Жанчыну пазбавілі правоў на пяцярых дзяцей.

У Мінску 32‑гадовую жанчыну асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі за тое, што яна пакінула дзіця ў небяспецы. Гаворка ідзе пра трагедыю, якая адбылася ў жніўні 2025 года: двухгадовае дзіця выпала з акна кватэры і загінула, піша Onliner.by са спасылку на пракуратуру Ленінскага раёна.
Як высветліў суд, жанчына разам з дзецьмі была ў гасцях у суседзяў. Кампанія вырашыла працягнуць адпачынак на прыродзе. Маці не захацела браць з сабой двухгадовага сына, паколькі з дзіцячым вазком было складана дабірацца да месца, і папрасіла 13‑гадовую дачку гаспадароў кватэры прыгледзець за хлопчыкам.
На працягу некалькіх гадзін жанчына не цікавілася станам сына. Калі хлопчык заснуў, яго пакінулі аднаго ў пакоі, а дзяўчынка разам з братам гуляла ў суседнім.
Прачнуўшыся, дзіця залезла на крэсла на колцах, з яго дапамогай апынулася на падаконніку і адчыніла акно. Фіксатары на вокнах у той дзень не былі замацаваныя. Хлопчык выпаў з акна і загінуў.
У пракуратуры таксама паведамілі, што на момант трагедыі жанчына была цяжарная шостым дзіцем. Раней яе ўжо папярэджвалі пра крымінальную адказнасць за пакіданне дзяцей у небяспецы. Сям'я знаходзілася ў полі зроку сацыяльных службаў: дзеці былі прызнаныя тымі, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Пазней жанчыну пазбавілі бацькоўскіх правоў у дачыненні да пяцярых дзяцей, у тым ліку дзіцяці, якое нарадзілася ўжо пасля трагедыі. Суд таксама абавязаў яе кампенсаваць дзяржаве выдаткі на ўтрыманне дзяцей, аднак яна ўхілялася ад выплат і сістэматычна прагульвала працу.
Суд Ленінскага раёна прызнаў мінчанку вінаватай паводле ч. 3 арт. 159 і ч. 2 арт. 174 Крымінальнага кодэкса. Па сукупнасці злачынстваў ёй прызначылі два гады пазбаўлення волі і штраф у памеры 2250 рублёў.
Прысуд пакуль не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны.
Каментары