Не толькі Geely. Якія яшчэ кітайскія аўто сталі папулярныя ў Беларусі
Кітайска-беларускія Geely/Belgee ужо не першы год займаюць больш за 50% продажаў новых аўто ў Беларусі, але ёсць іншыя кітайскія брэнды, якія таксама карыстаюцца ў нас вялікім попытам.

Dongfeng — новая народная марка?
Другім па папулярнасці кітайскім брэндам у Беларусі з'яўляецца марка Dongfeng. У 2024 годзе па колькасці рэгістрацый новых машын Dongfeng саступаў толькі Geely/Belgee і Lada. Тады было прададзена больш за 3500 машын, і гэта з улікам таго, што ў краіну марка прыйшла толькі ў 2023 годзе.
За 2025 год продажы Dongfeng — у перакладзе з кітайскай гэтае слова азначае «ўсходні вецер» — у Беларусі выраслі да 5040 аўто за год. Праўда, нягледзячы на значны рост продажаў, летась марка па папулярнасці спусцілася з трэцяй на чацвёртую пазіцыю.
У 2023—2024 гадах самай прадаванай мадэллю быў бензінавы красовер Dongfeng Shine GS.
У 2025‑м найбольш папулярнай мадэллю стаў кампактны электрамабіль Dongfeng BOX: толькі летась у Беларусі было зарэгістравана каля 2650 экзэмпляраў — больш за 50% ад усіх новых рэгістрацый аўто маркі Dongfeng.
Dongfeng BOX цяпер прадаецца па цэнах ад 48 800 рублёў (каля 16 250 даляраў).

Таксама ў топ-3 Dongfeng трапіў седан Shine, які прадаецца з 1,5‑літровым бензінавым рухавіком.
Прарыў года: BYD
Кітайскі вытворца BYD летась у свеце абышоў па продажах электрамабіляў папярэдняга лідара — амерыканскую Tesla. А ў Беларусі заняў трэці радок па папулярнасці.
Толькі летась у Беларусі было зарэгістравана больш за 6600 машын BYD.
Самая папулярная мадэль — электрычны кросовер Song Plus. Летась іх зарэгістравалі 2610 штук.

На другім месцы па папулярнасці ідзе кампактны электракрасовер Yuan Up — 1240 штук.
Агулам за мінулы год аўтамабілі маркі BYD занялі пяць пазіцый у топ-10 самых папулярных новых электрамабіляў, прададзеных у Беларусі.
Колькасць аб'яў пра продаж патрыманых аўто на av.by таксама паказвае, што BYD — вельмі папулярная марка, бо па колькасці прапаноў саступае толькі Geely/Belgee і Dongfeng.
Voyah — адна мадэль, затое якая!
Voyah са сваім паркетнікам Free трапіў у топ-10 самых прадаваных легкавых аўто ў Беларусі яшчэ ў 2023 годзе.
У 2025‑м у краіне зарэгістравалі 2530 новых Voyah, а марка заняла пятую пазіцыю па папулярнасці.

Але тут варта разумець, што Voyah для беларусаў — гэта фактычна адна мадэль Free, бо з 2530 усіх Voyah 2430 прыйшлося менавіта на яе. Сярод патрыманых аўто карціна адпаведна такая самая: з 82 машын у продажы на av.by 71 — гэта Voyah Free.
Haval (правал) года
Па выніках 2024 года Haval займаў пяты радок па папулярнасці з 2217 новымі аўто за год. Але ўжо летась марка выпала нават з топ-10, заняўшы ўсяго 13‑ы радок з 760 рэгістрацыямі новых машын.

Гэта вельмі небяспечны званочак для брэнда. Выглядае, што з прыходам шэрагу новых кітайскіх марак значная частка людзей замест Haval абрала аўто іншых вытворцаў.
Кітайскі прэміум
Дакладна вызначыць, якая кітайская марка па праве можа замыкаць топ-5, няпроста, бо не ўсе брэнды могуць стабільна ўтрымліваць пазіцыі.
Але па сукупнасці фактараў у пяцёрку лідараў можна ўключыць Li Auto — кітайскі прэміяльны брэнд, які не мае бюджэтных аўто ў лінейцы. Самая танная мадэль у лінейцы Li каштуе ад 138 000 рублёў (каля 46 тысяч даляраў).

Летась у Беларусі было зарэгістравана каля 2230 аўто маркі Li. Cамая папулярная з іх — L6. Цяпер цэны на бестселер мінулага года L6 пачынаюцца з 198 тысяч рублёў, што каля 66 тысяч даляраў.
Каментары
Как с заменяемыми запчастями у этих узкоглазых?)))
Что с ними происходит после ремонта?))