Статкевіч заклікаў «глыбокапаважаную Нашу Ніву» не выкарыстоўваць слова «лабуда», а Ціханоўскага — не наракаць на СМІ
Мікалай Статкевіч апублікаваў допіс пад назвай «Напады і парады», у якім выказаўся пра спрэчкі вакол Сяргея Ціханоўскага. Прыводзім ягоны пост.

Я даўно ўжо не пераймаюся канкурэнцыяй за нейкае асабістае месца сярод дэмакратычных сіл. Галоўнае для мяне — будучыня нашай нацыі і краіны, якая залежыць, у тым ліку, ад наяўнасці ў нас неабходнай колькасці моцных патрыятычных лідараў.
Таму імкнуся вызначыць і падтрымаць тых актыўных беларусаў і беларусак, якія маюць унутраны патэнцыял для лідарства.
Падрыхтаваныя харызматычныя лідары — рэдкая з’ява, яны фармуюцца гадамі і знаходзяцца пад пільнай увагай і падвышаным ціскам рэжыму. Таму іх варта берагчы і падтрымоўваць.
Шкадую, што з-за зняволення мала ведаю пра тых актывістаў, якія выявілі свае лідарскія якасці ў 2020 годзе.
Мы — не вельмі вялікая нацыя, таму мяне радуе з’яўленне новых патэнцыйных лідараў і засмучае зыход ад актыўнай дзейнасці тых, хто ўжо засведчыў сябе сапраўдным патрыятычным лідарам.
Я кепска стаўлюся да тых, хто публічна заявіў пра свае прэтэнзіі на кіраўніцтва, павёў за сабой людзей і потым апынуўся нявартым іх даверу. На мой погляд, гэта здрада. І не трэба спасылак на запалохванні і пагрозы, страх турмы, за блізкіх і дзяцей. Да лідарства ніхто нікога не прымушае. Калі ж абраў гэты шлях, то мусіш адпавядаць яму.
Бо хіба тыя, якія пайшлі за несапраўдным лідарам і, пакінутыя ім, апынуліся з-за гэтага разлучанымі з блізкімі і дзецьмі, прайшлі турэмнае пекла, — нейкія менш каштоўныя людзі? Што, іх пакуты значаць меней? Няздатнасць да самаахвяравання ва ўмовах вызвольнай барацьбы супраць тыраніі — прыкмета непрыдатнасці да лідарства.
Тым болей каштоўныя лідары, чыя адданасць справе ўжо праверана. Напрыклад, турмой ці вайной.
Я называю гэта — прайшлі «праверку на дарогах». Па назве савецкага ваеннага фільма, некалі забароненага цэнзурай.
Мяне вельмі засмучае кампанія ў сеціве супраць Сяргея Ціханоўскага — харызматычнага лідара, які шмат зрабіў для народнага ўздыму 2020 года, годна прайшоў турэмныя катаванні, не папрасіў літасці ў сваіх катаў і зараз знаходзіцца на волі. Безумоўна, Сяргей рабіў памылкі, амаль непазбежныя пасля пяці гадоў поўнай ізаляцыі.
Эмацыйнасць — добрая якасць для палітыка, неабходная для ўздзеяння на эмоцыі людзей. Але яна можа шкодзіць у стасунках з медыя і дыскусіях у сеціве.
Хаця цяжка стрымацца, калі нібыта дэмакратычныя актывісты актыўна выкарыстоўваюць для нападак на былых палітвязняў спекуляцыі наконт турэмных «статусаў». Тым болей што беспадстаўнае навешванне турэмшчыкамі рэжыму гэтых «статусаў» з’яўляецца вядомым прыёмам ціску і псіхалагічных катаванняў палітвязняў.
Так атрымалася, што я ў тэме наконт «статусавай» правакацыі супраць Сяргея.
Я высветліў яе абставіны праз аўтарытэтных у турэмным свеце людзей. Як выявілася, недарэчную і хлуслівую інфармацыю пра Сяргея распаўсюдзілі двое крымінальнікаў. Адзін з якіх падпісаў у зняволенні паперы пра «законапаслухмяныя паводзіны», а другі даў падчас следства паказанні супраць сваіх сяброў, што аўтаматычна пазбаўляе абодвух паважанага месца ў турэмным свеце і права выносіць вызначэнні пра «статус» ды распаўсюджваць інфармацыю пра іх.
Спробы «дэмакратаў» гуляць на адным са спосабаў турэмных катаванняў выклікаюць у мяне пачуццё глыбокай гідлівасці.
Тым не менш хачу параіць Сяргею вучыцца не наракаць на СМІ за крытычныя, хай нават і недакладныя, выказванні ў свой бок, тым болей не рэагаваць эмацыйна на слоўныя прэтэнзіі і напады апанентаў, што з’яўляецца неабходнай якасцю дэмакратычнага палітыка. І калі ён звярнуўся да расійскай вершаванай класікі, то жадаю яму трымацца вершаванай парады расійскага паэта Аляксандра Пушкіна: «Хвалу и клевету приемли равнодушно и не оспаривай глупца». Альбо маёй невершаванай: «Ніколі не перабрэхвайся з сабакамі».
Глыбокапаважаную мной за шматгадовую падтрымку беларушчыны «Нашу Ніву» папрасіў бы не апускацца ў дыскусіі з чалавекам, чые заслугі і пакуты ў барацьбе за свабоду Беларусі бясспрэчныя, да выразаў кшталту «лабуда». Мо, гэта і павялічвае аўдыторыю, але памяншае павагу.
Цяпер чытаюць
Яе не хацелі браць у музычную школу, а ў 14 яна сыграла ў Карнегі-холе ў Нью-Ёрку. Беларуская скрыпачка — пра жыццё ў Лондоне, заробкі і чым скрыпка Страдывары за 14 мільёнаў еўра адрозніваецца ад звычайнай
Каментары
Тым, больш, калі ў выніку гэтай хлусні людзі ў Беларусі атрымліваюць па 16 гадоў турмы.