Грамадства22

Той самы Ляшкевіч: выстава вядомага бяздомнага мастака адкрылася ў Гомелі

Больш за 30 работ бяздомнага мастака Валерыя Ляшкевіча можна ўбачыць у гэтыя дні ў Карціннай галерэі Вашчанкі ў Гомелі. Журналісты «Белкі» схадзілі на выставу і даведаліся, чаму ён знік з гарадскіх вуліц.

Яго ведае, бадай, кожны жыхар Гомеля. Амаль трыццаць гадоў Валерыя Ляшкевіча можна было сустрэць у любое надвор'е на Кіеўскім спуску або ў пачатку вуліцы Савецкай. Ён не проста прадаваў свае карціны, а па ўласным прызнанні — выконваў важную місію — далучаў мінакоў да мастацтва. 

На вуліцах горада Валерый Ляшкевіч з'явіўся ў 1996 годзе, калі вярнуўся сюды з Санкт-Пецярбурга. У роднай вёсцы Чарапоўцы пад Гомелем яго ўжо ніхто не чакаў. Бацькі памерлі, а ў хаце жыў яго брат з сям'ёй. Тады мастак проста пасяліўся на вуліцы: калі начаваў на чыгуначным вакзале, калі спаў на лаўках.

Увесь гэты час вулічны філосаф не пераставаў маляваць свае незвычайныя карціны, дзе мудрагеліста пераплятаюцца сюжэты. І паступова стаў сімвалам горада.

Валерыя Ляшкевіча заўважылі і ацанілі. У 2014 годзе ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстава бяздомнага мастака. Тады ж тэлеканал АНТ зняў пра яго дакументальны фільм «Скрыжаванне», які заваяваў міжнародныя ўзнагароды. У ім паказана, як талент можа ісці насуперак звыклым нормам і завядзёнкам.

Пра сябе Валерый расказвае, што ён скончыў Бранскае мастацкае вучылішча і з'ехаў скараць паўночную сталіцу Расіі. У Санкт-Пецярбургу мастак некалькі разоў спрабаваў паступаць у Акадэмію мастацтваў імя Іллі Рэпіна, але не паступіў. Тады ён уладкаваўся ў акадэмію дворнікам і нейкі час жыў пры ёй у падсобцы. Калі гэта стала немагчымым, прыняў рашэнне вярнуцца на радзіму.

Валерыю спрабавалі дапамагчы з жыллём улады і неабыякавыя людзі. Нацыянальны мастацкі музей выкупіў некалькі яго работ. Але ён усё роўна вяртаўся на вуліцу.

7 студзеня мастаку споўнілася 76 гадоў. Зараз Валерый жыве на здымнай кватэры, яму дапамагаюць маладая гомельская мастачка Анастасія Талстая з мужам і прыхільнікі яго творчасці. У Валерыя нават з'явіўся ўласны акаўнт у інстаграме, дзе можна сачыць за ягоным жыццём і творчасцю.

На выставу ў Карцінную галерэю Вашчанкі прыйшло шмат неабыякавых гамельчукоў, якія сустракалі мастака на гарадскіх вуліцах і засталіся пад уражаннем ад яго асобы і творчасці. Праўда, сам мастак прысутнічаць на адкрыцці не змог — падвяло здароўе.

«У Валерыя праблемы з нагамі і з сэрцам. У снежні, калі мы рыхтавалі выставу да адкрыцця, ён трапіў у бальніцу і быў у цяжкім стане. Дзякуй богу, усё абышлося», — адказала на пытанне прыхільнікаў творчасці мастака Анастасія Талстая.

З-за таго, што ў Валерыя Ляшкевіча няма беларускага грамадзянства, яму даводзіцца аплачваць вялікія рахункі за лячэнне.

Мастак па-ранейшаму малюе і прадае свае карціны. Цяпер ён лепш уладкаваны ў побытавым плане. 

Убачыць выставу «Той самы Ляшкевіч» можна па адрасе: вул. Карповіча, 4. Дарэчы, некаторыя карціны можна будзе пазней выкупіць.

Каментары2

  • Кринж
    25.01.2026
    Круты і цікавы дзядзька, дай яму бог здароўя і хай яму шчасціць.
  • Лейцар коркавы
    25.01.2026
    Галоўнае, што "Саюзнае вече" чытае

Цяпер чытаюць

Удава Мікіты Мелказёрава ўпершыню публічна расказала пра ноч яго смерці

Удава Мікіты Мелказёрава ўпершыню публічна расказала пра ноч яго смерці

Усе навіны →
Усе навіны

Унікальныя здымкі будаўніцтва Старога моста ў Гродне. Хто фатаграфаваў небяспечныя кесоны, у якіх людзі рызыкавалі на дне Нёмана, каб паставіць апоры? ШМАТ ФОТА7

Купілі занядбаны дом, у які не хацелася заходзіць, і ператварылі ў цукерку5

Расіяне масавана атакавалі Адэсу

У адносінах бывае чатыры віды хлусні — але фінал адзін і той жа5

Мінчук зламаў шыю падчас адпачынку ў Пружанах1

Расіяніну, які п'яным пабіўся з ахоўнікамі мінскага метро, вынеслі прысуд10

Мінскія ўлады паказалі, як утылізуюць кінутыя машыны ВІДЭА1

«Беларусьфільм» распачаў здымкі серыяла пра міліцыю, сцэнарый якога прабіў Кубракова на слязу11

Галоўны корпус Нацыянальнага мастацкага музея ўрачыста закрыюць на рэканструкцыю

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Удава Мікіты Мелказёрава ўпершыню публічна расказала пра ноч яго смерці

Удава Мікіты Мелказёрава ўпершыню публічна расказала пра ноч яго смерці

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць