Павезлі ў лес капаць магілу. Пінчук з сябрамі з рэўнасці ў багажніку выкраў мужчыну
Гісторыя, якая пачалася з сямейнай сваркі і алкаголю, скончылася крымінальнай справай аб незаконным пазбаўленні волі. Суд Пінскага раёна вынес прысуд.

Здарэнне адбылося мінулай восенню. Абвінавачаны піў спіртное з сябрамі за горадам, калі яму патэлефанавала суседка па інтэрнаце і паведаміла, што ў пакоі яго жонкі знаходзіцца невядомы мужчына. Раз’юшаны хлопец разам з трыма знаёмымі, сярод якіх быў 17‑гадовы падлетак, тэрмінова накіраваўся туды.
Каб выманіць саперніка, кампанія пайшла на хітрасць: падлетак пастукаў у дзверы і папрасіў мужчыну выйсці ў калідор. Там на яго накінуліся астатнія, збілі і сілай запіхалі ў багажнік аўтамабіля.
Падчас нападу злачынцы пагражалі вывезці яго ў лес, каб той «капаў сабе магілу». Мужчына паспеў патэлефанаваць у міліцыю з багажніка, але ў яго хутка адабралі тэлефон.
Выкрадальнікі некалькі разоў спыняліся па дарозе і працягвалі збіваць і запалохваць мужчыну, пагражаючы прывязаць яго да дрэва. У рэшце рэшт ахвяру адпусцілі, запатрабаваўшы нікому не паведамляць пра гэта.
Суд прызнаў усіх чацвярых вінаватымі ў незаконным пазбаўленні волі па ч. 1 арт. 183 Крымінальнага кодэкса.
Трое дарослых фігурантаў атрымалі рэальныя тэрміны — ад 1 года да 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі.
Непаўналетні саўдзельнік асуджаны да 1,5 года хатняй хіміі.
Каментары
Якія ж яны вар'яты! Замест таго, каб вывозіць такую жонку ў лес, дакапаліся да чарговага палюбоўніка.