Свет66

Ад афіцыянткі да сэкс-інфарматаркі: гісторыя ўкраінскай дзяўчыны з акупаванай тэрыторыі

«Мужчыны пад алкаголем распавядаюць шмат цікавага. Яны і не думаюць, што жанчына, якой яны заплацілі, можа штосьці камусьці пераказаць».

Фота: BBC / Getty Images

Гэта расказвае Альбіна, субтыльная дзяўчына, якая ўжо некалькі гадоў аказвае сэкс-паслугі расійскім салдатам на акупаванай тэрыторыі і выпытвае ў іх таямніцы, якія перадае ўкраінцам.

Альбіна распавяла ВВС, як гэта — быць украінкай і дзяліць ложак з варожымі салдатамі, рызыкуючы ўласным жыццём.

Альбіна (імя змененае) — яшчэ даволі маладая. Яна нарадзілася і пражыла ўсё жыццё ў мястэчку, якое акупавала расійская армія падчас поўнамаштабнага ўварвання. Выданне не называе сапраўднае імя дзяўчыны і адкуль яна родам дзеля яе бяспекі.

Да вайны Альбіна працавала афіцыянткай, пасля — вымушана была пайсці ў бардэль, або, як яго называюць паміж сваіх — «офіс», каб зарабляць на жыццё ў акупацыі. Там яна ўжо некалькі гадоў.

Большасць яе кліентаў — вайскоўцы расійскай арміі. Яна распавядае, што праз некалькі месяцаў пасля таго, як пачала працаваць у гэтай сферы, вырашыла, што хоча стаць шпіёнкай, каб дапамагаць УСУ. Бо дагэтуль спадзяецца, што Украіна верне пад свой кантроль яе мястэчка.

Дзяўчына распавяла ВВС, што падчас працы завязвае дыялогі з мужчынамі, а як толькі яны раскрываюць свае сакрэты, якія месцамі складаюць дзяржаўную таямніцу, Альбіна перадае іх каардынатару на падкантрольнай Украіне тэрыторыі.

Бывае такое, што ў варожыя вайсковыя часці ці тэхніку, каардынатамі якіх дзеліцца Альбіна, «прылятае», пра што дзяўчына даведваецца з навін. 

«Аднаго разу мой кліент, салдат, прагаварыўся мне пра месца базавання іх штаба. Я перадала гэтую інфармацыю каардынатару, і недзе праз пару дзён туды прыляцела. Там было шмат [расійскіх] афіцэраў. Увесь горад пра гэта казаў. Ніхто не мог зразумець, як іх знайшлі, як выйшла гэтая інфармацыя», — кажа Альбіна.

«Вядома, такую працу я нікому б не пажадала. Але калі гэта здарылася, я адчула гонар, што я змагла дапамагчы. Што гэта мой унёсак. Так, магчыма, пра гэта не даведаецца шмат людзей, але супраціў [на акупаваных тэрыторыях] ёсць», — дадае яна.

Журналісты не змаглі незалежна праверыць словы Альбіны, але ва ўкраінскіх спецслужбах ім пацвердзілі яе гісторыю. Апытаныя эксперты таксама кажуць, што практыка прыцягнення жанчын з сэкс-бізнэсу для шпіянажу з'яўляецца распаўсюджанай у свеце.

Інфарматарка «Атэш»

Сэкс-праца ні ва Украіне, ні ў Расіі не легалізаваная, таму на акупаваных Расіяй тэрыторыях гэта праца таксама незаконная і небяспечная. Сэкс-работнікі часта становяцца ахвярамі фізічнага і маральнага гвалту, адчуваюць сябе неабароненымі, маюць праблемы з фізічным і ментальным здароўем.

На акупаваных Расіяй тэрыторыях гэтая дзейнасць караецца штрафамі, аднак штраф — не самая вялікая рызыка для Альбіны.

Дзяўчына кажа, што жыве з пастаянным страхам, што калісьці людзі вакол заўважаць, чым насамрэч яна займаецца. Сярод калег «па цэху» даверу таксама няма. Паміж сэкс-работніцамі, якія працуюць разам з Альбінай, ёсць і расійскія дзяўчыны, якія праз розныя абставіны былі вымушаныя туды прыехаць.

Хто з'яўляецца ўладальнікам сэкс-установы, дзе яны працуюць, жанчынам не распавядаюць. Яны збіраюцца ў так званым «офісе», адкуль кіроўцы развозяць іх па замовах да кліентаў. Усё — па перадаплаце.

«Не магу сказаць, што маю цёплыя адносіны з дзяўчатамі з Расіі. Не ведаю нават імёнаў многіх з іх. Кліенты да ўсіх нас ставяцца як да тавару, за які яны плацяць грошы», — дзеліцца Альбіна.

«Расійскія кліенты часта выгаворваюцца пра праблемы на працы (яны называюць службу працай). Ёсць мужчыны іншых нацыянальнасцяў, не расіяне, яны больш жорсткія. Але і ад іх можна даведацца нейкую інфармацыю».

Маёр СБУ ў адстаўцы Іван Ступак распавядае, што падобная схема атрымання інфармацыі ад сэкс-работніц існавала яшчэ задоўга да вайны. Да яе месцамі могуць прыцягваць і мужчын, і жанчын, якія працуюць у эскорт-індустрыі, але ў абодвух выпадках гэта адзінкавыя выпадкі.

Іх сведчанні нельга выкарыстоўваць у судзе, бо, як правіла, яны не маюць ніякіх доказаў і гаворка ідзе толькі пра давер «на слова». Але падчас вайны іх інфармацыю выкарыстоўваюць інакш. Гэта могуць быць і дадатковыя даныя для здзяйснення ўдараў, і зачэпкі для далейшых расследаванняў ці пошуку цэляў.

«Мы разумеем, што расійскі бок цудоўна гэта ўсведамляе. Усе дзяўчаты, якія трапляюць у поле зроку расійскай контрразведкі, правяраюцца на прадмет супрацоўніцтва з Украінай», — кажа Іван Ступак.

У адкрытых крыніцах можна знайсці інфармацыю, як яшчэ падчас Другой сусветнай вайны жанчын вучылі быць шпіёнкамі. Некаторыя з іх станавіліся сэкс-работніцамі, каб збіраць інфармацыю на варожай тэрыторыі. Аднак што тады, што цяпер, дакладных даных наконт колькасці шпіёнак — сэкс-работніц няма.

Альбіна — не прафесійная шпіёнка. Спалучаць эскорт-індустрыю з падпольным зборам інфармацыі, як кажа дзяўчына, яна пачала, бо хацела дапамагчы Украіне.

«Спачатку я не разумела, як і куды я магу перадаць гэтую інфармацыю, каб мяне не выкрылі», — кажа Альбіна.

Тады на вуліцах горада дзяўчына пачала заўважаць улёткі з украінскай сімволікай і зразумела, што ў яе горадзе існуе рух супраціву.

Аднойчы Альбіна натрапіла ў інтэрнэце на паведамленне арганізацыі «Атэш», якая заклікала людзей на акупаванай тэрыторыі да супрацоўніцтва. Так пачалася яе праца з «Атэшам».

«Я на сувязі з каардынатарам. Мы перапісваемся. Ніякіх званкоў. Адразу пасля перадачы інфармацыі я выдаляю перапіску», — Альбіна.

Альбіна не атрымлівае заробку за гэтую працу. Яна кажа, што не супрацоўнічае з рухам, каб зарабіць грошы.

Што такое «Атэш»

«Атэш» — арганізацыя, якая пазіцыянуе сябе як рух супраціву ўкраінцаў і крымскіх татар. Паводле слоў яе прадстаўніка, рух налічвае тысячы людзей на акупаваных і расійскіх тэрыторыях.

У інтэрв'ю ВВС каардынатар «Атэш» распавёў, што гэтая сетка людзей ладзіць дыверсіі, вядзе назіранне за расіянамі, расклейвае праўкраінскія ўлёткі на акупаваных тэрыторыях, перадае каардынаты ўкраінскім спецслужбам і вайскоўцам. Кажуць — супрацоўнічаюць з усімі Сіламі Абароны Украіны.

Каардынатар «Атэш» адзначае, што ёсць агенты і сярод тых, хто працуе ў тыле ворага на расійскіх заводах, у штабах або на чыгунцы. Арганізацыя публічна дзеліцца фотаздымкамі і відэасправаздачамі сабатажаў.

У інтэрв'ю з ВВС каардынатар «Атэш» распавёў, што інфармацыю пра варожыя перамяшчэнні і дыслакацыю вайсковай тэхнікі яны атрымліваюць ад людзей розных прафесій. У тым ліку — ад калег Альбіны.

Не ўсе з іх гатовыя распавядаць пра сваю дзейнасць нават ананімна. Альбіна адна з нешматлікіх, хто падзяліўся тым, што адбываецца за кулісамі.

«Альбіна напісала на наш афіцыйны акаўнт для сувязі. Спачатку прайшла стандартную працэдуру верыфікацыі — мы павінны пераканацца, што гэта не пастка ФСБ. Яна даказала сваю надзейнасць, даўшы даныя, якія хутка пацвердзіліся іншымі крыніцамі», — распавядае каардынатар «Атэш».

«Яна дапамагла і дапамагае вельмі істотна. Інфармацыя, якую яна перадае, часта тычыцца не проста перамяшчэння тэхнікі, а настрояў афіцэрскага складу, планаў перадыслакацыі, пра якія гавораць у прыватных размовах, і размяшчэння канкрэтных штабаў, баз адпачынку, дзе акупанты адчуваюць сябе ў бяспецы. Дзякуючы ёй «бяспечных» месцаў для іх стала менш».

Расія ўнесла «Атэш» у спіс тэрарыстычных арганізацый, структуру згадваюць у прысудах РФ аб дзяржздрадзе. Напрыклад, па гэтым артыкуле мінулым летам жыхар Тульскай вобласці Віталій Грачышкін трапіў у турму на 18 гадоў. У матэрыялах суда згадваецца, што мужчына перадаваў спецслужбам Украіны каардынаты расійскага энергетычнага комплексу. Перадача адбывалася ў тэлеграме прадстаўніку «замежнай арганізацыі Атэш».

ВВС не можа пацвердзіць, што Грачышкін сапраўды быў агентам «Атэш», сама арганізацыя гэта таксама не каментуе, як і іншыя сілавыя структуры ва Украіне. Гэта сфера вельмі закрытая.

Супрацоўнікі «Атэш» настойваюць, што яны падчас перадачы інфармацыі максімальна прытрымліваюцца правілаў бяспекі і робяць усё, каб знізіць узровень небяспекі для сваіх агентаў. Аднак прызнаюць — выпадкі раскрыцця агентаў ворагам сапраўды здараліся. У той жа час ва ўкраінскай прэсе і афіцыйных заявах на гэтым, як правіла, не акцэнтуюць увагу.

На падкантрольнай Украіне тэрыторыі падпольныя рухі супраціву згадваюцца ў сетцы часта, яны адкрыта вядуць рэкрутынг, бо зацікаўленыя прыцягнуць як мага больш агентаў у сваю сетку і інфармацыйна запалохаць ворага. У Расіі назваў такіх украінскіх арганізацый у СМІ вобмаль, відавочна, каб лішні раз не рэкламаваць.

Галоўнае ўпраўленне разведкі і СБУ пацвердзілі ў каментары ВВС, што «Атэш» — гэта сапраўды адна са структур, якая дапамагае збіраць інфармацыю для спецслужбаў. Але перад нанясеннем удару любую інфармацыю правяраюць з розных крыніц.

ВВС не мае магчымасці незалежна верыфікаваць узровень уцягнутасці рухаў супраціву ў арганізацыю ўкраінскіх ваенных аперацый. Ва ўмовах інфармацыйнай вайны маштаб падпольных сетак можа быць публічна скажоным дзеля дэзарыентацыі ворага.

«Атэш» паведаміў, што вось ёсць шмат людзей, яны працуюць. У мяне ёсць сумневы, што там шмат людзей. Яны ўсе разрозненыя. І кожная арганізацыя — СБУ, ГУР, Служба знешняй разведкі, ССА — яны спрабуюць сваіх людзей берагчы. Яны нікому не расказваюць свае крыніцы на акупаванай тэрыторыі. Бо гэта заўсёды жыццё чалавека», — распавядае Іван Ступак.

«Мы адкрыта не ведаем. Але, як на мяне, гэта больш, каб стварыць уражанне пра маштаб дзеяння. У разведкі свае даныя і свае крыніцы. Яны самі здабываюць, а потым загортваюць пад адзін брэнд «Атэш». Гэтак жа працуюць і расіяне. Вы, магчыма, чыталі навіны «Каардынатар мікалаеўскага падполля паведаміў…» або «Каардынатар херсонскага падполля паведаміў…». Гэта для таго, каб расфакусаваць увагу ўкраінскай контрразведкі, каб мы бегалі, шукалі і спатыкаліся».

У інтэрв'ю з ВВС «Атэш» сказаў, што свядома не апублічвае дакладныя лічбы, якія пацвярджаюць маштабы іх працы, бо гэтым можа скарыстацца Расія. Адпаведна, адказ на пытанне, што ў іх дзейнасці рэальнае, а што — створанае інфармацыйна для ворага, мы, магчыма, даведаемся толькі пасля заканчэння вайны.

Ужо зараз на пацвярджэнне сваёй эфектыўнасці «Атэш» прыводзіць факт, што іх арганізацыя ў Расіі прызнана экстрэмісцкай. Кажуць, «гэта знак якасці». «Атэш» запэўнівае — рэсурсаў для падтрымкі дзейнасці ў іх хапае. У той жа час арганізацыя не абвяргае факт удзелу ў інфармацыйнай вайне. «Атэш» называе публічнасць сваёй зброяй. Кажуць, яна дае надзею ўкраінцам у акупацыі і прыцягвае новых агентаў.

Былы намеснік старшыні СБУ Віктар Ягун у інтэрв'ю ВВС распавёў, што ўсе падпольныя рухі, уключаючы «Атэш», выконваюць тры функцыі — дэмаралізуюць ворага, перагружаюць яго разведку і стымулююць новых людзей да пасіўнага супрацоўніцтва без актыўных дзеянняў.

«Атэш» — гэта гібрыдная структура. Гэта рэальная сетка плюс насамрэч моцная інфармацыйная надбудова. Гэта тыповы фармат для сучаснай вайны. Падобныя рухі амаль ніколі не існуюць у чыстым выглядзе», — кажа Віктар Ягун. «Атэш» — гэта не міф, але і не масавая партызанская армія. Гэтая сетка мае абмежаваны памер і інтэграваная ў шырэйшую архітэктуру ўкраінскіх спецслужбаў».

Альбіна распавядае, што каардынатар, з якім яна перапісваецца, ніколі не паведамляе ёй пра вынікі ваенных аперацый або ці спатрэбілася перададзеная ёй інфармацыя. Пра сваю эфектыўнасць дзяўчына можа толькі здагадвацца, складаючы пазлы паміж сваімі дзеяннямі і навінамі пра чарговыя разбураныя варожыя аб'екты. Распавядае, што былі выпадкі, калі кліенты, наконт якіх жанчына перадавала інфармацыю, вярталіся зноў да яе па паслугі.

«Кожны раз я моцна перажываю. Заўсёды здаецца, зараз штосьці здарыцца, зараз яны даведаюцца, зараз здагадаюцца, бо я задала занадта шмат пытанняў», — кажа Альбіна.

За тры гады вопыту, кажа дзяўчына, яна пачала больш слухаць, чым пытацца.

«Яны самі пачынаюць размовы. Хваляцца, колькі зарабляюць грошай, маўляў, прыехалі вось у гэтае месца, і цяпер ёсць шмат грошай. Пра што яшчэ яны гавораць? Напрыклад, пра перамяшчэнні. Ён кажа мне, што хутка паедзе адсюль. Або, напрыклад, могуць паскардзіцца, што камандзір зарплату не выплаціў. Памятаю, быў неяк хлопец, які эмацыйна распавядаў, як аднаго пабраціма не змаглі выцягнуць [з поля бою] і давялося яго кінуць там», — згадвае Альбіна.

Дзяўчына распавядае, што бываюць у гэтым яе супрацоўніцтве і зацішшы, бо інфармацыя, якой дзеляцца мужчыны, не ўяўляе ніякай каштоўнасці.

Заставацца сэкс-работніцай-інфарматаркай назаўжды Альбіна не збіраецца. Разумее, што гэта гульня ў рулетку. І калі перастаць паведамляць інфармацыю пра варожыя перамяшчэнні Альбіна можа ў любы момант, то сысці з эскорт-індустрыі, кажа, трэба з розумам, у «бяспечны момант».

Падсумоўваючы ўнёсак сэкс-работніц у працу спецслужбаў, Віктар Ягун апісвае іх ролю як дапаможную: «Дапаможная, разведвальная, інфармацыйная [роля]. Але ніяк не аперацыйная. Гэта не агенты, якія, груба кажучы, наводзяць ракеты, а крыніца першаснай інфармацыі. Іх каштоўнасць заключаецца не ў тэхнічных ведах, а менавіта ў доступе да нефармальных размоў і першаснай інфармацыі. І зніжэнне насцярожанасці суразмоўцы, які проста не звяртае на іх увагі».

Пра ўцягнутасць сэкс-работніц у збор інфармацыі для разведкі летась у адным з інтэрв'ю згадваў і Кірыла Буданаў. Тады яшчэ кіраўнік ГУР адзначыў, што дзякуючы эскорт-індустрыі можна атрымаць інфармацыю такога ўзроўню, якога звычайнаму разведчыку і не снілася б.

Вайна Расіі супраць Украіны карэнным чынам змяніла не толькі нашы ўяўленні пра зброю сучаснай вайны, але і пра тое, як выглядае сучасны рух супраціву. Эксперты і спецслужбоўцы кажуць, што наўрад ці ў сучаснай прасторы існуюць агентурныя сеткі накшталт тых, пра якія мы чытаем у шпіёнскіх раманах. Зараз кожны чалавек — гэта патэнцыйны аўтаномны агент. Рухі супраціву — гэта ўжо даўно не вялікая колькасць людзей у адной сакрэтнай лакацыі.

Для хуткай перадачы інфармацыі не трэба сустракацца ці сазвоньвацца з чалавекам. Можна наогул ніколі не даведацца, як ён выглядае насамрэч.

Каментары6

  • Романтика
    05.04.2026
    Когда нибудь война закончится и Альбина выйдет замуж за бойца ПКК...
  • Т
    05.04.2026
    Романтика, многие работают уже замужем. Просто муж думает что жена работает официанткой. Что в какой то мере правда, только с доп услугами
  • Ну
    05.04.2026
    Filipp, с'ездзі туды і пражыві яе жыццё апошнія 4,5 гады. Мо, тады нешта зразумееш.

Цяпер чытаюць

Што за Дзмітрый Скіндзераў, які абвясціў вайну Ціханоўскай? Супрацоўніцтва з ГУБАЗіКам, даўгі ў Беларусі, даўгі ў Літве30

Што за Дзмітрый Скіндзераў, які абвясціў вайну Ціханоўскай? Супрацоўніцтва з ГУБАЗіКам, даўгі ў Беларусі, даўгі ў Літве

Усе навіны →
Усе навіны

«70 заказаў на дзень». Беларуска выпякае ў Варшаве велікодныя булкі, якія здзіўляюць палякаў3

У Непале горныя праваднікі правакавалі «горную хваробу» ў турыстаў, каб на гэтым узбагачацца

Ведаеце лубін? Навукоўцы з Мінска распрацавалі катлеты з яго. Але самі не гатуйце ні ў якім разе!1

Беларускае тэлебачанне пакажа велікодныя каталіцкія набажэнствы1

Гінулі ад паводкі, але выратаваліся пераездам. Як цяпер жывецца ў Беларусі турападобным быкам2

Сілавікі заняліся заснавальнікамі дабрачыннага фонду «Цуд дзецям». Сцвярджаюць, што яны махляры1

«Беларуская навука — выпаленая пустка, дзе адзіночкі спрабуюць стварыць нармальны свет для такіх, як вы». Чаховіч палемізуе з Паўлючэнкам22

Дырэктарка турфірмы, якая не пазнала беларускай мовы, вырашыла адсудзіць 37 тысяч даляраў. Але праз некалькі гадзін перадумала12

Як будзе выглядаць машына для кантролю аплаты парковак у Мінску1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што за Дзмітрый Скіндзераў, які абвясціў вайну Ціханоўскай? Супрацоўніцтва з ГУБАЗіКам, даўгі ў Беларусі, даўгі ў Літве30

Што за Дзмітрый Скіндзераў, які абвясціў вайну Ціханоўскай? Супрацоўніцтва з ГУБАЗіКам, даўгі ў Беларусі, даўгі ў Літве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць