Арыштаваны сенатар Карпіцкі, галоўны доктар Брэсцкай абласной бальніцы
Прапаў таксама намеснік галоўнага доктара па хірургіі Андрэй Шасцюк.

У Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы нешта адбылося. Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», сілавікі прыйшлі да кіраўніцтва.
66‑гадовы галоўны доктар Аляксандр Карпіцкі прапаў яшчэ на мінулым тыдні.
У медыцынскай установе пацвярджаюць, што Карпіцкага няма на працоўным месцы.
«Найбліжэйшым часам можаце яго нават не набіраць», — кажуць у прыёмнай, пры гэтым прычыну адсутнасці галоўнага доктара назваць не могуць.
Адначасова з ім, выглядае, быў затрыманы і калега Андрэй Шасцюк. На працоўным месцы ён таксама адсутнічае.
Паводле афіцыйнай версіі, «Андрэй Міхайлавіч на бальнічным». Але невядома нават прыблізна, калі ён зможа зноў вярнуцца да сваіх абавязкаў.

Аляксандр Карпіцкі — сапраўдная зорка ад медыцыны ў Брэсцкай вобласці. Заслужаны лекар Беларусі, аўтар 15 вынаходніцтваў, ганаровы грамадзянін Брэсцкай вобласці.
Карпіцкі нарадзіўся ў 1960 годзе ў сям'і медыкаў. Скончыў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Працаваў хірургам у Камянецкай цэнтральнай раённай бальніцы (1985—1987), быў малодшым навуковым супрацоўнікам Віцебскага медінстытута (1987-1988). У 1998‑2000 загадваў аддзяленнем таракальнай хірургіі ў Віцебскім абласным анкалагічным дыспансеры. З 2000 — галоўны доктар Брэсцкай абласной бальніцы.
Лічыцца, што менавіта пад яго кіраўніцтвам тут пашырыліся аб’ём і даступнасць малаінвазіўных і эндаскапічных умяшанняў. Упершыню ў вобласці Карпіцкі сам правёў пластычныя аперацыі на страваводзе з замяшчэннем яго страўнікам, страўнікавай трубой, тоўстай і тонкай кішкай. А ў 2014‑м выканаў першую ў Беларусі алатрансплантацыю лёгачнай артэрыі.
Акрамя таго, Аляксандр Карпіцкі з’яўляецца членам Савета Рэспублікі ад Брэсцкай вобласці. Пасля выбараў 2020 года ён трапіў у Чорную кнігу Беларусі за тое, што не працягваў кантракты маладым спецыялістам па палітычных матывах.

Андрэй Шасцюк, як і калега, — хірург, кандыдат медыцынскіх навук. На яго рахунку — каля 200 аперацый на год і шэсць патэнтаў.
Афіцыйнага пацвярджэння арышту медыкаў пакуль няма.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
пауки в банке, банда на банду,а может молодые КДБ-шники "резвятся"