Адцісканні з татам, урокі з мамай. Як жыве і вучыцца сям’я Севярынцаў у Вільні
Кожны дзень пасля заняткаў Павел Севярынец забірае васьмігадовага Францішка са школы. Дарога дадому ператварылася ў іх асаблівы рытуал: сын расказвае пра сцягі і краіны, караблі і самалёты, а бацька распытвае, што новага той даведаўся. Часам высвятляецца, што Францішак ужо ведае тое, чаго не ведаюць дарослыя.

Яшчэ год таму такія звычайныя сямейныя будні былі для Севярынца немагчымыя. Палітык правёў за кратамі пяць з паловай гадоў. Яго затрымалі ў чэрвені 2020 года, асудзілі на сем гадоў пазбаўлення волі, а ў 2023‑м перавялі на турэмны рэжым. 13 снежня 2025 года Севярынца вызвалілі разам з іншымі палітвязнямі і прымусова вывезлі з Беларусі. Спачатку ён трапіў ва Украіну, а адтуль дабраўся да Вільні.
Пакуль Павел знаходзіўся за кратамі, Францішак паспеў пайсці ў першы клас у Мінску. Бацька прапусціў яго першае 1 верасня, знаёмства са школай і першыя ўрокі.
Не вагаючыся, ужо праз два тыдні пасля вызвалення Паўла, Вольга разам з сынам пераехала ў Вільню. Пасярод навучальнага года Францішак пайшоў у новую для сябе гімназію. Павел паступова далучыўся да школьнага жыцця сына, а сёлета ўпершыню змог разам з сям’ёй прайсці ўвесь перадшкольны шлях — ад летніх заняткаў да першых вераснёўскіх урокаў.
«Я займаўся найбольш фізічнай падрыхтоўкай»
Галоўная роля ў падрыхтоўцы Францішка да другога класа дасталася яго маці Вользе. Патроху займаліся беларускай, літоўскай і англійскай мовамі, кожны дзень чыталі Біблію.
У бацькі была свая зона адказнасці:
— Я займаўся найбольш фізічнай падрыхтоўкай і выхаваннем. Мы з Францішкам кожную раніцу робім зарадку, практыкаванні, адцісканні, — расказвае Павел.
Ён прызнае: школьнымі заняткамі і зборамі па-ранейшаму больш займаецца Вольга. Пакуль муж быў у зняволенні, менавіта яна гадавала сына і рыхтавала яго да школы, таму цяпер лепш адчувае яго патрэбы і ведае ўсе арганізацыйныя дэталі.
— Волечка вельмі шмат робіць для Францішка, вельмі добра яго адчувае і разумее. Яна некалькі гадоў сама яго і выхоўвала, і рыхтавала да школы. Таму ў Францішка ёсць яшчэ адна вельмі здольная і класная настаўніца, — кажа Павел.

Цяпер сям’я размяркоўвае абавязкі пароўну: адзін завозіць сына ў школу, другі забірае яго пасля заняткаў. Павел таксама сочыць за чытаннем Бібліі і сумеснай малітвай, займаецца з сынам фізічнымі практыкаваннямі.
— У мяне цяпер вялікая загрузка па кніжнай, партыйнай і іншых лініях. Але час ад часу магу яшчэ нешта прыгатаваць з сабой, упакаваць. У асноўным жа Волечка прысвячае гэтаму больш часу, — кажа палітык.
— Настаўнікі ў гімназіі вельмі добрыя. Класная кіраўніца ў нас проста залатая. Ведаю, што Асацыяцыя беларускіх бацькоў Літвы, да якой мы належым, плануе выдаваць уласныя падручнікі па розных дысцыплінах на беларускай мове.
«Мам, мы ўжо дома»
Да пераезду Францішак вучыўся ў Мінску. Паводле бацькі, школа ў Вільні падабаецца яму больш. Магчыма, разважае Павел, яшчэ і таму, што галоўны стрэс хлопчык перажыў летась, калі толькі ішоў у першы клас. Цяпер ён ужо ведае школу, настаўніцу і аднакласнікаў.
Пачатак навучальнага года ў гімназіі зрабілі мяккім: замест таго каб адразу садзіць дзяцей за падручнікі, ім далі час зноў пазнаёміцца і прызвычаіцца адно да аднаго пасля канікул.
— Першы тыдзень больш гульнявы. Тут дзяцей ашчадна ўводзяць у навучальны год: першыя некалькі дзён — фізкультура і музыка ў парку, кераміка ў Беларускім доме, кінатэатр, святы. Дзеці проста звыкаюць адно да аднаго пасля лета, а ўжо потым пачынаецца навучальны працэс, — апісвае Павел.
Да новага горада і жыцця Францішак таксама прыстасаваўся хутчэй за дарослых:
— Калі Волечка яшчэ можа ўздыхнуць: «Хачу дадому», — Францішак адказвае: «Мам, мы ўжо дома! Тут усё цудоўна, у Вільні класна». Ён вельмі лёгка ўвайшоў у віленскае жыццё.

Для бацькі асабліва важна, што ў Вільні сын можа вучыцца і размаўляць па-беларуску. Сам Севярынец рос у рускамоўным асяроддзі, таму магчымасці, якія цяпер мае Францішак, успрымае з удзячнасцю. Дома сям’я таксама імкнецца выбіраць беларускамоўны і ўкраінамоўны кантэнт:
— Мы шукаем нешта па-беларуску альбо па-ўкраінску, глядзім фільмы на гэтых мовах. У нашым дзяцінстве такога не было. Дзякуй Богу, што Францішак мае магчымасць вучыцца і размаўляць па-беларуску, глядзець фільмы і відэа, якія яго цікавяць, на роднай мове альбо на мовах, якія ён разумее.
«У школе ўсё добра»
Пра тое, што адбываецца ў школе, Францішак расказвае не надта падрабязна. Бацька называе яго інтравертам:
— Звычайна ён кажа, што ў школе ўсё было добра. Можа расказаць, што яго напружыла альбо асабліва захапіла, але ў гэтым сэнсе ён даволі стрыманы хлопец.
Затое ў дарозе ў Францішка ўзнікае мноства пытанняў пра навакольны свет. Асабліва хлопчыка цікавяць краіны і сцягі, машыны, караблі і самалёты. Размовы працягваюцца і па дарозе са школы, і ў грамадскім транспарце.
— Калі мы едзем кудысьці ў аўтобусе, ён заўсёды садзіцца са мной. І мы з Францішкам пачынаем свае мужчынскія абмеркаванні: што адбываецца ў свеце, ва Украіне, у Беларусі. Яму гэта вельмі цікава, — кажа Павел і адзначае, што падчас гэтых размоў часам пазнае ў сыне сябе-школьніка, а часам бачыць, наколькі розным было іх дзяцінства. Найперш праз гаджэты, інтэрнэт і даступнасць інфармацыі.
Сам Павел, нягледзячы на выдатныя адзнакі, школу не любіў:
— Для мяне гэта была напруга. Я быў выдатнікам, у мяне атрымлівалася, але не любіў рана ўставаць, а вучыўся пераважна ў першую змену. У савецкай школе было мала творчасці. Можна было выехаць на тым, што проста зубрыш. Я вучыўся ў школе з мастацка-архітэктурным ухілам, і мне больш падабаліся творчыя дысцыпліны.
«У сям’і Севярынцаў усе трое дзяцей скончылі школу з залатымі медалямі»
Ці павінен Францішак таксама быць выдатнікам? Павел спачатку адказвае, што галоўнае — каб сын развіваўся і атрымліваў веды. А потым дадае: сямейная планка ў гэтым пытанні даволі высокая:
— У сям’і Севярынцаў усе трое дзяцей скончылі школу з залатымі медалямі. Таму стандарт, канешне, ёсць. І мэта вучобы — у тым ліку выдатныя адзнакі.
Пакуль, праўда, у пачатковых класах гімназіі дзяцей не падганяюць адзнакамі. Севярынцу такі мяккі падыход падабаецца больш за сістэму, у якой рос ён сам. Але цалкам адмовіцца ад патрабавальнасці бацькі не могуць:
— Мы з Волечкай перфекцыяністы, таму, ясна, хочам, каб планка была высокай.
У сям’і ўжо з’явілася і свая матывацыйная показка. Калі Францішак расслабляецца або пачынае сумнявацца ў сабе, маці нагадвае:
— Так, усё, збіраемся! Ты Францішак Севярынец! Ты можаш, ты мусіш!
«Калі я іду з ім са школы, я не заняты, я — з ім»
Пасля пяці з паловай гадоў разлукі самым каштоўным для бацькі і сына стаў звычайны час разам. Таму па дарозе са школы Францішак стараецца выкарыстаць кожную хвіліну, пакуль тата належыць толькі яму.
— Калі я забіраю яго са школы, у нас ёсць рытуал. Францішак хоча цалкам выкарыстаць гэты час, бо разумее: калі я іду з ім, то не заняты, я — з ім. У яго адразу цэлы план. Ён расказвае цікавосткі, якія даведаўся з інтэрнэта. Я распытваюся ў яго пра краіны. Ён вельмі любіць гульні пра сцягі, ведае, дзе якія краіны. Часам ведае тое, чаго не ведаем мы. Гэта класна.
Сваё месца ў жыцці сына Павел апісвае проста: ён тата. Але для яго гэта не азначае камандаваць кожным крокам дзіцяці і ўсё кантраляваць:
— Я сам вырас у сям’і, дзе дзецям давалі магчымасць вырашаць, кім яны хочуць стаць і чым займацца. Пры гэтым існавалі строгія правілы, якія тычыліся парадку і дысцыпліны. Такі баланс я хацеў бы захаваць і ў выхаванні Францішка. Для Францішка тата — гэта абаронца і той, хто дае магчымасці, натхненне, нешта прапануе. А Францішак ужо выбірае сам.
Каментары