«Дапамажыце, ніхто не хоча нас засяляць». Мінчанка пашкадавала сям'ю і трапіла на «акупантаў»
«Гэта гісторыя начыста адбіла жаданне здаваць кватэру. Стаяла яна закрытая два гады, няхай бы і далей стаяла», — прызнаецца Алена Уладзіміраўна. У мінулым месяцы мінчанка, на сваю бяду, вырашыла «ўвайсці ў становішча» і засяліць у спадчынную аднапакаёўку кватаранта, якому «адмовілі ўсе». Добрая справа не засталася непакаранай, піша «Анлайнер».

«Ніхто не хоча засяляць расіяніна»
Чатырохпавярховік на Кедышкі, 23А зусім не падобны да поля бою. Дом, як гэта і заведзена ў старым жылфондзе, патанае ў зеляніне; кожная яго пакуль не «адкапіталеная» цаглінка купаецца ў промнях восеньскага сонца. Між тым менавіта тут разгарнуліся сапраўдныя арэндныя жарсці.

«2 верасня мы размясцілі аб'яву пра здачу кватэры, — расказвае Кацярына, дачка Алены Уладзіміраўны. — За гатовую да жыцця аднапакаёўку прасілі 1250 рублёў, плюс такую ж суму ў якасці закладу. Па нашым раёне гэта была найлепшая прапанова. Таму тэлефон пачаў разрывацца ад званкоў і паведамленняў ужо праз некалькі хвілін пасля публікацыі».
Як пазней стала зразумела са статыстыкі, усяго за адзін дзень патэлефанаваў 81 чалавек. І трэба ж было з усёй гэтай колькасці выбраць «акупаса»…

Перш чым здаваць метры, мінчане трохі асвяжылі кватэру: пераклеілі шпалеры ў пакоі, правялі генеральную прыборку. Кажуць, у якасці кватаранта хацелі бачыць аднаго чалавека, меркавалі, што гэта будзе студэнт — за два крокі знаходзіцца БДАТУ.
«Прагляды прызначылі на 4 верасня. Вырашылі, што ў працэсе знаёмстваў убачым «свайго» чалавека, яму і здамо, — узгадвае Кацярына. — Сярод тых, хто тэлефанаваў, быў адзін мужчына, Аляксей, які ну вельмі прасіў засяліць менавіта яго. Расказаў, што ўжо чатыры арэндадаўцы «адбракавалі» яго кандыдатуру. Усё праз тое, што ён грамадзянін Расійскай Федэрацыі.
Пераконваў, што ў беларусаў перадузятае стаўленне да іншаземцаў.

Я падумала, што сапраўды многія могуць не захацець звязвацца. Ды і мы, шчыра кажучы, не гарэлі жаданнем: з беларусамі зразумела, як вырашаць праблемы, калі тыя раптам узнікнуць, а грамадзянін іншай краіны… Але чалавек, які тэлефанаваў, так моцна прасіў, угаворваў.
Да таго ж ён расказаў, што жыць плануе з 17‑гадовым сынам, а той ужо беларус — з сінім пашпартам, ходзіць у размешчаную побач школу. Таксама Аляксей абмовіўся, што сын прапісаны зусім побач, па вуліцы Макаёнка. А жыллё ім патрэбна, таму што з маці дзіцяці ўзніклі нейкія разнаглассi і вось яны шукаюць дах над галавой».
4 верасня пачаліся прагляды. Сярод тых, хто спяшаўся пазнаёміцца з кватэрай і яе гаспадыняй, былі і бацька з сынам. Кацярына кажа, што падазрэнняў патэнцыйныя кватаранты не выклікалі: самыя звычайныя людзі. Хіба што на шкадаванне моцна ціснулі: маўляў, здымаюць зараз кватэру пасуткава, аддаюць шмат грошай і не ведаюць, што будзе заўтра.

— Наша прынцыповая пазіцыя — здаваць кватэру толькі афіцыйна, праз дамову. Яна хоць неяк абараняе абодва бакі (хоць калі ўспомніць гісторыю пра «акупасаў» у Шабанах, так і не скажаш. — Заўв. «Анлайнер»). Плюс мы разлічвалі на засяленне на год, не менш. Агучылі ўсе гэтыя ўмовы Аляксею і яго сыну. Яны пагадзіліся. Таксама мы вырашылі сябе падстрахаваць і заключыць дамову з 17‑гадовым хлопцам — грамадзянінам Рэспублікі Беларусь», — адзначае суразмоўца.
5 верасня бакі сустрэліся ў «Першым Нацыянальным гандлёвым доме» на Усходзе, дзе зараз размешчаны Разлікова-даведачны цэнтр Першамайскага раёна. Уласніца і амаль кватарант паспелі запоўніць і падпісаць тыпавую дамову, але не зарэгістравалі яе.



«Аказалася, што для заключэння дамовы патрэбен тэхпашпарт на кватэру. А у нас яго ўвогуле не было — афармляючы спадчыну, неяк упусцілі гэты момант. Дзякуй богу, кадастравае агенцтва размешчанае ў тым жа самым будынку, і мама тут жа падала заяву на аднаўленне дакумента. Заплаціла за тэрміновасць — тэхпашпарт павінен быў быць гатовы праз тры працоўныя дні», — аднаўляе падзеі Кацярына.
Тут бы усім і разысціся па сваіх справах, прызначыўшы сустрэчу, калі на руках будзе поўны пакет дакументаў, але мінчукі вырашылі ўвайсці ў становішча бедных кватарантаў.
«Дамовіліся, што адразу аддамо ім ключы, каб яны маглі пачаць перавозіць рэчы, а сустрэнемся ў РДЦ ужо на наступным тыдні. Аляксей падзякаваў за гатоўнасць ісці насустрач, перадаў 1250 рублёў. Заклад жа паабяцаў аддаць, калі будзем заключаць дамову.
10 верасня я забрала тэхпашпарт і адразу ж звязалася з Аляксеем, каб выбраць час для сустрэчы ў РДЦ і рэгістрацыі дамовы.

Але… ён пачаў ухіляцца: спачатку не мог, бо быў заняты, пасля з'ехаў, затым у Маскву паехаў ягоны сын. Пасля ў сына з'явіліся праблемы ў школе. А скончылася ўсё тым, што «сыну ўвогуле нельга з'яўляцца пад камерамі, бо яго шукаюць, а ў РДЦ усе памяшканні напханыя камерамі». Гэта было ўжо нейкае трызненне, асабліва з улікам таго, што 5 верасня мы ўжо сустракаліся там.
Вядома, мне ўсё гэта не спадабалася. Параіўшыся з дачкой і зяцем, вырашыла, што трэба разыходзіцца з гэтымі таварышамі. Навошта мне нелегальныя жыхары?» — кажа Алена Уладзіміраўна.

«Не маеце права, высяляйце праз суд»
Але аказалася, што захацець расстацца з кватарантамі і рэальна расстацца з імі — увогуле не адно і тое ж. Паведаміўшы па тэлефоне Аляксею пра неабходнасць пакінуць аднапакаёўку, Алена атрымала ў адказ буру эмоцый.
«Разумеючы, як гэта ўсё няпроста, мы далі ім шэсць дзён на тое, каб знайсці сабе новае жыллё і з'ехаць. Тлумачылі, што як толькі атрымаем ключы, вернем астатнюю частку грошай (прапарцыйна пражытым дням). То-бок 20 верасня кватэра павінна была быць свабоднай, — дапаўняе карціну Ягор, зяць Алены Уладзіміраўны. —
Аднак у панядзелак, 20 верасня, калі мы прыехалі, Аляксей заявіў, што не толькі нікуды не выедзе, але і забараняе нам заходзіць у кватэру.
І ўвогуле высяляць яго трэба праз суд. А пакуль няма рашэння — ён тут будзе жыць.

Падазраючы, што пасля могуць з'явіцца абвінавачванні, нібыта з аднапакаёўкі знік мільён даляраў, мы і праўда не сталі заходзіць у кватэру. Замест гэтага выклікалі міліцыю, напісалі заяву з просьбай дапамагчы выселіць чалавека, бо жыллё ён займае нелегальна — дамову ж мы так і не заключылі».
Таксама ўладальнікі вырашылі змяніць ніжні замок, каб без іх ведама «акупас» не мог трапіць у кватэру. Трэба будзе забраць рэчы — набярэ, і яны дамовяцца. На гэтым і супакоіліся. Аднак званка не было. А на наступны дзень, праязджаючы міма, Кацярына з Ягорам убачылі, што ў кватэры Алены Уладзіміраўны гарыць святло.

Як такое магчыма? Лёгка, калі памяняць замкі, што нелегальны жыхар і зрабіў.
«22 верасня мы вырашылі зладзіць засаду, — узгадвае абсурдную сітуацыю Ягор. — Амаль дзве гадзіны прасядзелі ў двары, назіраючы за вокнамі. У нейкі момант у пакоі на секунду загарэлася святло. Мы тут жа выклікалі міліцыю, патлумачыўшы, што ў кватэры знаходзяцца пабочныя асобы — падобна да ўзлому з пранікненнем. Праз дзесяць хвілін супрацоўнікі былі на месцы. Пачалі грукаць, аднак ніхто не адчыняў. Тады і мы, і супрацоўнікі міліцыі паспрабавалі адчыніць дзверы сваімі ключамі — нічога не выйшла.
І толькі калі прыехаў майстар па замене замкоў, у кватэры пачалося шабуршанне — Аляксей адчыніў дзверы. Ды яшчэ з прэтэнзіяй: «Я спаў, чаго вы тут калупаецеся, вы не маеце права!»
Уласнікі і недакватаранты зноў адправіліся ў міліцыю.
«Мы не хацелі, каб на чалавека завялі крымінальную справу, каб яго пасадзілі. Планавалі дамовіцца. Прапанавалі сустрэцца на наступны дзень, каб у прысутнасці ўчастковага Аляксей забраў свае рэчы, а мы аддалі яму грошы за «недажытыя» дні (і з вылікам сумы, якую прыйшлося выдаткаваць на замену замкоў). У адказ ён крычаў, што міліцыя не мае права займацца высяленнем і мы павінны звяртацца ў суд. Нават размахваў незарэгістраванай дамовай.
У выніку сышліся на тым, што зараз, у ноч з 22 на 23 верасня, Аляксей забірае каштоўныя рэчы, а на наступны дзень звязваецца з намі, каб вывезці астатняе. Рэчы першай неабходнасці ён і праўда забраў, хоць упіраўся да апошняга і нават міліцыі казаў, што нікуды не паедзе. А астатняе… Ужо тыдзень ён не выходзіць на сувязь і ігнаруе нашы звароты», — здзіўляецца Ягор.

Сям'я ўзгадвае, што, пакінуўшы кватэру, жыхар дэманстратыўна размясціўся з маёмасцю ў пад'ездзе. Колькі ён прасядзеў на лесвічнай пляцоўцы — невядома.
Гэта быў загадзя прадуманы план?
Урэшце Аляксей пакінуў арэндадаўцам сюрпрыз: зачыніў кватэру на верхні замок — той, які ўрэзаў сам і ад якога ў гаспадароў ключоў не было. Мінчукам прыйшлося яшчэ раз выклікаць майстра па ўскрыцці дзвярэй.

«Праз сітуацыю, што ўзнікла, нам прыйшлося пагутарыць з майстрамі па замене замкоў, і ведаеце, узнікае адчуванне, што гэта нейкі новы трэнд: кватаранты засяляюцца, перастаюць плаціць, але не з'язджаюць добраахвотна, патрабуючы высяляць іх праз суд, — разважае Кацярына. — А што такое суд? Гэта месяцы разбораў. Справу можна бясконца зацягваць, пасяджэнні пераносіць, падаваць апеляцыі. Такім чынам, пражыць без аплаты можна некалькі месяцаў. А потым знайсці наступных арэндадаўцаў і правярнуць з імі тую ж самую схему».

«Дык жа і Аляксей, збіраючы рэчы, сказаў, што нічога страшнага: нас, арэндадаўцаў, шмат, ён іншых знойдзе, — узгадвае Ягор. — Пачуўшы гэта, я спецыяльна абтэлефанаваў усіх уласнікаў, якія прапануюць метры ў нашым раёне. Папярэдзіў іх, што ёсць такі таварыш і з ім лепш не звязвацца. Людзі вельмі дзякавалі».
— Атрымліваецца, нас нават выратавала тое, што не паспелі заключыць дамову. Калі б яна была, хадзілі б зараз па судах, — дадае Кацярына. — Увогуле, я цяпер лічу, што з боку органаў рэакцыя на такі прэцэдэнт павінна быць жорсткай, інакш гэта стане сігналам для ўсіх нядобрасумленных людзей: можна мяняць замкі ў кватэры, якая спадабалася, і жыць у сваё задавальненне.
Ну і арэндадаўцам парада: не трэба быць мяккімі, саступлівымі — калі пачалося штосьці падазронае, дзейнічаць варта жорстка. І вядзіце ўсю камунікацыю праз перапіску, каб потым былі доказы. Размовы па тэлефоне — гэта слова супраць слова».
Рэчы, якія засталіся ў кватэры, сям'я плануе апісаць і завезці на захаванне.





— Як думаеце, чаму ваш жыхар ухіляўся ад заключэння дамовы? Тады ж сапраўды можна было б не плаціць і расцягнуць працэс высялення месяцаў на тры.
— Мы прыйшлі да высновы, што ў яго, хутчэй за ўсё, проста не было свабодных 1250 рублёў, якія трэба было ўнесці ў якасці закладу. Ён жа і нам у нейкі момант крычаў, маўляў, вярніце ўсю суму, тады я з'еду, — узгадваюць Кацярына і Ягор.
— Пашкадавалі людзей, — уздыхае Алена Уладзіміраўна. — Лепш бы студэнта засялілі, які матываваны жыць побач з універсітэтам.

Вось мы і дайшлі да тых часоў, калі студэнты — катэгорыя, якой раней увогуле імкнуліся не здаваць жыллё, — сталі добранадзейнымі кватарантамі.
Мінчанка здала кватэру «юрысту Андрэю» і ўжо дзесяць месяцаў не можа выселіць неплацельшчыка
«Капейкі заплаціць не могуць». Лукашэнка абурыўся пратэрмінаванымі запазычанасцямі за арэнднае жыллё
Ці мае права ўладальнік кватэры наведваць яе арандатараў без папярэджання?
«Кватэру зняць цяпер — без шанцаў». Як студэнты засяляюцца ў мінскія інтэрнаты
Даверлівая мінчанка скінула арандатарам з Расіі копію свайго пашпарта. А тыя цішком прадалі яе кватэру коштам $90 тысяч
Каментары