Мая любілі не толькі золата, але і ртуць. Ці магло гэта загубіць іх цывілізацыю?
Ртуць прысутнічала ў многіх сферах жыцця мая — ад рэлігійных рытуалаў да ўпрыгожвання керамікі і будынкаў. Навукоўцы выявілі, што захапленне гэтым металам мела куды больш маштабныя наступствы, чым меркавалася раней.

Цывілізацыя мая, якая існавала на тэрыторыі сучасных Мексікі і Цэнтральнай Амерыкі, славілася велічнымі храмамі, развітымі гарадамі і складаным календаром. Але паміж VIII і X стагоддзямі многія яе гарады прыйшлі ў заняпад. Прычыны гэтага навукоўцы спрабуюць высветліць дагэтуль. Новае даследаванне, на вынікі якога звяртае ўвагу Tagesspiegel, указвае на яшчэ адзін магчымы фактар — забруджванне навакольнага асяроддзя ртуццю.
Гэты таксічны метал мая шырока выкарыстоўвалі падчас рэлігійных рытуалаў, для ўпрыгожвання керамікі і будынкаў. Асаблівай папулярнасцю карысталася кінавар — ярка-чырвоны мінерал, які змяшчае ртуць. Яго, як мяркуюць даследчыкі, прывозілі з вулканічных рэгіёнаў Цэнтральнай Мексікі і Гандураса.
Наколькі сур'ёзнымі маглі быць наступствы такога захаплення ртуццю, паказаў аналіз донных адкладаў двух вадаёмаў на поўначы паўвострава Юкатан — возера Коба і сенота Шкач (карставага возера). Абодва знаходзяцца побач са старажытнымі гарадамі мая. Вывучыўшы адклады розных эпох, навукоўцы прасачылі, як на працягу стагоддзяў змянялася канцэнтрацыя ртуці.
Аказалася, што ў класічны перыяд цывілізацыі мая, паміж 250 і 920 гадамі нашай эры, забруджванне вадаёмаў істотна ўзрасло.
Так, у возеры Коба канцэнтрацыя ртуці ў III стагоддзі павялічылася з 0,02 да 2,3 мікраграма на грам донных адкладаў. Пазней яна знізілася да 0,5 мікраграма.
Яшчэ больш высокія паказчыкі выявілі ў возеры Шкач. Прыкладна з 530 года да IX стагоддзя сярэдняя канцэнтрацыя ртуці там складала 8,4 мікраграма на грам, а каля 720 года дасягнула 18 мікраграмаў.
Для параўнання, ужо пры канцэнтрацыі 1 мікраграм на грам магчыма шкоднае ўздзеянне на водныя арганізмы, а пры 2 мікраграмах эксперты чакаюць сур'ёзных наступстваў.
Паколькі ў іншых азёрах рэгіёна падобнага забруджвання не выявілі, даследчыкі звязваюць яго з дзейнасцю жыхароў размешчаных побач гарадоў мая. Адтуль ртуць магла трапляць у вадаёмы разам з глебай, якую змывалі дажджы.

Цяжкія наступствы захаплення ртуццю
Аналіз адкладаў паказаў, што ў перыяды найбольшага забруджвання водныя экасістэмы перажывалі сур'ёзны крызіс. Рэзка скарачалася колькасць некаторых бактэрый, а сляды лічынак камароў і дробных ракападобных у асобных пластах увогуле адсутнічалі.
Навукоўцы мяркуюць, што ртуць магла ператварацца ў вадаёмах у яшчэ больш таксічную метыліртуць і назапашвацца ў харчовым ланцугу. У такім выпадку людзі, якія карысталіся вадой і харчаваліся здабытымі ў азёрах жывёламі, таксама маглі паступова атручвацца.
Не выключана, што жыхары навакольных паселішчаў на працягу дзесяцігоддзяў і нават стагоддзяў атрымлівалі небяспечныя дозы ртуці. Павышаныя канцэнтрацыі гэтага металу раней ужо знаходзілі ў чалавечых костках і глебах паблізу старажытных гарадоў мая.
Даследчыкі дапускаюць, што дрэнная якасць вады магла стаць яшчэ адным фактарам, які спрыяў заняпаду гарадоў мая, нароўні з працяглымі засухамі і палітычнымі канфліктамі. Наколькі значную ролю адыграла ў гэтым ртуць, пакуль невядома.
Каментары