Свет4444

Стала вядома імя мужчыны, якога федэральныя агенты застрэлілі ў Мінеапалісе. У горадзе зноў успыхнулі пратэсты

37‑гадовы Алекс Прэці, грамадзянін ЗША, жыў у Мінеапалісе і працаваў медбратам у мясцовай бальніцы для ветэранаў.

Алекс Прэці. Фота: Майкл Прэці / AP

Супрацоўнікі Памежнага патруля ЗША (USBP) у суботу, менш чым праз тры тыдні пасля смерці Рэнэ Гуд ад рук супрацоўніка Іміграцыйнай і мытнай паліцыі (ICE), застрэлілі мужчыну ў Мінеапалісе. У горадзе зноў пачаліся пратэсты, піша BBC. 

Улады паведамілі, што загінулы — 37‑гадовы Алекс Прэці, грамадзянін ЗША, які жыў у Мінеапалісе і працаваў медбратам у мясцовай бальніцы для ветэранаў.

Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША (DHS, туды ўваходзяць USBP і ICE) заявіла, што ў загінулага быў пісталет і ён нібыта супраціўляўся, калі федэральныя агенты спрабавалі яго абяззброіць.

Паводле слоў губернатара штата Мінесота Ціма Уолза, відэазапісы з месца здарэння даказваюць, што гэтая версія з’яўляецца нонсэнсам.

«Колькі яшчэ жыхароў, колькі яшчэ амерыканцаў павінны памерці ці атрымаць цяжкія траўмы, каб гэтая аперацыя [барацьбы з нелегальнай міграцыяй] скончылася?» — заявіў мэр Мінеапаліса Джэйкаб Фрэй на прэс-канферэнцыі.

Міністарка ўнутранай бяспекі ЗША Крысці Ноэм раскрытыкавала Фрэя і Уолза, абвінаваціўшы іх у тым, што яны сталі на бок «людзей, якія парушаюць закон».

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвінаваціў улады Мінеапаліса і штата Мінесота ў «падбухторванні да мяцяжу».

Акцыя пратэсту. Фота: AP Photo / Adam Gray

Ноэм паведаміла на прэс-канферэнцыі, што Алекс Прэці падышоў да федэральных агентаў з 9‑міліметровым паўаўтаматычным пісталетам. Пасля таго як афіцэры паспрабавалі яго абяззброіць, ён пачаў «рэагаваць агрэсіўна».

Адзін з афіцэраў, паводле слоў міністра, адкрыў «абарончы агонь», паколькі баяўся за сваё жыццё і жыццё іншых афіцэраў.

Паліцыя Мінеапаліса заявіла, што загінулы валодаў зброяй на законных падставах.

Губернатар штата Мінесота Цім Уолз раней заклікаў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа неадкладна вывесці тысячы супрацоўнікаў ICE і памежнай аховы, дасланых у Мінесоту ў межах кампаніі па барацьбе з нелегальнай іміграцыяй.

«Я толькі што размаўляў з Белым домам пасля чарговага жахлівага інцыдэнту са стральбой з боку федэральных агентаў гэтай раніцай. Мінесота сытая па горла. Гэта агідна. Прэзідэнт павінен спыніць гэтую аперацыю. Вывесці з Мінесоты гэтыя тысячы агрэсіўных і непадрыхтаваных супрацоўнікаў. Зараз жа», — напісаў Уолз у X.

Што вядома пра загінулага Алекса Прэці?

37‑гадовы Прэці працаваў медбратам у аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі ў бальніцы для ветэранаў у Мінеапалісе; ён далучыўся да пратэстаў пасля гібелі Рэнэ Гуд.

«Ён глыбока клапаціўся пра людзей і быў вельмі засмучаны тым, што адбывалася ў Мінеапалісе і па ўсёй тэрыторыі ЗША з ICE, як і мільёны іншых людзей, — сказаў яго бацька, Майкл Прэці, агенцтву Associated Press. — Ён лічыў, што ўдзел у пратэстах — гэта спосаб выказаць свой клопат пра іншых».

Паводле слоў бацькі, сын тэлефанаваў бацькам «прыкладна два тыдні таму» і сказаў ім, што ведае, што не павінен «рабіць ніякіх дурасцяў» падчас пратэстаў.

«Алекс быў добрым чалавекам, які шчыра клапаціўся пра сваю сям’ю і сяброў, а таксама пра амерыканскіх ветэранаў, за якімі ён даглядаў у якасці медбрата аддзялення інтэнсіўнай тэрапіі ў шпіталі для ветэранаў у Мінеапалісе. Алекс хацеў змяніць гэты свет да лепшага», — гаворыцца ў заяве яго бацькоў, Майкла і Сьюзан Прэці, якая была абнародавана пазней.

На месцы стральбы на поўдні Мінеапаліса, на Нікалет-авеню і прылеглых вуліцах, сабраліся сотні пратэстоўцаў. Супрацоўнікі федэральных сілавых органаў разганялі іх у тым ліку пры дапамозе слезацечнага газу. На месцы гібелі Прэці ўзнік стыхійны мемарыял.

Неўзабаве пасля таго, што адбылося ў Мінеапалісе, па сацсетках разляцелася відэа, на якім некалькі чалавек у камуфляжы і масках змагаюцца на тратуары гарадской вуліцы з чалавекам у цывільным, валяць яго на зямлю, а затым адзін з іх робіць шэсць стрэлаў: спачатку адзін і праз секунду яшчэ пяць запар.

Яшчэ на адным відэа, знятым з машыны з адлегласці на некалькі дзясяткаў метраў, само месца здарэння не відаць, але відаць людзей у камуфляжы, якія бягуць да яго, а затым чуваць восем стрэлаў.

Загінулы быў застрэлены проста перад будынкам з вывескамі «Амерыкана-афрыканскі сямейны цэнтр» і «Новы амерыканскі цэнтр развіцця».

Сенатар ад Мінесоты, член Дэмакратычнай партыі Эмі Клобушар праз сацсеткі параіла Трампу і яго паплечнікам з Рэспубліканскай партыі паглядзець гэтыя відэа, а кангрэсменаў-рэспубліканцаў заклікала не маўчаць і «спыніць саўдзел» у тым, што адбываецца.

Дарадца Трампа Стывен Мілер у адказ абвінаваціў кіраўніцтва Мінесоты ў правакаванні мяцяжу.

«Унутраны тэрарыст спрабуе забіць супрацоўнікаў федэральных праваахоўных органаў — і вы вось так на гэта рэагуеце? […] Вы і ўсё дэмакратычнае кіраўніцтва штата раздзімаеце полымя мяцяжу з адзінай мэтай — спыніць дэпартацыю нелегалаў, якія ўварваліся ў нашу краіну», — напісаў Мілер у сацсетках.

У тым жа ключы выказаўся ў сваёй сацсетцы Truth Social і сам Дональд Трамп.

«Мэр і губернатар сваёй напышлівай, небяспечнай і нахабнай рыторыкай распальваюць мяцеж! […] Дайце нашым патрыётам з ICE рабіць іх справу. 12 000 нелегальных іншаземцаў-злачынцаў, многія з іх схільныя да гвалту, арыштаваныя і вывезеныя з Мінесоты. Калі б яны заставаліся там, вы б убачылі нешта нашмат горшае, чым тое, чаму з’яўляецеся сведкамі сёння!» — напісаў Трамп.

У тым жа посце прэзідэнт ЗША, не прыводзячы доказаў, абвінаваціў палітыкаў-дэмакратаў у кіраўніцтве Мінесоты ў тым, што яны пакрываюць крадзеж мільярдаў долараў, а таксама ў тым, што яны не даюць мясцовай паліцыі ахоўваць федэральных агентаў, якія праводзяць арышты імігрантаў.

Каментары44

  • Джордж
    25.01.2026
    Лайдак , лухту не нясі, лявак. Паліцыя з ЗША абараняе грамадзян, а не нелегалаў
  • Лайдак
    25.01.2026
    Джордж, па тваёй жа логіцы губазікі забіваюць экстрэмістаў і тэрарыстаў, а не мірных грамадзян
  • Дзіўна
    25.01.2026
    Так і не разумею чаму людзі якія меюць столькі зброі на руках яшчэ не абвесцілі паляванне на гэтае быдла з ICE. Колькі там гэтых чарцей? Упэўнены што добра калі 1 на 1000 жыхароў. То бок калі хаця б адзін на 100 амерыканцаў ужывалі бронь ў адносінах да гэтых быдлакоў, нават з пераменным посьпехам, то быдлакі хутка бы сконьчыліся фізічна

Цяпер чытаюць

«У мяне застаўся голас, але я нечакана забыла словы»: Ларыса Грыбалёва распавяла пра свой міні-інсульт1

«У мяне застаўся голас, але я нечакана забыла словы»: Ларыса Грыбалёва распавяла пра свой міні-інсульт

Усе навіны →
Усе навіны

Аўтамабіль гарыць у раёне вуліцы Нямігі ў Мінску2

Продажы бабруйскага зефіру з паслабляльным эфектам толькі выраслі3

Ксенія Сітнік назвала сына прыгожым і нетыповым для Беларусі імем39

Таўнхаусы за $435 000 ад дзяржзабудоўшчыка амаль размялі за пару дзён5

Ад сёння павінна цалкам запрацаваць сістэма новага ўезду ў ЕС

«Не наводзьце паніку, мы ўсе сумленныя людзі». Сваякі зняволеных не вераць, што іх прызналі ўдзельнікамі «экстрэмісцкага фармавання»14

Сын беларускамоўнага пісьменніка, калісьці быў прэс-сакратаром Лукашэнкі. Пяць фактаў пра новага міністра інфармацыі10

Дзве 16‑гадовыя дзяўчыны трапілі пад колы аўтамабіля ў Мінску1

Блакаванне Telegram у Расіі амаль дасягнула 100%2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«У мяне застаўся голас, але я нечакана забыла словы»: Ларыса Грыбалёва распавяла пра свой міні-інсульт1

«У мяне застаўся голас, але я нечакана забыла словы»: Ларыса Грыбалёва распавяла пра свой міні-інсульт

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць