Навукоўцы навучыліся атрымліваць з грыбоў блокі, якія ўтрымліваюць цяпло не горш за пенапласт.

З падрабязнасцямі знаёміць Tagesspiegel.
Калі ў доме з'яўляюцца грыбы, ад іх звычайна стараюцца як мага хутчэй пазбавіцца. Аднак навукоўцы прапануюць выкарыстоўваць іх у будаўніцтве — прычым не толькі як дадатак да традыцыйных матэрыялаў, але і як альтэрнатыву звыклым уцяпляльнікам.
Для гэтага патрэбныя не самі грыбы, якія мы прывыклі бачыць у лесе, а міцэлій — грыбніца, якая складаецца з мноства тонкіх разгалінаваных нітак. Яе вырошчваюць на раслінных рэштках сельскай і лясной гаспадаркі. Падчас росту грыбніца пранікае паміж часцінкамі субстрату, аплятае іх і злучае ў суцэльную масу. У выніку атрымліваецца лёгкі матэрыял, якому можна надаваць розную форму — напрыклад, вырабляць з яго будаўнічыя блокі або панэлі.
Над удасканаленнем такой тэхналогіі працуе каманда прафесаркі Берлінскага тэхнічнага ўніверсітэта Веры Маер. Даследчыкі выбралі для сваіх эксперыментаў шэрую бярозавую губу (Fomes fomentarius) — грыб, які расце на дрэвах і сустракаецца ў тым ліку ў беларускіх лясах. Яго пладовыя целы вылучаюцца трываласцю, невялікай вагой і здольнасцю супрацьстаяць вільгаці.

Чым грыбны матэрыял лепшы за пенапласт?
Паводле Веры Маер, цеплаізаляцыйныя ўласцівасці грыбнога матэрыялу супастаўныя з пенапластам. Аднак паміж імі ёсць істотная розніца. Пенапласт вырабляюць з прадуктаў перапрацоўкі нафты, а міцэлій можна вырошчваць на раслінных адходах, якія інакш маглі б проста спаліць. Пры гэтым вытворчасць грыбнога матэрыялу патрабуе адносна невялікай колькасці энергіі.
Ёсць і іншая цікавая асаблівасць: такі матэрыял здольны паглынаць вільгаць з паветра, а затым паступова аддаваць яе. Даследчыкі мяркуюць, што гэта дапаможа падтрымліваць у памяшканнях камфортны мікраклімат, падобны да таго, які бывае ў гліняных дамах. Яшчэ адна патэнцыйная перавага — магчымасць натуральнага раскладання матэрыялу пасля заканчэння тэрміну яго службы.
Праўда, гаворка пакуль не ідзе пра тое, каб будаваць дамы выключна з грыбоў. Паводле задумы нямецкіх даследчыкаў, асноўную нагрузку ў такіх будынках будзе несці драўляны каркас, а грыбныя матэрыялы плануюць выкарыстоўваць для ўцяплення і ўнутраных сцен. Імі таксама можна будзе ўцяпляць ужо існуючыя будынкі.

Прычым характарыстыкі матэрыялу можна змяняць у залежнасці ад яго прызначэння. Чым шчыльней спрасаваны грыбны кампазіт, тым ён трывалейшы, але тым горш утрымлівае цяпло, бо ўнутры застаецца менш паветра. Таму навукоўцы прапануюць вырабляць шматслойныя панэлі, у якіх шчыльныя часткі забяспечваюць трываласць, а больш порыстыя — цеплаізаляцыю.
Асаблівасці тэхналогіі
Тэхналогія не абмяжоўваецца лабараторнымі эксперыментамі. У Намібіі пабудавалі эксперыментальны дом MycoHab, для якога выкарысталі адходы ад вырошчвання вешанак. Пасля збору грыбоў субстрат, пранізаны грыбніцай, спрасавалі пры высокай тэмпературы і атрымалі блокі памерам каля 40 на 40 сантыметраў. З іх склалі сцены, а зверху ўсталявалі дах з сонечных панэляў.
Свой эксперыментальны будынак ёсць і ў нямецкіх даследчыкаў. У 2021 годзе яны стварылі My-Co Space — невялікую канструкцыю з дрэва і грыбных матэрыялаў, унутры якой могуць знаходзіцца людзі. Яе ўжо неаднаразова дэманстравалі на выставах.

Аднак пад адкрытым небам яе даводзіцца накрываць тэнтам: матэрыял добра пераносіць вільготнае паветра, але пакуль недастаткова ўстойлівы да дажджу. Цяпер навукоўцы шукаюць спосабы вырашыць гэтую праблему.
Гэта не адзіная перашкода для масавага будаўніцтва з грыбоў. Вытворчасць блокаў пакуль займае шмат часу: толькі апошні этап іх вырошчвання доўжыцца ад аднаго да двух тыдняў. Каб канкураваць са звыклымі будаўнічымі матэрыяламі, неабходна навучыцца выпускаць грыбныя блокі хутка, танна і ў вялікіх аб'ёмах.
Менавіта над гэтым працуе міжнародная каманда даследчыкаў з Германіі і Даніі. У межах 12‑гадовага праекта яны плануюць распрацаваць новую тэхналогію вытворчасці, а затым пабудаваць паўнавартасны дом з выкарыстаннем грыбных матэрыялаў.
А ў Веры Маер ёсць яшчэ больш незвычайная ідэя. Яна ўяўляе будучыню, у якой людзі змогуць самастойна вырошчваць будаўнічыя матэрыялы. Напрыклад, паставіць у двары невялікую ўстаноўку аб'ёмам каля двух кубаметраў і атрымліваць матэрыялы для ўласнага дома. Пакуль гэта толькі мара даследчыцы, але менавіта такой яна бачыць адну з магчымасцяў новай тэхналогіі.
Каментары