Культура11

Падпольны савецкі вучань Забэйды-Суміцкага

Яго накіравалі ў Прагу на курсы рэстаўратараў, а ён нелегальна вучыўся ў кансерваторыі.

Яго накіравалі ў Прагу на курсы рэстаўратараў, а ён нелегальна вучыўся ў кансерваторыі.

Ён збірае старажытную яўрэйскую музыку, а спевам вучыўся ў беларуса Міхася Забэйды-Суміцкага. Ён — мастак Анатоль Наліваеў і ён жа — кантар Абрам Нілавай.

Дзве асобы — адзін чалавек.

Анатоль нарадзіўся ў 1931 годзе ў Рагачове. Бацька быў беларусам, а маці — яўрэйкай. І як немцы напалі на Савецкі Саюз, сям’ю забралі ў гета ў в. Рыжкавічы на Шклоўшчыне, адкуль паходзіў бацька.

«Як нас забралі ў гета, дзед, адзеўшы папоўскую рызу (ён быў святаром), пайшоў да нямецкага начальства. І вызваліў нас літаральна за паўгадзіны да расстрэлу. Затым усю акупацыю пражылі ў Мінску. А бацьку больш не бачылі: загінуў на фронце».

Пасля вызвалення сталіцы маці скіравала трынаццацігадовага сына займацца ў музычную школу. Але ён пачаў яшчэ наведваць мастацкую студыю Сяргея Каткова. Дзед Анатоля Піліп быў іканапісцам. І хлопчыку спрабаваў перадаць свае навыкі з дзяцінства. Плён з тых заняткаў быў. «Каткоў заўважыў, што ў мяне фатаграфічны малюнак. Ён пасылаў мяне замалёўваць горад. Пазней гісторык Захар Шыбека патлумачыў, што пасля вайны забаранялася Мінск фатаграфаваць, а мастакам пісаць карціны. Але на мяне, малога, не звярталі тады ўвагі. І мне дзіўна чуць, калі кажуць, што Мінск быў на 50, а то і на 80 працэнтаў знішчаны. Ён быў не больш як на 30 працэнтаў разбураны. Амаль цэлыя стаялі «каробкі» будынкаў».

Тое і замалёўваў акварэллю хлапец. І цяпер захавалася каля сотні такіх прац. Але сям’я жыла без гаспадар. Анатолю, як старэйшаму сыну, трэба было ісці працаваць. У 1946 годзе ён уладкаваўся ў яўрэйскую малярную брыгаду. «Цэнтральны Мінск — гэта помнікі яўрэйскай культуры. І іх пачалі тады нішчыць. Фактычна,

знішчэнне Верхняга горада — гэта дзяржаўны антысемітызм.

Я чуў, як пра гэта гаварылі: «Хай яны ад’язджаюць у Ізраіль, а гэтая іх спадчына нам не патрэбная» (Падрабязна пра замалёўкі пасляваеннага Мінска чытайце ў артыкуле «На руінах Мінску»).

Затым — вайсковая служба ў Кіеве. У маладога чалавека быў добры голас. І на песенным конкурсе, прысвечаным 300-годдзю «ўз’яднання» Украіны і Расіі, ён атрымаў другую прэмію. Ва ўкраінскай сталіцы салдат займаўся спевамі з народным артыстам СССР Іванам Патаржынскім. Як тое атрымалася? «Ён сказаў майму начальству, што будзе са мной развучваць песні для нашай самадзейнасці. Пагадзіліся».

У 1954 годзе Наліваеў вярнуўся ў Мінск. У брыгаду, у якой працаваў раней, яго не змаглі ўзяць. Вырашыў заняцца тым, што найлепш атрымліваецца, — самадзейнасцю. А ў выніку выбраў працу ў арцелі па роспісу тканіны. «Але мне паставілі ўмову, каб я пайшоў вучыцца ў Інстытут марксізму-ленінзму. Бо не было каго іншага туды накіраваць. Я скончыў толькі сем класаў у школе. І мне прыпісалі яшчэ тры». Праз год давялося ўступаць у партыю. Затое калі паўстала пытанне, каго накіраваць у Прагу на вышэйшыя курсы рэстаўратараў, то перавагу аддалі Анатолю Наліваеву, партыйнаму, выпускніку Інстытута марксізму-ленінізму. Будаўнічы вопыт быў у яго ды і іспыт па малюнку вытрымаў.

Жыццё ў чэшскай сталіцы доўжылася пяць гадоў.

