Блогеру Лапшыну забаранілі ўезд у Арменію. Гэтаму маглі паспрыяць і беларускія ўлады
Інцыдэнт адбыўся 5 красавіка ў аэрапорце Ерэвана. Як і раней, блогера Аляксандра Лапшына затрымалі на пашпартным кантролі, але гэтым разам паведамілі, што ўезд у краіну для яго цалкам закрыты і ён павінен з’ехаць. Пры гэтым ніякіх афіцыйных дакументаў з тлумачэннем прычын яму не далі, піша «Радыё Свабода».

Перад гэтым Лапшын спрабаваў атрымаць электронную візу па ізраільскім пашпарце, але ўпершыню атрымаў адмову. Таму ён вырашыў паляцець без яе і аформіць візу ўжо на месцы, але і там яму адмовілі. У Арменіі ў яго засталіся сябры, а таксама кватэра і асабістыя рэчы, бо раней ён жыў там некалькі гадоў.
Афіцыйна блогеру патлумачылі забарону тым, што ён апублікаваў інтэрв’ю з былым армянскім ваеннапалонным, які расказваў пра катаванні ў азербайджанскім палоне. На думку армянскага боку, такія матэрыялы могуць шкодзіць адносінам паміж Арменіяй і Азербайджанам. Сам блогер лічыць гэтае тлумачэнне нелагічным.
Неафіцыйна ж яму сказалі, што праблема можа быць у тым, што яго ўжо неаднаразова затрымлівалі ў Арменіі па запытах Беларусі, і гэта проста надакучыла мясцовым службам. Усяго такіх затрыманняў было сем.
Праблемы з беларускімі ўладамі ў Лапшына пачаліся яшчэ ў 2016 годзе, калі яго затрымалі ў Беларусі і перадалі ў Азербайджан з-за крымінальнай справы за наведванне Нагорнага Карабаху. Там блогера асудзілі, але пазней памілавалі. Пасля гэтага ён падаў скаргу ў ААН, і там прызналі, што яго правы былі парушаныя.
У наступныя гады Беларусь працягвала абвінавачваць Лапшына, і ў 2024 годзе яго ўпершыню затрымалі ў Арменіі па беларускім запыце, але не выдалі. Пазней такія затрыманні паўтараліся. Лапшын нават звяртаўся ў армянскі суд, які прызнаў, што абвінавачанні Беларусі не адпавядаюць мясцовым законам, але гэта не спыніла затрыманняў.
Цяпер, пасля поўнай забароны на ўезд, блогер кажа, што ў яго амаль не засталося юрыдычных магчымасцяў нешта змяніць. Ён накіраваў запыт армянскім уладам, каб атрымаць афіцыйнае тлумачэнне, але пакуль адказу няма.
Цяпер чытаюць
«Я стаў шчаслівы». Праца на будоўлі прыносіць добрыя грошы, а грамадская актыўнасць — маральную сілу. Былы каліновец Кусь расказаў пра тое, як вярнуў унутраную раўнавагу
Каментары