Свет55

Сёння раніцай SpaceX сутыкнецца з Месяцам. Што будзе потым?

Ракета ляціць з хуткасцю каля 2,43 кіламетра за секунду.

Фота: Manuel Mazzanti/NurPhoto via Getty Images

За мільёны гадоў Месяц перажыў незлічоную колькасць сутыкненняў. Астэроіды і метэарыты надалі спадарожніку Зямлі яго характэрную зрытую паверхню і пакрылі яе мноствам кратэраў. А з нядаўняга часу сляды на ім пачалі пакідаць розныя невялікія зонды і пасадачныя модулі, адпраўленыя туды зямнымі касмічнымі агенцтвамі, піша Бі-бі-сі.

І вось у сераду Месяц чакае яшчэ адно сутыкненне — гэтым разам з пакінутай у космасе ракетай, якая ляціць з хуткасцю каля 2,43 кіламетра за секунду.

Паводле даных Цэнтра вывучэння калязямных аб'ектаў (CNEOS) НАСА, верхняя ступень адной з ракет Falcon 9 кампаніі SpaceX урэжацца ў Месяц 5 жніўня каля 08:35 па Мінску.

Амерыканскае касмічнае агенцтва прыйшло да такой высновы, пацвердзіўшы разлікі незалежных астраномаў, якія на аснове агульнадаступных даных высветлілі, што частка гэтай ракеты, запушчанай у студзені 2025 года, выпадкова апынулася на траекторыі сутыкнення з Месяцам.

«Для Зямлі небяспекі няма, — запэўніў прэс-сакратар Джымі Расэл. — НАСА працягне адсочваць ракетную ступень у навучальных мэтах, а таксама пасля будзе назіраць за месцам сутыкнення ў навуковых мэтах».

Кампанія SpaceX запусціла гэтую ракету Falcon 9 у рамках сумеснай місіі ЗША і Японіі па дастаўцы на Месяц двух пасадачных модуляў і навуковага абсталявання.

Частка ракеты Falcon 9 з'яўляецца шматразовай: яна вяртаецца на Зямлю, а затым запускаецца зноў. Аднак некаторыя часткі ракеты аддзяляюцца ў космасе і застаюцца на арбіце, калі толькі не сутыкнуцца з іншым нябесным целам. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра верхнюю ступень ракеты, памер якой прыкладна адпавядае пяціпавярховаму будынку, а маса на Зямлі складае не менш за 4000 кілаграмаў.

Астраном Біл Грэй, які першым высветліў, што яна ўпадзе на Месяц, кажа, што ракета ўрэжацца ў паверхню побач з кратэрам Эйнштэйна, які знаходзіцца на бачным з Зямлі баку Месяца.

Чакаецца, што сутыкненне, якое паводле прагнозаў адбудзецца ў сераду каля 06:35 паводле Грынвіча (08:35 па Мінску), прыцягне ўвагу як астраномаў-аматараў, так і прафесіяналаў.

«Гэта велізарны аб'ект, які ўрэжацца ў Месяц. Гэта ні ў якой ступені не небяспечна, мы можам проста назіраць за гэтым відовішчам, — кажа доктар Мэт Ботуэл, астраном і папулярызатар навукі з Кембрыджскага ўніверсітэта. — Ён сутыкнецца з Месяцам і падніме ўверх велізарнае воблака пылу, магчыма, на вышыню 50 кіламетраў або нават больш, якое з часам будзе распаўсюджвацца ў розныя бакі».

Улічваючы адсутнасць атмасферы на Месяцы і значна слабейшае прыцягненне, момант сутыкнення будзе «больш уражлівым, чым любы падобны выбух на Зямлі», адзначыў Ботуэл. Нішто не запаволіць хуткасць падзення, як гэта робіць зямная атмасфера, і нішто не перашкодзіць абломкам, агульная маса якіх, паводле ацэнак астраномаў, складзе каля мільёна кілаграмаў, узляцець на дзясяткі кіламетраў.

Паводле слоў Ботуэла, няўзброеным вокам сутыкненне відаць не будзе — успышку на паверхні Месяца можна будзе назіраць толькі праз магутныя тэлескопы.

Больш значным, як адзначыў Ботуэл, будзе навуковы патэнцыял гэтага сутыкнення: яно дасць унікальную магчымасць вывучыць, што адбываецца, калі касмічнае цела ўдараецца аб паверхню Месяца.

Таму навукоўцы рыхтуюцца ўважліва назіраць за гэтай падзеяй.

Буйныя тэлескопы ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, а таксама месяцовы арбітальны апарат НАСА Lunar Reconnaissance Orbiter і паўднёвакарэйскі зонд Danuri будуць адсочваць успышку, пылавы шлейф і новы кратэр. Акрамя таго, у рамках праекта «грамадзянскай навукі» вядзецца набор аматараў, якія таксама будуць здымаць момант сутыкнення.

Такім чынам, астраномы спадзяюцца ператварыць гэтае выпадковае сутыкненне ў карысны эксперымент. Назіранне за тым, колькі месяцовых парод будзе выкінута, на якую вышыню яны паднімуцца і як будуць апускацца назад, павінна ўдакладніць іх мадэлі месяцовых сутыкненняў і, магчыма, нават даць інфармацыю пра тое, што знаходзіцца непасрэдна пад паверхняй у месцы ўдару.

Каментары5

  • ?
    05.08.2026
    Ёсць надзея, што падняты грунт не апусціцца доўга і пахавае ўсе бліжэйшыя планы асваення Месяца.
  • Месячнік па ўборцы месяца
    05.08.2026
    Ну і чым вам асваенне Месяца замінае? Няўжо нехта ўсур'ёз сядзіць і думае, што калі гэтыя касмічныя вандроўкі скончацца, раптам знікне голад, войны і ўсе зажывуць шчасліва? "Сядзелі мы ўсё жыццё ў дрыгве і астанія хай не рыпаюцца", ці што?
  • Жвір
    05.08.2026
    Месячнік па ўборцы месяца, А гэта сапраўды "асваеньне" ? Вось зараз тое ламачча грымнецца на Месяц, гэта "асваеньне" ? Сьпярша робім, потым назіраем, што атрымалася. З такім "асваеньнем" вельмі хутка не застанецца чаго асвойваць, Зямлю ўжо асвоілі, сьметнік атрымаўся о-го-го... І ніхто не вінаваты, бо гэта ж "асваеньне", за вынік адказнасьці няма. Магічнае слова, па-за ім рабі што хочаш...

Цяпер чытаюць

У Салігорску котка стала на індукцыйную пліту — згарэла ўся кватэра10

У Салігорску котка стала на індукцыйную пліту — згарэла ўся кватэра

Усе навіны →
Усе навіны

Прынцэса зразумела, што яе абрабавалі, калі ўбачыла свой заручальны пярсцёнак на вокладцы каталога аўкцыёну

Больш за 60 чалавек затрыманыя пасля канцэрта Макса Каржа ў Франкфурце-на-Майне. Са сцэны спявак заклікаў спыніць вайну ва Украіне19

Жанчыны апярэджваюць мужчын у самым экстрэмальным відзе аўтаспорту — тут ездзяць хутчэй, чым на «Формуле-1»6

Рыжанкоў спадзяецца на пацяпленне адносін з Польшчай13

Расія актыўней плануе замахі на кіраўнікоў еўрапейскіх абаронных кампаній1

Пампеі знішчыла не лава. Сем міфаў пра знакамітую катастрофу

Ці сапраўды моладзь менш цікавіцца сэксам? Вось што паказала даследаванне Playboy20

Былы беларускі палітвязень даў сваё тлумачэнне таму, што пайшоў ваяваць за Пуціна8

Тыгр забіў наведвальніка заапарка ў Англіі. Перад гэтым мужчына паказаў яму дзіўны жэст14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Салігорску котка стала на індукцыйную пліту — згарэла ўся кватэра10

У Салігорску котка стала на індукцыйную пліту — згарэла ўся кватэра

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць