Свет77

Кевін Спэйсі зноў пазбег суда па абвінавачванні ў сэксуалізаваным гвалце

Галівудскі акцёр, двухразовы ўладальнік прэміі «Оскар» Кевін Спэйсі змог ва ўнесудовым парадку ўрэгуляваць спрэчку з трыма мужчынамі, якія падалі супраць яго пазовы ў Вялікабрытаніі, абвінавачваючы яго ў сэксуалізаваным гвалце.

Фота: Britta Pedersen/picture alliance via Getty Images

Такім чынам, знакамітасць пазбегне судовага разбору па новай справе, звязанай з сэксуалізаваным гвалтам, піша Бі-бі-сі.

34‑гадовы акцёр Руары Кэнан і яшчэ двое мужчын, імёны якіх не называюцца, раней падалі грамадзянскія пазовы ў Высокі суд Лондана. Яны сцвярджалі, што Спэйсі падверг іх сэксуалізаванаму гвалту ў перыяд з 2000 па 2015 год.

66‑гадовы акцёр адхіліў абвінавачванні ў свой адрас.

Суддзя Крысціна Ламберт на слуханні ў лістападзе пастанавіла, што справы павінны быць папярэдне разгледжаны ў кастрычніку гэтага года.

Аднак 13 сакавіка судовы разгляд быў прыпынены, паколькі бок «пагадзіўся з умовамі ўрэгулявання, выкладзенымі ў канфідэнцыйным графіку», гаворыцца ў пастанове суда, якую 19 сакавіка апублікавала агенцтва Press Association. Падрабязнасці пагаднення паміж Спэйсі і пазоўнікамі не разгалошваюцца.

У чым пазоўнікі абвінавацілі Спэйсі?

Імя аднаго з пазоўнікаў вядома — гэта 34‑гадовы акцёр Руары Кэнан. У 2013 годзе ён граў у спектаклі па п'есе Тэнесі Уільямса «Салодкагалосая птушка юнацтва» ў лонданскім тэатры «Олд Вік», калі мастацкім кіраўніком тэатра быў Спэйсі.

Па словах Кэнана, Спэйсі прыставаў да яго на вечарыне пасля прэм'ернага паказу спектакля.

Яшчэ адзін пазоўнік, імя якога не называецца, сцвярджаў, што Спэйсі падвяргаў яго гвалту каля 12 разоў у перыяд з 2000 па 2005 год.

Трэці пазоўнік, імя якога таксама не называецца, казаў, што пазнаёміўся са Спэйсі на майстар-класе ў лонданскім тэатры «Олд Вік». Паводле яго слоў, наступствы перажытага ў 2008 годзе сэксуалізаванага гвалту былі для яго цяжкімі: у яго была дыягнаставана псіхічная траўма, на лячэнне ён быў вымушаны патраціць значную для яго суму.

На слуханні ў сярэдзіне сакавіка адвакаты пазоўнікаў заявілі, што ў судзе павінны быць заслуханы паказанні сямі іншых сведак непрыстойных паводзін Спэйсі.

На гэтым слуханні таксама стала вядома, што Кэнан дасягнуў пагаднення з тэатрам «Олд Вік», мастацкім кіраўніком якога Спэйсі быў з 2004 па 2015 год.

Ніводнага абвінаваўчага прысуду

У 2017 годзе стала вядома, што кіраўніцтва тэатра «Олд Вік» атрымала 20 скаргаў ад сваіх дзеючых і былых супрацоўнікаў на непрыстойныя паводзіны Кевіна Спэйсі. Усе заяўнікі былі мужчыны.

Супраць Спэйсі за апошнія 10 гадоў было пададзена мноства іскаў з абвінавачваннямі ў сексуалізаваным гвалце і дамаганнях, але пакуль акцёр не атрымаў ніводнага абвінаваўчага прысуду.

У ліпені 2023 года прысяжныя ў лонданскім судзе прызналі Кевіна Спэйсі невінаватым у сэксуальных дамаганнях. Суд апраўдаў акцёра па дзевяці пунктах абвінавачання, якія тычыліся дамаганняў у адносінах да чатырох мужчын.

Акцёр сцвярджаў, што ўсе дзеянні паміж ім і абвінаваўцамі здзяйсняліся па ўзаемнай згодзе, а гвалту ў іх не было.

