Ціханоўскі і Пятрухін распаўсюдзілі новую лабуду: што палітвязень Папоў атрымаў 16 гадоў турмы з-за публікацыі «НН»
Сяргей Ціханоўскі выступіў з чарговымі абвінавачваннямі ў бок «Нашай Нівы». Паводле Ціханоўскага, наша выданне датычнае да зняволення палітвязня Дзмітрыя Папова. Гэтая інфаспекуляцыя разлічаная на людзей, якія не ўмеюць гугліць. Прыводзім факты. А пасля іх — тое, што мы думаем пра апошнія дзеянні Сяргея Ціханоўскага.

«Я ведаю выпадкі, калі публікацыі «Нашай Нівы» фігуравалі ў крымінальных справах як доказы абвінавачвання. На маім судзе такая публікацыя выкарыстоўвалася ў справе Дзмітрыя Папова, якога ў выніку прысудзілі да 16 гадоў», — напісаў Ціханоўскі ў фэйсбуку.
А блогер Сяргей Пятрухін уключыў падчас свайго стрыму галасавое паведамленне, якое яму адправіў Ціханоўскі.
«Сядзяць невінаватыя людзі, недатычныя людзі. Сядзяць праз іх артыкулы. У адным яны напісалі, што Папоў вёў сацсеткі Ціханоўскага. Расіянін такі. Гэта няпраўда, а чалавек сядзіць. А ў другім, што Ціханоўскі з Расіяй звязаны. Вось яны знайшлі адзінага расіяніна не ў маёй камандзе, а знаёмы майго відэааператара. Ён зараз сядзіць, яму 16 гадоў. Гэта з-за публікацыі гэтай інфапамыйкі», — прагучала ў стрыме.
Гэтая інфаспекуляцыя разлічаная на людзей, якія не ўмеюць гугліць і супастаўляць факты. Палітвязень Дзмітрый Папоў — малавядомы, таму што ў Беларусь ён прыехаў з Расіі незадоўга да падзей 2020 года. Папоў быў вядомы ўдзелам у расійскіх праектах «Сканер» (па дэананімізацыі сілавікоў) і «Мужчынская дзяржава». Пра жыццё Папова ў Расіі падрабязна пісала «Медыязона». Калі ён пераехаў у Беларусь — невядома.
На сайце «Наша Ніва» Папоў згадваўся чатыры разы, усе чатыры разы гэта перадрукі: адно паведамленне «Радыё Свабода» і тры кароткія інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна». Вось што пісалася ў тых перадруках.
4 чэрвеня 2020 года пра затрыманне Папова паведаміў карэспандэнту «Радыё Свабода» мазырскі фермер, да якога ў дом уварваліся сілавікі:
«Былі і на берасцейскіх, і на мінскіх нумарах. Аказалася, яны шукалі Дзіму Папова — ён працаваў аператарам у Сяргея Ціханоўскага. Дзіма, праўда, быў у нас, але ён збег. … Выпытвалі, дзе Дзіма Папоў. Перавярнулі ўвесь дом мой, забралі тэхніку».
«Наша Ніва» пераставіла той тэкст: «Наляцелі 18 міліцыянтаў, дом дагары нагамі!» Мазырскі фермер расказаў, як у яго шукалі паплечніка Ціханоўскага.
Наступная згадка Папова на сайце «Нашай Нівы» — 8 ліпеня 2020 года. Тады ў перастаўленым з «Вясны» пераліку затрыманых блогераў і актывістаў называецца і расіянін. Праваабаронцы прадставілі яго як «мадэратара сацсетак «Краіны для жыцця».
10 ліпеня 2020 года вясноўцы даведаліся пра тое, што на Папова завялі крымінальную справу, а 13 ліпеня 2020 года ён быў прызнаны палітвязнем. У гэтых навінах ён па-ранейшаму фігуруе як «мадэратар сацсетак Ціханоўскага».
Ці можна паверыць, што скрыншоты гэтых перадрукаў на сайце «Нашай Нівы» былі асновай абвінавачвання на судзе? Не, гэта дурасць.
29 ліпеня 2020 года ў эфіры АНТ паказалі частку паказанняў, якія даваў Дзмітрый Папоў. Памяшканне, у якім адбывалася здымка, падобнае да кабінета для допытаў СІЗА №1 на Валадарцы. Камера (хутчэй за ўсё, схаваная) ці то ўстаноўленая на стале, ці то прымацаваная да формы кагосьці са следчых.
У гэтым відэа Папоў расказвае пра супрацоўніцтва з камандай Ціханоўскага. Магчыма, паказанні даваліся пад ціскам, але ў любым выпадку сказаныя ім словы дайшлі да суда і ляглі ў абвінавачванне. Нават калі б Папоў на працэсе і казаў бы адваротнае.
Так, у палітычныя крымінальныя справы ў якасці дадатковых элементаў могуць падшываць і матэрыялы незалежных СМІ. Там справы абсурдныя, высмактаныя з пальца. Але гэта не значыць, што Папова пасадзілі ў выніку публікацый СМІ ці праваабаронцаў.
«НН» заклікае Сяргея Ціханоўскага спыніць распаўсюд хлуслівай інфармацыі.
* * *
Ціханоўскі і Пятрухін чапляюцца да словаў журналістаў: там не тое слова, там не такі загаловак — а самі распаўсюджваюць поўную лабуду. Разлічваюць, што ніхто не будзе ўдумвацца, а ім — порцыя ўвагі. Магутны ўдар па лукашызме нанесены, казкі расказаныя. І не прыдумалі іншага спосабу прыцягнуць да сябе ўвагу як распачаць вайнушку. Але інфаспекуляцыя сёння дае табе пару клікаў, але доўгатэрмінова — дыскрэдытуе. У Пятрухіна даўно не засталося рэпутацыі, Ціханоўскі гэтымі апошнімі крокамі знішчае астаткі сваёй.
* * *
Можам мы памыляцца? Бывае. Можам мы ўжыць недакладнае, некарэктнае слова? Бывае. У кожнага тое бывае. Напішыце нам, папраўце, удакладніце, патлумачце, калі мы нешта не так зразумелі — мы выправім, размесцім ваш адказ, ваша ўдакладненне. Мы даём слова і тым, і тым.
«Наша Ніва» мае цвёрдыя прынцыпы. Калі вы сядзелі, мы вас баранілі. Але калі вы на свабодзе, а тым больш прайшоў год, і вы палітык — за дзейнасцю палітыкаў любога колеру мы сачылі і будзем сачыць крытычна.
Палітыкі не дзеці, каб ім у дупу дзьмухалі.
Пісалі і пісаць мы будзем зубаста, а часам і з’едліва, а часам з іроніяй.
Тут мусім зрабіць адступленне і патлумачыць чытачам — асабліва новым чытачам, якія пачалі чытаць «Нашу Ніву» пасля жніўня 2020-га, якія не разумеюць, чаму такая шура-бура. Насамрэч, рахункі даўнейшыя. У Сяргея Ціханоўскага вялікая крыўда на «НН» яшчэ за артыкул 2019 года «Раней фоткаўся з Сабчак, цяпер — з Севярынцам. Хто такі палітычны блогер Сяргей Ціханоўскі?». Мы ведаем пра гэта, бо ў 2025‑м на самай першай пасля вызвалення сустрэчы з журналістамі ў Варшаве нам давялося ад Ціханоўскага выслухаць шмат цёплых слоў пра той даўні артыкул. Але паўторымся: мы пісалі і будзем пісаць пра палітыкаў крытычна. Што было вядома пра Ціханоўскага па стане на той момант — тое і напісалі.
«Наша Ніва» век па сумленні рабіла тое, што лічым сваім абавязкам, што нам здавалася правільным. Мы і ў 2021‑м стаялі на варце да канца. Які абсурд думаць, што нехта сваёй лабудой у фэйсбуку змусіць нас абслугоўваць кагосьці; і якая недалёкасць у разуменні механізма адносін незалежных прыватных СМІ і іх данацёраў, донараў, фундатараў.
Ціханоўскі сваёй бессэнсоўнай, нікому не патрэбнай вайной сябе дыскрэдытуе, а не нас.
-
Беларускі музей імя Івана Луцкевіча рыхтуе выставу да 120‑годдзя «Нашай Нівы» і просіць дапамагчы з экспанатамі
-
Хто ведае больш — той абаронены. Калі вы цэніце працу «НН», падтрымайце нас праз Патрэон
-
Мілінкевіч пакінуў у спадчыну пасля сябе канцэпцыю, якая застаецца жыццяздольнай і актуальнай. Піша Мікола Бугай
Каментары