Колькі каштуе леў і дзе купіць вярблюда? Беларуска 18 гадоў таму пераехала ў вёску і завяла заасад
Васямнаццаць гадоў таму Наталля Каптыш з мужам купілі дачны домік пад Баранавічамі ў надзеі, што будуць адпачываць там летам. Але адпачынку не атрымалася. Затое і сумаваць не даводзіцца. Сёння сям'я ўтрымлівае аграсядзібу з заасадам, дзе ёсць і пума, і львіца, і мядзведзіца, і тыгр, і нават вярблюд. Гэта не кажучы пра паўлінаў, лемураў, ваўкоў і гаваркога крумкача — прасцей пералічыць, каго тут няма. А пачалося ўсё з курэй, піша Blizko.by.

— Я проста вельмі захапілася працэсам, — расказвае Наталля. — Спачатку мы прыводзілі да ладу дамок для летняга адпачынку. Усё сваімі рукамі: вывозілі смецце, нешта будавалі, латалі, фарбавалі. Я пачала высаджваць першую зеляніну, а потым захапілася куранятамі. Завяла інкубатары, сачыла, як вылупляюцца і растуць маленькія курачкі. Старэйшая дачка мне вельмі дапамагала. Я бачыла, як кранальна яна няньчыцца з куранятамі, клапоціцца, вучыцца адказнасці… І заводзіла курэй усё больш і больш.
А потым падумала: «У мяне столькі парод курэй, гэта так цікава, хай усе бачаць». Тады мы прадалі кватэру ў Баранавічах і пабудавалі дамок для гасцей — так з'явілася нашая аграсядзіба Naturlich у вёсцы Дзекалы, з экскурсіямі і сямейным адпачынкам па папярэднім запісе.
А ўжо потым нам пачалі аддаваць жывёл: дарагіх дэкаратыўных лісоў, янота. Гэтыя жывёлы былі купленыя для сябе, для дзяцей, каб трымаць іх дома ці ў кватэры. Але людзі сутыкнуліся са складанай спецыфікай — жыць з дзікім зверам бок пры боку цяжка. Тыя ж лісы вельмі моцна пахнуць. І ў нейкі момант, калі навізна праходзіць, застаюцца толькі цяжкасці.
Так у нас паступова з'яўляліся самыя розныя гадаванцы. Страўсянят, дарэчы, я купіла на «Куфары», яны прыехалі да нас зусім маленькімі, а сёння ім ужо па 12 гадоў. Гэта нашы старажылы.
— Якая самая старая жывёліна ў вас жыве?
— Мядзведзіца Жузя. Гэта вельмі старая цыркавая мядзведзіца, якая ўсё жыццё правяла побач з людзьмі. У яе быў гаспадар, уладальнік аграсядзібы, які Жузю вельмі любіў, абдымаў яе і няньчыў. Але ён памёр некалькі гадоў таму ад «кароны». І ягоная жонка была вымушаная выставіць дом на продаж, а разам з ім і вальер з мядзведзіцай. Чалавек, які купіў гэтае месца, паняцця не меў, што яму рабіць са зверам, і шукаў, куды прыстроіць мядзведзіцу.

Так сталася, што ў гадавіну смерці гаспадара Жузі ягоная жонка выставіла пост у інстаграме з душэўнымі відэа, дзе быў і ён сам, і мядзведзіца, і ўся іх складаная гісторыя.
Трэба сказаць, што да гэтага нам некалькі разоў прапаноўвалі ўзяць медзведзянят-падлеткаў, але я кожны раз адмаўлялася. А тут не вытрымала: мяне вельмі кранула гісторыя мядзведзіцы, так што я адразу патэлефанавала новаму ўладальніку сядзібы. І мы дамовіліся, што ён крыху пачакае, пакуль мы пабудуем вальер і арганізуем усё неабходнае для Жузі: тэрыторыю, басейн, забавы, цацкі.
Мае падпісчыкі дапамаглі сабраць грошы на вальер. І праз некалькі месяцаў, на мой дзень нараджэння, мядзведзіца пераехала да нас. Я вельмі перажывала, што яна будзе стрэсаваць, але ёй адразу спадабалася на новым месцы. Сёння Жузі 26 гадоў. Ужо дзве зімы яна з намі. Уляглася спаць яна сёлета ў верасні, а прачнулася ў сярэдзіне лютага. Але гэтай зімой яна адзін раз падымалася перакусіць — паесці рыбы. Дабрала неабходны бялок і зноў заснула.
— А колькі мяса трэба, каб пракарміць мядзведзіцу?
— А мяса яна наогул не есць, адмаўляецца. Ёй вельмі падабаюцца яйкі, вінаград, разынкі, агуркі, памідоры, марская рыба, грэцкая каша з ласасёвым тлушчам. А вось рачную рыбу Жузя не шануе. Муж неяк схадзіў дзеля яе на рыбалку, прынёс рыбак, выпусціў у басейн. Ну, і яны проста побач з Жузяй плёскаліся. Прыйшлося даставаць іх з басейна (рыба ж галодная) — і адпускаць на волю.
— Адкуль у вас ільвіца?
— З Мінскага заапарка. Так атрымалася, што яе мама памерла пры родах, і ільвяня па імі Касія засталося сіратой. Заатэхнік Наталляна (яна ўжо больш за 20 гадоў загадвае драпежнікамі ў сталічным заапарку) выкарміла Касію і выратавала ёй жыццё…

Яна знаходзілася пры слабым нованароджаным ільвянём літаральна днямі і начамі. Але расціць драпежнікаў, як львы, неабходна «ў сям'і». Яны ж жывуць прайдамі, перад вачыма маленькіх ільвянят заўсёды павінен быць «цьютар». І для львяняці такім цьютарам стаў сабачка. Кася паўсюль за ім хадзіла і ўспрымала як маму. І паўстала пытанне, што рабіць: ільвяня і сабаку ўжо не падзяліць, яны сям'я, да таты-льва з сабачкам не падселіш. Звярнуліся да нас з прапановай забраць абодвух, і ў нас атрымалася выкупіць гэтую парачку.
— Гэта значыць, сярэднестатыстычны беларус можа купіць сабе цара звяроў у сталічным заапарку?
— Каму заўгодна, вядома, не прададуць. Патрэбныя ўмовы для ўтрымання драпежніка. Але наогул, калі ў прыплодзе, дапусцім, у ваўчыцы 5—6 шчанят, заапаркі шукаюць магчымасць абмяняцца або прыстроіць маладых драпежнікаў у заасады. Звярам жа патрэбна тэрыторыя. А адкуль у межах горада ўзяць дадатковыя метры адразу для такой колькасці жывёл? Ім будзе цесна, таму імкнуцца арганізаваць для звяроў лепшыя ўмовы.
— І па колькі цяпер львы?
— Гэта было чатыры гады таму, так што дакладна ўжо не скажу, але цана — прыкладна як за пародзістага шчанюка ці ката. Нічога завоблачнага, як часам уяўляюць далёкія ад гэтай сферы людзі. На экзатычных жывёлах у гэтым выпадку не спрабуюць зарабіць, таму цана не завоблачная. У Расіі, напрыклад, гэта велізарная праблема — людзі раней нярэдка куплялі ў цырках, заапарках за 1000 даляраў ільвоў, тыграў, бо гэта было даступна і «прыкольна». А потым не спраўляліся з утрыманнем. Зараз усіх вялікіх катоў там спрабуюць у грамадзян забраць.
У нас усё значна стражэй: для любой жывёліны патрэбныя асаблівыя ўмовы, і заапарк правярае патэнцыйнага ўладальніка. А потым не кідае яго без дапамогі — дапамагаюць з лячэннем, прышчэпкамі, прэпаратамі, рэнтгенам і г. д. Плюс рэгулярна прыязджаюць, каб пераканацца, што ў звера ўсё добра.
Але так, да мяне самыя нечаканыя «гадаванцы» паступалі менавіта з заапаркаў і цыркаў. Напрыклад, тыгрыцу папрасілі забраць з цырка ў Дагестане. А вярблюд з'явіўся ў нас у перыяд лакдаўну, калі з нашай краіны не мог выехаць расійскі цырк. Былі закрытыя межы, і прадстаўленні ў закрытых памяшканнях не даваліся, таму на продаж былі выстаўленыя дзевяць вярблюдаў. Аднаго з іх выкупілі мы.
За вярблюдамі трэба вельмі старанна сачыць: глядзець за харчаваннем, не перакормліваць (можна толькі да 5 кг гародніны ў суткі), кожныя тры-чатыры месяцы — ганяць паразітаў. Я чула, што ўсе астатнія жывёлы, якія былі выкупленыя, памерлі, застаўся жыць толькі наш вярблюд па імені Форд.

— А вы не баіцеся сваіх гадаванцаў? Гэта ж велізарныя непрадказальныя звяры?
— Я не рызыкую: у мяне ніколі не было мары пагладзіць тыгра ці патрапаць за каршэнь ільва. Усе вальеры агароджаныя: пакуль раблю прыбіранне, драпежнік знаходзіцца па іншы бок агароджы, потым мы мяняемся. Так што з дарослымі звярамі я ніяк не кантактую. З маленькімі — так. Вось малая пума, напрыклад, пакуль ёй патрэбен пастаянны догляд (у яе рахіт, трэшчыны ў касцях), жыве ў нашым доме і спіць у мужа на падушцы. Вальер для яе ўжо пабудаваны, але ў ім вельмі шмат лазалак і палічак. Я баюся, каб яна не пераламала лапы, таму, пакуль ёсць пытанні па здароўі, пума жыве ў нас і прымае лекі. Але гэта дзіця.
Наведвальнікі часам пытаюцца: «А ці можна пагладзіць мядзведзя?». Я адказваю: «Адзін раз у вас, напэўна, атрымаецца». Стараюся рэагаваць з гумарам, але даходліва тлумачыць, што гэта дзікія сур'ёзныя звяры.
— Якія самыя дзіўныя просьбы былі ў вашых гасцей?
— Мяне так добра «выдрэсіравалі» жывёлы, што людзі ўжо нічым не здзіўляюць. Я абсалютна спакойна рэагую на любыя пытанні.

— Вернемся да мяса. Колькі яго трэба, каб пракарміць усю гэтую грамаду?
— Акрамя чыстага мяса (індычаціны, курынага філе, ялавічыны), жывёлам трэба яшчэ шмат усяго: і косці (у іх жа кальцый), і вантробы (ялавічнае і свіное сэрца, курыныя страўнічкі) і тыя ж пёры… Таму складаю спіс на тыдзень і закупляюся па ім: трыбухамі, шыямі, касцямі, мясам і г. д. Звычайна з разліку: драпежнік з'ядае 10% ад масы цела ў суткі. Маленькая пума, якая ў нас жыве, важыць 30 кг, ёй трэба каля 3 кг мясных прадуктаў у дзень.
Але зараз жывёлы ядуць мала, імкнуцца скінуць вагу. Пасля суровай зімы перапад тэмператур быў амаль 50 градусаў — ад —30 да +18. Зімой звяры харчаваліся ўзмоцнена, каб захаваць цяпло, а зараз ім горача, знік апетыт. Гэта ж не людзі, яны не ядуць ад нуды ці за кампанію, а харчуюцца, зыходзячы са сваіх унутраных патрэбаў. Але ў раёне 200 кг мясных прадуктаў у тыдзень я ім закупляю.
А акрамя таго, масу ўсяго яшчэ. Малпачкі вельмі любяць ягады, мармелад, любыя арэшкі, дзіцячыя пюрэшкі. Для іх я, дарэчы, летам хаджу ў лес збіраць ягады. Лемуры абажаюць вінаград, разынкі, ёгурты, фінікі. Альпакі — капусту, моркву, кукурузу. Дзікабразы — арэшкі, памідоры чэры. Яноты — перапёлчыны яйкі, маршмэлоу, вінаград. Тхары і куніца аддаюць перавагу курынаму філе, сардэчкам, перапёлчыным яйкам…
Лісы, тыгр, ваўкі, рысь, пума вельмі любяць свініну. Я яе ім не даю, а наведвальнікам часам дазваляю прывозіць як пачастунак, у якасці ласунку. Таму што шмат свініны шкодна. Але папесціць зверанят часам можна. Паўліны і куры вельмі любяць капусту, моркву, яблыкі, пшаніцу і кукурузу. Сурыкаты аддаюць перавагу курыным сардэчкам, перапёлчыным яйкам, жывым тараканам і апарышам. Мадагаскарскіх тараканаў я для іх разводжу.
— У вас жа свае куры. Яны таксама ідуць у справу?
— Не, куры ў нас жывуць да старасці. Але яны нясуць яйкі, а яйкі любяць усе. Таму я стараюся скрыжоўваць розныя пароды курэй. Прыгожыя даўгавечніцы, якія могуць пражыць і па 10 гадоў, на жаль, дрэнна нясуцца. Звычайныя рабыя нясушкі жывуць мала, на жаль, усяго па два-тры гады. Так што даводзіцца шукаць кампраміс паміж эстэтыкай і агульнай карысцю.
— А як вы навучылі крумкача гаварыць?
— Я проста вельмі шмат балбачу, без канца размаўляю з жывёламі. Але не ўсе могуць за мной паўтарыць. А гэты таварыш навучыўся.
У гамельчука жыў кракадзіл, а цяпер ён мае расліну, якой больш няма ў дзікай прыродзе
Двух плямістых аленяў перавезлі з Брэста ў Белавежскую пушчу
З вальера заасаду на вачах у наведвальнікаў уцякла ваўчыца. Адміністрацыя: Нічога страшнага, яна сама баіцца людзей
У Чавускім раёне ласяня згубіла маму і выйшла па дапамогу да людзей. У той жа дзень яно знайшло сабе новага сябра
«Найлепшае ў жыцці — бачыць, як узлятаюць ці ўцякаюць тыя, каму мы дапамаглі». Беларуска расказала, як ратуе дзікіх жывёл
«Не такі ўжо ён белы і пухнаты». Кіраўнік цэнтра па ратаванні буслоў расказаў пра іх шмат цікавага
Цяпер чытаюць
«Месяцамі ў кабіне, на сябе забіў. І стаў пытаць: можа, жонка таксама будзе працаваць?». Чаму эміграцыя разбівае сем’і і што рабіць, каб усё паправіць
Каментары