Пяць тысяч амерыканскіх вайскоўцаў правялі 250 дзён у моры, а цяпер высадзяцца ў Тайландзе. Установы для дарослых рыхтуюцца
Патая — адзін з цэнтраў начнога жыцця — рыхтуецца да вялізнага наплыву наведнікаў: пасля больш як 250 дзён у моры амерыканскі авіяносец USS Abraham Lincoln прышвартаваўся ў порце Лаем-Чабанг. На борце — каля пяці тысяч маракоў і марскіх пехацінцаў, піша Bild.

У канцы 2025 года Abraham Lincoln выйшаў у Ціхі акіян у планавы паход. Аднак праз вайну з Іранам атамны авіяносец быў перакінуты на Блізкі Усход і заставаўся там значна даўжэй, чым планавалася.
Амерыканскія выданні паведамлялі пра надзвычайную псіхалагічную нагрузку і перабоі з забеспячэннем на борце, няспраўныя прыбіральні і меркаваныя спробы самагубства.
ВМС ЗША прызналі складаныя ўмовы, але падкрэслілі, што экіпаж атрымліваў дастатковую падтрымку.
Цяпер вайскоўцаў чакае Патая — сумнавядомы тайскі курорт на беразе Сіямскага заліва. Горад вядомы ва ўсім свеце сваім начным жыццём і ўжо дзесяцігоддзямі лічыцца сімвалам сэкс-турызму ў Паўднёва-Усходняй Азіі.
Яшчэ падчас вайны ў В'етнаме, пачынаючы з сярэдзіны 1960‑х гадоў, сюды прыязджалі на адпачынак тысячы амерыканскіх вайскоўцаў. З былой рыбацкай вёскі ўсяго за некалькі гадоў вырас міжнародны цэнтр забаў.
Мясцовы бізнес цяпер ускладае вялікія надзеі на візіт амерыканцаў. Гатэлі, бары, рэстараны і крамы разлічваюць на значны рост выручкі. Паводле мясцовых уладаў, маракі правядуць у Патаі некалькі дзён, перш чым авіяносец працягне шлях у ЗША.
Гарадская адміністрацыя і паліцыя Патаі рыхтуюцца: амерыканскія вайскоўцы павінны сыходзіць на бераг невялікімі групамі, каб было лягчэй кантраляваць працэс. Ім таксама забаранілі пэўныя віды адпачынку, напрыклад, ужыванне марыхуаны (якое цяпер у Тайландзе часткова дазволена) і рызыкоўныя віды воднага спорту.
Каментары
https://nashaniva.com/403667