Навукоўцы з дапамогай ШІ знайшлі натуральную малекулу, якая ў даследаваннях на жывёлах зніжала спажыванне ежы да 50%. Яна можа стаць асновай новага пакалення прэпаратаў для пахудзення з меншай колькасцю пабочных эфектаў, чым у «Аземпіку».

Прэпараты на аснове семаглутыду, такія, як «Аземпік», сталі прарывам у лячэнні атлусцення. Яны дапамагаюць знізіць апетыт і масу цела, але могуць выклікаць пабочныя эфекты — млоснасць, цяжкасці з апаражненнем кішэчніка і іншыя праблемы са страваваннем. Акрамя таго, падчас пахудзення чалавек можа губляць не толькі тлушч, але і мышачную масу.
Семаглутыд імітуе дзеянне натуральнага гармону GLP-1, які ўдзельнічае ў рэгуляванні апетыту і ўзроўню цукру ў крыві. Аднак рэцэптары, на якія ён уздзейнічае, знаходзяцца не толькі ў мозгу, але і ў кішэчніку, падстраўнікавай залозе ды іншых органах. Таму дзеянне прэпарату не абмяжоўваецца прыглушэннем пачуцця голаду.
GLP-1 належыць да пептыдных гармонаў. Яны ўтвараюцца, калі спецыяльныя ферменты расшчапляюць вялікія бялковыя малекулы на меншыя фрагменты — пептыды. Некаторыя з гэтых фрагментаў становяцца гармонамі, якія рэгулююць розныя працэсы ў арганізме, у тым ліку абмен рэчываў і апетыт.
Праблема ў тым, што пры расшчапленні бялкоў можа ўтварацца велізарная колькасць пептыдаў. Вызначыць, якія з іх маюць важныя біялагічныя функцыі, а якія з'яўляюцца проста пабочнымі прадуктамі расшчаплення, надзвычай складана.
Як піша Science Daily, даследчыкі са Стэнфардскага ўніверсітэта вырашылі пашукаць сярод іх новыя рэчывы, здольныя рэгуляваць апетыт. Яны засяродзіліся на ферменце, які ўдзельнічае ва ўтварэнні GLP-1 і іншых пептыдных гармонаў.
Каб не правяраць сотні тысяч магчымых малекул паасобку, навукоўцы распрацавалі алгарытм штучнага інтэлекту Peptide Predictor. Ён прааналізаваў каля 20 тысяч чалавечых генаў, якія кадзіруюць бялкі, і дапамог знайсці 373 бялкі, з якіх маглі ўтварыцца 2683 розныя пептыды.
З іх даследчыкі адабралі для лабараторных выпрабаванняў сотню рэчываў, у тым ліку ўжо вядомы гармон GLP-1. Навукоўцы правяралі, як гэтыя малекулы ўплываюць на актыўнасць нервовых клетак.
Найбольш цікавы вынік паказаў раней невядомы пептыд з усяго 12 амінакіслот, які назвалі BRP (BRINP 2‑related peptide). Ён павялічваў актыўнасць нервовых клетак у дзесяць разоў у параўнанні з кантрольнымі ўзорамі. Для параўнання, GLP-1 павялічваў яе ўтрая.
Але ці можа BRP не толькі актывізаваць нейроны, але і ўплываць на апетыт?
Што паказалі даследаванні
Каб гэта праверыць, навукоўцы ўвялі BRP мышам і карлікавым свінням. Апошнія больш дакладна адлюстроўваюць метабалізм і харчовыя звычкі чалавека, чым мышы. На працягу гадзіны пасля ін'екцыі жывёлы з'ядалі да 50% менш ежы, чым звычайна.
У наступным эксперыменце мышы з атлусценнем атрымлівалі прэпарат штодня на працягу двух тыдняў. За гэты час яны страцілі ў сярэднім тры грамы вагі, тады як мышы з кантрольнай групы, наадварот, набралі каля трох грамаў. Пры гэтым амаль уся страчаная вага прыпадала на тлушч, а не мышцы. У жывёл таксама палепшыліся паказчыкі засваення глюкозы і рэакцыі арганізма на інсулін.
Асабліва цікава, што даследчыкі не выявілі істотных змен у рухальнай актыўнасці, спажыванні вады, паводзінах, звязаных з трывожнасцю, і працы кішэчніка.
Магчыма, справа ў тым, што BRP дзейнічае інакш, чым семаглутыд. Паводле даследчыкаў, малекула ўплывае пераважна на гіпаталамус — невялікі аддзел мозга, які ўдзельнічае ў рэгуляванні голаду і абмену рэчываў. Пры гэтым яна актывізуе іншыя нейронныя механізмы, чым GLP-1. Такое больш выбарачнае дзеянне тэарэтычна можа дапамагчы пазбегнуць часткі пабочных эфектаў, характэрных для існых прэпаратаў для пахудзення.
Што далей?
Аднак пакуль BRP выпрабоўвалі толькі на жывёлах. Невядома, ці будзе малекула гэтак жа эфектыўна зніжаць апетыт у людзей і ці сапраўды выклікае менш пабочных эфектаў.
Навукоўцам таксама яшчэ трэба высветліць, з якімі менавіта клеткавымі рэцэптарамі ўзаемадзейнічае BRP і як падоўжыць дзеянне малекулы ў арганізме. Пептыды могуць даволі хутка разбурацца, таму без дадатковых распрацовак прэпарат, магчыма, давядзецца ўводзіць занадта часта.
Даследчыкі ўжо рыхтуюць наступны этап — выпрабаванні на людзях. Толькі яны пакажуць, ці зможа BRP стаць сапраўднай альтэрнатывай аземпіку.
Каментары