ва Украіне. У маёй крымінальнай справе таксама быў палітычны кампанент. У камеры ўжо быў Мікалай Цырто. Ён расказаў, што ў СІЗА КДБ ужо другі раз, але ўсё па адной і той жа карупцыйнай справе: маўляў, адкрыліся новыя эпізоды па хабарах у банку, нехта нешта ўспомніў, і яго зноў схапілі за старыя банкаўскія прыгоды.

Уражанне ў прынцыпе ён рабіў добрае, а некаторыя яго парады нават дапамаглі, бо ён як вопытны чалавек зняў некаторыя пытанні першых дзён знаходжання ў «амерыканцы», якія ўзнікаюць у навічкоў.

Тлумачыў, што тут навокал адбываецца, якія правілы, як сябе лепш паводзіць з персаналам, калі, зрэшты, ужо нарэшце пакормяць.

Расказваў гісторыі з жыцця, кар'ерны шлях. Маўляў, сам з Наваполацка, але на час развалу Саюза быў вайскоўцам ва Украіне, адкуль вярнуўся ў Мінск і знайшоў свой лёс. У банк трапіў з абменніка, але часы былі такія, што выслужыўся ў начальнікі.

У камеры рашаў задачкі па вышэйшай матэматыцы і разважаў, што калі выйдзе, то пойдзе ў рэпетытары, бо гэта сёння адзіная бяспечная праца. 

Праўда, адносна камунікацыі са следчымі парады Цырто былі, хутчэй, шкоднымі. Я быў настроены нічога не прызнаваць і ад дачы паказанняў адмаўляўся, бо лічыў, што ні ў чым не вінаваты.

А Цырто казаў што гэта пазіцыя няправільная, гэта не дапаможа. І калі я насамрэч невінаваты, то трэба абавязкова ўсё следчаму расказаць, што яго цікавіць, быць актыўным на допытах — каб працэс пайшоў і следчы хутчэй ва ўсім разабраўся», — расказаў нам сукамернік. 

«Ні пра «Чорную кнігу Беларусі», ні гісторыі са скінутымі туды звесткамі фельд'егераў ён не расказваў», — адрэзаў наш суразмоўца. 

Адметна, што, па словах Паўлавіцкага, аўтарытэтны бізнэсмен Скітоў падазраваў, што Цырто знаходзіцца ў камеры не проста так, а з нейкімі дадатковымі задачамі, аднак не меў пацвярджэнняў гэтаму.

Гісторыя Мікалая Цырто поўная супярэчнасцяў, яна ніяк не ўкладваецца ў звыклыя турэмныя алгарытмы.

Яго асудзілі ў 2017‑м адначасова з Гаспадарыкам, але Гаспадарык да калоніі даехаў — пра што ёсць пазнакі ў базах, якія ёсць у распараджэнні Belpol, — а Цырто не даехаў. Прынамсі дакументальных слядоў яго прысутнасці ў калоніях няма.

З адным чалавекам ён сядзеў у камеры «амерыканкі» ў пачатку 2022 года, з другім — у пачатку 2024 года. Гэта амаль немагчыма, выключны выпадак, каб чалавек так доўга знаходзіўся ў СІЗА КДБ. Максімальны час следства па справе — паўтара года. А калі справу перадаюць у суд, арыштанта пераводзяць з «амерыканкі» ў СІЗА №1 (раней — Валадарка). Цырто ж нейкім чынам завіснуў там мінімум на два гады.

«Так, Цырто казаў, што, маўляў, вельмі не хоча ехаць у калонію», — узгадвае Паўлавіцкі.

Двум суседзям Цырто агучыў розныя гісторыі сваёй крымінальнай справы, пры гэтым уяўная перадача даных у «Чорную кнігу Беларусі» — гэта адназначна палітычнае «злачынства», пасля прысуду па якім асуджанага ўносяць у спісы экстрэмістаў і/ці тэрарыстаў. 

Мяркуючы па тым, што прозвішча Цырто ў гэтых спісах няма, ён або не быў асуджаны па палітычным артыкуле, або дагэтуль знаходзіцца ў СІЗА.

У беларускай турэмнай сістэме часам сустракаецца нефармальная практыка, калі арыштант пасля вынясення прысуду не адпраўляецца ў калонію, але застаецца ў СІЗА ў якасці своеасаблівага добраахвотнага памочніка следчых. Ён не працуе ў гаспадарчым атрадзе, а проста жыве ў камеры і дапамагае сілавікам збіраць інфармацыю пра іншых арыштантаў. Узамен адміністрацыя ўстановы можа абяцаць яму умоўна-датэрміновае вызваленне ці хаця б проста гарантаваць бяспеку. Пакуль што няма дакладных доказаў, што Цырто знаходзіўся ў «амерыканцы» (ці знаходзіцца дагэтуль) у такім статусе, аднак усе ўскосныя сведчанні дэманструюць, што яго гісторыя анамальная.

Калі вы былы палітвязень (ці былі арыштаваныя па іншым артыкуле) і перасякаліся ў СІЗА КДБ з Мікалаем Цырто, звяжыцеся з нашай рэдакцыяй. Новая інфармацыя, хай нават і ананімная, дапаможа скласці поўную карціну.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • Чел
    02.03.2026
    Ха-ха-ха! Человек не понял, что своим согласием на сотрудничество сам себе продлил срок. Все его подельники давно вышли. Кто же тебя такую ценную подсадную утку выпустит? И не дернешься никуда, потому как на крючке, тебя гэбьё сдаст сидельцам. Самое правильное поведение, это учудить на допросе такое, чтобы следак написал в твоём деле заветные слова: "к вербовке абсолютно непригоден".

Цяпер чытаюць

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду2

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду

Усе навіны →
Усе навіны

Спёка. Як перажыць і як паводзіць сябе ў такое надвор'е?1

Чаму мужчын прыцягваюць жаночыя азадкі? Навукоўцы і гэта патлумачылі39

Інфанціна выбачыўся за памылку, але застаўся прэзідэнтам ФІФА3

«Гэтыя аб'екты былі асуджаныя». Чаму наступствы балістыкі па лагістычных цэнтрах пад Кіевам такія цяжкія10

У ліпені Расія яшчэ больш павялічыла закупкі паліва ў Беларусі

Зяленскі: Ракеты для Patriot могуць не даваць, каб Украіна была больш саступлівая15

У Тайландзе маланка забіла 24‑гадовага футбаліста проста падчас матча ВІДЭА2

Колькасць ахвяр ДТЗ у Светлагорскім раёне павялічылася да 4-х. Памерла яшчэ адно дзіця1

Прафесія гэтага беларуса — пужаць людзей. Ён расказаў, што трэба рабіць і колькі за гэта плацяць2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду2

«Аб гэты трамплін можна забівацца кожны дзень». Вядомы трэнер загінуў на велатрэніроўцы праз нечаканую перашкоду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць