У 2012 годзе з Гродзеншчыны ці Віцебшчыны пачнецца адключэнне аналагавага тэлебачання
Насельніцтву трэба будзе купіць ці ўзяць у арэнду лічбавую прыстаўку.
Міністэрства сувязі і інфарматызацыі прапануе пачаць адключэнне ў Беларусі аналагавага тэлебачання з 2012 года. Адпаведная прапанова Міністэрства сувязі і інфарматызацыі ўнесла на разгляд Савета Міністраў. Урад, у сваю чаргу, павінен вызначыцца з тэрмінамі адключэння аналагавага тэлебачання ўжо 19 верасня.
Адключэнне плануецца пачаць з выпрабавальнага аб'екта на Гродзеншчыне ці Віцебшчыне.
Нагадаем, дзяржпраграмай укаранення ў Беларусі лічбавага тэлевяшчання прадугледжана, што да 2015 года краіна цалкам адмовіцца ад аналагавага тэлебачання. У Мінсувязі прапануюць паскорыць гэты працэс.
Па стане на 12 ліпеня ахоп насельніцтва Беларусі наземным тэлевяшчаннем складае 94,25%.
У Беларусі развіваецца лічбавае тэлевяшчанне стандарту DVB-T з ужываннем кадавання MPEG-4 AVC/Н.264. Яно накіравана на забеспячэнне насельніцтва абавязковым агульнадаступным пакетам тэлевізійных праграм, якія складаюцца з васьмі тэлеканалаў і адной радыёпраграмы (так званым сацыяльным пакетам тэлевізійных праграм стандартнай выразнасці без дадатковых сэрвісаў).
Для прыёму сацыяльнага пакета тэлевізійных праграм стандартнай выразнасці неабходныя лічбавая тэлевізійная прыстаўка або тэлевізійны прымач,якія падтрымліваюць стандарт кадавання MPEG-4 AVC/Н.264.
Каментары