Працэс у Лондане быў трэцяй справай супраць Кевіна Спэйсі, якая дайшла да суда. Першыя дзве ён таксама выйграў.

У кастрычніку 2022 года Кевін Спэйсі таксама выйграў суд у Нью-Ёрку па іску аб сэксуальных дамаганнях, пададзеным іншым акцёрам Энтані Рэпам.

Прысяжныя пастанавілі, што Рэп не змог даказаць свае сцвярджэнні аб прыставаннях галівудскай зоркі.

Улетку 2019 года ў судзе штата Масачусетс слухалася справа аб сэксуальных дамаганнях акцёра да 18‑гадовага хлопца на востраве Нантакет у 2016 годзе.

Малады чалавек, які аказаўся сынам вядомай тэлевядучай Хэзер Анру, сцвярджаў, што Спэйсі прыставаў да яго ў рэстаране, папярэдне напаіўшы яго.

Аднак справа развалілася, паколькі бок абароны даказаў шматлікія парушэнні, дапушчаныя бокам абвінавачання, аж да падтасоўкі доказаў.

У ліпені 2019 года пракуратура Масачусэтса зняла з акцёра ўсе абвінавачванні.

Сам акцёр сцвярджае, што ўсе абвінавачванні ў яго адрас — гэта цкаванне, якое пачалося ў 2017 годзе і фактычна паставіла крыж на яго паспяховай кар'еры. Пры гэтым ён не тлумачыў, з чым, на яго думку, магло быць звязана цкаванне і хто мог быць зацікаўленым бокам.

Кевін Спэйсі — двухразовы ўладальнік прэміі «Оскар» за працу ў карцінах «Прыгажосць па-амерыканску» і «Звычайныя падазроныя». Ён здымаўся ў такіх фільмах як «Сем», «Сакрэты Лос-Анджэлеса», «Малы на драйве», а таксама ў серыяле Netflix «Картачны домік».

Каментары7

  • базарчык
    19.03.2026
    Будзем спадзявацца, што тыя з руху metoo і іншыя хунвейбіны панясуць адказнасць за хлуслівыя абвінавачанні. Гісторыя Спэйсі не адзіная, як на пустых словах чалавеку знішчылі кар'еру.
  • У суд аматараў паклёпу і канселінгу
    19.03.2026
    Карпушонак таксама спрабавала знішчыць Латушку на моцна спозненай хвалі новаапазіцыйных феміністычных абвінавачанняў пра харысмент, але не атрымалася як са Стрыжаком, бо Латушка падаў у суд, а там ужо патрэбныя аргументы, а не проста плёткі. Іншая справа, што без падстаў і ні за што адхілілі Гарэцкага і гэта зусім не нармальна.
  • Filipp
    19.03.2026
    "Супраць Спэйсі за апошнія 10 гадоў было пададзена мноства іскаў з абвінавачваннямі ў сексуалізаваным гвалце і дамаганнях, але пакуль акцёр не атрымаў ніводнага абвінаваўчага прысуду."©
    І як так сталася? Можа абвінаваціць гэта значна прасцей чым даказаць віну?
    Ён канешне садаміт, але ж відаць абвінавачванні пустыя.

Цяпер чытаюць

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра5

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Усе навіны →
Усе навіны

Масіраваная атака дронаў на Ленінградскую вобласць: пажар у порце і калапс у Пулкаве2

Ізраільскія пасяленцы напалі на палесцінскія вёскі на Заходнім беразе. Гэта адбылося пасля гібелі яўрэйскага падлетка11

У Нью-Ёрку самалёт Air Canada сутыкнуўся з пажарнай машынай на ўзлётна-пасадачнай паласе

У Гомелі знясуць даваенны Дом сувязі — замінае пашырыць вуліцу, якая ў гэтым месцы і так мае восем палос1

У цэнтры Мінска п'яны кіроўца пратараніў слуп

У Беларусі пабачылі палярнае ззянне2

Палякі купляюць дамы ў Беларусі — цікавяцца, ці хопіць на жыццё еўрапейскай пенсіі, і радуюцца смешным выдаткам26

Міністр адказаў на чуткі пра скарачэнне дэкрэтнага адпачынку ў Беларусі

Аляксандр Авечкін стаў другім хакеістам у гісторыі НХЛ, які закінуў 1000 шайб3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра5

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць