Працягласць сеткі веладарожак у Мінску на 1 лістапада 2026 года склала 381,28 кіламетра. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення спорту Мінгарвыканкама Максім Варапай на пасяджэнні камісіі гарантавання бяспекі дарожнага руху.

За 2026 год веласетка сталіцы павялічылася амаль на 18 кіламетраў. Паводле слоў Максіма Варапая, спецыялісты разам з раённымі адміністрацыямі, ДАІ, камунальнымі службамі і «Гаррамаўтадарам» абследуюць кожны раён горада і вызначаюць месцы, дзе неабходна пракладаць новыя веладарожкі. Пры гэтым увагай не абыходзяць ніводную частку сталіцы.
Сярод асноўных задач развіцця веласеткі — ліквідацыя разрозненасці асобных адцінкаў і злучэнне іх у адзіную сістэму, стварэнне прыстасаванай для розных карыстальнікаў інфраструктуры і развіццё спадарожных паслуг.
У 2026 годзе таксама адрамантавалі больш за 16 тысяч квадратных метраў тратуарнага пакрыцця, прыстасаванага для руху раварыстаў. У месцах злучэння ходнікаў з праезнай часткай зрабілі 90 паніжэнняў бардзюраў. Акрамя таго, усталявалі больш за 220 спецыяльных таблічак для раварыстаў і карыстальнікаў сродкаў персанальнай мабільнасці.
За год у Мінску таксама пачалі працаваць 24 велапаркоўкі і тры велагаражы.
Галоўным прыярытэтам на 2027 год стане злучэнне ўжо існых веладарожак у адзіную сетку. Цяпер профільнае ўпраўленне рыхтуе пералік аб’ектаў, работы на якіх закрануць усе раёны сталіцы.
Каментары