Галоўнай падзеяй гэтага перыяду стала знаёмства Міхасём Забэйдам-Суміцкім.

Тады і пачалося «падпольнае» навучанне ў сусветнавядомага спевака. «Я афіцыйна ў кансерваторыі не вучыўся. Але наведваў урокі Забэйды-Суміцкага. Калі б даведаліся і пра тыя неафіцыйныя ўрокі, у мяне маглі ўзнікнуць вялікія праблемы». Але за чатыры гады Анатоль Наліваеў здолеў шмат чаго пераняць ад ўраджэнца Беларусі. А сяброўства працягвалася паміж вучнем і настаўнікам да 1981 года, калі тэнар памёр. «А перад смерцю ён адаслаў мне ўсе свае фотаздымкі, каб яны засталіся ў Беларусі. Я іх перадаў у музей».

Было знаёмства і з Зоськай Верас. Акурат у той час сп. Наліваеў ствараў партрэтную галерэю вядомых беларусаў: Уладзімір Караткевіч, Максім Багдановіч... Максім Танк прапанаваў напісаць Зоську Верас. Мастак наведаў яе. І даведаўся, што жанчына, якой хутка споўніцца 90 гадоў, так і не атрымлівае пенсіі. Аб гэтым расказаў пісьменнікам. І тады Максім Танк, Адам Мальдзіс і Уладзімір Караткевіч вырашылі пытанне. А таксама паспрыялі ўступленню ў Саюз пісьменнікаў, што давала дадатковыя выплаты.

«І з таго часу, як толькі яна атрымлівала пенсію, то адразу мне тэлефанавала ці пісала з дакорам, маўляў, куды я падзеўся. І я ехаў да Зоські Верас».

Сёння Анатоль Наліваеў жыве ў мінскай кватэры разам з жонкай. У яго вялікія дзеці. Ёсць і ўнукі. Ён працягвае збіраць старажытныя яўрэйскія песні. Сп. Анатоль паказвае выдадзены зборнік гэтых песень. А яшчэ дзесяткі застаюцца ў рукапісным варыянце. На паліцах — шмат касет з запісамі кантараў (галоўных спевакоў у сінагозе). Па гэтых запісах Абрама Налівая (Анатолем Наліваевым ён стаў яшчэ да вайны па жаданні бацькі) у ЗША выходзяць кружэлкі. А ў Беларусі пакуль адзінкі цікавяцца гэтай багатай культурай.

А таксама клопат мастака — перапісаць акварэлі з выглядамі Мінска, якія пачынаюць з часам псавацца, тэмперай. Гэтак ужо на стагоддзі захаваецца. А калі атрымаецца, то хацеў бы мастак і выдаць набор паштовак з куточкамі той сталіцы, якіх ужо амаль не захавалася.

Каментары1

Цяпер чытаюць

Колькі беларусаў галасавала за Лукашэнку на ранейшых выбарах? Апублікаваныя закрытыя лічбы дзяржаўных апытанняў18

Колькі беларусаў галасавала за Лукашэнку на ранейшых выбарах? Апублікаваныя закрытыя лічбы дзяржаўных апытанняў

Усе навіны →
Усе навіны

У Германіі ўпаў метэарыт, асколкі прабілі дахі дамоў3

Журналіст Павел Дабравольскі асуджаны на 9 гадоў пазбаўлення волі1

Юлія Семчанка: Давялося наступіць сабе на горла — я мусіла заставацца побач з сынам3

«Гомель — такая вёска?» Гамяльчанка абурылася праз афішу з расійскімі артыстамі11

У Слуцку шукаюць былых працаўнікоў завода «Эмальпосуд» для адраджэння тэхналогіі ліцця чыгункоў3

Што за Zorki? Патэсцілі новы беларускі дадатак для знаёмстваў6

Трамп: Цэны на нафту ўпадуць пасля знішчэння ядзернай праграмы Ірана2

108 гадоў таму была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка7

На вуліцы Чырвонаармейскай будзе квартал з жыллём і гандлёвымі аб'ектамі — скончылася грамадскае абмеркаванне2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Колькі беларусаў галасавала за Лукашэнку на ранейшых выбарах? Апублікаваныя закрытыя лічбы дзяржаўных апытанняў18

Колькі беларусаў галасавала за Лукашэнку на ранейшых выбарах? Апублікаваныя закрытыя лічбы дзяржаўных апытанняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць